Вы тут

Завяршыўся рэспублiканскi тур бiзнес-гульнi «Фермер-пачатковец»


У Мiнску завяршыўся рэспублiканскi тур мiжнароднай бiзнес-гульнi «Фермер-пачатковец». У сувязi з эпiдэмiялагiчнай сiтуацыяй мерапрыемства прайшло анлайн. У iм удзельнiчала 36 праектаў. З iх 23 ад школьнiкаў, сем — ад навучэнцаў сярэднiх спецыяльных устаноў адукацыi i па тры — ад студэнцкай i рабочай моладзi. Найлепшых распрацовак, што праходзяць у наступны тур, адзначылi адзiнаццаць.


Свае бiзнес-iдэi ўдзельнiкi прэзентавалi ў форме слайд-шоу, а таксама падзялiлiся распрацаванымi рэкламнымi плакатамi з выявай гандлёвай маркi свайго прадукту, дзе ўказвалася геаграфiчнае месца паходжання тавару, лагатып фермерскай гаспадаркi i рэкламны зварот. Пераможцаў вызначыў Нацыянальны экспертны савет, у склад якога ўвайшлi прадстаўнiкi Мiнiстэрства сельскай гаспадаркi i харчавання, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта, Асацыяцыi iнфраструктуры падтрымкi прадпрымальнiцтва, а таксама Беларускага рэспублiканскага саюза моладзi.

Кожны конкурс ацэньваўся па 5-бальнай шкале. Пераможцы вызначалiся па суме набраных балаў у намiнацыях «жывёлагадоўля, птушкагадоўля, рыбаводства i аквакультура, пчалярства», «раслiнаводства, садоўнiцтва, ландшафтны дызайн», «паляводства, агароднiцтва», «агратурызм, сельскагаспадарчая кааперацыя». Да таго ж, былi свабодныя тэмы ў чатырох узроставых катэгорыях: навучэнцы школ, размешчаных у сельскай мясцовасцi; навучэнцы прафесiянальна-тэхнiчных вучылiшчаў i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў аграрнай накiраванасцi; студэнты, магiстранты i аспiранты ўстаноў вышэйшай адукацыi аграрнай накiраванасцi; маладыя людзi, якiя маюць досвед вядзення асабiстай падсобнай гаспадаркi ад трох гадоў, цi прадпрымальнiкi, якiя вядуць сваю дзейнасць у сферы аграпрамысловага комплексу.

Можна было пачуць iдэi юных i маладых аграрыяў аб удасканаленнi работы сучаснай фермы, развiццi бiзнесу ў аграсядзiбе, iнавацыйных метадах вырошчвання клубнiц, буякоў i агароднiннай прадукцыi, адкрыццi перапялiнай фермы i iншым.

Напрыклад, першы сакратар Пiнскага раённага камiтэта БРСМ Уладзiслаў БАНДАРЭНКА прадставiў праект «Арганiзацыя сучаснага сельскагаспадарчага комплексу па вырошчваннi амаранту i вытворчасцi прадукцыi на яго аснове». «Гэта вельмi патэнцыйная сфера для нашай краiны, iнiцыятыва ўжо дзейнiчае ў адной вёсцы нашага раёна. Там мы пасадзiлi тры сарты гэтай раслiны, яна, дарэчы, добра прыстасаваная да вывядзення. Ды i прадукты перапрацоўкi разнастайныя: найбольш шырокае прымяненне — у фармацэўтыцы, найбольш папулярны прадукт — амарантавы алей. Яго мы i збiраемся вырабляць у найблiжэйшай будучынi, бо цяпер на нашым рынку толькi польскi i расiйскi. Да таго ж, намi зацiкавiлiся сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нашага раёна, напрыклад, хлебакамбiнат заказаў для сябе муку з амаранту».

Кiраўнiк праекта «Салодкае жыццё», вучанiца Абчугскай сярэдняй школы Крупскага раёна Надзея БУДАНЧЫКАВА, плануе адкрыць сямейны бiзнес па вытворчасцi высакаякаснага мёду, якi з'яўляецца добрай альтэрнатывай цукру. «У наступныя некалькi гадоў плануем высадзiць раслiны, якiя з'яўляюцца меданосамi, паставiць вуллi. А пасля — наладзiць майстар-класы па пчалярстве, стварыць уласны сайт i заняцца рэкламай нашага бiзнесу».

Адзiн з пераможцаў, навучэнец Глыбоцкага дзяржаўнага прафесiйнага лiцэя Мiхаiл ВАСЮКОВIЧ, лiчыць, што яго iнiцыятыва «Буякi — ягады, якiя падаўжаюць жыццё» па вырошчваннi i рэалiзацыi гэтых ягад на тэрыторыi раёна — вельмi перспектыўная iдэя для нашай краiны.

— Гэта перш за ўсё развiццё агратурызму, падчас якога ўсе ахвотныя будуць знаёмiцца з асаблiвасцямi ягад, якiя патрабуюць асаблiвых умоў вырошчвання, маюць вялiкую колькасць гаючых уласцiвасцяў. Канкурэнцыя ў такiм кiрунку невялiкая, а попыт на прадукцыю — наадварот, ужо зараз некаторыя дзяржаўныя i прыватныя прадпрыемствы гатовыя набываць яе ў нас. Мы плануем узяць у абарот пяць гектараў i пасадзiць там пяць сартоў буякоў. У першы год пры самай нiзкай ураджайнасцi плануем атрымаць 16 тон прадукцыi. Праектам будзе займацца вялiкая каманда з 38 чалавек, — гэта сям'я i добраахвотнiкi — навучэнцы нашага лiцэя. Уся неабходная тэхнiка ў нас ёсць. Па падлiках, першапачатковы ўзнос акупiцца прыкладна праз тры гады. Добра тое, што ягады можна як прадаваць свежымi на рынку, так i кансерваваць, замарожваць.

Яшчэ адна пераможнiца, вучанiца Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Наталля ЛУКАШЭВIЧ, расказала, што ў рамках свайго праекта «Варапаеўскi куточак» яе каманда прапануе арганiзаваць сельскi турыстычны комплекс, якi будзе складацца з невялiкай фермерскай хаткi. «Яна будзе пабудавана з экалагiчна чыстых матэрыялаў. А таксама на тэрыторыi будуць сельскагаспадарчыя ўгоддзi, месцы для ўтрымання хатнiх жывёл, пляцоўкi для адпачынку i пiкнiковая зона. Адметнасцю стане сыраварства, для гэтага плануем закупку неабходнай тэхнiкi. Маркетынгавая кампанiя будзе праводзiцца ў iнтэрнэце. Вельмi разлiчваем на тое, каб наша ўтульнае месца наведвалi не толькi беларусы, але i жыхары iншых краiн».

Вучанiца клецкай гiмназii Марыя ЗАГРЭБЕЛЬНАЯ атрымала перамогу ў сваёй катэгорыi з праектам творчай майстэрнi «Пляцёнка з роднай старонкi».

— Мэта нашай каманды — атрымаць прыбытак з раслiннай экасыравiны, якая расце ў сельскай мясцовасцi, метадам пляцення розных рэчаў сваiмi рукамi: капелюшоў, кошыкаў, хлебнiц, сумачак i iншых дэкаратыўных элементаў, якiя будзем прапаноўваць на школьных кiрмашах i выстаўках, таксама ў якасцi сувенiраў для мерапрыемстваў. Плануем рэкламаваць сваю прадукцыю на школьным сайце, форумах, прысвечаных дэкору i дызайну iнтэр'ераў. Усё будзе вырабляцца ўласнымi сiламi. Ужо ёсць патэнцыйна вялiкае кола пакупнiкоў. Адкрываць такую майстэрню выгадна, бо не трэба вялiкiх укладанняў i асобнага памяшкання, размясцiцца можна ў нашай гiмназii. Рэалiзацыя такога праекта таксама можа быць карысная для сацыялiзацыi тых, хто мае iнвалiднасць, для ўцягвання iх у творчую дзейнасць, якая прыносiць прыбытак.

Праект «Хатка ў вёсцы», якi годна прадставiў вучань гiмназii № 8 iмя В. I. Казлова са Жлобiна Iлья ВОСТРЫ, дапаможа развiццю агратурызму, стварэнню на тэрыторыi аграгарадка Красны Бераг гасцявога домiка для арганiзацыi вольнага часу i адпачынку жыхароў i гасцей раёна, вобласцi. «Арганiзацыя такой прасторы дазволiць не толькi развiць агратурызм, але i стварыць новыя працоўныя месцы, прыцягнуць моладзь у гэтую сферу. Плануем арганiзоўваць транспартныя камунiкацыi, каб усiм было зручна дабiрацца. Лiчым, што такi праект можа акупiць сябе за некалькi гадоў».

Экспертнае журы асобна адзначыла аўтара праекта «Пчалярства» Мiкалая Мазаля, прадстаўнiка клуба маладых iнвалiдаў «САМI», створанага ў Мiкашэвiчах пры фiлiяле Лунiнецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Разам з камандай хлопец прэзентаваў бiзнес-праект па адкрыццi прыватнага пчальнiка.

Далейшы крок для пераможцаў рэспублiканскага этапу бiзнес-гульнi — удзел у мiжнародным завочным туры, якi пройдзе ў Маскве.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Фермеры пачынаюць i... выйграюць

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.