Вы тут

У вёску Вугалец — па свежае паветра, або чаму сюды пераязджаюць многiя гараджане


Вёска Вугалец, што на тэрыторыi Турынскага сельсавета Пухавiцкага раёна, адрознiваецца ад многiх населеных пунктаў не толькi Мiнскай вобласцi, але i краiны. Шмат якiя з iх вымiраюць. А Вугалец, можна сказаць, з кожным годам квiтнее ўсё больш. Тут няма нiводнага старога або пустуючага дома, а летам вёска напаўняецца дзiцячымi галасамi.


Раней населены пункт уваходзiў у аўкцыённую зону. Цяпер жа зямельныя ўчасткi купляюць у прыватных асоб. У вёсцы налiчваецца 125 домаўладанняў, але пастаянна пражываюць у 29. У астатнiх — вясной i летам, калi сюды прыязджаюць дачнiкi або тыя, хто захаваў сваё радавое гняздо. Гэты куток запатрабаваны, паколькi знаходзiцца ў маляўнiчых мясцiнах, на беразе Волмы — адной з найбольш чыстых рэк Беларусi. З усiх бакоў яго атачае грыбны сасновы бор.

— Летась мы распрацавалi тут план забудовы жылога масiву, — распавяла старшыня Турынскага сельскага Савета Святлана Харытончык. — Усяго нарэзалi 16 зямельных участкаў. На сённяшнi дзень з iх засталося толькi тры. Набылi iх у прыватную ўласнасць пераважна мiнчане. Сярод пакупнiкоў — толькi некалькi жыхароў Мар'iнай Горкi. У далейшым тут узнiкне прыгожы завулак Цiхi. Знаходзiцца ён будзе ў маляўнiчым кутку на ўскрайку лесу. Плошча часткова зарасла маладымi соснамi. Iх хацелi высекчы, але будучыя жыхары папрасiлi пакiнуць гэтую прыгажосць на ўчастку.

— Людзi, якiя прыязджаюць у сельсавет, каб набыць дом або ўчастак, выказваюць пажаданне, каб яны былi блiжэй да лесу, рэчкi, у экалагiчна чыстым месцы, — працягвае Святлана Станiславаўна. — А ўсяго ў нас налiчваецца 29 населеных пунктаў. Але яны не так запатрабаваны, як Вугалец. На сённяшнi дзень у пералiку пустуючых або старых на тэрыторыi сельсавета 23 дамы. Гэта, лiчу, няшмат. Па дзевяцi з iх мы шукаем гаспадароў або спадчыннiкаў. З гаспадарамi 13 дамоў працуем па пытаннях уладкавання такой маёмасцi, выдаём iм паведамленнi, прадпiсаннi, каб навялi парадак. Ёсць тыя, хто рэдка прыязджае, дрэнна даглядае сваё радавое гняздо. Але такога, каб хтосьцi адмаўляўся ад бацькоўскай спадчыны, няма. За мiнулы год мы знайшлi ў Мiнску ўнукаў, якiм бабуля пакiнула завяшчанне, дапамаглi iм уступiць у спадчыну. I яны засталiся задаволеныя, прыязджаюць i карыстаюцца домам.

...Да вёскi Вугалец вядзе добрая дарога — нi калдобiн, нi ўхабiн. Вiдаць, камунальнiкi яе даглядаюць. Яшчэ пры Савецкiм Саюзе тут, у сасновым лесе, планавалi пабудаваць санаторый. Задума так i не ажыццявiлася, а вось дарогу праклалi. Не асфальтавую, але даволi шырокую i зручную.

— Тут жыве былы вайсковец, якi пераехаў з Мар'iнай Горкi, Андрэй Кiтаў, — праводзiць для мяне экскурсiю Святлана Харытончык. — Ён адбудаваў сваiмi рукамi дом, уладкаваў лазню, вадаём.

Прывольна адчувае сябе ў сваiм двары i вялiзны алабай Малiк. Вельмi разумны сабака, зусiм не агрэсiўны да добрых людзей. Прыняў ён за сябра i маленькую бадзяжную самку Iрыску, якую прынялi гаспадары. Святлана Станiславаўна расказала, што аднойчы ледзьве не заблукала ў лесе. Выйшла на дарогу дзякуючы таму, што пачула брэх Малiка.

Сёння ўжо цяжка ўявiць вёску без Андрэя Мiкалаевiча. Да яго заўсёды можна звярнуцца па дапамогу i ён нiколi не адмовiць, як i яго жонка. Гэта вельмi прыстойная сям'я, сцвярджае мая суразмоўнiца.

У Марыi Церашковiч на акуратным падворку ззяюць рознымi колерамi хрызантэмы. А як жа iнакш? Марыя Мiкалаеўна — старэйшына вёскi i павiнна паказваць прыклад iншым. Яна жыве тут каля 60 гадоў, з таго часу як выйшла сюды замуж. Працавала паляводам, даяркай, загадчыцай фермы.

— Вугальчане заўсёды былi вельмi шчырыя, адкрытыя людзi, гатовыя дапамагчы адно аднаму ў складаных сiтуацыях. Сёння, праўда, я многiх не ведаю, бо шмат хто з гараджан пабудаваў або купiў тут дамы, — кажа яна. — А са сваiмi равеснiкамi больш размаўляю па тэлефоне, бо для сустрэч не тыя ўжо сiлы i здароўе.

Яны таксама тэлефануюць ёй па пiльнай патрэбе.

— У Марыi Мiкалаеўны ёсць спiс усiх экстранных нумароў i адрасоў раённых службаў i падраздзяленняў, — канстатуе Святлана Харытончык. — Яна падтрымлiвае пастаянную сувязь са мной i перадае просьбы i пажаданнi сваiх землякоў. Скаргаў, як правiла, з iх боку не бывае. Гэтыя самастойныя i працавiтыя людзi, якiя прывыклi вырашаць свае праблемы. I з такiмi жыхарамi Вугалец, упэўнена яна, будзе жыць i развiвацца.

— Калi раней тут была адна вулiца, то цяпер чатыры. У перспектыве з'явiцца i завулак Цiхi, — радуецца старшыня сельвыканкама.

Магчыма, i моладзь пераязджала б сюды на пастаяннае месца жыхарства. Але ў вёсках цяжкавата з рабочымi месцамi. Дакладней, з прэстыжнымi. Маладыя людзi не надта ахвотна iдуць у жывёлаводы цi паляводы. А пакуль яны едуць сюды на адпачынак, па свежае паветра i маляўнiчую прыроду, што таксама радуе.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».