Вы тут

Трыста старонак да Марса


Даследаванне чагосьці чалавечага — уласцівасць многіх літаратурных твораў. Складана ўявіць нешта больш чалавечае, чым каханне, асабліва ў тым, што адносіцца да матэрыялу даследавання літаратурай. Розныя варыяцыі на тэму міфа пра Арфея і Эўрыдыку, шэкспіраўскіх Рамэа і Джульету і іншых вядомых сюжэтаў — вынік гэтага ўсеагульнага пошуку адказу на пытанне: «Чым ёсць каханне?»


Але літаратарам усё цяжэй засяроджвацца на чыстых пачуццях і адным канкрэтным пытанні. Фокус увагі так ці інакш пераходзіць на тое, што атачае гісторыю дваіх. І з гэтага атрымліваецца неверагодна цікавы сінтэз, асабліва калі аўтару ўдаецца прымусіць элементы такога сімбіёзу працаваць разам.

Адзін з прыкладаў таленавітага сінтэзу — раман «Бог кахання Марс» Сяргея Балахонава.

Нелюбоўны раман пра каханне

Уводныя даныя такія: галоўныя героі, Ягор і Марына, знаёмяцца падчас археалагічнай экспедыцыі ў Юравічах і пачынаюць сустракацца. Чытач ужо рыхтуецца да любоўнага рамана, але стасункі персанажаў не доўжацца далей першых 40 старонак. Усю звычайную частку гісторыі аўтар распавядае вельмі хутка, бо менавіта пасля яе пачынаецца самае цікавае. У межах першага раздзела Марына паспявае з’ехаць у іншую краіну і  там выйсці замуж. Ягор застаецца ў  Гомелі выкладаць ва ўніверсітэце, паспявае знайсці цікавы артэфакт, запісаць песню, атрымаць прэмію Гедройца, але забыць каханую ў яго ніяк не атрымліваецца. Абое таксяк жывуць сваім жыццём, але зноў сутыкаюцца на навуковай канферэнцыі і… зноў пачынаюць сустракацца? Такі варыянт быў  бы магчымы ў меладраматычным серыяле, але перад вачыма чытача твор абсалютна іншага гатунку, на якім не ўтрымліваюцца ніякія сюжэтна-жанравыя штампы.

Дзеянне адбываецца ў двух прасторава-часавых пластах. Няцотныя раздзелы вядуць апавяданне з пачатку. Лагер пад Юравічамі, Гомель, пазней  — розныя еўрапейскія гарады. Няцотныя адразу пераносяць на некалькі гадоў наперад і закідваюць на сапраўдны Марс. У гэтым часе героі ўжо зноў кахаюць адно аднаго, выкшталцона рэалізоўваючы сюжэт «апошнія людзі на зямлі». Дзеля справядлівасці — не апошнія, а першыя, і не на Зямлі. І гэты прыём дабівае рэшткі любоўнага рамана, бо інтрыга цалкам змяняецца. Замест «Ці будуць яны разам у канцы?» з’яўляецца больш займальнае «Як яны трапілі туды, дзе цяпер апынуліся?».

Прывід меладрамы працягвае лунаць над гісторыяй, якая спачатку набывае глыбокія экзістэнцыяльныя маштабы, а пасля аказваецца навуковай фантастыкай, прыгодніцкім раманам і ў выніку антыўтопіяй. Кідаючы сваіх герояў з адных абставін у абсалютна іншыя, Сяргей Балахонаў вытрымлівае і характары, і логіку паводзін, і матывацыі.

Сюжэтная дынаміка дзвюх частак пабудавана на паралелізме падзей і настрояў. Спачатку падаецца, што гэта могуць быць розныя варыяцыі сусвету для адных персанажаў, але паступова становіцца зразумела, што гэта менавіта розны час. Чытаць пра прыгоды герояў, пераскокваючы з мінулага ў будучыню, становіцца яшчэ больш займальна!

Разглядаць дэталі пейзажу на высокай хуткасці

Цяжка ўтрымаць у галаве такі хуткаплынны і няпросты сюжэт, ды яшчэ не заблытаць чытача і не заблытацца самому.

У гэтым дапамагае іранічны стыль аўтара, безліч адсылак і культурных кодаў да чаго заўгодна: ад старажытных рукапісаў да прымавак, цытат з  фільмаў, урыўкаў з песень і кніг. Яны ўзнікаюць, быццам аўтарскія каментарыі да падзей і рэплік або як думкі героя, якія ён не прамаўляе. З’яўляецца адчуванне, што ўвесь раман напісаны ў своеасаблівым гутарковым стылі, што аўтар сапраўды расказвае гісторыю. Такія заўвагі падкрэслены графічна — выдзелены курсівам. Гэта надае тэксту інтанацыю. Сапраўды чуеш, чытаючы.

Такая ўдалая дэталь не дае страціць канцэнтрацыю нават пры доўгіх апісаннях наваколля ці побыту. Аўтар спалучае вельмі імклівае развіццё падзей і дакладнасць, дасканаласць апісанняў. Адступленні падобныя на прагляданне карцінак або відэа ў сацыяльных сетках. Часам яны хутка прагортваюцца, як стужка навін, а часам вымушаюць утаропіцца ў апісанае і прыгледзецца бліжэй. Мы бачым свет вачыма персанажаў. І калі апісанні запавольваюць развіццё дзеянняў, то дыялогі, аформленыя абсалютна ў  такім жа стылі, значна ўплываюць на ўспрыманне герояў.

Мы сочым вельмі ўважліва не толькі за побытам і прыгодамі каханкаў, але і за тым, як яны размаўляюць. Здаецца, апісаць спатканне або звычайны дзень закаханых прасцей, чым паказаць іх натуральную размову, асабліва калі гаворка не пра стасункі. Ягор і Марына паміж сабой і з іншымі гутараць пра сваю працу, любімую музыку, уяўленні пра жыццё. Іх задача — не толькі дзейнічаць, выконваць загады аўтарскай задумы, але і проста быць у створаным свеце. Тут выяўляюцца ўменні Сяргея Балахонава захоўваць баланс паміж тым, што расказана, і тым, што паказана ў творы, і ствараць праўдападобныя характары.

Дарэчы, на цікавасць і рэалістычнасць вобразаў персанажаў уплывае поўная адсутнасць ацэначных катэгорый. Яны настолькі жывыя, што думка падзяліць на добрых і дрэнных нават не ўзнікае. Унутры стасункаў гэтыя вектары ўвесь час вагаюцца. На працягу паловы твора галоўны герой падаецца Марыне асноўнай крыніцай няшчасцяў і ворагам. Ягор раздражняецца ад іншай гераіні, якая быццам бы робіць яму толькі добрае. А боль (яму раз за разам яго прыносіць Марына) ніколькі не прытупляе кахання да яе.

«Вялікі выбух»

Дзеянні, як і стасункі, змяняюцца вельмі рэзка. 300 старонак рамана з  усёй працягласцю і падрабязнасцю дыялогаў і апісанняў насычаны падзеямі значна больш, чым чакаеш. Ледзь не ў сярэдзіне пачынаюць з’яўляцца моманты, якія былі б дастойнай канцоўкай твора, але, як толькі нешта становіцца больш-менш зразумела, аўтар разварочвае дзеянне на 180 градусаў. Ён пэўным чынам гуляе з чытачом, чаргуючы чаканні: вось тут цалкам магчымы хэпі-энд, а потым усё паглыбляецца ў бездань безнадзейнасці. У тэксце самабытна рэалізавана тэма смерці: яна быццам заўсёды побач, але ніколі не здагадаешся, калі пагроза сур’ёзная, а калі — чарговы паварот пакручастага сюжэтнага хайвэю.

Канцоўка, да якой прыводзіць аўтар у выніку, ужо мае вельмі слабае дачыненне да любоўнай гісторыі (настолькі ж, наколькі «1984» Джорджа Оруэла можна лічыць раманам пра каханне). Але, нягледзячы на гэта, матыў кахання вяртаецца праз сімвалізм сітуацыі. У рамане ўвогуле вельмі шмат сімвалізму, прычым часам ён убудоўваецца ў свет для герояў, а не для чытача. Бо той амаль адразу ведае, што Марс — зусім не метафара: героі насамрэч трапяць туды. Сімвалізм апошняй сцэны пацвярджае тое, на што звяртаеш увагу не адразу: увесь сюжэт  — гэта пастаянныя пераходы з аднаго свету ў іншы. Пераезды, пачатак новага жыцця, выхад з запою — пераходныя станы, што трэніруюць герояў перад вандроўкай на Марс. Улічваючы гэта, яшчэ больш арганічным адчуваецца «гайданне на арэлях», якое аўтар распачынае, з кожнай часткай павялічваючы амплітуду: персанаж мёртвы ці жывы, усё скончыцца добра або дрэнна, яна яго кахае або не.

Жыццё на Марсе вельмі натуральнае. Яно закальцавана: пачынаецца і  заканчваецца ад «вялікага выбуху». А за фіналам, магчыма, новы пераход, вызваленне.

Калі бачыш у канцоўцы вызваленне, зноў вяртаешся да першага пытання твора: чым ёсць каханне? Ці бывае яно наканаваным, прадказаным звыш? Ці суадносіцца з ім хваравітая залежнасць ад чалавека і навязлівыя ідэі? Ці магчыма хаваць пачуцці за супрацьлеглымі? Якія ёсць прычыны, каб расстацца з чалавекам, нават калі з абодвух бакоў — моцныя пачуцці? Гісторыя кахання галоўных герояў аказваецца хутчэй жорсткай, напружанай і  балючай, чым рамантычнай і  прыгожай, і яе заканчэнне — у пэўным сэнсе вызваленне ад залежнасці. Таму Марс, бог вайны, становіцца богам кахання. Ягор, археолаг, увесь час займаецца раскопкамі ў сабе. Хімік Марына замешвае ў сваёй галаве такі кактэйль з пачуццяў і рашэнняў, што ён прыводзіць да трагічнага выбуху.

 Аўтар пакідае канцоўку адкрытай, адмаўляючыся ад выяўлення асабістага меркавання. Безліч рытарычных пытанняў застаецца пасля заканчэння захапляльнай пакручастай дзеі. Сяргей Балахонаў за 300 старонак разганяе не толькі сюжэт ад Гомеля да Марса, але і прымушае рухацца ў галовах чытачоў безадказныя, бясконцыя пытанні.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.