Вы тут

Песенная дарога з Тонежа. Памяці артыста Міхася Дрынеўскага


Памёр Міхась ДРЫНЕЎСКІ. Яркая, шматаблічная асоба. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Чалавек, прафесіянал, унікальны арганізатар музычнай дзейнасці ў нашай краіне, без прысутнасці якога цяжка будзе ўявіць увогуле музычную культуру краіны ў наступныя гады, а мо і дзесяцігоддзі.


Нарадзіўся геніяльны творца, унікальны па сіле свайго чуцця народнай музыкі, па здольнасці перанесці гэта чуццё, саму музыку, саму беларускую песню да наступных пакаленняў, у вёсцы Тонеж, на Гомельшчыне. Тады, у лютым 1941 года, гэта быў Тураўскі раён. Ужо ў 13 (!) гадоў Міхась пачаў працаваць кіраўніком хору калгаса «Труд» у родным Тонежы. У 1959 годзе паступіў у Гомельскае музычнае вучылішча. У час вучобы працаваў з народным хорам у вёсцы Прыбыткі Гомельскага раёна. Ён паўсюль, з самай маладосці, імкнуўся вылучыць народныя спевы ў прыярытэты музычнай нацыянальнай культуры. Яму гэта было дадзена маўклівым запаветам продкаў. У 1963 годзе Міхась Дрынеўскі закончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. В. Луначарскага. З 1973 года ён — галоўны хормайстар, а праз два гады — мастацкі кіраўнік Народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Нагадаем, што Цітовіч быў заснавальнікам гэтага славутага калектыву. А Дрынеўскі быў яго кіраўніком на працягу амаль паўвека.

Яшчэ адзін клопат Міхася Іванавіча — Беларускі саюз музычных дзеячаў, які фактычна ён і заснаваў, а пасля доўгія гады ўзначальваў. Важкасць гэтага творчага аб’яднання выключная. У ім разам сабраліся інціыятыўныя, удумлівыя людзі, літаральна кожны з якіх жыў лёсам беларускай музыкі, клапатліва ставіўся да музычнага, песеннага выхавання грамадства.

Творчыя, грамадскія здзяйсненні дырыжора былі адзначаны званнямі заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. У савецкі час ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У новай Беларусі — медалём Францыска Скарыны, ордэнам Францыска Скарыны... Пройдзе час — і легендарнага ўраджэнца песеннай вёскі Тонеж народнага артыста Беларусі ўшануюць помнікамі, назвамі вуліц у Гомелі і Мінску, яму будзе прысвечаны дзяржаўны музей. Пра яго напішуць не адну кнігу... Але галоўнае ўжо здзейснена: Міхась Дрынеўскі жыццём сваім зрабіў усё магчымае, каб родную беларускую песню вывесці на шырокую дарогу. І стараўся рабіць гэта так, быццам ён быў адзіны яе Абаронца.

Мікола БЕРЛЕЖ

Фота: БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».