Вы тут

Лідзія Мальцава: Залог поспеху — нестандартныя шляхі


Найлепшыя кнігі тыя, пра якія чытачы думаюць, што маглі б напісаць іх самі (Блез Паскаль). А зрабіць? Сваімі рукамі. Да таго ж без выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі?! Такія цуды можна ўбачыць у Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я. Ф. Карскага. Дзякуючы конкурсу самаробнай кнігі, які арганізавала бібліятэка, свет пабачылі непаўторныя работы Валерыі Дваежонавай з Ашмянскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Таццяны Козіч з Іўя, Арцёма Маргужа з пасёлка Гудагай Астравецкага раёна, выхаванцаў Дварэцкай сярэдняй школы і многіх іншых таленавітых майстроў. Іх адмысловыя самаробныя кнігі нельга назваць інакш як творамі мастацтва. Але яны не адбыліся б без штуршка: творчыя конкурсы ў кніжніцы падтрымліваюцца кіраўніцтвам. Дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.  Ф.  Карскага Лідзія Мальцава — рухавік творчасці, уражвае энергіяй, лёгкасцю на пад’ём, актыўнасцю. Чулы кіраўнік чуе кнігу, а яна тут віруе і захоплівае ў палон, дорачы натхненне і перакананне, што бібліятэцы — жыць заўсёды. Пра гэта — наша гутарка.


— Лідзія Васільеўна, Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага нядаўна адзначыла 190-гадовы юбілей. Доўгі шлях, багаты лёс… А ці стала бібліятэка вашым лёсам?

— Я шчаслівая, што выбрала такую прафесію. Люблю бібліятэку. На пасадзе дырэктара з 11 лістапада 1996 года, да гэтага амаль 5 гадоў была намеснікам. Прафесія дазволіла мне пазнаёміцца з выдатнымі асобамі! Зараз час такі, што няправільна павялі сябе некаторыя краіны, але ў мяне сябрамі былі дырэктары публічных бібліятэк Літвы, Польшчы, польскія консулы. Размаўляла з Аляксеем Карпюком, які прыязджаў у Дом Ажэшкі... Бачыла Васіля Быкава, назірала, як ён хадзіў па горадзе, крыху насупіўшыся. З ім разам у двары жыў начальнік маёй свекрыві. Быкаў выходзіў на вуліцу пераважна вечарам — менавіта тады нараджаліся думкі? Яго першая жонка была настаўніцай у майго мужа. Ведала я Дануту Бічэль-Загнетаву. Цудоўны скульптар — Уладзімір Церабун. Многія дарагія асобы, на жаль, ужо пайшлі з жыцця. Вось нядаўна і Мікалай Іванавіч Пацэнка, які кіраваў музеем у Бераставіцы. Кантактую з дырэктарамі каледжа мастацтваў, музычнага каледжа і нават заапарка...

— У вас шмат працоўнага досведу. Якія былі адкрыцці ў прафесійнай сферы?

— Мне давялося пабываць у ЗША, Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі. Калі ў сістэме бібліятэк Чэхіі надышоў перыяд скарачэння, аптымізацыі сеткі, пачалася строгая эканомія бюджэтных сродкаў. Для гэтага скарацілі штатныя адзінкі і назвалі бібліятэкі грамадскімі. У  сельгаспрадпрыемствах за бібліятэку адказваў галоўбух: два разы на тыдзень ён прыходзіў, уключаў рэгулятары ацяплення, сустракаў наведвальнікаў, запісваў кнігі. Калі якое мерапрыемства, прыязджалі метадысты з цэнтральнай бібліятэкі, дапамагалі. Хоць так, але кніжніцы жылі. Трэба адзначыць, што ў нас лепшае камплектаванне фонду. І ў першую чаргу дзякуючы Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь. Калі хоць адзін бібліятэчнік гэта забудзе — возьме вялікі грэх. У свой час мы фінансаваліся па астаткавым прынцыпе. А ў 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Савету Міністраў палепшыць камплектаванне бібліятэк. І  мы да мінулага года павінны былі траціць не менш чым 15 % ад агульнага фінансавання бібліятэкі на камплектаванне (кантралююць Адміністрацыя Прэзідэнта, Міністэрства культуры). Летась гэты працэнт паменшылі да 12 % на мясцовым узроўні. Але менавіта дзякуючы прэзідэнту бібліятэкі пачалі добра камплектавацца і мець усё, што ім патрэбна. У іншых краінах гэта трэба даказваць. А ў нас дзяржава ідзе насустрач.

— Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Ф. Карскага адна з найлепшых у нашай краіне, яна на слыху, у тым ліку дзякуючы Дому Элізы Ажэшкі.

— У Доме Ажэшкі ў нас знаходзіцца аддзел выданняў на замежных мовах і юнацкі філіял — два структурныя падраздзяленні. Дом Ажэшкі на балансе бібліятэкі з 1968 года. І мы па крупінках стваралі мемарыяльны пакой. Потым актыўна рэкламавалі. У мінулым годзе яго наведала 10,5 тысячы замежных турыстаў. І сваю прысутнасць падмацавалі купленым білетам. Што яшчэ нас адрознівае? Мы першыя ў краіне стварылі мультыцэнтр «Совушка». Гэта адбылося ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна». У мультыцэнтры найноўшыя тэхналогіі, 8 адукацыйных праграм, дзеці вывучаюць мовы, вучацца праграмаваць, канструяваць, пряўляюць таленты музыканта, рэжысёра і г. д. Унікальныя праграмы нам пастаўляў Ізраіль — быў выйграны тэндар. А наш аддзел мастацтва першы ў краіне, дзе змаглі арганізаваць супрацоўніцтва з прыватнымі калекцыянерамі. У рамках вядомага праекта «Дакрануцца да гісторыі» мы дэманструем рэдкія кнігі і экспанаты са сваіх фондаў і прыватных калекцый. Так, спачатку ў  аддзел мастацтва прыйшлі калекцыянеры, а  за імі — мастакі, архітэктары. Сярод калекцыянераў — Аляксандр Сявенка, Аляксандр Госцеў, Віктар Саяпін, якога ўжо, на жаль, з намі няма. Віктар Саяпін усё жыццё збіраў рэдкія рэчы. Ведаючы, што хутка пакіне гэты свет, перадаў нам калекцыю найлепшых фатаграфій, якія збіраў у жыхароў Гродзенскай вобласці.

— Бібліятэка ва ўсе часы лічылася сімвалам духоўнасці. А сёння, у век інтэрнэту і тэхналогій, як змяніўся яе імідж?

— Яшчэ ў 1980-я гады бібліятэка была пунктам выдачы кніг, стаялі чэргі. Цяпер, зразумела, гэта інфармацыйны цэнтр, акрамя кніг — базы даных. А паглядзіце сайты, інтэрнэт-рэсурсы! Мы інфармуем чытача з дапамогай выставак, і не проста ў залах — выязджаем на прадпрыемствы, у арганізацыі. Нашы сябры — «Гродзенскі мясакамбінат», «Молочный мир», «Дынама-прам». Супрацоўнічаем таксама з прадпрыемствамі «Гронітэкс», «Гродна Бакалея», «Гроднахлебпрам», філіялам № 400 «Беларусбанка», «КонтэСПА», «ГроднаАзот», «Прагрэс-Верцялішкі», «Фирма АВС». Прывозім кнігі, абслугоўваем работнікаў і за гэта атрымліваем грошы. Акрамя таго, за апошнія 5 гадоў падрыхтавалі больш чым 50 гісторый прадпрыемстваў, арганізацый, бо маем моцны фонд рэдкай кнігі, а мясцовыя, раённыя газеты — з першага дня выпуску: толькі ў нас «Гродзенская праўда» 1945 года. Бібліятэка — і адукацыйны цэнтр. Ёсць магчымасць доступу да сусветных рэсурсаў, да ўніверсальнай чытальнай залы НББ. Як сацыякультурны цэнтр праводзім прэзентацыі кніг, цікавыя дыспуты, канферэнцыі і праграмы, рэалізоўваем творчыя праекты. А як без публічнага цэнтра прававой інфармацыі? У нас дзяжураць юрысты, натарыусы. Стараемся дапамагчы наведвальнікам разабрацца ва ўсіх складаных сітуацыях. Такім чынам, бібліятэка сёння іншая. Вялікае значэнне маюць утульныя залы — каб чалавек прыйшоў і адпачыў душой: калі цяжка — расслабіўся ў камфорце. А многія ходзяць проста пачытаць. З 20 па 24 верасня, напрыклад, штодзённа ва ўсіх чатырох карпусах нашай бібліятэкі рэгістравалася 756 наведвальнікаў, на сайце — 636. Запісалася і заплаціла грошы 693. Таму, калі гавораць, што бібліятэка не патрэбна, мне становіцца балюча. А бывае столькі наведвальнікаў на якім-небудзь фестывалі, колькі ў нас штодзённа?..

— Ці ўпэўнены, што бібліятэка не згубіць свайго высокага статусу?

— Упэўнена. Яна будзе мяняцца разам з грамадствам. Тое, што застанецца захавальніцай чалавечай памяці, бясспрэчна. А ў будучыні дадасца такая функцыя, як адпачынак для душы. Чалавеку захочацца прыйсці ва ўтульны прыгожы будынак і пасядзець з якаснай кнігай. Але адукацыйнай, інфармацыйнай функцый бібліятэка не страціць ніколі. Цяпер сярэдняя цана кнігі — больш чым 30 рублёў. Не кожны ў стане сабе дазволіць! А бібліятэка ўсё можа купіць на сёння па фінансаванні. І ў нас усё распісана. Мы ж не проста экзэмпляр купілі і паставілі. Адна кніга можа мець 40 ключавых слоў — распісваецца на іх, каб потым па слове ў каталогу альбо базе даных лёгка знайсці. Гэта робяць спецыялісты высокага класа.

— Кніга — чаша, што нас напаўняе, але сама не пусцее, казаў французскі пісьменнік Адрыян Дэкурсель. А для вас наколькі кніга — нешта незвычайнае?

— Што такое шчасце? Старажытныя філосафы лічылі: шчасце — калі цябе разумеюць, вялікае шчасце — калі цябе любяць, сапраўднае — калі любіш ты. Уявіце: на вуліцы завіруха, снег, холадна. А ты сядзіш у мяккім крэсле дома з пледам і з добрай кнігай. Гэта ні з чым не параўнальнае задавальненне. Гэта не заменіць нічога на свеце. Вось заканчваеш чытаць кнігу, развітваешся з героямі — ты пражыў з імі жыццё. Я ўспрымаю кнігу так. Кніга — сябар, як ні банальна. Асабліва калі напісана разумным аўтарам, які разважае не занадта доўга, апісвае падзеі не занадта проста. Ты заходзіш разам з героем у дом, з ім любіш, не спіш, перажываючы, разам ствараеш і г. д. Я па жыцці чытала добрыя кнігі...

— У бібліятэцы, відаць, не бывае выпадковых людзей? Гэта прызванне?

— Калі кандыдат на вакансію хваліцца: «Так люблю кніжкі чытаць!», я кажу: «Кнігі вам ніяк не ўдасца чытаць на працы — рабіце гэта дома ці па-за працай». Цаню спецыялістаў тых, з каго атрымаліся сапраўдныя бібліятэкары: яны імкнуцца даведацца больш. Але бяром і  педагогаў: яны добра гавораць, у іх пастаўлены голас. Аднак педагог не створыць базу даных. А бібліятэкар можа з кожнага артыкула зрабіць такі, каб ён у базу даных увайшоў. Бібліятэкары падрыхтаваныя і дасведчаныя, ведаюць, якую кнігу выбраць — ужо вывучылі, якія ёсць, — як яе апрацаваць, каб знайсці, як папулярызаваць, як зрабіць так, каб ёю скарысталіся і з канапы дома.

— Бераце педагогаў? Ці не гаворыць гэта пра тое, што работнік бібліятэкі сёння — спецыяліст шматгранны, што ў будучыні прафесія размыецца?

— Не думаю. Напрыклад, бібліятэкары, якія працуюць на абслугоўванні. Вы б іх бачылі! Прыходзіць наведвальнік: «А я гэта чытаў», і яму тут жа новую прапанову па тэматыцы. Паважаю тых, хто працуе на выдачы. Бібліятэкар для таго хаця б, каб сарыентавацца ў патоку. Яшчэ — каб адбіраць найлепшае, што выдаецца ва ўсім свеце, апрацоўваць, зберагаць і папулярызаваць. А гэта можа зрабіць толькі прафесіянал. Бывае, прыходзіць студэнт і кідае тэму — ён не хоча сёння думаць. Педагог наўрад ці дапаможа, а бібліятэкар па ўсіх сваіх каналах, крыніцах імгненна выбера ўсё найлепшае.

Калі я была ў ЗША ў 2000-х гадах, даведалася, што самай аплачваемай у той час была пасада бібліёграфа. Там яму плацілі 100 долараў у гадзіну — гэта платныя паслугі для Нью-Ёркскай бібліятэкі. Ён мог і нічога не знайсці за гадзіну. А якія былі запыты: «хачу купіць дом з палісаднікам» — і бібліёграф сядзеў і выбіраў варыянты па ўсіх базах. Я  тады здзіўлялася: калі мы дажывём да такога? І час прыходзіць. Адтуль, дзе купляць дом, патрэбны ўсе звесткі: насельніцтва, умовы, адлегласць да мора, ракі і г. д.

— Дык можна было скарыстацца паслугамі агенцтва...

— Але давер менавіта бібліятэкару. Калі робяць радавое дрэва — таксама без бібліёграфа не абысціся. А яшчэ  — арганізаваць бізнес, сабраць пакет дакументаў — вось як бібліятэка пачынала выконваць сацыяльную функцыю. Імігрантам вывучаць мову было дорага — дапамагала бібліятэка: прапаноўвала кнігі, самавучыцелі. Бібліятэка застанецца заўсёды. Глядзіце, колькі гадоў, а яна не памяняла сваёй назвы!

У будучыні ўвесь фонд алічбуюць, увядуць у базу даных. Але застануцца і кнігі, бо чалавек павінен мець права выбару: папера ці лічба. Мяркую, што плошчы бібліятэк зменшацца: кнігі ж міжволі зношваюцца. Не будзе шматлікіх аддзелаў. Прыйдзе чалавек, дасць запыт, і яго абслужаць аўтаматычна. А хутчэй за ўсё бібліятэкай будуць карыстацца з дому. Заплаціў — атрымаў электронны фармуляр і працуеш, седзячы дома. Але кніга будзе папулярызавацца хаця б з дапамогай выставак — як экспанат культуры.

— На якім этапе бібліятэка цяпер?

— У цяжкі час пандэміі мы не згубіліся. Сваім супрацоўнікам я сказала: калі мы сыдзем на каранцін, ужо не вернемся. Строга выконваем дэзынфекцыйныя ўмовы. Пераставілі сталы на адпаведную адлегласць. Звярнулася ў  санстанцыю. Мне сказалі, што пяць дзён кнігі павінны праходзіць каранцін: чытач здае, ставім на паліцу і чакаем пяць дзён (добра, што ў нас дастаткова фонду). Замест масавых мерапрыемстваў — інтэрнэт-рэсурсы. І актывізавалася такая творчасць! Бацькі здымалі відэа дзяцей падчас чытання і дасылалі нам. Акцыю «Чытаем разам» зрабілі з тэлебачаннем. Атрыманы ролік паказвалі ў эфіры напярэдадні свята Перамогі і вызвалення Гродна, таксама — на вялікім маніторы на Савецкай плошчы. На тэлебачанні мы яшчэ чытаем агляды, з намі ў эфіры размаўляюць пра тое, што чытаюць гродзенцы — я заўсёды з сабой бяру спецыяліста з абанемента, які ўсё дакладна ведае. Калі параўноўваць кнігу і інтэрнэт, лічу, што адно другому не замінае. Але тут свае асаблівасці і падводныя камяні: у інтэрнэце чытаеш кнігу, даходзіш да цікавага месца, а далей — плаці. Вось так інтэрнэт чапляе на кручок. І гэта ўжо бізнес. А ў бібліятэцы кнігу ўзяў — і хоць тысячу разоў перачытвай. Адчуваеце розніцу? Бібліятэка будзе адзіным месцам, якое застанецца некамерцыйным. Вы заплаціце за паслугі (ксеракс, сканер), але дзяржава не запатрабуе, каб бібліятэка пайшла на самаакупнасць. Бо ў бібліятэцы — памяць народа.

— Як вы бачыце далейшае развіццё?

— Лічу, што сёння ўсе сілы трэба накіраваць на нестандартныя формы работы з моладдзю. Але ні ў якім разе не маналогі — а дыялогі. І не ціснуць, а лепш даваць магчымасць разрадзіцца. Таму бібліятэка можа быць своеасаблівым перагаворным пунктам, разрадкай.

Мару, каб з кожным годам кніжніца ўзнімалася на прыступку вышэй. Каб яе цанілі як установу, паважалі і разумелі, бо бібліятэкар робіць усё для таго, каб кожны ўсведамляў: кніжніца іграе немалую ролю ў сацыякультурным жыцці рэгіёна. У нас створаны ўсе ўмовы, каб працаваць на карысць Гродзеншчыны і краіны ў цэлым. І калі дзесьці не дапрацоўваем, вінаваты толькі чалавечы фактар. Добра працаваць — цяжка, выдатна працаваць — яшчэ цяжэй, але тады такая ўстанова, як бібліятэка, не стане чамаданам без ручкі для налогаплацельшчыкаў. Лічу, не трэба выбіраць лёгкі шлях: ён не рэзультатыўны. Помню, калі хадзілі ў грыбы з дзецьмі, назіралі: ідзеш па добрай дарожцы — ні аднаго грыбочка, а звярні ў зараснік, дзе ногі саслізгваюць, па шчоках б’юць галінкі — грыбок адзін, другі. Так і ў бібліятэцы: лёгка любы пройдзе, а з поспехам — толькі працалюбівыя і настойлівыя. Залог поспеху — нестандартныя шляхі.

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.