Вы тут

Мікалай Супрановіч: «Пабачыць паляванне на мамантаў...»


Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» сёння выпускае сотні кніг і падручнікаў прыкладна па 10 напрамках (грамадзянска-патрыятычныя выданні, вучэбна-метадычная літаратура і іншыя), працуе з дапоўненай рэальнасцю, распрацоўвае электронныя праграмы. Кнігі яго ледзь не штогод становяцца лаўрэатамі конкурсаў друкаваных выданняў, да таго ж прадпрыемства пастаянна выйграе тэндары. Дырэктар выдавецтва Мікалай Супрановіч падзяліўся сакрэтамі і расказаў карэспандэнту «ЛіМа» пра тое, на што арыентуецца ўстанова.


— На цяперашні час «Адукацыя і выхаванне» самае буйное выдавецтва Беларусі. Без перабольшання можна сказаць, што яно ў пэўным сэнсе стала кнігавыдавецкай з’явай нашай краіны. Памяшканні выдавецтва размясціліся на сямі пляцоўках сталіцы. Больш за дзве тысячы аўтараў публікуюць у вас свае творы, аб’ёмы рэалізаванай прадукцыі лічацца ў мільёнах беларускіх рублёў. Выдавецтва выпускае больш за трыццаць часопісаў і выдае штогод звыш сотні кніг. Калі ж згадаць гісторыю стварэння выдавецтва, то яно фактычна вырасла з навукова-тэарэтычнага часопіса «Адукацыя і выхаванне»...

— Так, выдавецтва было заснавана 17 мая 1993 года як «Рэдакцыя часопіса “Адукацыя і выхаванне”» са статусам юрыдычнай асобы. Калі атрымалі ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць, то адной з першых кніг стаў падручнік «Беларуская мова. Дапаможнік для вайскоўцаў».

У 1995 годзе галоўны рэдактар, доктар педагагічных навук Уладзімір Пархоменка зарэгістраваў серыю часопісаў «У дапамогу педагогу». Былы школьны настаўнік фізікі і матэматыкі, ён добра разумеў: наша краіна набыла незалежнасць, Міністэрства адукацыі працуе па новых планах і праграмах — значыць, кожнаму настаўніку патрэбна сваё прадметнае навукова-метадычнае выданне. Спачатку выходзіла 16 часопісаў серыі, затым дадаліся яшчэ 5.

У хуткім часе Міністэрства адукацыі пачало перавод сярэднеадукацыйнай школы на 12-гадовае навучанне. Узнікла патрэба ў стварэнні новых падручнікаў, навукова-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў. Было выбрана некалькі эксперыментальных школ з рускай і з беларускай мовамі навучання, і для іх выдавецтва пачало выпускаць падручнікі практычна па ўсіх прадметах. Пазней пачалі шукаць аўтараў кніг, якія мы выпускаем для свабоднага продажу, адначасова працягвалі выданне падручнікаў, што ўжо ішлі на ўсю рэспубліку. Сёння мы выдаём падручнікі і для вышэйшай школы — па юрыспрудэнцыі, медыцыне, аўтамабілебудаванні іншых галінах ведаў.

— Летась, у жніўні, адбылася рэарганізацыя ўстановы. Да выдавецтва далучыліся РУП «Пачатковая школа», рэдакцыі часопісаў «Пралеска» і «Роднае слова». Што выклікала неабходнасць аб’яднання і як яно паўплывала на дзейнасць выдавецтва і названых выданняў?

— Крок да аб’яднання, мяркую, — патрабаванне часу. Тым не менш працэс далучэння не быў просты. Патрабавалася ствараць новую структуру, аб’яднаць бухгалтэрыі, планава-эканамічныя і юрыдычныя службы, аддзелы маркетынгу. Спатрэбілася некалькі месяцаў, і летась з 1 жніўня мы пачалі працаваць як рэарганізаванае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства выдавецтва «Адукацыя і выхаванне».

У творчым плане для часопісаў «Пралеска» і «Роднае слова» амаль нічога не змянілася. Быў галоўны рэдактар — і застаўся, вырашаў творчыя пытанні — і працягвае. Але ў арганізацыйным плане часопісы адчулі сябе больш вольнымі, бо з іх кіраўнікоў знялі цяжар вырашэння шматлікіх вытворчых і фінансавых праблем. Гэта дапамагае ім больш упэўнена рэагаваць на крызісныя з’явы ў выдавецкай справе. Адпаведную тактыку сёння шырока ўжываюць заходнія выдавецтвы: ёсць холдынгі, якія аб’ядноўваюць не па 30, а па 300 перыядычных выданняў — часопісаў, газет, тэлепраграм, інтэрнэт-пляцовак...

Сёння рыхтуем дакументы і па далучэнні часопіса «Вясёлка» згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб перадачы часопіса ў сістэму Міністэрства адукацыі. Галоўны рэдактар сам узняў гэтае пытанне ў Міністэрстве інфармацыі і Міністэрстве адукацыі. Нагодай стала няўхільнае падзенне накладу. Палічылі, што будзе мэтазгодным, калі часопіс, разлічаны на дзяцей малодшага школьнага ўзросту, стане бліжэйшым да ўстаноў адукацыі: Міністэрства адукацыі — заснавальнік выдавецтва. Рэдакцыя часопіса вельмі актыўна працуе над павелічэннем колькасці падпісчыкаў, пастаянна выязджае з прэзентацыямі ў дзіцячыя ўстановы.

Галоўная задача, якая і выклікала неабходнасць аб’яднання, — зрабіць часопісы прыбытковымі. Дзеля гэтай мэты вырашана было і аптымізаваць колькасць часопісаў: некаторыя будуць аб,яднаны — найперш дзіцячыя рускамоўныя часопісы.

— Дарэчы, падзенне накладаў і падпіскі — праблема не толькі «Вясёлкі». Чым, на вашу думку, гэта выклікана і як выдавецтва змагаецца за падпіску на свае часопісы?

— Падпіска падае паўсюль — гэта агульная тэндэнцыя. Друкаваным выданням сёння ёсць альтэрнатыва — многія матэрыялы па прадметах навучання можна знайсці ў сеціве. Але ў прыватнасці для краін былога СССР пытанне з падпіскай стаіць больш востра, чым для іншых. У канцы 1980-х, калі пачалася палітычная перабудова, назіраўся бум самых розных друкаваных выданняў, наклады зашкальвалі. А потым гэтае мноства выданняў надакучыла, адбіла ахвоту падпісвацца на іх. Людзі стаміліся ад бясконцага глытання інфармацыйнай кашы. Тым больш, што яна з кожным месяцам рабілася ўсё больш няякасная. Такой з’явы не назіралася ні ў Польшчы, ні ў Германіі, ні ў іншых краінах. Там з накладамі выданняў лепш. Але ж мы ў выдавецтве ўсё робім для таго, каб выклікаць цікавасць да кнігі, каб чытач ізноў павярнуўся да яе. Падрыхтавалі інтэрнэт-пляцоўкі, але не для таго, каб чытач цалкам туды перайшоў: стараемся сінхранізаваць матэрыялы, што выходзяць у нашых папяровых выданнях і на інтэрнэт-пляцоўках. Зразумела, што калі наклады часопісаў зусім зменшацца, нам давядзецца цалкам перайсці на электронны фармат. Але тут і палягае праблема: рэдакцыйна-выдавецкія расходы вельмі значныя, а прыбытак ад электронных выданняў невысокі.

Акрамя таго, займаемся мы і распрацоўкай кніг з дапоўненай рэальнасцю — многія выходзяць ужо ў новым тэхналагічным фармаце. Раней лічылася, што для мастацкай літаратуры дапоўненую рэальнасць прыстасаваць немагчыма. Але ж мы даказалі, што гэта не так! На старонках кніг з дапоўненай рэальнасцю змяшчаюцца спецыяльныя эмблемкі — маленькія выявы тэлефона. Калі на мабільнік ці планшэт скачаць адпаведную праграму, а потым навесці прыладу на ілюстрацыю з выявай тэлефона, то карцінка ажывае і можна ўбачыць і пачуць, напрыклад, аўтара, які сам агучвае свае творы! Міне час, але ў такіх кнігах застануцца відэаматэрыялы з жывымі пісьменнікамі, а ў чытача будзе магчымасць «пазнаёміцца» з жывым класікам. Гэта абавязкова спрацуе!

Адпаведныя распрацоўкі незаменныя сёння і ў падручніках. У кнігу можна ўкласці матэрыялаў у тры, пяць, дзесяць разоў больш, чым змяшчае папяровы варыянт! Гэта 3D-мадэлі, відэа, выяўленчы рад: калі вядзецца размова пра архітэктуру і помнікі, можна змяшчаць карціны, вітражы, планы. У біялогіі можна паказаць унутраную будову любога арганізма. У падручніках па фізіцы і хіміі дэманструюцца доследы, можна зазірнуць у цэнтр ядзернага выбуху…

Акрамя таго, наша задача на сёння — зрабіць распрацоўку, каб тое, на што глядзіш праз тэлефон, адлюстроўвалася і на экране камп’ютара, — даць магчымасць вучню пабачыць, напрыклад, як адбывалася паляванне на мамантаў, наблізіць і пакруціць, «памацаць» сякеру першабытнага чалавека, трапіць унутр гістарычнага будынка…

У сеціве сёння ёсць усё, але ў наш перанасычаны падзеямі і інфармацыяй час можна сядзець перад экранам камп’ютара цэлы дзень, разам з патрэбнай інфармацыяй фільтраваць безліч спадарожнай, недакладнай. А можна набыць кнігу, дзе будуць скарыстаны і прааналізаваны сотні здымкаў з розных ракурсаў і гіперспасылкі на тысячы навуковых работ, — і за невялікі прамежак часу даведацца аб прадмеце пошукаў усё, што толькі ёсць у наяўнасці ў скарбонцы ведаў чалавецтва!..

Мы зацікаўлены і ў тым, каб захапляльна і незвычайна расказаць пра нашу славутую мінуўшчыну. Таму нашы серыі «Гісторыя ў асобах», «Жывая гісторыя», «99 захапляльных фактаў» выходзяць з дапоўненай рэальнасцю. Менавіта за гэтым кірункам — будучыня кнігі.

Дарэчы, мы сталі аднымі з першых, хто пачаў уводзіць ва ўжытак дапоўненую рэальнасць. Цяпер працуем і над тым, каб сінхранізаваць мабільныя гаджэты, праз якія да чытача са старонак кнігі паступае дадатковая інфармацыя — дапоўненая рэальнасць, з камп’ютарамі і білбордамі, каб настаўнік мог паказаць вучням тое, што тлумачыць. Праілюстраваць сказанае, візуалізаваць найбольш складаныя для ўспрымання і разумення дэталі і паняцці, асаблівасці і законы, прынцыпы і механізмы дзеяння тэхнічных прыстасаванняў, тэхніку выканання розных рухаў, методыкі выкладання прадметаў і шмат чаго іншага. І ўсё гэта неабходна чалавеку для самастойнага спазнання навакольнага свету, засваення навучальных прадметаў, адпрацоўкі навыкаў і г. д.

З медыцынскім універсітэтам працуем над тым, каб выдаць кішэнны атлас з дапоўненай рэальнасцю па анатоміі. У свеце актыўна шукаюць спосаб спалучыць веды праграмістаў і біёлагаў, каб чалавек мог апынуцца ўнутры клеткі. Мы ж у гэтым кірунку робім толькі першыя крокі. Тое ж датычыць і музеяў — не за гарамі той час, калі ўся інфармацыя будзе занесена ў адпаведную кнігу, праз рэальнасць якой можна будзе «прайсціся» па музейных залах. Работы тут непачаты край… Гэтак жа можна працаваць і з аптэкамі, і з крамамі. Напрыклад, наводзіш тэлефон на пэўную бутэлечку, і праз мабільны дадатак табе ўсё распавядаюць пра гэты прадукт, не трэба клікаць прадаўца-кансультанта.

— Мікалай Аляксандравіч, вы маглі б стаць навукоўцам, прынамсі, вывучалі тэму Брэсцкай царкоўнай уніі. Ці цалкам рэалізаваны на пасадзе дырэктара выдавецтва вашы асобасныя навуковыя запатрабаванні і даследчыцкія якасці?

— Калі працаваў у «Настаўніцкай газеце», першым у рэспубліцы пачаў серыю артыкулаў «Славутыя імёны Беларусі». Пачаў працаваць над кандыдацкай. Стаў суіскальнікам аддзялення гісторыі філасофіі Інстытута філасофіі Акадэміі навук Беларусі. Тэма уніі глыбока ўцягнула ў вір гарачых, упартых і вострых спрэчак паміж тагачаснымі каталіцкімі і праваслаўнымі лідарамі. У той час, а гэта быў пачатак дзевяностых, пачало адраджацца ўніяцтва ва Украіне. Вастрыня гэтай тэмы набыла сярод навукоўцаў новы накал. І многія сказалі мне, у тым ліку і мой навуковы кіраўнік, што па гэтай тэме абараніцца не атрымаецца. Мяняць жа яе не хацелася... Пяць гадоў чытаў на факультэце журналістыкі БДУ курс па методыцы рэдагавання навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Запрашаюць туды і цяпер узначальваць ДЭК. Адмаўляцца не маю права: наша выдавецтва — філіял факультэта журналістыкі БДУ. Цікавіць усё, што звязана з гісторыяй, філасофіяй, бізнесам, паліграфіяй, новымі тэхналогіямі ў выдавецкай справе. Яна, між іншым, лічыцца адной з самых складаных у свеце. Штодзень трэба асвойваць новую літаратуру, сусветныя дасягненні, набыткі — інакш не будзе руху наперад, а значыць — фінансавыя страты. Кожнаму выдаўцу акрамя прынцыповай учэпістасці навукоўца павінны быць уласцівы і здольнасці да планавання, прадпрымальніцтва… Уменне прадбачыць, адчуць тое, што стане бестселерам і прынясе прыбытак.

— Сярод вашых выданняў на духоўную тэматыку даволі шмат належаць пяру літоўскага пісьменніка Яронімаса Лауцюса. Чым ён вас уразіў?

— Ён вельмі пазітыўны чалавек, яго аптымізму хопіць на многіх. У былым Савецкім Саюзе яго кнігі разыходзіліся накладамі пад мільён экзэмпляраў. Напісаў каля ста дзіцячых кніг. Сябруем даўно. Ён «выцягвае» людзей з цяжкага дэпрэсіўнага, часам суіцыдальнага стану. Распавядаў, што, каб набыць незвычайны досвед — пабываць у «скуры» псіхічна хворага чалавека, — аднойчы сам папрасіўся, каб яго паклалі ў псіхіятрычную бальніцу. Я пытаюся: «З якім дыягназам цябе паклалі?» Адказвае: «З дыягназам “манія вялікасці”. Быццам я вырашыў, што з’яўляюся самым вялікім і таленавітым пісьменнікам на зямлі». «А калі б цябе вылечылі, як бы ты пісаў свае кнігі?» У адказ ён умомант стварае вобраз празмерна задумлівага і насцярожанага чалавека і праз хвіліну адказвае: «Ах-ах-ах! А я пра гэта нават не падумаў», — і рассмяяўся… Кнігі яго напісаны сэрцам і душой. А вось анекдот ад Лауцюса. Выпаў чалавек з 12 паверха. Ляціць — жах!.. Пралятае 10 паверх, 9, супакойваецца, пацірае рукі ды кажа: «Аказваецца, усё ідзе не так і кепска».

А яшчэ мне вельмі падабаецца прагноз надвор’я ад Яронімаса Лауцюса на новы дзень: «Сонца абавязкова ўзыдзе. Будзе яно шчодра свяціць ці схаваецца за хмары, але абавязкова ўзыдзе. І няважна, ці будзе на вуліцы дождж, снег, вецер, але запэўніваю вас: паветра хопіць усім!» Абсалютна ўпэўнены, гэта вельмі магутная пазітыўная афірмацыя, якую дасылае літоўскі аўтар свайму чытачу! Ці не так ?!

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Фота Канстанціна ШАСТОЎСКАГА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».