Вы тут

Барацьба з дрэннымі звычкамі


Адно з прызначэнняў мастацтва — уплываць на оптыку, факусіраваць пункт гледжання на штосьці такім чынам, каб слова «відавочна» афарбоўвалася новымі сэнсамі. Некаторыя пазбягаюць або нават асуджаюць сучаснае мастацтва за занадта часты зварот да ліберальных тэм. Свет пашырыўся настолькі, што не заўважаць у ім гвалту ў адносінах да жанчын або расісцкіх і гамафобных забабонаў немагчыма.


Але навошта пхаць такое ў кожны фільм, гульню, кнігу? Не верыцца, што гэта сапраўды настолькі распаўсюджана і варта настолькі частых і яскравых згадак. Мы, нарэшце, глядзім кіно, каб адпачыць.

Сродкаў для адпачынку за апошні час стала так шмат. У бязмежным паняцці медыяіндустрыі не заўсёды знаходзіцца месца для размоў на актуальныя сацыяльныя тэмы. Таму смешна бачыць у іх сродак выдзеліцца і стаць больш заўважным. Непрыемныя пытанні ўзнімаюць тады, калі яны сапраўды хвалююць.

Фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» — не спецыялізаваны. У яго няма мэты асвятляць актуальныя сацыяльныя тэмы, але прыкладна траціну сёлетняй праграмы склалі фільмы, лекцыі і дыскусіі, якія закранаюць праблемы жанчын у грамадстве. Нават калі доўга знаходзішся у кантэксце, не кожны раз можаш прадказаць, як будуць рэалізоўваць тэму, праз якія словы, вобразы і сэнсы пройдзе думка і якой акажацца ў выніку.

Небяспечнасць існавання

Кадр з фільма «Сіла звычкі».

Фінскі фільм «Сіла звычкі» прадстаўляе сабой своеасаблівы альманах кароткага метра, зманціраваны ў поўны. У ім розныя гісторыі незнаёмых паміж сабой жанчын аб’ядноўваюцца адным — звыкласцю розных форм гвалту. Шэсць гісторый акцэнтуюць увагу нават не на самім факце гвалту, а на формах рэакцыі грамадскасці. І чым далей, тым больш відавочным становіцца тое, што рэакцыя — працяг гвалту.

У гісторыях быццам бы не адбываецца нічога жудаснага і жорсткага. Жанчыны на карпаратыве абмяркоўваюць, што з імі нічога такога ніколі не адбывалася. Ну, акрамя свісту ўслед на вуліцы і п’янага калегі на мінулым карпаратыве, які прыціснуў да сцяны.

Кожны сюжэт матэрыялізуе небяспеку — заўсёдную спадарожніцу жанчыны. Небяспека застаецца са мной, нават калі я аказваюся ў грамадскім месцы, поўным іншых жанчын, нават калі побач мой муж, калі я ва ўласным пакоі, з сябрамі або калегамі. Небяспека сыходзіць ад незнаёмца і чалавека, якога я даўно ведаю. У небяспекі ёсць рукі, якія могуць проста мімаходзь схапіць мяне за зад, могуць перагарадзіць мне выхад з аўтобуса, прыкласці галавой аб кафель у прыбіральні і далей зрабіць усё, што ім захочацца. У небяспекі ёсць вочы, якія пагардліва азіраюцца на мае пакуты, на мае воклічы. Яны ацэньваюць стан майго алкагольнага ап’янення, мае панчохі, маю істэрыку ў грамадскім месцы, але не ацэньваюць рукі. У небяспекі ёсць вусны, якія кажуць, што я сапсавала ім свята, што нічога такога насамрэч не здарылася. І яны ж прамаўляюць «асаблівай жорсткасці не зафіксавана» ў  зале суда і «гэта звычайная справа» — на выхадзе з яго.

Звычка ўспрымаць гвалт як нешта непрыемнае, але непазбежнае, не вартае асаблівай увагі падмацоўвае яго існаванне. На гэтым корме ён расце і рана ці позна закранае кожную.

Фільм даследуе небяспеку ва ўсіх яе праявах. Апошняя сцэна — адна з гераінь вяртаецца з працы позна і ідзе праз парк, а следам за ёй — мужчына ў  цёмнай вопратцы. І нават калі з глядачкамі не здаралася нічога такога, на гэтым моманце яны разумеюць, што ўсе адчуванні, паказаныя ў фільме, — і іх рэчаіснасць. Аб такое разуменне звычка мусіць зламацца.

Смешнае і дзіўнае

Кадр з фільма «Выпад».

Шэраг кароткаметражак, паказаных у перадапошні дзень фестывалю, фармальна ніяк не звязаны.

Што аб’ядноўвае фільмы пра незвычайны харэаграфічны праект, мацярынства і натуральнае кармленне, эміграцыю, авангардную пастаноўку «Медэі» і замалёўку пра дзяўчыну, якая не жадае рабіць тое, чаго хочуць ад яе?

Сюжэты кожнай проста засяроджваюцца на жыццях жанчын, на канкрэтных сітуацыях. І з гэтага складаецца стракатая карціна жаночых ідэнтычнасцей і праблем, звязаных з імі. Здаецца, што ніякай павесткі ў гэтых стужках і блізка няма, а бачыць яе ва ўсім, дзе дзейнічае жанчына, — нейкая гіперфіксацыя. Але камунікацыя — таксама прадмет яе даследавання.

Стасункі становяцца ў цэнтральную пазіцыю ў кожным сюжэце. Супрацоўніцтва супрацьлеглых кірункаў мастацтва, розныя формы сястрынства, паміж якімі даводзіцца выбіраць, новая роля ў жыцці, якая павінна ўжыцца са старымі, рэакцыя на непавагу і адмаўленне традыцыйнага погляду на жаноцкасць праз танец.

Іншыя элементы, якія аб’ядноўваюць карціны, — смеласць і прысутнасць нейкага першабытнага, прыроднага пачатку. Першае — рашэнні, эксперыменты, спрэчкі, дзеянні. Другое ледзь заўважна суправаджае: у хуткай рэакцыі на небяспеку, у выбары не падпарадкоўвацца правілам дзеля жыцця, у гучным крыку, які пужае, у рухах, выразах твараў. Цёмнае, «іншае», спрадвеку звязанае з жаноцкасцю, паказвае іншыя праявы.

Большасць з іх ад нязвыкласці выглядае вар’яцкім, смешным, няправільным. Але менавіта гэтым і выконвае сваю ролю.

Стракаты дыван ідэнтычнасцей, створаны карцінамі, імкнецца да пашырэння паняццяў нармальнага, правільнага, звыклага — пашырэння вобразу жаноцкасці, закладзенага ў галаву з дзяцінства. А некаторыя рэчы закладаюцца так надзейна, што выламаць іх «нармальнымі» спосабамі проста немагчыма.

«Побач»-энне

Кадр з фільма «Побач».

Латвійскі фільм «Побач» увогуле, здаецца, не пра тое. Карціна хутчэй распавядае гісторыю сталення ў стасунках, пра розныя погляды на шлюб, рамантыку, працу і развіццё ва ўсім. Галоўныя героі — закаханыя, мастачка і акцёр. Яны сустракаюцца падчас летняга свята. Ён толькі скончыў універсітэт і  пачынае пошук і пераасэнсаванне, яна — саркастычная, глыбока засяроджаная на сваім свеце і не збіраецца нікому адкрывацца. На другое лета — гадавіна знаёмства і сутыкненне поглядаў, трэцяе лета — перанясенне ўласных праблем на камунікацыю паміж сабой і адказнасць.

Хаця тут і няма яскравага фемінізму, у фільме вельмі дакладна паўстае ціск грамадства, які перажывае жанчына. «У цябе павінен быць муж», «ажаніцца трэба адзін раз і на ўсё жыццё, а не тое, што цяпер» паўтараюць прадстаўнікі старэйшага пакалення. Але і  равеснікі гераіні відавочна транслююць «правільныя» мадэлі: калега пасля некалькіх сустрэч хоча пазнаёміць з  бацькамі; школьная сяброўка на першае лета дэманструе пярсцёнак, на другое  — жывот, на трэцяе завіхаецца каля дзіцяці. Нават другі галоўны герой бачыць больш сэнсу ў балбатанні цёткі з ЗАГСа і замках на мосце, чым у тым, што гераіні падаецца прыгожым і сапраўдным. Але з’яўляецца і адваротны бок. Стары сябар гераіні кажа, што яна не створана для сур’ёзных сямейных адносін, дэкрэту, кватэры ў іпатэку і адпачынку на курорце.

Аўтарка фільма ў выніку не прымае нічыёй пазіцыі, проста паказвае дыхатамію: або сур’ёзнае, што абмяжоўвае свабоду і працуе выключна па запраграмаваных пратаколах, або несур’ёзнае, дзе адсутнічае паняцце любой адказнасці. Дзяўчына мусіць выбіраць.

Яшчэ адзін паказальны момант у  фільме — пытанне пра дзяцей. Яно ўзнікае выпадкова, і галоўны герой рэагуе: «А чаму б і не. Ты ўсё адно ўвесь час сядзіш дома». Мужчынская пазіцыя «я хачу дзіця, але разбірацца з ім будзеш ты» — на жаль, не кіношная выдумка, а  яшчэ адна звыклая дэталь жаноцкай рэчаіснасці.

Сюжэт фільма ставіць гледачоў і галоўную гераіню на парозе яе маральнага выбару, яе волевыяўлення і пакідае прастору для дадумвання, якім будзе рашэнне і яго наступствы.

Падпарадкоўвацца ціску і адмаўляцца ад рашэнняў на сваю карысць, арыентавацца на чужыя погляды і ўяўленне аб правільнасці і нармальнасці і, як вынік, цярпець гвалт і заплюшчваць на яго вочы... У грамадства шмат дрэнных звычак, уласцівых мужчынам і жанчынам, залежных і незалежных ад полавай прыналежнасці. Пераадольваць іх або не — асабісты выбар кожнага. Мастацтва — адна з нешматлікіх рэчаў, здольных прымусіць нас хаця б убачыць і зразумець, што гэтыя праблемы існуюць.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».