Вы тут

Блізкія і родныя вялікага беларускага пісьменніка выдалі «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана»


У нас не часта, а сёння — і зусім рэдка прыходзяць да чытача кнігі мемарыяльнага характару. Раней традыцыяй было выдаваць калектыўныя кнігі ўспамінаў пра пісьменнікаў. Пра Янку Купалу, Якуба Коласа пабачылі свет, дзякуй богу, па некалькі зборнікаў. Так, ёсць спроба распавесці пра лёсы праз серыю «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». Праўда, пэўнай сістэмнасці ў гэтым праекце, які і неабходны, і надзвычай важны, няма. Ды не толькі самі па сабе кніжныя выдавецтвы вінаватыя ў адсутнасці высокай кніжнай культуры ў дачыненні да мемарыялізацыі памяці тых, хто яшчэ нядаўна быў побач з намі, чые творы былі запатрабаваныя шырокай чытацкай аўдыторыяй...


Таму вельмі ўразіла нешматслоўнае выданне «Кнігазбора» — «Фоталетапіс з хатняга архіва Яна Скрыгана». У падзагалоўку: «Шляхі, час, сустрэчы, імгненні гісторыі, старонкі жыцця ў рэтраспектыўным аглядзе. XX стагоддзе». Так, пэўна, і павінна быць. Усё ж такі перад намі — альбом фотаздымкаў ды іншых ілюстрацыйных матэрыялаў.

Ян Скрыган прыйшоў у беларускую літаратуру ў бурапенныя 1920-я гады. Дзіўна, што нешта наогул захавалася з фотаздымкаў таго часу. У 1936 годзе, ужо маючы за плячыма творчы і жыццёвы вопыт, выдадзеныя кнігі, маючы сваё месца ў маладой беларускай літаратуры, Ян Скрыган быў арыштаваны. І наступныя амаль два дзесяцігоддзі складае яго гулагаўская біяграфія. Зразумела, без здымкаў. Хіба што адна картка пэўным чынам нагадвае пра яе: «У Маскоўскім заапарку. Па дарозе з Сухабудзіма (Краснаярскі край) на радзіму ў Беларусь пасля рэабілітацыі транзітам праз Маскву. Пасля 19 гадоў разлукі! Сядзіць: Ян Скрыган. 20.05.1955, Масква». Пісьменнік, уважлівы да захавання архіва, дакладна падпісваў здымкі. У кароткіх тэкстоўках — характэрныя тлумачэнні, якія робяць здымкі сапраўднай гісторыяй. Цікавым падаецца наступны каментарый дачкі Яна Скрыгана — Галіны Іванаўны Скрыган, якая ўклала кнігу, зрабіла ўсё магчымае, каб альбом пабачыў свет: «...Бацька стараўся даць максімальны каментарый да кожнай асобы, месца і часу дзеяння. Мне прыгадваюцца эпізоды з маёй маладосці, больш за 50 гадоў таму, калі тата каторы раз намагаўся ўспомніць імёны сваіх паплечнікаў-маладнякоўцаў — кожнага з сямідзесяці! Як ён дбаў, каб ніводнае прозвішча не канула ў нябыт. І як пакутаваў, калі пераконваўся, што памяць не змагла ўтрымаць некаторыя з іх! Але большая частка імёнаў, на вялікае шчасце, была ім адноўлена. І вось, застылыя ў часе, на нас глядзяць зусім юныя дзяўчаты і хлопцы, якіх мы можам назваць і якія былі каля вытокаў станаўлення беларускай савецкай літаратуры. А некаторым з іх наканавана было стаць сапраўднымі майстрамі прыгожага пісьменства. Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Міхась Лынькоў, Паўлюк Трус, Яўгенія Пфляўмбаўм, Алесь Дудар, Міхась Чарот...»

Вярнуўшыся да актыўнага літаратурнага жыцця, увогуле да жыцця — чыстага, светлага, канешне ж, са сваімі праблемамі, але без вокрыкаў лагернай аховы, без іншых выдаткаў знаходжання ў месцах зняволення, Ян Скрыган шмат падарожнічаў, шмат сустракаўся з чытачамі. Глядзіш на некаторыя здымкі — і здзіўляешся, як яму было ўсё цікава. Гэта відаць не толькі па вачах, пільным позірку, але і па самой кампазіцыі фотаздымкаў. Колькі ў гэтых, зробленых у Таджыкістане, Украіне, Латвіі, Маскве, Нарыльску, фотакартках усмешак, радасці, святла!.. А колькі ў яго было сяброў, добрых таварышаў! Дарэчы ў альбоме — і рэпрадукцыі захаваных пісьменнікам запрашэнняў на вечарыны, святочныя імпрэзы з нагоды юбілеяў калег-літаратараў Васіля Віткі, Кандрата Крапівы, Максіма Танка, Алеся Асіпенкі, Міколы Аўрамчыка…

Фотаздымкі, іншыя ілюстрацыйныя матэрыялы (у тым ліку і факсіміле аўтографаў, адрасаваных Яну Скрыгану) дапаўняюць «Думкі з запісных кніжак», гісторыка-літаратурныя матэрыялы, звязаныя з жыццём, творчасцю легендарнага майстра беларускай прозы. Сярод іх — і адказы на анкету аднаго з нашых «звяздоўскіх» выданняў («Чырвоная змена», 22 чэрвеня 1980 года). Было ў той анкеце і пытанне: «Якія творы маладых беларускіх пісьменнікаў апошняга часу вы лічыце найбольш удалымі і чаму?» Вось што адказаў Ян Скрыган: «...скажу пра тое, што мяне радуе ці абнадзейвае. Здаецца, залетась у «ЛіМе» прачытаў апавяданне незнаёмай аўтаркі. Спадабалася рэдкае цяпер імя — Хрысціна, затрымала ўвагу і прозвішча — Лялько... <...> З таго часу я зацікаўлена чакаю: калі ж Хрысціна Лялько зноў пакажацца ў друку? Бо з такою моваю грэшна маўчаць. <...> І яшчэ адзін чалавек запомніўся: Святлана Алексіевіч сваім апавяданнем «Цётка Стэфа». Я маю прывычку ўсё чытаць з алоўкам у руках і, прызнаюся, усё яе апавяданне скрэсліў найбольш добрымі паметамі. За спробу паказаць душэўны рух вобраза».

Вось і ўся фатаграфічная кніга, прысвечаная Яну Скрыгану, паказвае «душэўны рух» асобы цікавага, адметнага беларускага пісьменніка, які і творчасцю сваёй, і лёсам, шчырым служэннем Радзіме, варты таго, каб яго помнілі.

Кастусь ХАДЫКА

Загаловак у газеце: Святло фатаграфічнай памяці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».