Вы тут

Скульптар Сяргей Бандарэнка завяршае працу над надмагільным помнікам Анатолю Статкевічу-Чабаганаву


Імя беларускага скульптара Сяргея БАНДАРЭНКІ добра вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Сяргей Апанасавіч з'яўляецца ганаровым членам Кітайскай акадэміі мастацтваў. Яго творы ўключаны ў каталог «500 найлепшых кітайскіх мастакоў». А ўпершыню, між іншым, скульптурныя работы Сяргея Бандарэнкі былі прадстаўлены ў японскім горадзе Сапара на Сусветнай выстаўцы «ЭКСПА» ў 1972 годзе. Гэта па-свойму ўнікальны факт, бо пачынальніку вялікай дарогі ў мастацтве было менш за шаснаццаць (!) гадоў. Малады скульптар яшчэ толькі вучыўся, авалодваў майстэрствам у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, які закончыў у 1981 годзе. Вучыўся Сяргей Бандарэнка ў такіх знаных майстроў, як Андрэй БЕМБЕЛЬ, Анатоль АНІКЕЙЧЫК, Генадзь МУРАМЦАЎ, Леанід ДАВЫДЗЕНКА. У 1985 годзе малады скульптар скончыў творчыя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР у народнага мастака СССР Заіра АЗГУРА. У гэтым жа годзе скульптара прынялі ў Беларускі саюз мастакоў.


...З Сяргеем Апанасавічам мы сустрэліся ў яго майстэрні ў Сёмкаве, што пад Мінскам. З першых уражанняў — процьма завершаных работ, прысвечаных коням, жукам. Такія малыя скульптурныя формы сведчаць аб захопленасці творцы дэталізацыяй, жаданні быць дакладным ілюстратарам навакольнага свету. Найперш — жывёльнага свету. Дарэчы, коні — і ў вялікіх скульптурных формах, выкананых Сяргеем Бандарэнкам. Яны ёсць на пастаментах і ў нашай краіне. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным цырку — «Цыркавая танцоўшчыца на кані». Але найбольш яны раскіданы па свету. Яны — «у паходзе», у вандраванні па гарадах, па вуліцах і плошчах розных краін... Крытыкі, шараговыя гледачы адзначаюць надзвычайнае падабенства коней у скульптурах Сяргея Апанасавіча з натурай.

А сустрэліся мы з нагоды... Майстар завяршае работу над надмагільным помнікам пісьменніку і краязнаўцу, мецэнату беларускай культуры, заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь Анатолю Васілевічу СТАТКЕВІЧУ-ЧАБАГАНАВУ. Работа амаль што гатовая да таго, каб быць адлітай у бронзе. Мы ўсе разам, у невялічкай грамадзе, углядаліся ў постаць чалавека, які пайшоў з жыцця не так даўно — у сакавіку 2019 года. На сустрэчы былі і пісьменнік, і гісторык, і іншыя госці, якія адкрылі таямніцу падрыхтоўчай работы.

Сярод нас быў і сын Анатоля Васілевіча — Андрэй ЧАБАГАНАЎ. Канешне ж, перш-наперш гаварылі пра тое, наколькі падобная на самога пісьменніка яго скульптурная выява. Згадвалі знаёмыя нам рухі, манеру хадзіць, успаміналі поціск яго рукі, паварот галавы... Сам скульптар на працягу многіх гадоў асабіста ведаў Анатоля Васілевіча. І, пэўна, гэта таксама дапамагло «ўгадаць» асобу, зрабіць яе мастацкае прачытанне адначасова і вонкава дакладным, і дакладным па характары, нават па перакананнях. Сын героя работы — Андрэй Анатолевіч нагадаў пра тое, што шмат у чым постаць яго бацькі сфарміравалася ў 1960-я гады, калі той вучыўся ў Ленінградзе. Студэнцтва будучага даследчыка айчыннай гісторыі, аўтара шырокамаштабнага творчага праекта па вывучэнні беларускіх радаводаў «Я — сын Ваш» Анатоля Чабаганава прайшло ў Ленінградскім інстытуце дакладнай механікі і оптыкі. Прыехаўшы з вёскі, з Беларускага Палесся (нарадзіўся Анатоль на Любаншчыне) у культурную сталіцу, малады чалавек убіраў у сябе, бы крынічную ваду, рускую і сусветную культуру, літаратуру, мастацтва. Гэтаму, несумненна, спрыяла яго высокая ўнутраная арганізацыя. Ён набываў, збіраў кнігі. У маладыя гады выявілася яго надзвычайная ўвага да праваслаўнага іканапісу, што пазней падштурхнула да калекцыянавання. З тых гадоў — вытокі багатай паэтычнай бібліятэкі, якая і сёння можа ўразіць шмат каго з бібліяфілаў. Ён захапляўся выяўленчым мастацтвам. Яго вабілі творы са шкла і фарфору... «Мне падаецца, што на помніку бацькі — адбітак яго маладых гадоў, хоць выява і паказвае яго ў больш познім узросце», — адзначыў Андрэй Анатолевіч.

Відаць па ўсім, што, ведаючы пісьменніка асабіста, Сяргей Бандарэнка злавіў яго, Статкевіча-Чабаганава, нотку жыцця, здолеў пранікнуць у сутнасць асобы. А мне, калі пакідаў майстэрню, падумалася, што, мажліва, калісьці скульптурная выява чалавека, які шукаў нашы, беларусаў, карэнні ў далёкіх стагоддзях, будзе стаяць не толькі на могілках, дзе лёсам дадзена яму месца апошняга спачыну. А будзе вітаць новыя пакаленні на радзіме — у Любані ці ў роднай вёсцы Засмучча. А мо і ў адным з вялікіх гарадоў нашай Айчыны, у гісторыі якой Анатоль Васілевіч Статкевіч-Чабаганаў пакінуў сваю, рупліва выведзеную баразну. І аўтарам гэтага помніка будзе таксама Сяргей Бандарэнка — творца, які прачытвае і ўжо дастаткова шмат прачытаў гісторыю Беларусі праз помнікі, рэльефы вялікаму князю літоўскаму Альгерду, «Песню пра зубра», помнік князю Віцебскаму...

Кастусь Хадыка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».