Вы тут

Да 110-годдзя Уладзіміра Корбана


25 жніўня 1910 года ў пасёлку Барань, што на Аршаншчыне, нарадзіўся вядомы беларускі паэт-сатырык Уладзімір Іванавіч Корбан. Першыя  літаратурныя творы ён надрукаваў у 1945-м, а ўжо праз тры гады быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Амаль два дзесяцігоддзі Уладзімір Іванавіч працаваў у часопісе «Вожык», а ў 1967—1971 гадах быў яго галоўным рэдактарам. У 1970-м яму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч культуры». У гады Вялікай Айчыннай вайны камандаваў стралковай ротай, удзельнічаў у баях за вызваленне Беларусі. Аўтар шматлікіх зборнікаў сатырычных вершаў, баек і фельетонаў (чатыры кнігі пабачылі свет у «Бібліятэцы «Вожыка» — «Дакладныя прыкметы» (1958), «Сіняк» (1964), «Дзям’янава юшка» (1970), «Жук і мёд» (1980)), зборнікаў гумарыстычных апавяданняў «Да цешчы на бліны» (1963), «Дзядзькава крыўда» (1982).

«Дакладныя прыкметы» сваіх герояў У. Корбан ведаў, як ніхто іншы. Пэўна, таму такой папулярнасцю карысталіся ў чытачоў яго байкі, якія і сёння гучаць, нібы толькі што напісаныя.

(Дарэчы, у 2010 годзе напрыканцы верасня на Аршаншчыне праходзілі юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю знакамітага байкапісца. Адбыліся сустрэчы з чытачамі Аршанскай раённай цэнтральнай бібліятэкі ў г. п. Бабінічы і аршанскай бібліятэкі імя У. Корбана, у маляўнічым бараньскім сасновым парку прайшло тэатралізаванае гарадское свята «Наш славуты зямляк», а ў зале Палаца культуры г. Барані — галоўная юбілейная вечарына. Дзякуючы тагачаснаму старшыні гарвыканкама г. Барані Васілю Русакову, у скверы каля сярэдняй школы № 15 г. Барані, якая носіць імя У. І. Корбана, з нагоды стогадовага юбілею слыннага творцы была пасаджана новая алея, а таксама зроблены і адкрыты Памятны знак у гонар У. Корбана. Планавалася, што гэты камень у будучым стане падмуркам помніка знакамітаму сатырыку.)

На радзіме па праву ганарацца славутым земляком. Таму сёлета было прынята рашэнне аб правядзенні адкрытага рэгіянальнага дыстанцыйнага конкурсу чытальнікаў баек «Талентаў у нас шмат!», прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага байкапісца Уладзіміра Корбана. Заснавальнікі і арганізатары мерапрыемства — Бараньскі гарвыканкам, аддзел культуры Аршанскага райвыканкама, ДУК «Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна», ААТ «Тэхніка сувязі». Гэтую ідэю таксама ўхваліла рэдакцыя рэспубліканскага часопіса «Вожык» — найстарэйшага літаратурна-мастацкага выдання ў галіне сатыры і гумару. Галоўны рэдактар Юлія Зарэцкая прыняла прапанову ўзначаліць журы кокурсу. У яго склад таксама ўвайшлі Алена Чарных, дырэктар ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна», рэжысёр; Вікторыя Бацюкова, рэдактар аддзела навін канала «Культура» Беларускага радыё, вядучая  радыёперадачы «Тэатраманія»; Максім Перасецкі, акцёр тэатра і кіно; Аляксандр Дубкевіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце і кадрах ААТ «Тэхніка сувязі»; Жанна Кальчэўская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай  арганізацыі ААТ «Тэхніка сувязі» Беларускага прафесійнага саюза работнікаў галін прамысловасці «Белпрафмаш».

Кожны, хто ведае, любіць і ўмее чытаць байкі У. Корбана, хто валодае артыстызмам, мог прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве. Інфармацыя пра конкурс размяшчалася ў глабальнай сетцы інтэрнэт на афіцыйных старонках сацыяльных сетак арганізатараў конкурсу.

Конкурс праводзіўся дыстанцыйна. Форма правядзення — прагляд конкурсных відэаматэрыялаў. Кожны ўдзельнік рыхтаваў выступленне (чытанне байкі У. Корбана на памяць па ўласным выбары на беларускай мове) і адпраўляў на элек­тронны адрас арганізатара. Заяўкі на ўдзел прымаліся з 1 жніўня па 1 кастрычніка 2020 года.  

Конкурс праводзіўся ў наступных узроставых катэгорыях: малодшая (6—10 гадоў), сярэдняя (11—14 гадоў), старэйшая (15—35 гадоў) і дарослыя (35 гадоў і больш). Усяго да ўдзелу было дапушчана 26 чытальнікаў.

У малодшай узроставай групе дыпламантам І ступені стала Марыя Аўсюкевіч, удзельніца ўзорнага юнацкага тэатра-студыі «Гармонія» ДУК «Полацкі гарадскі Палац культуры» г. Полацка (кіраўнік Святлана Аляксеева) з байкай «Тупіца і шкатулка», у сярэдняй узроставай групе — Арына Рубановіч, удзельніца ўзорнага тэатра «Вясёлка» ДУК «Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна» (кіраўнік Людміла Сасніцкая) з байкай «Казёл і муха», у старэйшай узроставай групе — Іван Байкоў, удзельнік узорнага тэатра «Вясёлка» ДУК «Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна» (кіраўнік Людміла Сасніцкая) з байкай «Агуркі», сярод дарослых чытальнікаў перамогу атрымала Людміла Ярома, удзельніца клуба самадзейных паэтаў «Натхненне» ДУК «Палац культуры г. Барань Аршанскага раёна» (кіраўнік Аксана Васілёнак) з байкай «Пустышка». Дыпломы і памятныя падарункі пераможцам былі ўручаны 23 кастрычніка падчас святкавання Дня горада Барань.

Конкурс быў актыўна падтрыманы прыхільнікамі і аматарамі беларускай літаратуры, што садзейнічала развіццю творчых здольнасцей дзяцей, моладзі і дарослых, стала значным укладам у зберажэнне памяці і літаратурнай спадчыны Уладзіміра Корбана.

Убачыць і паслухаць выступленні пераможцаў адкрытага рэгіянальнага дыстанцыйнага конкурсу чытальнікаў баек «Талентаў у нас шмат!» можна па спасылцы https://vk.com/dk_baran?w=wall-170366407_778​ (калі ласка, не звяртайце ўвагі на словы “Неизвестная ошибка”, націскайце на “Закрыть”).

Людміла САСНІЦКАЯ, загадчык дзіцячага аддзела Палаца культуры г. Барань.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».