Вы тут

Трэцяя лінія сталічнага метрапалітэна адкрылася для пасажыраў


7 лістапада ў 12.30 адбылася эпахальная для сталіцы падзея. Для пасажыраў адкрылася трэцяя лінія метрапалітэна. Першыя цягнікі адправіліся насустрач адзін аднаму са станцый «Юбілейная плошча» і «Кавальская Слабада». Паміж імі – яшчэ дзве станцыі: «Вакзальная» і «Плошча Францішка Багушэвіча».


— Па нашым графіку мяркуецца, што ў будні будуць працаваць пяць цягнікоў, у выходныя — чатыры. Інтэрвал руху ў будні складзе 5-6 хвілін у гадзіну пік. Па суботах і нядзелях — 8, — расказвае начальнік службы руху Мінскага метрапалітэна Ігар Дадалка.

Трэцяя лінія сталічнага метрапалітэна ўкамплектавана новым рухомым складам айчыннай вытворчасці. Яшчэ адна асаблівасць — платформенныя дзверы, зманціраваныя на ўсіх станцыях. Такім чынам, упасці на рэйкі тут немагчыма. Гэтым новая лінія кардынальна адрозніваецца ад першых дзвюх.

Ад «Кавальскай Слабады» да «Юбілейнай плошчы» цягнік рухаецца 6-7 хвілін. На першы погляд, гэта няшмат. Але калі ўлічыць, што першая чарга складаецца ўсяго з чатырох станцый, то такі паказчык цалкам нармальны.

— Цягнікі на трэцяй лініі будуць складацца з чатырох вагонаў. Гэта планавалася, зыходзячы з пасажыраплыні. Але калі лінія будзе падоўжана, то разгледзім пытанне і аб набыцці пяцівагонных саставаў.

Новыя цягнікі куды больш ціхія за сваіх папярэднікаў. Таму пра тое, што састаў пад’язджае да платформы, паведаміць святлодыёдная індыкацыя на платформенных дзвярах.

Цікаўлюся: ці можа быць так, што цягнік прыедзе, а платформенныя дзверы не адчыняцца? І атрымаецца так, што прылада, скіраваная на тое, каб не было падзенняў на рэйкі, будзе перашкаджаць выйсці з цягніка.

— У дзяжурных па станцыі ёсць спецыяльныя пульты. Дзверы можна перавесці з аўтаматычнага ў ручны рэжым. Такія сітуацыі не выключаны, асабліва на першым этапе. Усё-такі на постсавецкай прасторы такую сістэму не выкарыстоўвае больш ніхто.

Адначасова з тым у мінскім метро тытул самай глыбокай станцыі сышоў да «Юбілейнай плошчы». Ад паверхні зямлі трэба пераадолець 32 метры, каб трапіць на перон. Эскалатар едзе прыблізна 45 секунд. Для неспрактыкаванага вока – незвычайна. У сваю чаргу, шырыня «Вакзальнай» складае нязвыклыя шаснаццаць метраў. Ёсць дзе павярнуцца з валізкамі!

А тое, як выглядаюць станцыі, можна пабачыць на фотаздымках ніжэй.

Валяр’ян ШКЛЕННІК

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.