Вы тут

Прынцып выпадковай канцэнтрацыі


Пасля прачытання новага празаічнага зборніка Таццяны Заміроўскай, якая вядома культурнай беларускай тусоўцы ў першую чаргу як цікавы музычны крытык, што з’ехала ў Нью-Ёрк і там атрымала дадатковую адукацыю, задаўся пытаннем. Пытанне гэтае задае сабе кожны, хто завяршае чытаць кнігу не сказаць каб дрэнную і пошлую, бо нядрэнныя няпошлыя кнігі пакідаюць які-ніякі пажытак для разважанняў: пра што была гэтая кніга? І ў выпадку з «Зямлёй выпадковых лікаў» Таццяны Заміроўскай адказ на пытанне здаецца вершыняй банальнасці: кніга пра каханне і смерць ва ўсіх магчымых праявах


Ці зыходзіць банальнасць гэтага адказу з банальнасці тых апавяданняў, што ўвайшлі ў  зборнік? І так, і не. З аднаго боку, прозу Заміроўскай нельга назваць банальнай. Яна валодае досыць вялікай колькасцю не самых лепшых характарыстык, частка з якіх з’яўляецца пухлінай постмадэрнізму на творчасці пісьменніцы, але банальнасць  — дакладна не адна з іх. Пісьменніца сапраўды ў  большасці сваіх апавяданняў даследуе менавіта названыя катэгорыі і  сувязь паміж імі, што здаецца вяршыняй неарыгінальнасці, але пры гэтым погляд Таццяны Заміроўскай, тая оптыка, якую яна выкарыстоўвае для аналізу і смерці, і  кахання, часцяком вельмі цікавая, калі мы разглядаем кожнае апавяданне асобна ў вакууме не толькі ад літаратурнага працэсу, але і  ад іншых апавяданняў у тым жа зборніку.

Яна выкарыстоўвае розныя інструменты фантастыкі (большую частку апавяданняў усё-ткі адважуся аднесці менавіта да гэтага літаратурнага жанру), дзесьці гуляючы з кіберпанкам, дзесьці ствараючы ўласны мікс, у якім фантастычны элемент з’яўляецца чымсьці сярэднім паміж навукай і містыкай, дзесьці пісьменніца ўвогуле змешвае ўнікальны кактэйль, у якім адгадваецца мноства «смакавых» адценняў самай рознай як фантастычнай, так і іншай літаратуры. Многія з гэтых апавяданняў цікавыя ў сваёй ідэі, яны дасціпныя на ўзроўні канцэпцыі і часцяком інтрыгуюць нават больш, чым малыя творы прызнаных мэтраў-сучаснікаў, напрыклад, Ніла Геймана, бо ён аддае перавагу больш стандартнаму падыходу да фантастыкі і магічнага рэалізму.

Усё гэта кажу без кепікаў і насмешкі — у Таццяны Заміроўскай сапраўды атрымліваецца здзіўляць свайго чытача. І ўсё ж у кожным зборніку постмадэрнісцкай фантастыкі (воблака тэгаў зборніка працягвае расці) заўсёды ёсць шэраг пэўных «але», якія не даюць з упэўненасцю казаць, што зборнік або раман добрыя. Калі мы гаворым пра «Зямлю выпадковых лікаў», такія «але» таксама з’яўляюцца і, на жаль, іх значна больш, чым хацелася б, калі знаёмішся з апавяданнямі на ўзроўні ідэі або канцэпцыі.

Дэталізуючы тэматычнае поле кнігі, мы выяўляем, што Таццяна Заміроўская, акрамя глабальных катэгорый кахання і смерці, часта звяртаецца да матываў вар’яцтва, падману, ілюзіі, цыклічнасці і перараджэння. Усе матывы выдатна ўключаюцца ў любоўна-смяротную дыхатамію «Зямлі выпадковых лікаў», але Таццяна Заміроўская вырашае творчыя задачы, звязаныя з гэтымі матывамі, аднолькава з разу ў раз, з апавядання ў апавяданне.

Лепш за ўсё такую паўтаральнасць, якую чытач, напэўна, заўважыць яшчэ ў першай палове зборніка, адлюстроўвае першы радок з апавядання «Папраўкі»: «Пасажыр нумар 2 прыляцеў, і раптам аказалася, што яго не было на гэтым рэйсе». Пісьменніца наогул любіць рабіць акцэнт на першым радку, часцяком вылучаючы яго ў асобны абзац. Гэта своеасаблівы камертон, які ўказвае чытачу на тон апавядання. І тон «Паправак» — усёй кнігі — тон дзіўнага невытлумачальнага парадоксу, які паўстаў на роўным месцы. Першы радок адразу задае пытанні: чаму ён прыляцеў, куды ён прыляцеў, навошта, чаму яго не аказалася і гэтак далей. Проза Заміроўскай пастаянна засыпае чытача падобнымі пытаннямі, што ў цэлым заканамерна: постмадэрнісцкая літаратура наогул любіць збіваць чытача з толку. Але праблема ў тым, што да моманту, калі чытач зборніка даходзіць да гісторыі Пасажыра нумар 2, ён ужо сыты па горла парадоксамі.

Калі кніга пастаянна спрабуе цябе падмануць пры дапамозе хітра выдуманых сюжэтаў, пачынаеш успрымаць яе не як мастацкі твор, а як нейкі атракцыён або кубік Рубіка, які трэба сабраць на хуткасць. Мы ўжо бачылі падман у «Садзе для гульні ў ваўка», дзе чытача пераконваюць праз думкі галоўнага героя, што ён і ёсць воўк, але на самай справе ўсё аказваецца не так. Мы ўжо бачылі дваістасць вобразаў і парадокс успрымання ў «Містэры Светлы Бок». Не менш паўтаральнай з’яўляецца і тэма перараджэння, якая сустракаецца наогул ледзь ці не ў кожным другім апавяданні зборніка, прычым калі спачатку рашэнні, звязаныя з гэтым матывам, здаюцца арыгінальнымі, то потым за яркім пылам канцэпцыі пачынаеш бачыць голую схему.

Спроба заблытаць чытача пры дапамозе цікавых неадназначных сюжэтаў ужо да сярэдзіны зборніка ператвараецца ў спробу расказаць жарт з адным і тым жа фіналам, дзе адрозніваюцца толькі дробныя нязначныя падрабязнасці. І ўся гэтая цыклічнасць як унутры твораў, так і на ўзроўні зборніка, яшчэ і пададзена складанай, наўмысна выкручанай мовай, дзе вельмі рэдкія метафары апраўданыя, а часам сустракаюцца дзіўныя «знаходкі» накшталт «плешивые, как одуванчики после бури». Проза Таццяны Заміроўскай у  гэтым зборніку як быццам распадаецца пад уласнай вагой, не вытрымлівае жадання пісьменніцы паказаць як мага больш канцэпцый і прыкладаў жангліравання мовай. Відаць, што большая частка як моўных, так і ідэйных рашэнняў не праходзіла жорсткага адбору (кніга выйшла ў  аўтарскай рэдакцыі). «Зямля выпадковых лікаў» — прыклад постмадэрнісцкай літаратуры, дзе дамінуе прынцып выпадковай канцэнтрацыі. Дзесьці Таццяна Заміроўская надае ўвагу чамусьці сапраўды важнаму, і  атрымліваецца выдатны «Жамчужны сіроп у алавяным кубку», а дзесьці запіхвае ў сюжэт прыёмы з расійскіх серыялаў, да якіх зверху дадаецца яшчэ і перараджэнне, і атрымліваецца «Лодачка».

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».