Вы тут

Літаратурным ініцыятывам быць нават ва ўмовах COVID-19


VII Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры. Краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнага шматаблічча», праведзены ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі напрыканцы кастрычніка, стаў адной з выразных сёлетніх падзей і ў бібліятэчнай справе, і ўвогуле ў культурна-асветніцкім жыцці краіны. У шырокай праграме прадстаўнічага кнігазнаўчага форуму асобна вылучаецца Міжнародны круглы стол пісьменнікаў і літаратуразнаўцаў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго».


Падчас пасяджэння круглага стала

У круглым стале удзельнічалі прадстаўнікі 11 краін. У асноўным — з краін былога Савецкага Саюза: Казахстан, Літва, Малдова, Узбекістан, Расійская Федэрацыя... І гэта зразумела: якраз расіянам і казахам, узбекам і літоўцам, прадстаўнікам тых народаў, у якіх некалі была агульная супольнасць, ёсць што абмяркоўваць, у іх ёсць і гістарычная, калі хочаце, генетычная памяць у дачыненні да колішніх творчых ініцыятыў, што некалі аб’ядноўвалі, дазвалялі разам ісці да стварэння ідэалаў гуманізму, да ўзвышэння прыярытэтаў маральнасці, духоўнасці. Час, несумненна, накладвае свае карэкціроўкі — і з пункту гледжання сутнасных падыходаў, і ў плане геапалітычным. Але гэта не перашкодзіла ўдзельнікам круглага стала прапанаваць да рэалізацыі цэлы шэраг ініцыятыў. Пісьменніца з Узбекістана Рысалат Хайдарава падкрэсліла, што варта надаць большую ўвагу справе мастацкага перакладу. І пэўныя крокі да гэтага непасрэдна ва Узбекістане робяцца. Сама Рысалат Хайдарава шмат часу аддае перакладу беларускай літаратуры на ўзбекскую мову. Дзякуючы яе памкненням ва Узбекістане ў апошнія два-тры гады адкрылі імёны некаторых сучасных беларускіх паэтаў і  празаікаў. Але пісьменніца заклікала да стварэння сістэмных падыходаў, да пошуку тых фарматаў, якія б дазволілі выбіраць для перакладу найлепшае з  нацыянальных літаратур. І гэта, несумненна, патрабуе кансалідацыі перакладчыкаў на прасторах СНД, правядзення міжнародных семінараў, супольных творчых і  адукацыйных намаганняў — з разлікам на вывучэнне перакладчыкамі моў іншых народаў. «Важна перакладаць з арыгінала, — адзначыла Р. Хайдарава. — У такім выпадку пісьменніцкія арганізацыі павінны дапамагчы ВНУ сваіх краін, міністэрствам адукацыі ўключыцца ў абмен студэнтамі дзеля гэтай справы, у стварэнне спецыяльнасці кшталту наступнага вымярэння “Творчая работа. Мастацкі пераклад”. На памяці ў многіх — падобныя захады, якія некалі рэалізоўваў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Магчыма, сёння варта было б выкарыстаць і  тыя напрацоўкі, што здзейснены нашымі нацыянальнымі сістэмамі адукацыі. У Беларусі, напрыклад, вучыцца досыць шмат студэнтаў з  Узбекістана. Чаму б не звярнуць увагу на тых, хто набывае прафесію на гуманітарных факультэтах ВНУ? Магчыма, для кагосьці якраз беларуская літаратура стане прадметам цікаўнасці на ўсё жыццё. Ведаю, на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ёсць спецыяльнасць “Літаратурная работа. Творчасць”. Чаму б не скласці частку праграмы гэтай спецыяльнасці з разлікам на мастацкі пераклад? Упэўнена, што такі кірунак быў бы запатрабаваны не толькі Узбекістанам, але і Казахстанам, Азербайджанам, іншымі краінамі». З прапановамі спадарыні Рысалат Хайдаравай нельга не пагадзіцца. Але відавочна, што да жыцця, да рэалізацыі іх можна падвесці толькі супольнымі намаганнямі — і Саюза пісьменнікаў Беларусі ў тым ліку.

Важны складнік міжнародных сувязей нацыянальнай літаратуры — стасункі з  суседзямі. У нашым, беларускім, выпадку, — з Расіяй, Польшчай, Літвой, Латвіяй, Украінай. Глеб Кудрашоў з Украіны — часты госць у Беларусі. Дацэнт Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта імя У. Г. Караленкі, ён удзельнічаў і ў Дні беларускага пісьменства ў Слоніме, і ў нядаўняй міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па выдавецкай справе на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дарэчы, падобная канферэнцыя будзе праведзена і сёлета, пра гэта літаральна ў  час падрыхтоўкі артыкула ўдалося даведацца ад дэкана факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдата філалагічных навук Вольгі Самусевіч. Спадар Глеб Кудрашоў нагадаў пра Дні беларускай літаратуры ва Украіне і  Дні ўкраінскай літаратуры ў Беларусі ў 1975 і 1976 гадах, калі мастацкае слова правіла баль у Кіеве, Мінску, іншых гарадах Украіны і Беларусі. Менавіта такія творчыя акцыі спрыялі ўмацаванню пазіцый інтэрнацыянальнага выхавання грамадства, дружбе і літаратур, і народаў. Як вынік такіх дзён — усталяванне помнікаў, мемарыяльных дошак, пасадка паркаў дружбы, выданне перакладных кніг і іншыя добрыя справы. Дарэчы, сам Глеб з’яўляецца аўтарам кнігі пра мемарыялізацыю жыцця і творчасці Тараса Шаўчэнкі ў Беларусі. Зараз рыхтуецца выданне яе ў перакладзе на беларускую мову. Праект павінен здзейсніцца ў Выдавецкім доме «Звязда». Палтаўскі даследчык, культуролаг прапанаваў, не чакаючы завяршэння пандэміі, не губляць час і наладзіць правядзенне Дзён нацыянальных літаратур у фармаце анлайн-трансляцыі.

Літаральна ўсе далёкія і блізкія спікеры адгукнуліся на словы Г. Кудрашова. Прапанова ўкраінскага ўдзельніка круглага стала выклікала гарачае абмеркаванне. Як гэта зрабіць? Якія мерапрыемствы найперш правесці? Каго далучыць да прадстаўлення нацыянальных літаратур у іншых краінах?.. Гэтыя і іншыя пытанні абудзілі пошук ініцыятыў. І  ўжо, напрыклад, па завяршэнні круглага стала казахстанскія калегі, а таксама літаратары з розных расійскіх рэгіёнаў выслалі Нацыянальнай бібліятэцы і  Выдавецкаму дому «Звязда», які быў сярод арганізатараў гэтай дыскусійнай інтэрнэтпляцоўкі, нямала важкіх, актуальных прапаноў. Святлана Ананьева з  Алматы, напрыклад, лічыць вартым зрабіць анталогію беларускай паэзіі на казахскай мове. Народны паэт Чувашыі Валеры Тургай знаходзіцца пад уражаннем таго, што ў Беларусі ў серыі «Сябрына: паэзія народаў Расіі» выйшлі ўжо дзве кнігі чувасшкай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову — зборнік яго, Валеры Тургая, вершаў, а таксама кніга Мішы Сеспеля. Зараз перакладзена і рыхтуецца да друку ў Выдавецкім доме «Звязда» кніга паэзіі Юрыя Семендэра. Ён якраз у  свой час і  ўдзельнічаў у Днях чувашскай літаратуры ў Беларусі. Відаць, і зараз, як толькі кніга пабачыць свет, Юрый Семендэр гатовы прыехаць у Беларусь. Дырэктар Выдавецкага дома «Марыйскае кніжнае выдавецтва» празаік і  перакладчык Юрый Салаўёў знаходзіцца ў шпіталі, таму не змог прыняць удзел у круглым стале віртуальна. Затое ён напісаў пра вопыт часопіса «Очык» («Наперад») у  выданні перакладаў беларускай паэзіі і прозы ў перакладах на марыйскую мову ў іх рэспубліканскай перыёдыцы.

Сённяшнія стасункі беларускай літаратуры з нацыянальнымі літаратурамі Расіі і ёсць грунт для развіцця тэмы правядзення Дзён нацыянальных літаратур у  Беларусі… І, вядома, такія Дні татарскай літаратуры ў Беларусі, а таксама — чувашскай, марыйскай, чачэнскай альбо Дні казахскай літаратуры ці Дні ўзбекскай літаратуры ў Беларусі не могуць не атрымацца. У нашых краін ёсць агульная гісторыя літаратурных стасункаў, ідзе працяг літаратурных сувязей, выходзяць новыя перакладныя кнігі. Нават зазірнуўшы ў гістарычны мастацкі вопыт папярэднікаў, можна вылучыць шмат вартых ініцыятыў. Пра гэта гаварыў на круглым стале лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, паэт і перакладчык Мікола Мятліцкі. Ён згадаў тое, што некалі ў «Мастацкай літаратуры» працавалі дзве асобныя рэдакцыі, якія займаліся выданнем перакладных кніг. Выходзілі альманахі «Далягляды», «Братэрства» з перакладамі твораў пісьменнікаў літаральна ўсяго свету. Знайшлося на іх старонках месца вершам, апавяданням творцаў з краін Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі… На шчасце, і ў 2019 і 2020 гадах, пасля доўгага перапынку, быў ажыццёўлены выпуск альманаха «Далягляды».

Напэўна, варта было б звярнуць увагу і на юбілеі класікаў нацыянальных літаратур. Якраз гэтыя даты маглі б справакаваць і выступленні ў друку літаратуразнаўцаў, гісторыкаў літаратуры. Зазірнуўшы ў энцыклапедыю «Янка Купала» альбо ў біябібліяграфічны слоўнік «Беларускія пісьменнікі», можна пабачыць, як актыўна адзначыліся ў іншых рэспубліках на старонках перыёдыкі юбілеі Янкі Купалы, Якуба Коласа, іншых класікаў беларускай лтаратуры. Вось і зараз, напрыклад, дзякуючы сябрам беларускай літаратуры, не застаўся незаўважаным ў розных краінах юбілей класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. У перыядычных выданнях Азербайджана, Казахстана, розных рэгіёнаў Расіі з’явіліся пераклады яго твораў на іншыя мовы. Дзякуючы намаганням доктара філалагічных навук Флоры Наджы ў Баку рыхтуецца да выдання кніга У. Караткевіча на азербайджанскай мове. А адзін з мадэратараў мінскага круглага стала намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша выклаў прапанову ў пярэдадзень 90-годдзя з дня нараджэння класіка правесці міжнародны круглы стол — і таксама як анлайн-трансляцыю! — «Уладзімір Караткевіч і ўвесь свет».

На сувязі — Глеб Кудрашоў

Магчымай падаецца і рэалізацыя іншых ініцыятыў. Дні нацыянальных літаратур нагадалі б і пра адрасы ваеннай, гераічнай памяці. У Беларусі ў розныя часіны жылі, працавалі, ваявалі і паэты, празаікі Расіі, Казахстана, Азербайджана, Узбекістана, Туркменістана… Пад Лоевам загінуў у Вялікую Айчынную вайну ўзбекскі паэт Султан Джура. На беларускай зямлі знайшлі свой апошні прытулак удмурцкі пісьменнік Піліп Кедраў, грузінскі паэт Мірза Гелавані… На Беларусі партызанілі пісьменнікі — казах Адзій Шарыпаў, татарын Закі Нуры, калмык Міхаіл Хонінаў, рускі празаік, паэт Усевалад Саблін, які кнігу вершаў («Мсціўцы») выдаў у  партызанскім лесе пад Рудзенскам… Беларусь вызвалялі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў туркменскія пісьменнікі Чары Ашыраў, Анакулі Мамедкуліеў, Рухі Аліеў, рускія паэты, празаікі Аляксандр Твардоўскі, Міхаіл Матусоўскі, Морыс Слабадскі, іншыя мастакі слова.

З ідэямі наладжвання прэзентацый беларускіх кніг у Расіі, на пляцоўках для студэнцкай моладзі выступіла намеснік дэкана гістарычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат гістарычных навук Аксана Солапава. І ўвогуле, пра тое, што творчая моладзь павінна быць быць у  эпіцэнтры літаратурнай дыпламатыі, гаварылі і беларускія ўдзельнікі круглага стала — паэты Алесь Бадак, Мікола Мятліцкі, перакладчык Аляксей Чарота, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч і пісьменнікі, літаратуразнаўцы іншых краін  — Мікалай Русу з Малдовы, кандыдат філалагічных навук Святлана Ананьева з Казахстана, паэт Закі Алібаеў з Башкартастана…

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».