Вы тут

Сезон артрозу. Чым можа дапамагчы фiзiятэрапiя?


Артроз — захворванне хранiчнае. Адна з яго прычын — парушэннi абмену рэчываў, з-за чаго суставы заўчасна зношваюцца. З гэтай хваробай перыяды палёгкi змяняюцца пагаршэннямi, прычым абвастрэнне часта наступае з восеньскiмi халадамi. I чым больш такiх успышак, тым хутчэй прагрэсуе артроз. Таму займацца лячэннем i прафiлактыкай хваробы неабходна.

Адзiн са спосабаў, якi ў дадзеным выпадку можа iстотна аблегчыць пакуты, — фiзiятэрапiя, часта без якой не абысцiся падчас вострай стадыi захворвання. Пра тое, якiя методыкi прымяняюцца пры лячэннi артрозу, расказала ўрач-фiзiятэрапеўт 11-й гарадской палiклiнiкi Мiнска Дзiяна Карповiч.


— Дзiяна Яўгеньеўна, што такое артроз?

— Гэта хранiчнае захворванне сустава, падчас якога паражаюцца ўсе яго кампаненты. У першую чаргу гэта храсток, але ў больш выражаных выпадках пакутуюць i косць, i звязкi, i капсулы, i мышачны апарат сустава.

— Хто найчасцей пакутуе ад гэтай хваробы? Хто ў групе рызыкi?

— Людзi, старэйшыя за 45 гадоў, прычым найчасцей гэта жанчыны. Акрамя ўзросту i полу, фактарамi рызыкi з'яўляюцца генетычная схiльнасць, лiшняя вага, постменапаўза, захворваннi суставаў — псарыятычныя, рэўматоiдныя, падагрычныя, рэактыўныя артрыты, прыроджаныя парушэннi, напрыклад, дысплазiя суставаў. Таксама гэта людзi, якiя маюць цукровы дыябет, артэрыяльную гiпертэнзiю, тыя, хто актыўна займаецца спортам i мае павышаныя нагрузкi на суставы.

— Цi значыць гэта, што людзi, якiя вядуць актыўны спосаб жыцця, таксама ў групе рызыкi?

— Так, калi нагрузкi ў iх празмерныя. Вылучаюць пярвiчны астэаартроз i другасны. Пярвiчны — той, што ўзнiкае з узростам, калi зношваецца храсток. Другасны — калi развiццю хваробы садзейнiчаюць траўмы цi артрыты.

— Якiя суставы найчасцей выклiкаюць праблемы?

— Паражаюцца перш за ўсё буйныя суставы — каленныя i тазасцегнавыя.

— Як сябе праяўляе артроз?

— Выражаным болевым сiндромам пры руху сустава, скажам, пры максiмальным згiнаннi. Калi гэта, напрыклад, каленны сустаў, то непрыемныя адчуваннi з'яўляюцца пры згiнаннi, пад'ёме па лесвiцы. Характэрныя так званыя стартавыя болi: пасля працяглага сядзення цi ляжання, напрыклад, ранiцай, калi чалавек паднiмаецца з ложка. Пры далейшай фiзiчнай нагрузцы боль сыходзiць — як кажуць, варта «расхадзiцца». Але потым ён зноў можа вяртацца пры празмернай фiзiчнай нагрузцы. Таксама характэрна з'яўленне хрусту. Рэдкi хруст у буйных суставах — гэта нармальна, але калi ён пастаянны, то гэта ўжо адзiн з сiмптомаў.

— Пры гэтым боль сiметрычны — адразу ў двух суставах?

— Так, калi гэта пярвiчны астэаартроз i ўзроставыя змяненнi храстковай тканкi. Калi ж захворванне посттраўматычнае, то працэс аднабаковы — у месцы траўмы. Прычым посттраўматычны астэаартроз можа быць раннi — часам ён з'яўляецца цягам пары месяцаў пасля пашкоджвання сустава. У сярэднiм жа для фармiравання посттраўматычнага астэаартрозу патрабуецца тры-пяць гадоў. Вiдавочна, што тут захворванне ўзнiкае ў больш раннiм узросце, а не пасля 60.

— Як дыягнастуюць артроз?

— Пацыент звяртаецца да ўрача са скаргамi на боль. Доктар робiць агляд i прызначае рэнтгеналагiчнае даследаванне. Рэнтгенаўскi здымак — найбольш просты i даступны метад даследавання суставаў, якi дазваляе дакладна паставiць дыягназ i вызначыць ступень артрозу. Могуць выкарыстоўвацца такiя метады, як камп'ютарная тамаграфiя, МРТ-даследаванне.

— Маларухомы спосаб жыцця правакуе хваробу цi, наадварот, дазваляе зберагчы суставы?

— Часам даводзiцца чуць, што, калi баляць суставы, трэба iх берагчы i менш рухацца. Гэта няправiльны пасыл. Маларухомы спосаб жыцця ўзмацняе развiццё астэаартрозу. Калi кажуць, што рух — гэта жыццё, то гэта на 100 % i пра храсткi, бо iх сiлкаванне адбываецца падчас руху. У першую чаргу гэта лячэбная фiзкультура (ЛФК). Iснуюць спецыяльныя комплексы практыкаванняў, i iх неабходна выконваць.

Трэба сказаць, што ёсць некалькi метадаў лячэння астэаартрозу — медыкаментознае, немедыкаментознае (гэта кансерватыўныя спосабы) i хiрургiчнае. Да немедыкаментозных метадаў адносiцца ў першую чаргу ЛФК.

— Фiзiчныя практыкаваннi могуць толькi спынiць развiццё захворвання, цi з iх дапамогай можна вылечыцца?

— Астэаартроз невылечны, i ступень захворвання нiколi не змяншаецца. Зваротнага развiцця хвароба не мае. ЛФК дазваляе запаволiць прагрэсiраванне захворвання.

— Якiя фiзiяпрацэдуры могуць быць карысныя? Цi можна iх прымяняць падчас абвастрэння?

— У перыяд абвастрэння, калi маецца запаленчы працэс, у тым лiку сiнавiяльнай абалонкi, назiраецца ацёчнасць, балючасць сустава. I на такой стадыi шырока прымяняюцца фiзiятэрапеўтычныя метады. Гэта электрычнае поле, магнiтатэрапiя i УФА (ультрафiялетавае апраменьванне). У залежнасцi ад пераважаючых сiмптомаў выкарыстоўваецца тая цi iншая схема лячэння. Можа быць ДМВ-тэрапiя (прымяненне электрамагнiтных хваляў дэцыметровага дыяпазону) цi чаргаванне УВЧ (уздзеянне высокачастотнага электрамагнiтнага поля) i магнiтатэрапii праз дзень. Фiзiятэрапеўт падбiрае методыку iндывiдуальна кожнаму пацыенту.

Выкарыстоўваецца i электралячэнне: электрафарэз, СМТ-методыкi, ДДТ-тэрапiя. Электрафарэз можа прымяняцца з рознымi прэпаратамi — навакаiнам, гiдракартызонам, дымексiдам, анальгiнам. На вострай стадыi наша задача — зняць боль i запаленне. Падчас рэмiсii падключаюцца iншыя методыкi — лазератэрапiя, ультрагук, водалячэнне i цеплалячэнне, парафiна-азакерытавыя аплiкацыi i гразелячэнне.

— Магчыма, акрамя класiчных i даўно вядомых метадаў з'явiлiся i новыя працэдуры?

— Так, цяпер выкарыстоўваюцца i новыя методыкi. Напрыклад, УВТ-тэрапiя (ударна-хвалевая тэрапiя), калi прымяняюцца акустычныя хвалi. Яны глыбока пранiкаюць не толькi ў мяккiя тканкi, але i ў косныя структуры. У вынiку паляпшаецца i паскараецца лiмфа- i кровазварот, павялiчваецца хуткасць рэгенерацыi клетак, стымулюецца выпрацоўка фiбрабластаў, калагену, знiжаецца мышачны тонус, за кошт гэтага змяншаецца болевы сiндром. Таксама разбураюцца адкладзеныя солi.

Яшчэ адна методыка — HILT (высокай iнтэнсiўнасцi лазерная тэрапiя). Тут выкарыстоўваюцца кароткiя пульсуючыя iмпульсы, якiя выклiкаюць фотамеханiчныя хвалепадобныя ваганнi ў тканках, не награваючы iх. Калi прасцей, то лазерны прамень пранiкае глыбока ў тканкi i не выклiкае пабочных эфектаў. У вынiку дасягаецца высокi клiнiчны эфект, найперш абязбольвальны. Нават пасля адной-дзвюх працэдур пацыенты адчуваюць iстотнае аблягчэнне. Увесь курс складаецца з 3–15 працэдур.

Прымяняецца цяпер i методыка газавых уколаў, або карбаксiтэрапiя. Мы прызвычаiлiся чуць пра iх у касметалогii, але яна можа быць карысная i пры артрозе. Гэта кантраляванае ўвядзенне ачышчанага вуглякiслага газу пад скуру. У вынiку мы адчуваем лячэбны эфект — абязбольвальны, спазмалiтычны, паляпшаецца кровазварот непасрэдна ў месцы iн'екцыi. Гэта малаiнвазiўная методыка, боль выклiкае мiнiмальна, пры гэтым бяспечная, бо вуглякiслы газ выпрацоўваецца ў нашым арганiзме. Калi ён дадаткова ўводзiцца, iмгненна пашыраюцца капiляры, туды паступае вялiкая колькасць кiслароду. Такiм чынам ствараецца эфект мясцовай гiпаксii. Канцэнтрацыя кiслароду павялiчваецца да трох разоў. У вынiку на пашкоджаных суставах змяншаецца ацёчнасць, лiквiдуюцца метабалiты, знiжаецца спазм мышцаў, напружанасць, стымулюецца выпрацоўка калагену.

— Такiя методыкi даступныя ў палiклiнiках, санаторыях цi толькi ў прыватных медцэнтрах?

— Амаль ва ўсiх палiклiнiках сёння маецца вялiкi спектр фiзiяапаратаў. Даступныя i новыя методыкi, праўда, некаторыя з iх толькi на платнай аснове.

— Як часта пацыент з астэаартрозам павiнен праходзiць фiзiялячэнне?

— Як толькi ўзнiкае абвастрэнне, трэба звяртацца да ўрача, якi i прызначыць лячэнне, у тым лiку фiзiятэрапiю. Калi ж звяртацца да фiзiятэрапii з прафiлактычнай мэтай, то дастаткова разу на год.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».