Вы тут

Слоўца пра азбуку Сонца


Вучыць і выхоўваць — задачы сур’ёзныя. Так цалкам слушна лічаць дарослыя. У той жа час памылкова думаюць, што і рашаць гэтыя задачы трэба з сур’ёзным выразам твару і выключна дыдактычным тонам. Але будзем шчырымі: нават нам, дарослым, прасцей успомніць просты вершык пра роўныя на ўсе бакі штаны, чым навуковай мовай сфармуляваць саму тэарэму Піфагора. Дык чаму б не рабіць навучанне беларускай мове больш простым і цікавым?


У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выйшлі тры забаўляльна-адукацыйныя кнігі Віктара Кажуры: «Азбука ў загадках», «Пакацілася сонейка…» і «Слоўца да слоўца». Для каго гэтыя выданні, чым будуць карыснымі для сваіх чытачоў — паспрабуем разабрацца!

***

«Азбука ў загадках» (серыя «Маленькі прафесар») — кніга для маленькіх. На кожнай старонцы — дзве вершаваныя загадкі, адгадкі якіх пачынаюцца на пэўную літару алфавіта. Тут жа ёсць і падказкі, якія, з аднаго боку, могуць дапамагчы дзіцяці прыйсці да правільнага адказу, з другога — растлумачыць значэнне слова, што лёгка падбіраецца ў рыфму да радкоў загадкі:

Выплывае сонейка

З хмаркі пакрысе —

Ружа мые голлейка

У сівой … .

(Падказка: дробныя вадзяныя кропелькі на чым-небудзь). Безумоўным плюсам выдання становіцца тое, што дзіця будзе не толькі вучыць алфавіт і ўзбагачаць слоўнікавы запас: Віктар Кажура заахвочвае дзяцей да працы («Мама просіць у малой: // — Ты пакінь занятак свой,  // Памажы прыбраць пакой»), распавядае пра беларускі побыт («Адарваў Уладзя // Гузічак ад світкі») і народную медыцыну («Хоць яны чарней ад ночы — // Толькі лечаць людзям вочы. // Вось такія таямніцы // Маюць ягады-чарніцы»), дапамагае запомніць важныя звесткі («Бывае, што часам здароўя не маем. // Тады дапамогу — 103 — выклікаем»).

Улічваючы тое, што ў кнізе змешчаны пераклады адгадак на рускую мову, было б добра дапамагчы дзецям засвоіць і  тую лексіку, якая можа быць незразумелай маленькім чытачам: жэўжык, сівы, шчыраваць і інш. Гэта зрабіла б выданне яшчэ больш карысным.

 Хочацца асобна сказаць і пра ілюстрацыі Марыі Мароз: мастачка аздобіла выданне рэалістычнымі малюнкамі, якія выклікаюць толькі пазітыўныя эмоцыі, а дзяцінства, пагадзіцеся, — найлепшы час, каб паказаць прыгажосць жыцця.

***

Кніга «Пакацілася сонейка…» з  серыі «Беларускія пісьменнікі  — дзецям» уключана ў спіс твораў для пазакласнага чытання ў 4 класе. І гэта зусім не дзіўна, бо тут ёсць і вершы пра месяцы, і загадкі пра поры года, і народныя выслоўі, і пытанні на ўважлівасць, веданне прыроды і мовы... У вершах, прысвечаных календару, адчуваецца замілаванне аўтара роднай зямлёй, назіральнасць — і адначасова імкненне стварыць казачны пачатак:

Што, брат Люты, так панік

Сумна, невясёла?

На пасад твой

Сакавік

Крочыць навасёлам.

Пад страхою ледзяшы

Слёзкамі сплываюць —

Звонка-звонка капяжы

Сонейка вітаюць.

Добра, што дзіця, якое чытае кнігу, не толькі пазнаёміцца з цікавай вершаванай гісторыяй, але і зможа атрымаць заданні для хоць і дастаткова простай, ды ўсё ж даследчыцкай дзейнасці, напрыклад: «Калі не ведаеш, знайдзі ў літаратуры і адкажы, які дзень чэрвеня самы доўгі?» Пры гэтым чытанне робіцца сямейным, запрашае да размовы з малымі дарослых: «Запытай у бацькоў, што гэта за свята — Дажынкі, раскажы аб ім сябрам».

Разнастайныя народныя прыкметы і выслоўі далучаюць да культуры нашай краіны, дапамагаюць данесці да наступных пакаленняў мудрасць папярэднікаў: «Снежань вока снегам радуе, але марозам вушы рве». «Пакацілася сонейка…» зможа таксама папоўніць лексіку чытачоў адметнымі словамі, звязанымі з побытам беларусаў:

Лезе ў двор цераз паркан

Белай воўнаю … ,

А ў двары збірае кросны

Гаспадыня-ткалля восень.

Удалае спалучэнне малюнкаў і фатаграфій у афармленні выдання таксама выконвае свае задачы: карцінкі спадабаюцца меншым дзецям, а фота стануць памочнікамі старэйшых, каб паспрабаваць самастойна апісаць па-беларуску ўбачанае, прыдумаць уласную гісторыю, далучыцца да творчасці.

***

Серыя «Таямніцы беларускай мовы» папоўнілася кнігай В. Кажуры «Слоўца да слоўца: амонімы для пачатковай школы».

Выданне, галоўнай мэтай якога, безумоўна, з’яўляецца фарміраванне моўных кампетэнцый, скіравана і на сцвярджэнне агульначалавечых каштоўнасцей, фарміраванне найлепшых рыс характару чалавека — працавітасці, смеласці, любові да сям’і:

Нядоўгаю будзе ростань,

Бо ўсе мы з далёкіх дарог

Патрапім на тую ростань,

Дзе кліча бацькоўскі парог.

Канечне, выклікае пытанне, ці варта было выкарыстоўваць для вершаў у якасці прыкладу дыялектызм, тым больш што рытмічна гэты тэкст таксама не вельмі ўдалы («Каб патэльню зачапіць // Гаспадыні было ёмка, // У качарэжніку стаіць // Спрытненькая ёмка»), але іншыя ўзоры падабраны так, каб дзеці разумелі, што амонімамі бываюць не толькі назоўнікі:

Ад дажджу замок замок,

На ім іржа, як пазалота.

Дык гаспадар яго — за бок,

На сметнік выкінуў ля плота.

Сустракаюцца словы, якія могуць прымусіць задумацца і дарослых. Напрыклад, ці адкажаце вы адразу пра розныя значэнні слова «ферма» (сельскагаспадарчае прадпрыемства — і канструкцыя са злучаных драўляных ці металічных брусоў) і ці ўспомніце, што малінаўка — не толькі птушка, але і сорт яблыні з адпаведнымі пладамі?

Лёгка запомніць выкарыстаныя ў вершыках амонімы дапамагаюць і сюжэтныя малюнкі мастачкі Таццяны Пінчук.

***

Галоўнае, што аб’ядноўвае тры новыя кнігі Віктара Кажуры,  — жаданне вучыць і выхоўваць маленькіх чытачоў з любоўю. А любоў — гэта, напэўна, самае важнае для таго, каб з адкрытых свету дзяцей вырасталі шчаслівыя дарослыя.

Бажэна ГАНУШКІНА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.