Вы тут

Як зрабіць так, каб паспяховага бізнесу было больш, а прадпрыемстваў-банкрутаў — менш?


Парламентарыi разгледзелi навацыi законапраекта аб вызначэннi неплацежаздольнасцi (iнакш кажучы — аб банкруцтве). Пашыранае пасяджэнне Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце i фiнансах з удзелам дэпутатаў профiльнай камiсii Палаты прадстаўнiкоў прайшло ў фармаце вiдэаканферэнцыi ў пятнiцу, 6 лiстапада. Цэнтральнай тэмай абмеркавання былi навацыi ў законапраекце «Аб вызначэннi неплацежаздольнасцi», якi зараз рыхтуецца ўрадам да ўнясення ў парламент.


Банкруцтва — не прысуд

Старшыня Пастаннай камii Савета Рэспублiкi па эканомiцы, бюджэце i фiнансах Таццяна РУНЕЦ акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што ўдасканаленне iнстытута неплацежаздольнасцi — адна з найважнейшых тэм для эканамiчнага развiцця краiны.

— Нiхто з прадпрыемстваў не застрахаваны ад таго, што па розных абставiнах можа стаць неплацежаздольным. Але сама працэдура банкруцтва — не прысуд, а найважнейшы iнструмент, якi дазваляе ў рэжыме санацыi зрабiць «работу над памылкамi», вярнуць устойлiвасць прадпрыемству. А калi гэта немагчыма — размеркаваць фактары вытворчасцi ад неэфектыўных уласнiкаў i кiраўнiкоў да паспяховых менеджараў i ўладальнiкаў, — падкрэслiла яна. — Задача дзяржавы заключаецца ў тым, каб вызначыць такiя правiлы гульнi, якiя дазволяць забяспечыць максiмальны баланс iнтарэсаў усiх удзельнiкаў: з аднаго боку — суб'ектаў гаспадарання, з другога — дзяржавы i людзей наёмнай працы.

Сенатар упэўнена, «адсекчы» ўсе даўгi i даць магчымасць пачаць гаспадарчую дзейнасць пад кантролем судоў i крэдытораў можна толькi праз працэдуру банкруцтва.

Намеснiк дырэктара дэпартамента па санацыi i банкруцтве Мiнэканомiкi Рэспублiкi Беларусь Станiслаў САДОЎНIКАЎ нагадаў, што наспеў час прыняцця новага законапраекта: зараз сiстэмным дакументам, якi рэгулюе адносiны ў сферы банкруцтва, з'яўляецца адпаведны закон, што быў прыняты ў 2012 годзе. Акрамя яго, выкарыстоўваюцца больш за 20 нарматыўных прававых актаў рознага ўзроўню ў гэтай галiне.

Распрацоўка новага законапраекта распачалася яшчэ ў 2015 годзе. Таццяна Рунец нагадала прысутным, што Пастаянная камiсiя па эканомiцы, бюджэце i фiнансах сур'ёзна займаецца гэтай тэмай з самага пачатку работы над новым законапраектам. У пятым склiканнi быў праведзены манiторынг практыкi выкарыстання закона «Аб эканамiчнай неплацежаздольнасцi i банкруцтве». Сумесна з Мiнэканомiкi папярэднiкi правялi не адно мерапрыемства. Гэтую эстафету падхапiлi сенатары шостага склiкання. Так, падчас круглых сталоў з прыцягненнем мiжнародных экспертаў абмяркоўвалiся пытаннi важнасцi i мэтазгодасцi вызначэння кансалiдаванага крэдытора ад iмя дзяржавы, забеспячэння права работнiкаў на заробак пры неплацежаздольнасцi наймальнiкаў, а таксама падыходы да выбару кандыдатур антыкрызiсных кiраўнiкоў i iх прызначэнне ў канкрэтныя справы.

У вынiку многiя прапановы, выпрацаваныя на пляцоўцы Савета Рэспублiкi, улiчаны ў новай рэдакцыi закона аб банкруцтве, якi 30 кастрычнiка быў унесены ў Савет Мiнiстраў.

Неплацежаздольнасць — «тонкая» матэрыя

— Эканамiчны рост у першую чаргу залежыць ад якасцi прымаемых у краiне законаў i ад таго, як яны працуюць, — перакананы Станiслаў Садоўнiкаў. — Прававыя дакументы могуць быць рухавiком дзелавой актыўнасцi, а могуць, наадварот, перашкаджаць яе развiццю. Як зрабiць так, каб паспяховага бiзнесу было больш, а прадпрыемстваў-банкрутаў — менш? Другая праблема — што рабiць з горадаўтваральнымi прадпрыемствамi, якiм неабходна фiнансавае аздараўленне? З аднаго боку, законы рынку, без выканання якiх немагчыма здаровая эканомiка. З другога — людзi, жыццёвыя iнтарэсы якiх неабходна ўлiчваць.

Каб не заблукаць у пошуках адказу на гэтае пытанне, рэгулятарам i быў падрыхтаваны адпаведны законапраект. На думку эксперта, працэдура банкруцтва прадпрыемстваў павiнна быць разумна складанай.

— Неплацежаздольнасць — гэта вельмi «тонкая» матэрыя, гэта тое, што пераўтварае неэфектыўную маёмасць у эфектыўную. Разуменне цяжару ўласнiка цi гаспадара надыходзiць часцей пад пагрозай аб'яўлення банкруцтва, — перакананы эксперт. Прэзентуючы новы законапраект на пасяджэннi профiльнай камiсii ён растлумачыў, што выкарыстанне iнстытута неплацежаздольнасцi павiнна несцi стваральны сэнс. Акрамя таго, яго вынiкам павiнна стаць павышэнне гарантый вяртання iнвестыцый, а гэта азначае рост iх прыцягнення ў краiну.

Па яго словах, ствараецца такi асяродак, каб працэдура неплацежаздольнасцi выкарыстоўвалася менавiта ў гэтых мэтах i, адпаведна, не выкарыстоўвалася для неабгрунтаванага адхiлення ўласнiка ад кiравання сваiм бiзнесам, не выкарыстоўвалася для захопу чужой маёмасцi, фiнансавых i матэрыяльных рэсурсаў.

Праблематыка неплацежа-здольнасцi ў агульных рысах выглядае наступным чынам. Iснуе прадпрыемства, якое не ў стане плацiць па рахунках, не выконвае агульныя для ўсiх астатнiх правiлы i гэтым сур'ёзна ўскладняе жыццё сваiм контрагентам i работнiкам. Задача заключаецца ў дзвюх рэчах. Па-першае, цi аднаўляць гэтае прадпрыемства, цi выводзiць яго з рынку, то-бок лiквiдаваць.

Там, дзе даўжнiк своечасова аб'явiў аб крызiсных з'явах, ён павiнен мець магчымасць скарыстацца спрыяльнымi магчымасцямi санацыi i аднавiць плацежаздольнасць. Калi такiя працэдуры немагчымыя цi калi скарыстацца iмi не атрымалася, тады бiзнес павiнен быць прададзены па магчымасцi цалкам з пераводам работнiкаў да новага наймальнiка.

Ад ахоўнага перыяду да мiравога пагаднення

Што прапануюць распрацоўшчыкi новага закона? Першым этапам працэдуры банкруцтва становiцца так званы ахоўны перыяд, якi доўжыцца на працягу трох месяцаў. За гэты час часовы кiраўнiк атрымлiвае ўвесь масiў першаснай iнфармацыi па здзелках i адказвае на пытанне: «А цi было на самай справе банкруцтва?». На гэты перыяд спыняецца судовае выкананне, аналiзуецца фiнансавы стан суб'екта гаспадарання.

Наступны этап — конкурсная вытворчасць, — якi доўжыцца чатыры месяцы. Ён прадугледжвае прыём патрабаванняў, стварэнне камiтэта крэдытораў, спыненне судовага выканання, адмену паўнамоцтваў ранейшых органаў кiравання i перадачу iх паўнамоцтваў антыкрызiснаму кiраўнiку, падрыхтоўку плана санацыi цi лiквiдацыi.

Калi абрана санацыя ў якасцi фiнансавага аздараўлення, то яе тэрмiн таксама мае пэўныя абмежаваннi: два з паловай гады з магчымасцю працягу ўрадам гэтага часу максiмум да пяцi гадоў. На гэты перыяд гарантуецца ашчадны льготны рэжым, замарожваюцца ўсе даўгi, усе санкцыi прыпыняюцца. Вынiкам гэтага працэсу павiнна стаць вядзенне гаспадарчай дзейнасцi з мэтай аднаўлення плацежа-здольнасцi.

Важная навацыя — санацыя супраць жадання крэдытораў, бо яны могуць i не пагадзiцца з распрацаваным планам выратавання. У законапраекце ўведзена паняцце «прымусовай санацыi», калi гэты план будзе гарантаваны, нарыклад, сродкамi бюджэту, крэдытора цi кагосьцi iншага.

Працэдура лiквiдацыi прадугледжвае пошук i продаж маёмасцi новаму эфектыўнаму ўласнiку, разлiк з крэдыторамi i спiсанне даўгоў. Але i гэты варыянт фiнансавага аздараўлення не выглядае крытычным, запэўнiваюць распрацоўшчыкi i сцвярджаюць, што стваральны эфект сiнергii ад продажу маёмасцi цалкам, а не кожнага элементу паасобку, нашмат выгаднейшы для ўсiх. У якасцi станоўчага прыкладу намеснiк дырэктара дэпартамента па санацыi i банкруцтве Мiнэканомiкi прывёў прыклад продажу шклозавода «Ялiзава» ў Магiлёўскай вобласцi адкрытаму акцыянернаму таварыству «Гродзенскi шклозавод».

— Чым раней увайсцi ў працэдуру банкруцтва, тым больш магчымасцяў для аздараўлення, — пераконвае Станiслаў Садоўнiкаў.

Па яго словах, з гэтай нагоды тэрмiны санацыi i лiквiдацыi скарацiлi да максiмальна магчымых, бо гэта iстотна дысцыплiнуе як антыкрызiсных менеджараў, так i ўласнiкаў.

I нарэшце, дапушчальным выглядае i яшчэ адно выйсце з сiтуацыi фiнансавага калапсу: заключэнне мiравога пагаднення. Яно заключаецца кiраўнiком з крэдыторамi аб адтэрмiноўцы плацяжоў, як правiла, ад трох да дзесяцi гадоў. Як адзначыў эксперт, такой магчымасцю вельмi актыўна карыстаюцца на Брэстчыне.

У вынiку абмеркавання ўдзельнiкi пашыранага пасяджэння прыйшлi да высновы, што законапраект патрабуе сур'ёзнай увагi з боку ўсiх зацiкаўленых, каб ужо пры разглядзе народнымi абраннiкамi ў першым чытаннi ў Палаце прадстаўнiкоў у iм былi максiмальна ўлiчаны ўсе прапановы i нюансы, агучаныя пры яго падрыхтоўцы.

Працэдура — не цукар, але з салодкiм эфектам

Айчыннае заканадаўста аб банкруцтве зыходзiць з прынцыпу прыярытэтнасцi санацыi перад лiквiдацыяй. Вырашыць праблемы прадпрыемстваў, якiя ў большасцi выпадкаў назапашвалiся гадамi, у тэрмiн, прадугледжаны законам, не заўсёды магчыма. Але ёсць станоўчыя прыклады.

Узяць адно з ранейшых праблемных прадпрыемстваў Маладзечанскага раёна Мiншчыны ААТ «Конфа». Працэдура санацыi была распачата ў маi 2017 года. Яна станоўча паўплывала на стабiлiзацыю фiнансавага становiшча таварыства. Кiраўнiк забяспечыў своечасовы разлiк па бягучых плацяжах у бюджэт, выплаце заробку работнiкам i яго рост на 20 %. Закрыта запазычанасць другой i трэцяй чаргi цалкам, часткова чацвёртай (перад банкамi) па рэестры патрабаванняў крэдытораў. У санацыi прадпрыемства выйшла на прыбытковую работу, чаго не было на працягу многiх апошнiх гадоў i значна палепшыла каэфiцыенты плацежаздольнасцi.

Захаванне гэтага акцыянернага таварыства дазволiла не страцiць каля 200 рабочых месцаў, пашырыць асартымент прадукцыi, якi карыстаецца попытам. Дарэчы, салодкая прадукцыя кандытарскай фабрыкi пастаўляецца ў ЗША, Канаду, пробную партыю ўжо пакаштавалi ў Сiнгапуры.

Вольга АНУФРЫЕВА, фота аўтара

Загаловак у газеце: Фiнансавае аздараўленне vs лiквiдацыя

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.