Вы тут

Міф у бронзе і камені


Да метаду сацыялістычнага рэалізму ў сучасным грамадстве назапасілася вялікая колькасць пытанняў, галоўнае з якіх гучыць наступным чынам: ці можна працягваць лічыць мастацтвам тое, што пачыналася як светлы парыў рамантычнай душы Максіма Горкага і крыху больш празаічнай натуры Дзям’яна Беднага, а скончылася амаль рэлігійным дыктатам разнастайных нарматыўных догмаў, у якіх ад чалавечага не засталося абсалютна нічога?


Работа Андрэя Бембеля. Эскіз скульптурнага партрэта Янкі Купалы, створаны да 100-годдзя з дня нараджэння Песняра

Пытанне гэтае, вядома дыскусійнае, паколькі, напрыклад, Віктар Пялевін у сваім рамане «Амон Ра» змог вельмі цікава перавынайсці некаторыя элементы сацыялістычнага рэалізму і сацарту. Але гэта ўсё яшчэ не адмяняе таго факта, што сам па сабе сацыялістычны рэалізм без іранічнай постмадэрнісцкай акантоўкі сёння ўспрымаецца, мякка кажучы, скептычна. І ўсё ж ацэньваць той ці іншы кірунак у мастацтве лепш за ўсё, улічваючы як мінімум два полюсы: полюс найгоршых і супрацьлеглы яму полюс найлепшых. І Андрэй Ануфрыевіч Бембель, 115-гадовы юбілей з дня нараджэння якога мы адзначаем 30 кастрычніка, безумоўна, адносіцца да другога полюса.

Бацька паэта-філосафа і стваральнік сацрэалізму Біяграфія Андрэя Бембеля выглядае вельмі сціпла, што ўвогуле не рэдкасць для мастакоў і скульптараў, якія па абавязку службы і для развіцця ўласнага майстэрства вымушаны праводзіць шмат часу ў сваіх студыях, спачатку пераймаючы ўжо вядомых майстроў, а пасля — ствараючы ўласны ўнікальны візуальны стыль. Андрэй Бембель нарадзіўся 30 кастрычніка 1905 года ў горадзе Веліж Віцебскай губерні, дзе атрымаў пачатковую адукацыю ў мужчынскай гімназіі. З 1924 па 1927 гады вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, затым у 1931 годзе скончыў Ленінградскую акадэмію мастацтваў. Там жа пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Вольгай Анатольеўнай Бембель-Дзядок, чые «Успаміны» ахопліваюць гады сумеснага жыцця, вучобу ў акадэміі, пераезд у Мінск, сяброўства з дзеячамі беларускага савецкага мастацтва. У 1939 годзе ў Андрэя Бембеля нарадзіўся сын Алег Бембель. З  1947 года скульптар актыўна займаўся выкладаннем, ён — адзін са стваральнікаў і  першых выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча. З 1953-га выкладаў у  Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Двойчы займаў пасаду старшыні Саюза мастакоў БССР: спачатку з 1950-га па 1954-ы, а пасля з 1982-га па 1986-ы. Пахаваны на Усходніх могілках горада Мінска. Выбітны беларускі скульптар, прызнаны мэтр сацрэалізму, аўтар або суаўтар помнікаў Леніну і Сталіну, барэльефаў на «Кургане Славы», Доме ўрада, манумента на плошчы Перамогі, мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасцьгерой» і гэтак далей.

У агульных рысах гэта ўсё, што можна сказаць пра чалавека які вельмі моцна паўплываў на тое, якім шляхам развівалася выяўленчае мастацтва ў ХХ стагоддзі на тэрыторыі СССР. Сухі набор скончаных навучальных устаноў, месцаў працы і пасад, якія займаў на працягу ўсяго жыцця, — такія біяграфіі звычайна пры чытанні артыкулаў пра нейкіх знакамітых асоб заўсёды прапускаюць, пераходзячы адразу да самага цікавага — творчасці і ўсяго, што з ёй звязана. Але сама сутнасць сацыялістычнага рэалізму, а менавіта яго жорсткая ідэалагічная нарматыўнасць, прымушае больш пільна зірнуць на некаторыя цікавыя дэталі біяграфіі Андрэя Бембеля, каб зразумець, якім жа чынам у вядомага беларускага скульптара атрымлівалася ствараць усё-ткі творы мастацтва, а  не тыпавыя «даўбешкі», дзе мастацкі аўтарскі пачатак заканчваецца, так і не нарадзіўшыся. Бо цікава, што, нягледзячы на працу ў  жорсткіх рамках, нягледзячы на тое, што зараз сацыялістычны рэалізм лічыцца кірункам, які быў абсалютна пазбаўлены сапраўднай мастацкасці, паколькі творы гэтага жанру нараджаліся ва ўмовах дыктату савецкіх каштоўнасцей, Андрэй Бембель усё адно застаўся менавіта мастаком, а не шараговым чаляднікам, які раз за разам выконвае дзяржаўны заказ. І частка адказу на гэтае пытанне, як і ў выпадку з многімі іншымі творчымі асобамі, хаваецца ў дробязях яго біяграфіі, якія дазваляюць не столькі ўбачыць, калі і дзе ён вучыўся або працаваў, колькі зразумець, якім быў чалавекам.

Напрыклад, чытаючы інтэрв’ю з Алегам Бембелем  — сынам скульптара, які з’яўляецца перакананым антыкамуністам, манахам, філосафам і рэлігійным паэтам, вядомым пад псеўданімам Зніч, даведваемся, што, нягледзячы на сваю партыйнасць і шчырую веру ў  ідэалы савецкай дзяржавы, Андрэй Бембель вырас у рэлігійнай сям’і, гэта значыць, міфалагічная і рэлігійная свядомасць (цяпер многія даследчыкі схільныя параўноўваць камунізм менавіта з рэлігіяй, бо мяркуюць, што прапанаваныя гэтым палітычным кірункам ідэалы нязбытны) былі яму ўласцівы з дзяцінства. Гэта ў нейкай ступені тлумачыць і тое, чаму мастак настолькі захапіўся ідэямі Кастрычніцкай рэвалюцыі, што вырашыў прысвяціць ім усё сваё жыццё. Міфалогія і рэлігія заўсёды ідуць рука аб руку, а  адна з асноўных рыс міфалагічнай свядомасці, як вядома, шчырая вера ў тое, што нават самыя фантастычныя з’явы могуць існаваць у рэальнасці. І  гэтая характарыстыка мыслення выдатна пераносіцца на ўдарныя пяцігодкі, за якія трэба «дагнаць і перагнаць Амерыку» і пасля пабудаваць грамадства, дзе ўсе эканамічна роўныя і не адчуваюць ні ў чым нястачы.

Ні адзін міф не можа абысціся без багоў або герояў, якія іграюць ключавую ролю. Усе мы ведаем Геракла, Адысея або Ахіла — кожны з гэтых персанажаў грэчаскай міфалогіі аказаў велізарны ўплыў на сусветную культуру. Нельга тут не ўспомніць, што і монатэістычныя рэлігіі працуюць па падобным прынцыпе, толькі мноства багоў замяняецца на аднаго канкрэтнага, а ў якасці герояў могуць выступаць прарокі, апосталы, святыя і гэтак далей. Не змяніў свайму рэлігійна-міфалагічнаму светаўспрыманню Андрэй Бембель і ў гэтым аспекце. Вось што з гэтай нагоды кажа яго сын: «Думаю, ён па-сапраўднаму быў узяты ў палон ідэяй звышчалавека, як большасць дзяцей рэвалюцыі. Звышгерой — вось кім быў для яго Ленін».

І сапраўды, вялікая частка работ скульптара — бюсты, галовы і помнікі ў поўны рост Уладзіміра Леніна, які ў прадстаўленні Андрэя Бембеля быў не проста ідэолагам рэвалюцыі, але тым, хто пабудаваў значную частку лесвіцы, што павінна ў будучыні прывесці чалавецтва да найвышэйшай і самай справядлівай формы сацыяльнай сістэмы. Але ўзнікае пытанне: быў Ленін выключэннем з агульнай творчай заканамернасці мастацтва Андрэя Бембеля ці ўсё ж з’яўляўся толькі часткай агульнай панарамы, і скульптар ўсіх сваіх герояў адлюстроўваў як персанажаў міфа — практычна пазбаўленымі індывідуальных рыс, але надзеленымі пры гэтым рысамі архетыпічнымі?

Звышрэалізм

Сацыялістычны рэалізм часцей за ўсё крытыкуюць яшчэ і за тое, што ён зрабіў мастацтва штучным. Там, дзе павінен быць жывы і натуральны творчы імпульс, у сацрэалізме — дзяржаўны заказ. Дзе звычайна мы бачым індывідуальны творчы падыход, у сацрэалізме — жорсткія рамкі нарматыўных ідэалагічных догмаў. Дзе свабода выбару тэм, там — абмежаванні ўсіх гатункаў і гэтак далей. Такі шэраг можна працягваць доўга, пасля развалу Савецкага Саюза розныя мастацтвазнаўцы і літаратуразнаўцы перамылі гэтаму кірунку ўжо ўсе косці, імкнучыся калі не прынізіць яго заслугу ў стварэнні ўласнага візуальнага стылю, то, як мінімум, адхрысціцца ад сацыялістычнага рэалізму ў сучаснасці (што, шчыра кажучы, сапраўды варта было б зрабіць, бо некаторыя творцы, асабліва пісьменнікі, усё яшчэ па незразумелых прычынах працуюць у  рамках гэтага састарэлага напрамку). Але разам з тым гэтыя ж даследчыкі забываюць пра тое, што маглі існаваць мастакі, якія не толькі выконвалі дзяржаўны заказ, але і сапраўды верылі ў тыя ідэі, якія выяўляліся ў іх творах, што потым станавіліся часткай ідэалагічнага падмурка савецкай дзяржавы. І рабілі яны гэта не таму, што былі «чырвонымі людаедамі», а таму, што ў ХХ стагоддзі чалавеку трэба было ў нешта верыць. Дык чаму б не верыць у Леніна і іншых савецкіх дзеячаў?

«Родная Беларусь». Эскіз манументальнай кампазіцыі да павільёна БССР на ВДНГ у Маскве, 1950—1951 гг.

Андрэй Бембель, здаецца, быў якраз з такіх шчыра ідэйных мастакоў. Яго творы, вядома, на першы погляд вельмі далёкія ад рэалізму ў літаральным разуменні, бо яго стыль — гэта канцэнтраваны сацрэалізм, а  сацрэалізм — з’ява шмат у чым каляміфалагічная. Менавіта таму бюсты і помнікі Леніну пазбаўлены тонкіх дэталяў, ярка індывідуальных рыс асобы. Усе яго работы, прысвечаныя Уладзіміру Леніну, як і многія іншыя, — гэта хутчэй спроба адлюстраваць вобраз міфалагічнага героя і правадыра, а не рэальнага чалавека. Яны нечым падобныя да абразоў, на якіх хоць і перадаюць індывідуальныя рысы таго ці іншага святога, але ўсё-ткі канон малюнка дыктуе свае законы, і таму ў любым выпадку атрымліваецца нейкі абагульнены вобраз усіх святых.

Работы Андрэя Бембеля — ці то «Курган Славы», гарэльеф на мануменце Плошчы Перамогі, аўтарскія барэльефы з  выкарыстаннем нацыянальнай арнаментыкі або бюст Гастэлы,  — гэта заўсёды баланс паміж рэалістычным выяўленнем канкрэтных постацей і іх міфалагічнай, гераічнай сутнасцю. Гэтую сутнасць скульптар бачыў не таму, што так яму дыктавала дзяржава, а таму, што сам верыў у яе. Ён сапраўды верыў у тое, што кожны салдат, які ўдзельнічаў у  Другой сусветнай вайне,  — герой не горшы, чым тыя, што апісаны Гамерам у «Іліядзе». Ён сапраўды верыў у ідэю вялікай камуністычнай будучыні, нягледзячы на тое, што, мяркуючы па словах яго сына, у канцы жыцця зноў звярнуўся да рэлігіі.

Андрэй Бембель. Фота з архіва БелТА

Сацыялістычны рэалізм Андрэя Бембеля — гэта звышрэалізм у тым жа сэнсе, у якім рэалістычным з’яўляецца любы міф. Скульптар абапіраецца на рэальныя вобразы, часцяком персанажамі яго аўтарскага сусвету выступаюць рэальныя людзі, але ён не ставіць перад сабой задачу паказаць іх «праўдзіва». Для яго важней тое, што ў  гэтых вобразах бачыць ён сам,  — менавіта сілу міфалагічных герояў. Андрэй Бембель, як і многія ідэйныя людзі той эпохі, існаваў у свеце, які быў поўны герояў, і гэтых герояў яны стваралі сабе самі ў незалежнасці ад таго, што стала імпульсам да пачатку работы: дзяржаўны заказ або асабістае жаданне. Так, вобразы, створаныя Андрэем Бембелем, камусьці могуць падацца нерэалістычнымі ў  класічным сэнсе гэтага слова, але яны з’яўляюцца такімі ў той жа ступені, у якой, напрыклад, героі некаторых кінабаевікоў або кніг з яркімі і моцнымі дзеючымі асобамі: мы не сустракаем іх у рэальнасці, але гэта далёка не значыць, што такіх людзей не бывае.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».