Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Музыка робiць цуды!

Фота: ru.depositphotos.com

У 1974 годзе работнiкi Гомельскага хiмзавода атрымалi шыкоўны падарунак: у iх (i не толькi...) з'явiўся свой Палац культуры, а значыць — магчымасць займацца ў шматлiкiх творчых гуртках, ды што там — нават выходзiць на вялiкiя сцэны (як той жа спявак Ухцiнскi)...

А ўсё чаму? Таму што пачаткоўцаў (i дзяцей, i дарослых) было каму падтрымаць. Тут i цяпер я хацеў бы вылучыць толькi аднаго мастацкага кiраўнiка — пастаноўшчыка танцаў Яфiма Генiна i толькi аднаго з выканаўцаў — апаратчыка сернакiслотнага цэха Васiля Глушакова. Штогод напярэдаднi свят у палацы праходзiлi святочныя вечары: пачыналiся — з урачыстых сходаў, завяршалiся танцамi, а пасярэдзiне быў канцэрт з незаменным цвiком праграмы...

Ну вось убачце: адкрываецца заслона. За ёй у крэсле сядзiць бабуля. На каленях у яе клубок нiтак, у руках — пруткi. Яна (а папраўдзе — «прыбраны» ў бабульку спадар Васiль) нешта «вяжа».

Праз iмгненнi побач з'яўляецца «ўнучка» i выдае папулярнае тады:

Бабушка,

отложи ты вязанье,

Заведи

старый свой граммофон

И моё ты исполни

желанье:

Научи

танцевать чарльстон.

«Бабуля» спярша вагаецца: i згадзiцца як быццам не можа, i адмовiць не хоча... А таму «са скрыпам», ледзь-ледзь падымаецца з крэсла, сагнуўшыся ў тры пагiбелi, падыходзiць да «грамафона», уключае музыку (у зале i сапраўды чуецца шыпенне кружэлкi, гучаць першыя акорды чарльстона) — «бабуля» з «унучкай» пачынаюць танцаваць. Адзiнае — спярша не зразумець, хто каго вучыць, бо ў «настаўнiцы» рухi ну вельмi няўклюдныя, нават непрыгожыя... Але музыка робiць цуды: «бабуля» на вачах маладзее, спрытнее i пачынае выкiдваць ну такiя каленцы...

Публiка заходзiцца ад рогату, падбадзёрвае танцорак, адбiвае рукi ў апладысментах!

...На мяжы стагоддзяў хiмзавод перажываў не найлепшыя часы. Палац — цяпер ён «Фестывальны» — давялося перадаць на баланс горада. Але ж для ветэранаў ён па-ранейшаму iхнi.

I там, калi напружыць памяць, бабуля з унучкай па-ранейшаму станцуюць чарльстон.

Мiкалай Старых, г. Гомель


Сукенкi будуць новыя…

Для таго каб наплылi, накрылi з галавой успамiны, часам трэба зусiм няшмат: вухам злавiць мелодыю. Ну вось нядаўна загучаў па радыё вальс «Бярозка» i, можна сказаць, «падхапiў» мяне — занёс у самыя шчаслiвыя гады, у маю маладосць. Там была фабрыка, быў дружны калектыў, Дом культуры з пастаяннай выстаўкай узораў нашых тканiн, якiя iшлi на экспарт, i з картай свету, дзе пазначалася, куды канкрэтна... Як зараз бачу: там — безлiч лямпачак, безлiч «адрасоў»! Ну чым не падстава для гонару?! Як, зрэшты, i для смутку, бо мы самi гэтых тканiн купіць не маглі... Хiба аднойчы?

Маланкай, помню, праляцела чутка, што ў продаж выкiнулi (тады так казалi) наш паркаль — прыгожы-прыгожы, ну быццам з той выстаўкi! Мы — бягом у краму. Адстаялi чаргу, нахапалi таго паркалю — хто на сукенку, а хто i на дзве... Заставалася толькi пашыць.

А тут якраз i стымул: аб'ява, што праз месяц паркалёвы баль адбудзецца, прычым — з конкурсам на самую прыгожую сукенку! I з танцамi — у Доме культуры... Дзе люстры ззяюць! Дзе паркет! Дзе жывая музыка... Гэта ж вам не пласцiнкi ў чырвоным кутку! Баль ёсць баль, карацей! Свята!

У «рамках падрыхтоўкi» да яго мы кiнулiся ў атэлье, для таго каб новыя сукенкi пашыць. А там — ад варот паварот: чарга даўжэзная!

Мы давай тады швачак-надомнiц шукаць, выбiраць фасоны. Вядома ж, не з замежных часопiсаў, а так: спаднiчкi — у складачку, у зборачкi альбо паўклёш, рукаўчыкi — лiхтарыкам або крыльцам, выраз ля шыi — па фантазii швачкi (гэткiя «дэкальтэ», як цяпер, нам нават не снiлiся)...

Карацей, сукенак мы ўсё ж нашылi.

I вось ён, баль!

Хлопцаў на iм зусім нямнога: трохi наладчыкаў прадзiльных машын ды ткацкiх станкоў, трохi запрошаных салдат з падшэфнай воiнскай часцi, а вось дзяўчат — проста мора! I адна прыгажэйшая за другую: маладзенькiя, стройныя, у новых сукеначках, туфлях-лодачках... Журы — ну зусiм разгубiлася: хiба ў гэтым кветнiку можна некага выбраць?! Са смехам аб'явiлi, што падзелу — на лепшых i самых лепшых — сёння не будзе...

У адказ проста шквал апладысментаў: «Правiльна!»

А далей — зноўку танцы...

Але ж i яны ўрэшце канчаюцца. Мы выходзiм на вулiцу, а там — дождж. I досыць спорненькi. Таму я, пакуль прыбегла ў iнтэрнат, прамокла да нiткi! Потым цiхенька зайшла ў свой пакой, не ўключаючы святла, раздзелася (сукенку ўскiнула на спiнку ложка), да ранiцы соладка праспала (ведама, натанцаваўшыся).

А назаўтра ўстаю — усе дзяўчаты ў рогат: пальцамi на мяне паказваюць i аж заходзяцца... «З чаго?» — пытаюся. Яны адказаць не могуць.

Здагадалася — паглядзела на сябе i вачам не паверыла: усё цела ў «кветачках», у рознакаляровых плямах i разводах: карцiна алеем, можна сказаць! Такую i Далi б не прыдумаў!

Адкуль яна, здагадацца было няцяжка. Ды i дзяўчаты сказалi: яны, трохi старэйшыя, ужо ведалi, што ў краме прадаюць хiба тыя з нашых тканiн, якiя забракавалi аптавiкi.

...Шкада мне было сукенкi: толькi раз у ёй пафарсiла i ўсё: фарба аблезла, малюнкi размылiся...

Але ж помнiцца не столькi гэта, колькi само чаканне балю, зборы, хваляванне, танцы пад жывую музыку, вальс «Бярозка» ды вясёлы смех дзяўчат. А потым — i мой, бо не гараваць жа мне па сукенцы? Яна ж — справа нажыўная!

I сапраўды, колькi iх потым было — сукенак, касцюмаў, спаднiц, сарафанаў... I прыгажэйшых, i даражэйшых... Але ж помнiцца чамусьцi тая — паркалёвая.

Любоў Чыгрынава, г. Мiнск


Злодзею дастаткова...

Хоць i не кожнаму

Фота: trans.ru

У маёй бабулi Марыi Iванаўны жыццё было — не пажадаеш ворагу. Днём яна арала, жала, касiла, палола... А па начах, можна сказаць, шыла, вязала, варыла, абмывала сям'ю. Ды ў сезон яшчэ хадзiла ў калгасны свiран веяць ды сушыць збажыну.

За работу грошай тады не плацiлi. Выжыць, не памерцi з галадухi, дапамагала хатняя гаспадарка. Але ж у тыя пасляваенныя часы сялян душылi падаткамi: дзяржаве трэба было здаваць i мяса, i малако, i сала, i яйкi. Ды што там — падатак вымагаўся нават за кусты i дрэвы. А калi нехта не мог сплацiць, у двор прыходзiлi так званыя ўпаўнаважаныя i нешта забiралi — карову, свiнню...

Я гэта да таго, што людзей проста вымушалi красцi.

Вось i бабуля, калi па вечарах iшла працаваць, брала з сабой невялiчкую палатняную торбачку, у якую насыпала крыху зерня i хавала пад сарочку. Бывала — i дадому яе данясе, а бывала — брыгадзiр калгасны зловiць, прымусiць высыпаць ды яшчэ i напалохае... Хоць турмы i без таго баялiся, бо садзiлi тады (часам — аж на 10 гадоў!) нi за што — за каласкi, сабраныя на ржышчы...

Але ж голад быў мацнейшы за страх. I таму назаўтра бабуля зноў брала торбачку, зноў насыпала зерня. А потым, калi пашчасцiць данесцi, таўкла яго ў ступе, пякла аладкi, рабiла клёцкi, варыла ячменны кiсель. Ратавала сваю сям'ю.

Вось i ў тую ноч, калi работа была ўжо скончана i свiран замкнуты, яны з сяброўкай схавалiся за вугал, пачакалi, пакуль з'ехаў брыгадзiр, адсунулi дошку, якую адарвалi загадзя, — залезлi ў памяшканне.

Там вельмi цёмна было, аднак жанчыны хуценька «адшукалi» кучу з зернем, насыпалi свае торбачкi i ўжо збiралiся вылазiць назад, як раптам знадворку пачуўся нейкi рух... Хтосьцi... адмыкаў (?!) дзверы...

Жанкi з тога жаху забiлiся ў самы дальнi кут. I ўжо адтуль (iм месяц пасвяцiў) убачылi, як дзверы адчынiлiся, як у свiран зайшоў... брыгадзiр: хуткiм крокам рушыў да мяшкоў з зернем, адзiн закiнуў на плечы, панёс да выхаду, дзе стаяла падвода, вярнуўся па другі...

Жанчыны не верылi сваiм вачам: брыгадзiр, якi за жменю зерня iншых пужаў турмою, сам краў мяхамi?!

...Iх, тыя мяшкi, ён акуратна злажыў на воз, дзверы замкнуў i паехаў сабе дамоў.

Бабуля, паглядзеўшы на гэта, сказала сяброўцы: «Калi можна красцi яму, то, далiбог жа, не грэх i нам!»

Да ранiцы на плячах яны цягалi зерне.

Назаўтра брыгадзiр заўважыў яго недастачу, аднак шуму падымаць не стаў, нават памякчэў крыху. Не iнакш, зразумеў, што яго ў тую ноч нехта бачыў. А гэтага, як высвятляецца, можа быць дастаткова.

Вольга Федзяшына, г. Слуцк

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар

Ад яе ж i, мусiць, яшчэ раз. Гiсторыi, паводле слоўнiка эпiтэтаў беларускай лiтаратурнай мовы, бываюць абсурдныя, амурныя, анекдатычныя, банальныя, абуральныя, дзiвосныя, iдыёцкiя, камiчныя, кранальныя, павучальныя, скандальныя, трагiкамiчныя... Усяго — цi паверыце? — каля сотнi слоў!

I яшчэ адна лiчба (мо такая ж неверагодная): газета «Звязда» iх збiрае амаль дваццаць гадоў.

Удзячная справа! А таму — далучайцеся. Гэта значыць, пiшыце (калi ласка, з нумарам тэлефона для аператыўнай зваротнай сувязi)! Быць не можа, каб у вашым жыццi не было нiчога, што варта было б расказаць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».