Вы тут

Час на падумаць, або чаму гэты год не трэба лiчыць правальным для турызму?


2020-ы прынёс беларускаму турызму не толькi выпрабаваннi, але i шэраг адкрыццяў. У каранакрызiсны перыяд, калi попыт на арганiзаваны адпачынак знiзiўся, у прадстаўнiкоў турыстычнай галiны з'явiўся час для таго, каб падумаць над стварэннем новых прапаноў i распрацоўкай iншых правiлаў гульнi.


Больш прывабнымi сталi сайты, з'явiлiся новыя маршруты, нават турвыставак стала больш, праўда, яны праводзiлiся ў анлайн-фармаце. Калi раней турысты прыходзiлi самi, сёлета многiм работнiкам галiны давялося вучыцца iх шукаць, прываблiваць, i такi вопыт, бясспрэчна, будзе карысны. Здавалася, 2020 год стане правальным для галiны, але ён падарыў шэраг сюрпрызаў i надзей, што ў любой сiтуацыi можна знаходзiць выйсце. З лiпеня да апошнiх цёплых выхадных верасня каля раскручаных беларускiх тураб'ектаў выстройвалiся чэргi. Такога буму ўнутранага турызму яшчэ нiколi не было. Калi гасцiнiцы ў вялiкiх гарадах пуставалi (гасцей у сталiцу i абласныя цэнтры прыбывала менш, колькасць камандзiровачных таксама значна скарацiлася), то на перыферыi справы iшлi ўгору, а некаторыя аграсядзiбы наогул не змаглi прыняць усiх ахвотных. Каб затрымаць на загарадных аб'ектах турыстаў на больш працяглы час, пад iх пачалi распрацоўваць новыя экскурсiйныя маршруты, прычым запатрабаваным аказаўся эксклюзiўны кантэнт, знаёмства з мясцовымi адметнасцямi, легендамi, умельцамi. Працягвалi будавацца новыя аб'екты. Толькi па Брэсцкай вобласцi за апошнi час (са жнiўня бягучага года!) было зарэгiстравана больш за 20 новых аграсядзiб, а Мiнскi раён за гэты год прырос на 25 такiх аб'ектаў размяшчэння. Вядома, тэндэнцыi, якiя намецiлiся сёлета, нельга пакiдаць без увагi.

Трэнды

«Зараз трэба ўбачыць тое, што дасць рост у будучынi», —  падзялiўся думкамi падчас круглага стала, прысвечанага пытанням унутранага турызму, загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту i турызму Брэсцкага аблвыканкама Дзянiс Нiкiцюк. Так, сёлета менш было экскурсiй, бо скарацiлася колькасць мерапрыемстваў, пад якiя фiрмы везлi турыстаў. Значыць, у пасляковiдныя часы арганiзаваныя святы i фестывалi могуць стаць адным з пунктаў росту.

Калi раней многiм удавалася зарабляць на карпаратывах, то сёлета давялося засвойваць дадатковыя паслугi.

Трэндам гэтага года сталi мiкрапаездкi —  жыхары сталiцы i абласных гарадоў садзiлiся ва ўласныя аўто i актыўна даследавалi сваю Радзiму. Увосень, калi дзень становiцца кароткi, папулярныя найблiжэйшыя наваколлi. Магчыма, менавiта такi адпачынак стане найбольш запатрабаваны ў наступныя гады. Адпаведна, будзе расцi попыт на гiдаў, якiя суправаджаюць такiх турыстаў i распрацоўваюць iндывiдуальныя праекты падарожжаў. Хоць пераход ад класiчных экскурсiй з наведваннем раскручаных (што часта ў свядомасцi спажыўца асацыюецца як «папсовых») аб'ектаў да падарожжаў з арыгiнальным напаўненнем назiраецца ўжо i сёння.

Як заўважыў Дзянiс Нiкiцюк, сёння запатрабаваны экатурызм i вегантрэвел. Вялiкую ролю адыгрывае i кухня, прычым, калi вы хочаце, каб турысты вярталiся, не трэба асаблiва эксперыментаваць з меню, больш за тое, змены могуць аказацца небяспечныя для бiзнесу. Так, калi турыст спецыяльна прыехаў, каб зноў пакаштаваць вашы смачныя блiнчыкi, ён будзе расчараваны, калi не знойдзе iх, а стравы, прыгатаваныя па больш складаных рэцэптах, можа ўвогуле не ацанiць.

Наогул, пастаянства —  адзiн з сакрэтаў поспеху ў турызме. Можна выйграць нават на спантанных турыстах, якiя едуць на аб'ект толькi таму, што ведаюць: там у пэўны час адбываюцца майстар-класы, экскурсii, анiмацыя. Напрыклад, сядзiбна-паркавы комплекс Сула з яго iнтэрактыўнай гiстарычнай праграмай сёлета захлынаўся ад турыстаў. А давайце згадаем брэсцкага лiхтаршчыка —  здаецца, i анiмацыi там няма складанай —  штовечар у вызначаны час чалавек у адпаведным касцюме выходзiць на пешаходную вулiцу. Але ў любое надвор'е ёсць ахвотныя сфатаграфавацца з iм.

Дзянiс Нiкiцюк заўважыў яшчэ адну тэндэнцыю —  сёння раскрутка турпрадуктаў павiнна адбывацца праз сацыяльныя сеткi, нават вельмi добра створаныя жывыя сайты сёння хутчэй прыцягваюць вузкiх спецыялiстаў, а не спажыўцоў турпаслуг. Значна важнейшая работа з блогерамi, якiя фармiруюць меркаваннi пра мясцiны, асаблiва пра пакуль нераскручаныя, непапулярныя, прычым незалежна ад месца iх размяшчэння. Што ж зробiш, сёння класная фотка вырашае больш, чым шыкоўны артыкул.

Зачэпкi

Намеснiк кiраўнiка ўпраўлення спорту i турызму Магiлёўскага аблвыканкама Вадзiм Брэжазiнскi заўважыў: разлiк на тое, што туркампанii, якiя раней працавалi на выязны турызм, пераарыентуюцца на работу на ўнутраным рынку, не апраўдаў. Пандэмiя перашкаджае прыцягненню iнвестыцый, нават такi козыр, як патанненне рэсурсаў, не дапамагае. Таму сёлета так цяжка выконваць планы па стварэннi новых турыстычных зон.

Шмат для развiцця турызму ў рэгiёнах робяць мясцовыя музеi i работнiкi культуры. Новыя маршруты i фестывалi выдатна спалучаюцца з традыцыйнымi набыткамi, гiсторыяй, традыцыямi. Так, у Слаўгарад турысты едуць ужо не толькi на Макавей на знакамiтую крынiцу з цудадзейнай вадой, iх зачапiлi кулiнарныя i песенныя фестывалi. Акрамя крынiцы, у раёна ёсць яшчэ адзiн брэнд —  сыр, сёння тут 15 сыравараў, вырабляецца больш за 50 вiдаў гэтага прадукту.

Сёлета найбольш запатрабаванае аказалася прысталiчча, натуральна, турыстычныя кампанii не спалi ў шапку i старалiся задаволiць павялiчаны попыт, з'явiлiся новыя аб'екты размяшчэння, экскурсii, праграмы, у тым лiку з тэатралiзацыяй.

Сярод найбольш папулярных аб'ектаў —  гiсторыка-культурны музей-запаведнiк «Заслаўе». Праведзена 236 экскурсiй, тут пабывала больш за шэсць  тысяч чалавек. А гiсторыка-культурны комплекс «Лiнiя Сталiна» прыняў дзясяткi тысяч аматараў ваеннай гiсторыi, сярод яго наведвальнiкаў сёлета былi турысты з 48 краiн свету. За дзевяць  месяцаў гэтага года праведзена 495 экскурсiй, у тым лiку 81 дабрачынная.

Турыстычныя кампанii працуюць над новымi маршрутамi, у якiя актыўна ўцягваюцца гаспадары мясцовых аграсядзiб. Адна з навiнак —  маршрут «Iгуменскi тракт: мiнулае i сучаснасць». Сама назва падказвае, у якiм напрамку будуць рухацца турысты (Iгумен — ранейшая назва Чэрвеня), але перш чым пачаць знаёмiцца з цiкавiнкамi прысталiчча, яны зазiрнуць у адзiн з найпрыгажэйшых паркаў сталiцы —  Лошыцкi — i даведаюцца пра яго сакрэты. Музеi мiнiяцюр, птушкi, ферма смаўжоў, майстар-класы па разьбярстве i кавальскiм рамястве, кулiнарныя сюрпрызы i выхаванне экасвядомасцi —  гэта ўсё можна сустрэць сёння, падарожнiчаючы па Iгуменскiм тракце.

Канешне, у 75-годдзе Вялiкай Перамогi запатрабаванымi ў Беларусi былi маршруты, звязаныя з ваеннай тэматыкай. Навiнкай гэтага года на Гомельшчыне стаў ваенна-патрыятычны маршрут «Вечнай памяццю жывыя», адзiн з пунктаў гэтага пазнавальна-адукацыйнага падарожжа —  палеская вёска Ала, пра якую не пiсалi ў падручнiках, не здымалi фiльмаў, хоць тут было знiшчана людзей у 12 разоў больш, чым у Хатынi.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».