Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Трыбунал» на вясковай сцэне. З Аншлагам

Многiя п'есы i камедыi народнага пiсьменнiка Беларусi Андрэя Макаёнка не сыходзiлi з падмосткаў вядучых тэатраў Беларусi, Украiны, Расii. I было гэта адносна нядаўна, у другой палове мiнулага стагоддзя. Зрэшты, шмат што, у тым лiку трагiкамедыя «Трыбунал», з поспехам ставiцца дагэтуль, i гледачы нават не здагадваюцца, што прэм'еры асобных спектакляў прайшлi... у нашай вёсцы, на сцэне мясцовага Дома культуры.

Нагадаю, што пiсьменнiк нарадзiўся роўна сто гадоў таму ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна, што на ягоную долю выпала цяжкае дзяцiнства. Згадваючы тыя гады (пачатак калектывiзацыi), Андрэй Макаёнак пiсаў, як галадуха вымушала яго матулю на розныя кулiнарныя хiтрыкi — накшталт прыгатавання страў з лебяды, лiсця лiпы, а потым — бацвiння, як сям'я ратавалася рыбай, ягадамi ды грыбамi, як ён, малы, пасвiў калгасных свiней (прычым за гэта нiхто не плацiў) i стамляўся настолькi, што засынаў, не даходзячы да пасцелi.

Гэта — з аўтабiяграфii будучага пiсьменнiка, як i тое, што яшчэ са школьных гадоў у яго з'явiлася любоў да тэатра. Ён быў добры мастак, актывiст мастацкай самадзейнасцi, акцёр i нават аўтар асобных нумароў, што праз гады, у дарослым жыццi, i вылiлася ў здольнасць, у талент пiсаць драматычныя творы, прычым самай высокай пробы.

Аднак гэта было потым. А спачатку — доўгая, крывавая вайна.

Яна застала Макаёнка на Каўказе. У канцы 1941-га дывiзiю, у якой служыў Андрэй, перакiнулi ў Крым. Малады палiтрук стралковай роты разам з маракамi-дэсантнiкамi правёў рэйд у тыл ворага пад Феадосiяй, дзе быў цяжка паранены i зусiм выпадкова падабраны на полi бою. Перанёс складаную аперацыю, ледзь не застаўся без нагi, пасля чаго на фронт ужо не вярнуўся — быў камiсаваны.

Пасля гэтага, не паправiўшы як след здароўе, Андрэй Ягоравiч падаўся на родную Гомельшчыну, працаваў у Журавiцкiм райкаме партыi. А пасля вучобы ў партыйнай школе стаў загадчыкам аддзела ў часопiсе «Вожык» i тады ўжо прызнаным аўтарам п'ес, камедый, драм. Кожная з iх ставiлася на сцэнах тэатраў, у асноўным — у Мiнску, у тэатры iмя Янкi Купалы.

Такiм чынам Макаёнак атрымаў вядомасць i павагу ў грамадстве. А вось яго сямейнае жыццё неяк не склалася: таму, пакiнуўшы кватэру жонцы i дзецям, пiсьменнiк стаў жыць на лецiшчы. Даведаўшыся пра гэта, яго зямляк Уладзiмiр Сцепчанка, якi на Лунiнеччыне працаваў старшынёй калгаса «Новае Палессе», даў яму прытулак у нашай вёсцы Любань. Што, вiдаць, не дзiўна: Макаёнак i Сцепчанка — аднагодкi, разам вучылiся ў Шапчыцкай сямiгодцы i Журавiцкай сярэдняй школе, некалькi гадоў сядзелi за адной партай. У гады вайны Уладзiмiр Апанасавiч таксама ваяваў, двойчы быў паранены, у вераснi 1943-га ледзь вырваўся з палаючага танка, пасля чаго застаўся iнвалiдам i ўсё сваё пасляваеннае жыццё прысвяцiў развiццю беларускага Палесся: працаваў у райвыканкамах — Ганцавiцкiм, Лунiнецкiм i былым Ленiнскiм, а ў 1959-ым узначалiў адстаючы калгас, да якога далучылi яшчэ адзiн, прычым не лепшы...

Выбрацца з багны банкруцтва гэтым гаспадаркам i, вядома ж, старшынi дапамагаў сам Машэраў, з якiм Сцепчанка быў добра знаёмы i якi не раз наведваў наша «Новае Палессе». Без усякай аховы Пётр Мiронавiч выязджаў на палi i фермы, сустракаўся i гутарыў з калгаснiкамi, бачыў рэальную карцiну жыцця. Iнтэлiгентны, ветлiвы, адкрыты — такiм ён запомнiўся мясцоваму люду.

Сваiм сярод сваiх быў тут i Андрэй Макаёнак. Ён досыць часта прыязджаў у Любань, жыў тыднямi, пiсаў, бываў на прыродзе i ў полi, хадзiў на гаспадарчыя нарады i ў клуб, усюды слухаў людзей i заўсёды нешта запiсваў...

Вiдаць, на аснове гэтых запiсаў i з'явiлася задума напiсаць драматычны рэпартаж у форме камедыi. Галоўны герой «Таблеткi пад язык» — старшыня калгаса «Маяк» Каравай — «спiсаны» з Уладзiмiра Сцепчанкi. Iншыя героi таксама шмат у чым былi пазнавальнымi, рэальнымi людзьмi.

А таму не дзiва, што першы паказ гэтай п'есы ў пастаноўцы тэатра iмя Янкi Купалы адбыўся не ў Мiнску, а ў новым раскошным будынку нашага Дома культуры.

Купалаўцы i тады, i потым прыязджалi сюды не раз. Мы, любанцы i жыхары навакольных вёсак, бачылi тут Макаёнкавы «Лявонiху на арбiце», «Трыбунал»... Прычым на ўсiх спектаклях залы былi перапоўнены. Памятаю, з якiм захапленнем людзi прымалi Генадзя Аўсянiкава i Галiну Макараву, у якое свята ператваралася кожная сустрэча з сапраўдным мастацтвам i сапраўднымi творцамi!

У Макаёнка на прэм'ерах, юбiлеях ды ўрачыстасцях заўсёды прысутнiчаў наш Уладзiмiр Апанасавiч Сцепчанка i амаль заўсёды — Iван Пятровiч Шамякiн. Iх звязвалi не толькi творчыя iнтарэсы, але i зямляцтва, шчырае мужчынскае сяброўства.

...Даўно няма сярод жывых Андрэя Макаёнка. Аднак вяскоўцы старэйшага пакалення дабром успамiнаюць i яго, i паказы спектакляў.

Да таго ж у нашым парку высяцца пасаджаныя пiсьменнiкам дуб, ясень i два клёны. А на Доме культуры, каля параднага ўвахода, месцiцца мемарыяльная дошка, на якой пазначана, што ў перыяд з 1959 па 1974 гады Любань i наваколле неаднаразова наведваў славуты драматург, народны пiсьменнiк Беларусi Андрэй Ягоравiч Макаёнак, што прататыпам галоўнага героя яго п'есы «Таблетка пад язык» стаў тагачасны старшыня калгаса «Новае Палессе» Герой Сацыялiстычнай Працы Уладзiмiр Апанасавiч Сцепчанка.

Сцяпан Нефiдовiч, краязнавец, аг. Любань, Лунiнецкi раён


Самая дарагая спадчына

...Са сваiм суседам па дачы мы часта ўспамiнаем мiнулае i гаворым пра будучае, гэта значыць, пра нашу моладзь. Яна розная, але ж, часам здаецца, дрэнна падрыхтаваная да жыцця.

Як рыхтавалi нас?

Да сёння i з вялiкай удзячнасцю я ўспамiнаю сваiх бацькоў, якiя змалку прывучалi мяне да працы.

Галоўным мужчынскiм клопатам тады лiчылася нарыхтоўка сена. Без гэтага, як вядома, нi малака, нi мяса, а значыць, i есцi няма чаго. Таму гадоў з дванаццаці тата браў мяне на касьбу.

З дому мы выходзiлi рана, касiць старалiся, пакуль сонца не абсушыць расу. Ужо на месцы, на сенажацi, тата iшоў першы, i пракосы ў яго лажылiся лёгка i роўна, а вось у мяне...

Час ад часу тата азiраўся, заўважаў мае агрэхi i казаў: «Так не пойдзе... Глядзi, як трэба!»

Няпростая гэта навука — вымагае i спрыту, i сiлы ў руках. Але ж было б жаданне...

Здаралася, яно знiкала, здаралася, што, загуляўшыся, мы, дзецi (я ў сям'i быў старэйшы), забывалi нешта зрабiць. I тады тата расшпiльваў дзягу.

Аднаго гэтага руху было дастаткова, каб мы ўсё зразумелi, каб у хаце ўсталяваўся парадак.

Да скону ў памяцi i суботнiя вечары: тата прыязджаў з поля, заводзiў у стойла Рыжуху, i мы iшлi ў лазню. Потым — ва ўсiм чыстым — садзiлiся поплеч i тата пачынаў спяваць — шчыра, сардэчна... Ён ведаў безлiч прыгожых песень! Сёння, на жаль, не ўсе матулi хочуць кармiць сваiх немаўлят грудным малаком. I, як мне здаецца, нямногiя бацькi ведаюць словы хоць бы адной калыханкi. А таму ўсё выхаванне часам зводзiцца да таго, каб уключыць дзiцяцi тэлевiзар альбо даць у рукi смартфон: няхай глядзiць, няхай нешта спасцiгае... А што? Дрэннае, як выглядае, часцей i хутчэй, чым нешта добрае.

Так, дарэчы, было i ў мяне. Пайшоў у школу, паглядзеў на дзяцей, якiя не хацелi вучыцца, i ўзяў з iх прыклад — адбiўся ад вучобы сам.

Мама не сварылася, не прымушала, сказала, што кароў можна пасвiць i без навукi... Гэтая перспектыва, трэба сказаць, мяне зусiм не вабiла, «круцiць каровам хвасты» мне катэгарычна не хацелася, i я вярнуўся за парту, разам з татам па вечарах стаў «праходзiць» лiтары, чытаць словы, сказы i нават цэлыя казкi, што вельмi цешыла маю непiсьменную маму.

Сапраўднай падзеяй былi для нас i царкоўныя святы, калi мы адпраўлялiся ў госцi да бабулi. Тая чакала нас: пякла пiрагi з морквай цi бульбай, паiла духмяным травяным чаем з цукеркамi-падушачкамi.

А хiба можна забыць жабракоў — калек, пагарэльцаў, якiя ў пасляваенны час хадзiлi па хатах, прасiлi мiласцiну. Iм нiхто не адмаўляў: людзi дзялiлiся хоць лустачкай хлеба, хоць парай бульбiн. Помню, як мама паклала мне ў далонь адну манетку i, падштурхнуўшы да бязногага салдата, сказала: «Iдзi, сынок... Падай». Той iнвалiд падзякаваў, i я адчуў, як з мяне выходзiць страх перад гэтым скалечаным вайной чалавекам, як на змену яму прыходзiць павага да яго i радасць, што мы змаглi дапамагчы.

...Нехта можа ўспрыняць вось гэтыя ўспамiны як чыста старэчае занудства. I дарэмна, бо тут не што iншае, як прызнанне мудрасцi нашых бацькоў, як данiна ўдзячнасці iм за самую галоўную спадчыну — добрае выхаванне.

Мiкалай Балыш, г. Ашмяны


Завiтаем у свет дабрынi

У нашай сярэдняй школе ёсць традыцыя запрашаць у госцi да вучняў розных цiкавых людзей — паэтаў, пiсьменнiкаў, а то i сапраўдных... казачнiкаў. Як Ала Бялькова, напрыклад. Яна — аўтар трох зборнiкаў для дзяцей, пiша на рускай i беларускай мовах, займаецца перакладамi.

Падчас сустрэчы Ала Анатолеўна чытала ўрыўкi са сваiх твораў, расказвала дзецям займальныя гiсторыi. Вучнi згадвалi свае любiмыя казкi, якiя iм чыталi матулi, а таксама iнсцэнiравалi творы Алы Бяльковай з кнiгi «Казкi i былi Белай феi», «Якога колеру ноты?». Шасцiкласнiцы Алёна Васiльцова i Васiлiса Фядосава ўпрыгожылi гэтую пастаноўку сваёй iгрой на цымбалах i флейце. Апроч таго, пiсьменнiца прапанавала вучням намаляваць iлюстрацыi да свайго твора, i такiм чынам з'явiлася выстаўка дзiцячых малюнкаў «Чытаю казку — малюю казку»...

Факт, што сустрэча атрымалася вельмi цёплая, сяброўская, а галоўнае — цiкавая i добрая.

Ала Пратасава, загадчыца бiблiятэкi СШ № 66, г. Гомель

Пошту чытала Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».