Вы тут

Амаль 40 тэлефонных зваротаў ад жыхароў Гомельшчыны прыняў Генадзь Салавей


Вынiк трохгадзiннай прамой лiнii старшынi аблвыканкама — аператыўна вырашаныя праблемныя сiтуацыi i шэраг пытанняў, што цяпер на кантролi ў губернатара.


Прамая тэлефонная лiнiя кiраўнiка рэгiёна атрымалася традыцыйна гарачай. Генадзь Салавей выслухоўваў зварот, застаючыся на лiнii, паралельна па тэлефоне даваў даручэннi адказным асобам. Такiм чынам можна больш аператыўна разабрацца ў вострых, але нескладаных сiтуацыях. Мiж тым на адказы па зваротах, якiя патрабуюць дэталёвага разгляду i выпрацоўкi канкрэтнага рашэння, тэрмiн — месяц.

На прамую лiнiю патэлефанаваў фермер з Буда-Кашалёўскага раёна. Высветлiлася, — яму раней ужо дапамаглi з выдзяленнем дадатковага зямельнага ўчастка для сельгасвытворчасцi. Але мужчына незадаволены: тэрыторыя — у аддаленым месцы, затое ўчастак, што падыходзiў яму больш, аддадзены iншаму ўласнiку.

Генадзь Салавей абяцае, што ў падставах зварота падрабязна разбяруцца. Акрамя таго, кiраўнiк рэгiёна звяртае ўвагу, — у найблiжэйшы час будзе ў цэлым прааналiзавана работа ўсiх фермерскiх гаспадарак Буда-Кашалёўшчыны. Цяпер, напрыклад, ёсць факты, калi хтосьцi не спяшаецца прыбiраць ураджай з палеткаў, хтосьцi здае свае ўчасткi ў арэнду.

— У нас запланавана правядзенне нарады з усiмi фермерамi пасля 20 снежня. Выслухаем кожнага i абмяркуем усе нюансы, — запэўнiвае Генадзь Салавей.

У шэрагу зваротаў жыхары вобласцi ўзнiмалi дарожнае пытанне. Так, жыхар Гомеля наракаў на дрэнную дарогу каля населенага пункта Маркавiчы ў Гомельскiм раёне. Мужчына сцвярджае, што па жвiровым пакрыццi кожны раз пасля дажджу немагчыма праехаць. Таксама ён засяродзiў увагу на праблемнай сiтуацыi для пешаходаў па вулiцы Матросава ў Гомелi.

— Да кiнатэатра, прыпынку, крам па вулiцы Барыкiна людзi iдуць па дарозе, бо тратуарнай сцежкi няма. Асаблiва ўзiмку гэта вельмi небяспечна, — заўважыў гамяльчанiн.

Губернатар запэўнiў, што тратуар зробяць ужо ў наступным годзе. Аб магчымасцi заасфальтаваць праезную частку цiкавiлiся таксама жыхары вулiцы Чкалава аграгарадка Яромiна Гомельскага раёна.

— Нам падсыпалi дарогу, праязджае грэйдар, але потым усё адно — ямiны i выбоiны. Немагчыма праехаць, а вясной у некаторых дамах падтоплiвае падвалы, — паскардзiлася жыхарка аграгарадка.

Старшыня аблвыканкама нагадаў, што сёлета адну з вулiц у Яромiне адрамантавалi. Генадзь Салавей даў даручэнне прапрацаваць магчымасць уключэння вулiцы Чкалава ў праграму рамонту дарог на будучы год.

Мiж тым, некалькi званкоў на прамую лiнiю закранулi тэму другой хвалi COVID-19 i ўвядзення масачнага рэжыму. Напрыклад, 90-гадовы гамяльчанiн цiкавiўся правядзеннем дэзiнфекцый у пад'ездах шматпавярховак.

— Сёння стаiць задача апрацоўваць першыя паверхi i лiфты, — растлумачыў Генадзь Салавей.

Пенсiянер таксама паскардзiўся, што ў некаторых гандлёвых кропках не захоўваецца масачны рэжым. На яго думку, кантроль трэба зрабiць больш жорсткiм. Такую ж прапанову выказала гамяльчанка, якая ў размове з губернатарам падзякавала за ўвядзенне ў рэгiёне масачнага рэжыму. Жанчына прапанавала стварыць групы кантролю з падключэннем студэнтаў-медыкаў:

— Напрыклад, яны могуць сачыць, як пасажыры грамадскага транспарту i марштурных таксi выконваюць патрабаванне, — мяркуе гамяльчанка.

Дапамога ў вырашэннi ўзаемаадносiн з суседам патрэбна жыхарцы Жыткавiч. Жанчына расказала, што жыве ў чатырохкватэрным доме з агульным дваром. З яе слоў, пабудаваны суседам навес перашкаджае ёй правесцi ў сваю кватэру камунiкацыi. Даручэнне разабрацца ў гэтай сiтуацыi атрымаў намеснiк старшынi райвыканкама.

Пенсiянер з Конкавiч, што ў Петрыкаўскiм раёне, звярнуўся з агульнай просьбай ад усiх пажылых вяскоўцаў:

— Мы просiм, каб рэйсавы аўтобус дастаўляў людзей да бальнiцы ў райцэнтры, гатовыя за гэта даплачваць.

Генадзь Салавей паставiў задачу «Гомельаблаўтатрансу» аператыўна ўнесцi карэктывы ў транспартныя зносiны на маршруце.

Шматдзетная мацi з населеннага пункта Чонкi, што пад Гомелем, звярнулся з пытаннем, цi магчыма скарыстацца сямейным капiталам для добраўпарадкавання жылля. Яна распавяла, што яе сям'я жыве ў кватэры ў доме, пабудаваным у 50-60-х гадах мiнулага стагоддзя:

— Хацелi б памяняць кватэру ў прыгарадзе на дом у горадзе, але разумеем, што жыллё будзе без рамонту. Цi можам мы скарыстацца сямейным капiталам, каб зрабiць рамонт, правесцi ваду? — пацiкавiлася жанчына. Дэталёвы адказ на гэты зварот падрыхтуюць спецыялiсты.

У праблемным пытаннi, што турбуе вось ужо больш за паўгода, папрасiла разабрацца гамяльчанка, жыхарка дома на праспекце Перамогi:

— У мясной краме, якая працуе ў нашым доме, няма выцяжной вентыляцыi, шумаiзаляцыi. На вельмi абмежаваную дваровую тэрыторыю пад самыя вокны пад'язджаюць машыны. Наша сям'я на лета была вымушана з'ехаць з дому. Просiм падключыцца да вырашэння праблемы, — звярнулася жанчына.

Генадзь Салавей даручыў адказным службам тэрмiнова разбiрацца ў сiтуацыi з работай гандлёвага пункта.

Дарэчы, за час работы прамой лiнii ўдалося аператыўна вырашыць шэраг агучаных праблем з ацяпленнем кватэр. Па некалькiх адрасах вывучэннем сiтуацый зоймуцца энергетыкi.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Загаловак у газеце: На «лiнii» рашэнняў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».