Вы тут

Давер не падае з неба. У чым прычына непаразумення паміж школай і бацькоўскай супольнасцю?


Нядаўна ў Расіі здарылася трагедыя, якая абляцела ўсе СМІ. Бацьку-адзіночку Рамана Грэбенюка сярод белага дня ў галоўным аддзяленні Ашчадбанка Валгаграда жорстка збіў Арсен Мелканян. Праз тыдзень пацярпелы памёр у рэанімацыі, не прыходзячы ў прытомнасць. Усё адбылося з-за сваркі ў бацькоўскім чаце паміж Раманам і Ганнай, маці аднакласніцы яго дачкі, якая датычылася задання па рускай мове. Раман прапанаваў «пытанне вырашаць, а не соплі жаваць». Жанчына ўспрыняла гэта як абразу на свой адрас. «Ты, што, бессмяротны??? Такое мне пісаць», — праз некалькі паведамленняў завочнай сваркі Ганна перайшла да пагроз. На разборкі да «крыўдзіцеля» адправіліся яе муж і брат. Апошні і нанёс ракавыя ўдары, а затым яшчэ і плюнуў на сваю ахвяру.

Настаўніца была ў курсе канфлікту, але ў нейкі момант пакінула чат. Чаму яна не спыніла перапалку, якая разгаралася паміж бацькамі, у самым пачатку, пакуль з'юшаныя муж і брат не пачалі жорстка помсціць «крыўдзіцелю»?.. Бо, магчыма, трагедыі можна было пазбегнуць. Гэтым пытаннем задаліся і ў школе, і ў гарадскім дэпартаменце па адукацыі... Пагадзіцеся, сітуацыя дзікунская, але за апошнія гады школа як сацыяльны інстытут па самых розных прычынах неаднойчы аказвалася ў цэнтры грамадскай увагі. І прэтэнзій да яе назапасілася шмат. Канфліктныя сітуацыі апошнім часам усё часцей выходзяць за сцены навучальных устаноў і дзякуючы сучасным тэхналогіям хутка становяцца здабыткам грамадскасці.

Давер як каштоўнасць у адносінах людзей і роля даверу ў педагагічнай практыцы аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў чарговага адукацыйнага бранча, арганізаванага Цэнтрам адукацыйных ініцыятыў і інавацый. Адукацыйныя бранчы — гэта серыя прафесійных сустрэч педагогаў у нефармальнай абстаноўцы, куды запрашаюцца неабыякавыя настаўнікі, якім ёсць што сказаць. Як падкрэсліваюць ініцыятары такіх сустрэч — сузаснавальнікі прыватнай сярэдняй школы LuCh Яўген ЛУФЕРЧЫК і Валянціна ЧЭКАН, «у нас няма гатовых адказаў, а нашы бранчы — гэта шанц падрасці ў прафесійным плане праз узаемадзеянне з носьбітамі цікавых ідэй».


У пошуках альтэрнатывы

На гэты раз настаўнікам прапанавалі паразважаць над пытаннямі, ці можам мы сцвярджаць, што ў сістэме адукацыі назіраецца крызіс даверу? У чым ён праяўляецца і на што ўплывае? Якая роля даверу ў педагагічнай практыцы і як можна павысіць давер бацькоўскай супольнасці да школы?

Тэзісна сфармулюем думкі, якія былі агучаны ўдзельнікамі дыскусіі. Крызіс даверу сапраўды мае месца, прычым літаральна на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі: ад дзіцячага садка і да вышэйшай школы. Кіраўнікі не давяраюць педагогам, настаўнікі — бацькам, бацькі — педагогам і дзецям, дзеці — настаўнікам і бацькам, а наймальнікі — тым, хто рыхтуе ва ўстановах адукацыі кадры для іх. У інтэрнэт-прастору пастаянна выліваецца незадаволенасць бацькоў школай і педагогамі і незадаволенасць настаўнікаў той роляй, што адвялі сабе бацькі, а таксама ціскам на іх з боку бацькоўскай супольнасці. Узаемныя прэтэнзіі гучаць пастаянна. Недавер адзін да аднаго праяўляецца і ў экстрэмізме камунікацый, калі знікаюць этычныя фармулёўкі, нарастаюць крайнасці і агрэсія, адбываецца палярызацыя.

Ёсць адзін цікавы нюанс: недавер з боку бацькоў датычыцца не толькі дзяржаўных устаноў адукацыі, але і недзяржаўных. Апошнія аўтарытэт яшчэ не набылі, а дзяржаўныя — на вачах бацькоў яго страчваюць. Крызіс даверу праяўляецца ў тым ліку і ў пошуку альтэрнатыўных спосабаў атрымання адукацыі. Мегазанятасць дзяцей гурткамі, секцыямі, работай з рэпетытарамі — красамоўны прыклад недаверу да «правайдара» адукацыйных паслуг. З іншага боку, пошук альтэрнатывы — гэта і пазітыўны працэс, паколькі дае штуршок да з'яўлення новых цікавых прыватных педагагічных ініцыятыў. Такіх, напрыклад, як школа LuCh: яе стваральнікі меркавалі набраць у першы год каля паўсотні дзяцей, але ў выніку прыйшло ўдвая больш, чым яны планавалі.

— Мы доўга дыскутавалі, прыцягвалі экспертную супольнасць да работы над канцэпцыяй нашай навучальнай установы, — падкрэслівае дырэктар школы LuCh Яўген Луферчык. — Спрабавалі знайсці адказ на пытанне: якога ж выпускніка мы бачым на выхадзе са школы. І сфармулявалі тры важныя для нас пазіцыі. Па-першае, гэта павінна быць свядомая асоба, малады чалавек, які з апорай на навуковы апарат можа апісаць свой унутраны і знешні свет. Па-другое, ён добра ведае свае наступныя крокі ўжо па-за школай. Мы ўсё далей адыходзім ад слова «прафарыентацыя», яно нам не вельмі падабаецца. Бо адказы на пытанне, а чым ты будзеш займацца пасля школы, могуць быць вельмі розныя. Гэта можа быць, напрыклад, выратаванне жывёл, а не толькі паступленне ў навучальную ўстанову. Наша задача — падрыхтаваць маладога чалавека да камфортнага выхаду са школы ў тую будучыню, якую ён сабе намаляваў. І мы сёння не можам казаць аб атрыманні прафесіі на ўсё жыццё. І трэці важны момант — камунікацыя, узаемадзеянне ў соцыуме, сацыялізацыя з захаваннем сваіх асабістых адметнасцяў. Падлетак павінен навучыцца спраўляцца з таксічнасцю, не быць самому таксічным, умець жыць сярод людзей, але заставацца пры гэтым унікальнай асобай.

Закрыцца ад дзяцей паперкамі

Яўген Луферчык лічыць, што крызіс і адсутнасць даверу вельмі моцна ўплываюць на псіхіку дзяцей, могуць справакаваць у іх страх або агрэсію. Бацькі выбіраюць дзіцяці «занятак па душы», а дзіця не хоча быць ні музыкантам, ні балерынай. Індывідуальныя запыты малога ніяк не ўлічваюцца. Ён не разглядаецца бацькамі як партнёр.

Між іншым, давер — гэта і рэпутацыя, і аўтарытэт. Ён здабываецца і ўмацоўваецца, а не падае зверху. На сваю рэпутацыю трэба працаваць.

«Верце мне, што веды за плячамі не насіць!» — колькі разоў кожны з нас чуў гэту фразу, калі яшчэ быў школьнікам, і колькі разоў паўтарыў яе, калі стаў дарослым. А цяпер давайце падумаем, а чаму дзеці павінны нам проста паверыць?

У класе вучні, як правіла, пераносяць стаўленне да педагога на яго прадмет. І калі не складваюцца адносіны з настаўнікам матэматыкі, значыць, гэту дысцыпліну дзіця адмаўляецца вучыць. Увогуле вынікам адсутнасці даверу паміж вучнямі і настаўнікам становяцца нуда на ўроку, безыніцыятыўнасць і ў выніку — нізкая якасць выкладання.

— Хтосьці з калег сказаў, што мы часта свой непрафесіяналізм камуфліруем празмерным дакументаабаротам, нам прасцей закрыцца ад дзяцей і бацькоў паперкамі. Лепш пайсці па прыватных дамах правяраць дымаходы, чым вырашаць праблемы канкрэтнага Вані, у якога ёсць цяжкасці з хіміяй, і якому востра патрабуецца наша дапамога, — заўважыў Яўген Луферчык. — А вы паспрабуйце напісаць справаздачу не агульную па класе, а па кожным дзіцяці: чаго ён дасягнуў у мінулай вучэбнай чвэрці і якога руху наперад вы ад яго чакаеце далей. Забяспечце зваротную сувязь з ім і яго бацькамі.

З іншага боку, ацэньванне работы і школы, і настаўніка — вельмі балючае пытанне. Для гэтых мэт у нас па-ранейшаму выкарыстоўваецца інфармацыйна-статыстычны метад: колькі справаздач напісана, у якой колькасці конкурсаў паўдзельнічалі, колькі алімпіяднікаў падрыхтавалі, колькі метраў агароджы пафарбавалі і гэтак далей. Балы, рэйтынгі, працэнты — вось што не дае настаўніку расслабіцца... Педагогаў матывуюць спаборнічаць, а не дзяліцца ідэямі. Аддзелы і ўпраўленні адукацыі не давяраюць кіраўнікам навучальных устаноў, а тыя, у сваю чаргу, педагогам. Школа сёння практычна не адкрытая для новых ідэй, непразрыстая для грамадства і для сваіх вучняў.

Адна з асноўных праблем звязаная з межамі, а дакладней, з няўменнем іх выбудоўваць і выконваць. У нас невыразна вызначаны межы адказнасці — за што адказвае настаўнік, за што — вучань, а за што — сям'я ў цэлым... «А што нам задалі?» — часта пытаюцца бацькі. Вам не задалі нічога, але задалі вашаму дзіцяці! Усё школьнае жыццё вучня, у тым ліку яго дамашнія заданні, з'яўляецца зонай яго асабістай адказнасці. Дзіця просіць дапамогі, калі трэба, ці не просіць, калі лічыць, што справіцца самастойна.

Сёння мы назіраем узаемную незадаволенасць бацькоў — педагогамі і работай школы, педагогаў — бацькамі, перакладанне віны з хворай галавы на здаровую, маўляў, бацькі не даглядзелі і не пракантралявалі, школа не вучыць, а толькі патрабуе, праграмы складаныя, падручнікі незразумелыя і гэтак далей. Усе «тыкаюць пальцам» на школу. Разам з тым бацькі, бабулі, дзядулі — не пабочныя назіральнікі. І яны маюць права ведаць, што адбываецца ў сістэме адукацыі, як змяняюцца падручнікі, вучэбныя праграмы, якія інавацыі асвойваюцца, якія псіхолага-педагагічныя адкрыцці ўводзяцца ў практыку, а што ўжо, як той казаў, аджыло свой век — таму ўсе важныя пытанні абавязкова трэба выносіць на грамадскае абмеркаванне, каб зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі, прычым саюзнікамі адказнымі. Маралізатарства бацькі ніколі не прымуць. А без даверу наладзіць супрацоўніцтва з бацькамі амаль немагчыма.

Тую цікавасць да школы, якая ўласціва бацькам вучняў малодшых класаў, вельмі важна захаваць і надалей. У школе, на бацькоўскіх сходах, дзе промахі і няўдачы дзяцей абмяркоўваюцца публічна, бацькі адчуваюць сябе няўтульна і з нецярплівасцю чакаюць іх заканчэння. У большасці выпадкаў яны проста адмоўчваюцца, саромеюцца задаваць пытанні, не бачачы ў настаўніку саюзніка і не ведаючы, дзе шукаць дапамогу.

Прагучала цікавая думка. Турнікеты, якія з'явіліся ва ўсіх навучальных установах, — спрашчаюць ці ўскладняюць бацькоўскае партнёрства з педагогамі? Ці яны сталі яшчэ адным сімвалам змяншэння адкрытасці школы?

Не выклікаць, а запрашаць

Дарэчы, летась у Расіі было праведзена маштабнае анлайн-апытанне, прысвечанае вывучэнню даверу і даверных адносін у адукацыйнай практыцы «вачамі настаўніка». Яно ахапіла 18,5 тысячы педагогаў з усіх федэральных акруг.

Адказваючы на пытанне «Што мне замінае давяраць навучэнцам?», практычна палова настаўнікаў адзначыла, што перашкодай выступаюць негатыўныя якасці школьнікаў, устаноўкі іх бацькоў, безадказнае стаўленне да вучобы і ўстаноўкі настаўнікаў на захаванне статуснай дыстанцыі з вучнямі. Вопыт прымушае педагогаў прытрымлівацца правіла «давярай, але правярай».

Пры адказе на пытанне «А што перашкаджае наладжванню даверных адносін з бацькамі?» былі сфармуляваныя наступныя прычыны: няшчырасць, ілжывасць, жаданне выгарадзіць сваё дзіця, апраўдаць яго, няслушныя, з пункту гледжання настаўнікаў, выхаваўчыя ўстаноўкі бацькоў, адсутнасць або недахоп зносін з бацькамі, розніца ў каштоўнасцях і ўзроставыя адрозненні. Быў і такі адказ, як «агрэсія, непавага, спажывецкае стаўленне да настаўнікаў, адукацыю разглядаюць як сферу паслуг» (так лічаць 11 % апытаных).

На пытанне «Што перашкаджае давяраць адміністрацыі?» большасць рэспандэнтаў пазітыўна адказалі: «Нічога» (80,6 % настаўнікаў). Але ёсць падставы меркаваць, што насамрэч педагогі (хоць і не ўсе) баяцца даваць сумленныя і шчырыя адказы на гэтае пытанне, баяцца прымянення да іх санкцый. Некаторыя настаўнікі прызнаваліся, што іх могуць звольніць, пакараць, знізіць стымулюючую надбаўку ці ўвогуле пазбавіць яе. На гэта ўказала хоць і невялікая колькасць настаўнікаў адносна ўсёй выбаркі, але гэта амаль 1000 чалавек. Насцярожыла таксама вялікая колькасць настаўнікаў, якія адмовіліся адказваць на гэта пытанне, што таксама можна трактаваць як пазбяганне рызыкі санкцый.

Затурбаваліся праблемай адносін паміж бацькамі і школай і ў Францыі. Сёння большасць педагогаў у гэтай краіне — выхадцы з паспяховых сем'яў. Усё радзей яны жывуць у тых кварталах, дзе выкладаюць, і таму дрэнна разумеюць сацыяльныя асаблівасці мясцовых жыхароў. Часта педагогі, размаўляючы з бацькамі, выкарыстоўваюць малазразумелыя для іх выразы. Бацькі вучняў лічаць настаўнікаў недаступнымі, у той час як самі настаўнікі мяркуюць, што бацькі прад'яўляюць да школы празмерныя патрабаванні. Пасля шматлікіх абмеркаванняў і даследаванняў дэпутаты Камісіі па справах культуры і адукацыі пры Нацыянальнай асамблеі ўнеслі шэраг прапаноў: трэба вучыць настаўнікаў зносінам з сем'ямі, лепш фармуляваць і даводзіць свае чаканні, старацца праводзіць нефармальныя сустрэчы з сем'ямі вучняў, уключаць бацькоў у мерапрыемствы, накіраваныя на тое, каб падлеткі не кідалі школу; звяртацца ў асацыяцыі бацькоў. Акрамя таго, яны параілі настаўнікам не «выклікаць» бацькоў у школу, каб паведаміць ім непрыемныя весткі пра дзіця, а «запрашаць» іх, у тым ліку і ў тых выпадках, калі навіны добрыя, і не карыстацца малазразумелымі тэрмінамі, каб растлумачыць бацькам, чаго ад іх чакаюць і якія праблемы ёсць у іх дзіцяці.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.