Вы тут

Прыемныя ўспаміны пра свята, або Чаму «Дажынкі» — толькі раз?


Свята работнікаў аграпрамысловага комплексу ў Віцебску, няхай не крыўдзяцца ў іншых абласцях, атрымалася, бадай, рэкорднае па колькасці ўдзельнікаў і насычанасці падзеямі. Адбылося яно ў канцы верасня.


У першы дзень святкавання «Дажынак» з раніцы ў горад прыехала больш за шэсцьдзясят аўтобусаў з удзельнікамі свята з рэгіёнаў. Спачатку яны сталі экскурсантамі, а потым усе разам прыехалі на галоўную плошчу Віцебска, самую вялікую ў краіне, — Перамогі, каб ускласці кветкі да манумента воінам-вызваліцелям...

Падчас свята было шмат цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, вельмі відовішчнымі сталі паказальныя выступленні — дэманстрацыя майстэрства супрацоўнікаў МНС на хвалях і на берагах адной з галоўных водных артэрый Беларусі — Заходняй Дзвіны. Выратавальнікі прадэманстравалі прафесійныя навыкі з выкарыстаннем верталётаў, водных матацыклаў, маторных лодак і іншай тэхнікі.

Гледачы пераканаліся, што для супрацоўнікаў МНС няма нічога непераадольнага. Яны дапамогуць пры любым надвор'і і ў любой «сферы»: на зямлі, на вадзе, у паветры...

Вельмі ўразіла святочнае шэсце аграрыяў да галоўнай сцэнічнай пляцоўкі свята — Летняга амфітэатра, які адначасова ўмяшчае больш чым 6,2 тысячы чалавек. Нашы кармільцы прайшліся калонай, якая расцягнулася на кіламетры. Сярод іх — тыя, хто не спаў начамі падчас жніва, перавозілі «золата палёў», сушыў, займаўся рамонтам тэхнікі і агрэгатаў і гэтак далей. Ад унёску кожнага залежаў вынік работы ўсёй вобласці.

Механізатары, кіроўцы, аграномы, кіраўнікі гаспадарак, іншыя работнікі аграпрамысловага комплексу — усе яны — наш гонар. І, як той казаў, на такіх людзях трымаецца зямля.

Цікава, што сярод каля 1170 экіпажаў, якія працавалі на жніве, было 55 сямейных і каля 175 — маладзёжных. Прыблізна 400 намалолі больш за тысячу тон, больш за дзве тысячы — 44, тры тысячы — 11, чатыры — два экіпажы, пяць тысяч — два экіпажы.

У Летнім амфітэатры аграрыі пачулі словы прывітання і падзякі ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Іх зачытаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка. Дарэчы, народны выбраннік доўгі час быў губернатарам Віцебшчыны, таму не па чутках ведае нюансы дзейнасці сельскагаспадарчай галіны. Спікер парламента ад імя Прэзідэнта ўручыў цяперашняму старшыні Віцебскага абвыканкама Мікалаю Шарснёву падзяку за тое, што ён на высокім узроўні і сапраўды актыўна спрыяе развіццю аграпрамысловага комплексу.

Мікалай Шарснёў, у сваю чаргу, агучыў падзяку кіраўніку дзяржавы за падтрымку тых, хто працуе на вёсцы, займаецца перапрацоўкай, вытворчасцю і рэалізацыяй сельскагаспадарчай прадукцыі і тэхнікі.

Дарэчы, вага каравая «Жніва-2020» на поўначы краіны склала 1 мільён 77 тысяч тон збожжа. А сярэдняя ўраджайнасць каля 31,1 ц/га. Прыкладна чвэрць ураджаю — на рахунку Аршанскага і Віцебскага раёнаў.

Кіраўніцтва Віцебшчыны ўпэўнена, што ў аграрнага комплексу ёсць добры рэзерв і патэнцыял, які яшчэ поўнасцю не раскрыты. І будуць актыўней распаўсюджваць перадавы вопыт. А яшчэ стаўка робіцца на рост эфектыўнасці працы. Канешне, гэта магчыма, калі ёсць сучасная тэхніка, адпаведнасць тэхналогіям. І, безумоўна, кадры вырашаюць усё! Каб моладзь хацела працаваць у сельскагаспадарчай галіне, робіцца многае. У прыватнасці, кабіны машын, што працуюць у палях, усё больш нагадваюць аналагічныя памяшканні ў касмічных караблях фантастаў. А на фермах, дзе амаль усё за людзей робяць робаты, праца прыносіць толькі задавальненне, у тым ліку і ад заробкаў.

Акрамя таго, вяскоўцам значна прасцей, чым гараджанам, вырашыць жыллёвае пытанне. А па інфраструктуры паслуг (у тым ліку і для вольнага часу) усё больш аграрных гарадкоў не саступае буйным гарадам.

Вёска ў Беларусі ў стагоддзе інтэрнэту і віртуальных тэхналогій развіваецца надзвычай імкліва. У гэтым пераканаліся нават скептыкі, якія даўно не былі ў сельскай мясцовасці...

На жаль, па традыцыі «Дажынкі» праводзяцца ў горадзе ці пасёлку толькі раз, а потым эстафета перадаецца іншым.

Віцебск значна папрыгажэў падчас падрыхтоўкі да свята. Старажылы заўважылі, што сёлета да гэтага вялікага праекта рыхтаваліся не меней сур'ёзна, чым да чарговага міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар». Нават больш грунтоўна, улічваючы важнасць падзеі і адказнасць за тое, каб яна прайшла на высокім узроўні. І ў віцяблян усё атрымалася! Свята запомніцца надоўга!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?