Вы тут

Валянцін Барэйша: «Зрабіць новыя мяхі, клавіятуру, механіку — тыя яшчэ фокусы»


Аперацыйную зазвычай пазбягаюць і баяцца. Толькі не гэтую. Майстэрня «Музрам» Беларускага саюза музычных дзеячаў — выратаванне для хворых, але не людзей — музычных інструментаў. Гэтае месца ў Мінску на Чычэрына 1, што насупраць опернага тэатра, ведаюць прыхільнікі дасканаласці. Адрамантаваныя, адноўленыя баян, фартэпіяна гучаць узорна. А гэта найлепшая падзяка музычнаму «хірургу»  — інакш спецыяліста па настройванні не назавеш: у майстэрні-аперацыйнай адбываецца таемства, каб інструмент зноў загучаў залівіста, звонка. Гэтым на прадпрыемстве «Музрам» кіруюцца вось ужо 55 гадоў. Сярод кліентаў — Белдзяржфілармонія, Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, ансамблі «Свята», «Харошкі», «Бяседа», якія даверылі свае інструменты прафесіяналам прадпрыемства. Такім, як Валянцін Барэйша, які працуе тут 40 гадоў! Рэстаўратар язычковых музычных інструментаў, таленавіты майстар, ён ведае баяны, гармонікі, акардэоны знутры і не перастае дарыць нагоды для радасці іх уладальнікам. У чым сакрэт адданасці справе?


Валянцін Барэйша вяртае музычным інструментам жыццё

— Валянцін Сямёнавіч, 19 верасня вы адзначылі 40-годдзе прафесійнай дзейнасці. Віншуем! А як апынуліся ў гэтай сферы?

— Мой бацька быў музыкальнай натуры. Пасля вайны людзі перажывалі цяжкі час, але ўздыхалі з палёгкай: ну ўсё, пераступілі рубікон, можна расслабіцца, душу разгарнуць, будаваць новае жыццё. А як гэта рабіць без музыкі, мастацтва? Працавалі, будавалі, але і  весяліліся, не журыліся. Як сёння: пройдзе каранавірус, і людзі будуць таксама рады, што засталіся жывыя, што наперадзе — шчаслівае жыццё, што ўсё зменіцца да лепшага. Пасля вайны многія аддавалі шалёныя грошы, каб купіць гармонік. Мой бацька — слыхач — таксама набыў, навучыўся іграць, схадзіў у армію, і ўсё жыццё з гармонікам. Нават на пенсіі іграў на танцавальнай пляцоўцы.

— Бацькава імкненне да музыкі перайшло да вас?

— Перайшло? Ён мяне рэменем прымушаў! Мне было 5 ці 6 гадоў. У школе адзін выкладчык самавучка вёў гурток. Бацька плаціў яму рэгулярна ў месяц 10 рублёў (а зарабляў 150), каб ён са мной займаўся. Ды не было ні сальфеджыа, ні тэорыі музыкі — проста вучыў іграць. Мне купілі велічэзны баян — за ім не было відаць маёй макушкі. Я хадзіў да выкладчыка гады два-тры. За гэты час вывучыў толькі «Маленькую польку» Д. Кабалеўскага. Аднойчы не стрымаўся і пачаў скардзіцца бацьку: «Ды надакучыла мне гэтая музыка: усе на вуліцы гуляюць, а я…» А баян такі здаравенны, што перадаўліваў мне ногі. І вось на трэці год бацька гаворыць: «У нас на Новы год на працы ёлка (працаваў на 3-м аўтакамбінаце зваршчыкам, кавалём), бяры баян і пакажаш там, што ўмееш! Будуць падарункі». Я не хацеў. Але бацька запярэчыў: «Колькі грошай на вучобу я патраціў!» Я паабяцаў. Тады ён узяў баян, і я паплёўся за ім як хвост. Іграў тую польку, што ўмеў. На здзіўленне, усім спадабалася — я атрымаў падарунак. Яшчэ штосьці сыграў — яшчэ падарунак. У выніку мяне завалілі цукеркамі. Больш за тое, менавіта там я пачаў падбіраць па слыху. Мне было 8—9 гадоў.

— Не кожны па слыху ў такім узросце можа!..

— І вось першы заробак! Бацька нёс баян і сетку падарункаў і радаваўся: «А ты не хацеў іграць!» З той пары я пачаў займацца сур’ёзна. У раёне мотавелазавода быў Дом культуры з музычнай студыяй, дзе выкладчыкі пасля музычнага вучылішча, педінстытута. Бацька мяне туды прывёў, я сыграў, што ўмеў, сказалі, што возьмуць адразу ў 2 клас. Маім выкладчыкам стаў Валянцін Рыгоравіч Лебедзеў (зараз на пенсіі і жыве ў  Чыжоўцы), вучыўся завочна ў кансерваторыі. Потым у мяне выкладала Валянціна Рыгораўна Яфімкіна: займалася сур’ёзна, укладала душу. У выніку гэтую студыю я закончыў адначасова з сярэдняй школай. Вырашыў паступаць у музычнае вучылішча Глінкі — не прайшоў па конкурсе, але не засмуціўся. Паступіў на наступны год на завочнае аддзяленне. Прыйшоў з арміі, скончыў вучылішча, атрымаў дыплом. Захацеў уладкавацца на працу. Прайшоўся па музычных школах, але адмовілі: «Калі б вы вучыліся ў кансерваторыі, мы б вас узялі». Суцешыў бацька: «Адукацыя ў цябе ёсць — схадзі ў  бюро па працаўладкаванні». Там сказалі, што няма заявак на выкладчыкаў музычных школ, але ёсць патрэба ў вучнях-настройшчыках у музычную майстэрню. Так мне далі накіраванне. Я  прыйшоў сюды 19 верасня 1980 года і працую да гэтага часу. А з музыкай не расставаўся, іграў на вяселлях. Баян не забываю і да сёння.

— Ці памятаеце першага настаўніка ў майстэрні?

— Тут працавалі 11 спецыялістаў (а засталося некалькі), быў заняты кожны стол. Мой настаўнік Анатоль Міхайлавіч Грузінаў ужо памёр. Самавучка, не меў музычнай адукацыі. Пасля вайны сюды яго прывёў бацька ў 16-гадовым узросце. Майстэрня тады знаходзілася насупраць ваенных могілак: рамантавалі гадзіннікі і настройвалі інструменты (рамонт гадзіннікаў застаўся там і па сёння). А потым, у 1965 годзе, Міністэрства культуры для музычнай майстэрні вызваліла памяшканне тут, дзе мы цяпер.

— Доўга асвойвалі тонкасці справы баяннай настройкі?

— І цяпер працягваю (смяецца). Калі я сюды прыйшоў, мне сказалі: «Хочаш быць настройшчыкам, спярша паўгода — вучнем, каб асвоіць азы». За паўгода трэба было навучыцца рабіць уручную мяхі, кляпаць галасы — самае неабходнае. А настаўнік мой побач быў нячаста. Прыедзе з камандзіроўкі: «Ну што, навучыўся? Ну давай пакажу табе гэтую аперацыю». І праз тры дні зноў з’язджаў. У выніку тэрмін маёй вучобы расцягнуўся на восем месяцаў замест шасці. Вучылася нас чалавекі 3-4. І ўсе павінны здаць на разрад. Збіралася камісія: адзін спецыяліст — па баянах, другі — па фартэпіяна, трэці — па духавых. Цяпер у нас тут, на Чычэрына, 1, баяны, акардэоны, фартэпіяна. У другой майстэрні — на Каліноўскага, 12а  — рамантуюць струнныя. Мяне накіроўвалі на стажыроўку на два тыдні на фабрыку ў Тулу. Я адвучыўся, здаў на разрад, атрымаў чацвёрты. Хтосьці ездзіў на Маладзечанскую фабрыку, піяністы — у Барысаў. Каб займацца нашай справай, трэба быць настроеным на працу, а не на грошы. Тут неабходна заўсёды ўдасканальвацца. І таму многія адсейваліся. Зрабіць сяк-так не атрымаецца. У нас пастаянна патрабавалі здаваць на разрад. Усяго іх 8. У мяне цяпер восьмы. Калі быў, напрыклад, чацвёрты, трэба было здаваць на пяты, які складаецца з узроўняў: рэгуліроўшчыка, настройшчыка, рэстаўратара. Здаў — тады шосты. І рыхтуеш работу на свой разрад, узровень. Напрыклад, давалі інструмент разбіты, разламаны, і трэба зрабіць, каб ён адпавядаў нарматывам. Хай не як новы, але каб майстры пацвердзілі: так, настроены. Бывае, дадуць гармонік, а там палову галасоў няма. Трэба зрабіць новыя мяхі, клавіятуру, механіку — тыя яшчэ фокусы. Галоўнае — каб іграў.

— Ёсць куды рукі прыкласці!..

— Так! Дадуць кусок дэрмаціну, скуры, і сядзіш, думаеш. Клавіша зламалася — трэба новую: шукаеш часам пластмасавую, шліфуеш, паліруеш, падганяеш, каб было на адным узроўні. Галасы зламаліся (металічныя пласцінкі, якія хістаюцца ў сваім праёме, калі падаецца паветра) — трэба кляпаць. Мая жонка здзіўляецца: «Што ты ў пылоце, смецці корпаешся!»

Бывае, інструмент хочуць падарыць. Іншы раз для дзіцяці інструмент робіш у ідэальным стане, каб займалася з ахвотай. Глядзіш капітальна: разбіраеш па костачках, потым збіраеш. Каб паслужыў доўга, каб быў як з фабрыкі. Аднойчы звярнуўся хлопец, які зламаў мяхі у «Вельтмайстары». Дык давялося ўставіць рэбры, каб не правальваліся. Знутры я акуратна падклеіў, запрэсаваў, потым абрэзаў мяхі і пераставіў дагары нагамі: ніз пайшоў уверх, верх — уніз. Атрымаліся чысценькія прыгожыя мяхі, як новыя. Усе здзіўляліся. Было, зламаўся рычаг пасярэдзіне, клавіша пачала гудзець. Давялося адкручваць усе кнопкі, здымаць рэгістры, рычагі, даставаць восі (клавішы трымаюцца на восях). Знайсці зламанае — скляпаць, паставіць на месца, адрэгуляваць. Там вельмі шчыльна падагнаны пластмасавыя клавішы (зроблены з полістэролю), прыйшлося клавішу стачыць напалову, а потым зрабіць металічную накладку з двух бакоў. Сядзеў тры дні. Зрабіў. Кліент застаўся задаволены. І змог выступіць, дзе запланаваў.

— Так выратоўваеце музыкантаў! Добра настроены баян для іх — золата.

— Рабіў я баян, дарэчы, Уладзіславу Плігаўку, пераможцу міжнародных конкурсаў. Амерыканскі кампазітар спецыяльна для яго напісаў альбом твораў. Плігаўка ездзіць па ўсёй краіне і прапагандуе баян і акардэон. Езджу па гарадах Беларусі і я: інструменты трэба настройваць хаця б 1 раз на 2—3 гады. Фартэпіяна ж звычайна — кожны год: мяняецца ацяпляльны сезон — струны то расцягваюцца, то звужаюцца. Баяны таксама не любяць сырасці, вільготнасці. З напарнікам кожны год ездзім у музычныя школы Брэста. Прывозілі нам баяны з Брэсцкага гарадскога Дома культуры (ёсць магчымасць — прывозяць у майстэрню, няма — просяць, каб прыехалі).

У арміі я, дарэчы, іграў на трубе, але больш магчымасцей у баяна. Калі музыка ёсць у душы, зможаш іграць на любым інструменце: на саломінцы, на жалейцы. Увогуле, у кожнага чалавека ёсць свой інструмент — голас.

— У вас у рэпертуары безліч мелодый. Ды і імправізуеце выдатна: што ні наспявай — схопіце.

— Самыя лепшыя песні 1960-х, песні ваенных гадоў. Яны створаны ад душы. Былі талентавітыя кампазітары: М. Блантэр, Д. Шастаковіч, А. Пахмутава… А цяпер рэдка якія мелодыі западаюць у душу. Любы Вася, Коля на трох нотах песню складуць. Тады дрэнныя кампазітары проста не выжывалі. Але бывае, што чалавек кідае справу душы і ідзе зарабляць грошы. Многа сёння музыкантаў скардзіцца: маўляў, працую ў музычнай школе, але атрымліваю 400 рублёў, не хапае на жыццё. Ведаю аднаго, які пайшоў на будоўлю працаваць. Але ў вольны час на баяне іграе. Можа, штосьці зменіцца, станем жыць лепш — ён пойдзе працаваць у музычную школу і кіне будоўлю.

— Ці не таму маладыя музыканты з’язджаюць?

— З’язджаюць, каб зарабіць. На жаль, музыканты ў нас — у асноўным выкладчыкі музычных школ ці кансерваторыі, зарабляюць мала: настаўнік музыкі атрымлівае менш, чым рабочы на заводзе або будаўнік. Вось чаму склаўся ў нас такі стэрэатып: ёсць сэнс справай займацца тады, калі яна дае вялікія грошы. Калі б настаўнік музыкі атрымліваў 1000 долараў, усе б кінуліся вучыць музыцы. А на Захадзе на гэта глядзяць зусім па-іншаму: калі чалавек вучыцца, у яго талент, да яго ставяцца з павагай. Займаюцца там не проста так — а каб паказаць узровень. У нас у  Мінску 21 музычная школа. Магчыма, кожны чацвёрты беларус займаўся калісьці музыкай. А на Захадзе музычных школ няма. Каб атрымаць музычную адукацыю, нават пачатковую, бярэш прыватныя ўрокі і плаціш вялікія грошы. Вось чаму музыку цэняць. У нас у музычную школу часта бацькі дзяцей цягнуць сілай, а дзеці ўспрымаюць гэта як нешта несур’ёзнае. А там дзіця разумее, што бацькі плацяць вялікія грошы, каб яно асвоіла інструмент. І гэта ў далейшым абавязкова спатрэбіцца.

— Сёння распаўсюджана электронная музыка. Ці не памрэ народная, ці не выцесніцца?

— Застанецца ў любым выпадку, бо жывая народная музыка (неабавязкова народная — і класічная) запатрабавана заўсёды. Але ёсць катэгорыя людзей, якім ніякая музыка не патрэбна, нават электронная. Яны прывыклі, каб штосьці па вушах бухала. Ім любую дай — паставяцца абыякава. І такіх больш за палову… Хтосьці ж нарадзіўся з музыкальнай жылкай. А бывае наадварот. Вось, напрыклад, мой сусед. Музыкальнага слыху не меў, а гітары ў модзе былі. Набыў неблагую. І  дрынь-брынь  — на адным акордзе. Не пяе  — крычыць, але лічыць, што атрымліваецца прафесійнае выкананне. А ёсць людзі, якія музыку адчуваюць, якія жыць без яе не могуць. Яны і будуць трымаць сваю справу, народную музыку.

— Дзякуй, Валянцін Сямёнавіч, за гутарку! Плёну, здароўя і натхнення!

Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

«Лепшы цюнінг для машын — правільны пратэктар шын»

Менавіта пад такім слоганам будзе праводзіцца Рэспубліканская прафілактычная акцыя, якая ініцыяваная на нашых дарогах Дзяржаўтаінспекцыяй краіны. 

Грамадства

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

Зімовы асартымент. Колькі каштуюць «вітаміны» на «Лебядзіным»

З якімі прыкметамі вы звязваеце набліжэнне зімы? 

Грамадства

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Якiя нашы звычкi шкодзяць здароўю i знiшчаюць iмунiтэт?

Мы ў жыццi шмат чаго робiм, што пагаршае наша здароўе — або адразу, або ў аддаленай перспектыве.