Вы тут

У аграпрамысловы комплекс Вiцебшчыны запланавана iнвеставаць каля 2,8 мiльярда рублёў


Пра навацыi ў працы работнiкаў сельскагаспадарчай галiны, вынiкi жнiва, бадай, самыя маштабныя ў краiне абласныя «Дажынкi» i iншае карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з намеснiкам старшынi Вiцебскага аблвыканкама Барысам Яфрэмавым.


«На Вiцебшчыне стварылi сем аграпрамысловых холдынгаў. Iх «лакаматывамi» сталi перапрацоўчыя прадпрыемствы: Аршанскi мясакансервавы i Полацкi малочны камбiнаты, Глыбоцкi малочнакансервавы камбiнат, Вiцебскi мясакамбiнат, Пастаўскi малочны завод, Верхнядзвiнскi масласырзавод, вiцебскае ААТ «Малако».

Холдынгi аб'ядноўваюць прыблiзна 130 арганiзацый. Калi коратка, як добра выказаўся старшыня Вiцебскага аблвыканкама Мiкалай Шарснёў, яны працуюць па алгарытме «Ад поля да прылаўка», — падкрэслiў суразмоўца.

Тое, што iдэя стварэння буйных аграпрамысловых аб'яднанняў была рацыянальная, пацвярджаецца вынiкамi мiнулага жнiва. Прыблiзна 70 % збожжавых — менавiта збор сельскагаспадарчых прадпрыемстваў холдынгаў.

«Сёлета ў Прыдзвiннi плошчу ўборачнай павялiчылi ў параўнаннi з мiнулым годам прыблiзна на 10 %. Збожжавыя i зернебабовыя збiралi з прыкладна 390 тысяч гектараў. Агульная вага караваю Вiцебскай вобласцi дасягнула прыблiзна 1,1 мiльёна тон (разам з фермерскiм i прыватным збожжам)», — удакладняе намеснiк старшынi Вiцебскага аблвыканкама.

Добрай дапамогай сталi сто новых камбайнаў беларускай вытворчасцi. Тэхнiка гэта, набытая ў лiзiнг, вельмi запатрабаваная. У некаторых гаспадарках на камбайн падчас сёлетняга жнiва прыходзiлася да 350 гектараў — вялiкая плошча i, адпаведна, нагрузка на механiзатараў.

Кадры — насамрэч «залаты фонд»

Наконт удзельнiкаў барацьбы за ўраджай збожжавых, мiж iншым, усё больш рэкардсменаў. У прыватнасцi, летась у Вiцебшчыне з'явiўся экiпаж-шасцiтысячнiк. У Аршанскiм раёне вельмi плённа папрацавалi работнiкi гаспадаркi «Задняпроўскi» Сяргей Грэкаў i Максiм Герасiмец. Губернатар асабiста павiншаваў iх непасрэдна на палетках. Дарэчы, сёлета на жнiве ўпершыню ў Аршанскiм i Вiцебскiм раёнах агульны збор адпаведна пацягнуў на 125 i 117 тысяч тон.

«Гэта выдатны вынiк, бо нiколi такiх паказчыкаў раённага ўзроўню не было (ранейшы рэкорд асобна ўзятага рэгiёна Вiцебшчыны — 104,6 тысячы тон)», — падкрэслiў Барыс Яфрэмаў.

Сёлета абласныя «Дажынкi» адбылiся ў Вiцебску. Горад значна папрыгажэў напярэдаднi свята. Яшчэ да «Дажынак» жыхары Вiцебска атрымалi нямала карысных падарункаў, якiя былi вельмi неабходныя гораду. У прыватнасцi, адкрылi падземны пераход — даўгабуд яшчэ з савецкага часу. А побач — новы ўчастак праспекта Будаўнiкоў — у бок спальнага мiкрараёна Бiлева. Там 1 верасня расчынiла дзверы школа, адна з найлепшых ва ўсёй краiне. Якраз у першы дзень правядзення фестывалю-кiрмашу працаўнiкоў вёскi каля Цэнтральнага спартыўнага комплексу адкрыўся футбольны манеж. На гэтай спартыўнай пляцоўцы са стандартнай плошчай футбольнага поля можна будзе трэнiравацца дзецям i прафесiйным футбалiстам нават у самыя халодныя днi зiмы.

А насупраць чыгуначнага вакзала прэзентавалi арку з выявай герба горада, а скверу далi новае жыццё. Там цяпер можна ўбачыць i скульптурную кампазiцыю, якую прысвяцiлi пачатку 1960-х гадоў. Шанаванне перадавiкоў адбылося ў летнiм амфiтэатры, якi ўмяшчае каля 6,2 тысячы гледачоў.

Аграпрамысловы комплекс Вiцебшчыны ўпэўнена рушыць наперад. За наступную пяцiгодку запланавана iнвеставаць каля 2,8 мiльярда рублёў. Па словах намеснiка старшынi Вiцебскага аблвыканкама, адна з галоўных задач у тым, каб павышэнне эфектыўнасцi работы ў вынiку спрыяла вытворчасцi прадукцыi з высокiм дабаўленым коштам. Да 2025-га запланавана на сто працэнтаў загрузiць малака- i збожжаперапрацоўчыя прадпрыемствы, на 70 % — мясаперапрацоўчыя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Важкi каравай Вiцебшчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.