Вы тут

Эфектыўныя мегаваты. Ад ветру, вады, сонца i смецця


Стварэнне электрыфiкаваных раёнаў шматкватэрных дамоў, укараненне новых тэхналогiй, якiя працуюць на электраэнергii, знiжэнне да канца года энергаёмiстасцi на 0,7 %, а таксама будаўнiцтва ў сталiцы завода для спальвання смецця, дзе будуць перапрацоўваць да паўмiльёна тон адходаў штогод. Гэтыя i iншыя планы дзяржпраграмы «Энергазберажэнне» на 2021—2025 гады, якая цяпер узгадняецца, а таксама некаторыя вынiкi папярэдняй агучылi спецыялiсты падчас анлайн-канферэнцыi ў БелТА.


Менш iмпартных ПЭР, больш айчынных МВП

Энергаёмiстасць ВУП Беларусi, па iнфармацыi мiжнароднага энергетычнага агенцтва, складае 160 кiлаграмаў нафтавага эквiваленту па парытэце пакупнiцкай здольнасцi на тысячу долараў ЗША (кг н.э./тыс. долараў). Нашу краiну па гэтым паказчыку можна параўнаць з такiмi дзяржавамi, як Фiнляндыя i Канада, аднак разам з тым ВУП Беларусi на 20 % вышэй за сярэднесусветны ўзровень. Пры гэтым курс на змяншэнне энергаёмiстасцi — не самамэта, каб наблiзiцца да энергаёмiстасцi сярэднесусветнага ўзроўню, а задача, каб як мага менш спажываць палiўна-энергетычных рэсурсаў, 83,5 % якiх краiна iмпартуе, паведамiў Мiхаiл МАЛАШАНКА, намеснiк старшынi Дзяржкамiтэта па стандартызацыi, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасцi:

— Ад энергетычнага складнiка ў значнай ступенi залежаць выдаткi вытворчасцi i матэрыяльны дабрабыт грамадства, а энергетычны патэнцыял эканомiкi i яе энергаэфектыўнасць у сучасным свеце — важны паказчык развiцця дзяржавы.

Для краiны, якая мае дэфiцыт уласных энергарэсурсаў, аптымальнае развiццё i функцыянаванне эканомiкi — адзiн з прыярытэтных кiрункаў дзейнасцi ўлады i ўсiх спажыўцоў i вытворцаў палiўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) для забеспячэння канкурэнтаздольнасцi прадукцыi на сусветным рынку. Таму павышэнне энергаэфектыўнасцi эканомiкi ў цэлым — адна з прыярытэтных задач дзяржавы.

Асноўны iнструмент правядзення энергаэфектыўнай палiтыкi ў краiне з 1996 года — распрацоўка i рэалiзацыя праграм энергазберажэння на кожныя пяць гадоў. Iх мэта — дасягненне эканомii ПЭР за пяцiгоддзе ад 5 млн тон умоўнага палiва (у. п.) да 7,5 млн тон у. п. За 2016—2020 гады трэба сэканомiць чарговыя 5 млн тон у. п., у тым лiку сёлета — 1180 тыс. тон у. п.

Асноўная задача — не павялiчыць энергаёмiстасць ВУП з улiкам росту ВУП i ўводу ў эксплуатацыю АЭС. Заслуга рэгiянальных упраўленняў Дэпартамента па энергаэфектыўнасцi i ўсёй сiстэмы ЖКГ — масавы ўвод энергакрынiц на мясцовых вiдах палiва (МВП). З 3,8 тысячы энергакрынiц у сiстэме ЖКГ 2,7 тысячы пераведзены на МВП, у асноўным шчэпкi i торф, удакладнiў ён.

РДФ-палiва i бiягаз

Жорсткая эканомiя ПЭР i змяншэнне затрат на ўсе вiды ствараемай прадукцыi, у тым лiку цепла- i электраэнергii, — задачы па павышэннi энергаэфектыўнасцi сацыяльна-эканамiчнага комплексу, якiя стаяць перад краiнай у наступным пяцiгоддзi, абазначыў Аляксандр ДАНIЛЕНКА, начальнiк вытворча-тэхнiчнага аддзела Дэпартамента па энергаэфектыўнасцi Дзяржстандарта:

— Распрацаваны i перададзены на ўзгадненне ўсiм заказчыкам i iншым зацiкаўленым асобам праект дзяржаўнай праграмы «Энергазберажэнне» на 2021—2025 гады, ужо атрымана заключэнне пастаяннай мiжведамаснай камiсii па дзяржпраграмам. Практычна ўсе заказчыкi ўзгаднiлi праект, засталося дамовiцца толькi з Мiнбудархiтэктуры, Магiлёўскiм i Гродзенскiм аблвыканкамамi. З iмi iснуюць некаторыя рознагалоссi па аб'ёмах выкарыстання на энергетычныя мэты на працягу наступнага пяцiгоддзя цвёрдых камунальных адходаў, так званага РДФ-палiва.

Асноўныя мэты праграмы — павышэнне энергетычнай самастойнасцi краiны за кошт павелiчэння ў структуры палiўна-энергетычных рэсурсаў МВП, гаручых адходаў, у тым лiку РДФ-палiва ў арганiзацыях цэментнай прамысловасцi. Павелiчэнне выкарыстання энергii ветру, сонца i натуральнага патоку вады i геатэрмальных крынiц, а таксама павышэнне энергаэфектыўнасцi для забеспячэння росту ВУП без значнага павелiчэння валавога ўжывання ПЭР, якое аб'ектыўна абумоўлена ўводам у эксплуатацыю АЭС.

Для дасягнення пастаўленых мэт у сферы энергазберажэння неабходна ў межах падпраграмы № 1 па павышэннi энергаэфектыўнасцi сэканомiць каля 2,5-3 млн тон у. п. ПЭР. А ў межах падпраграмы № 2 па развiццi i выкарыстаннi мясцовых ПЭР мяркуецца ўвесцi ў эксплуатацыю больш за 550 мВт магутнасцяў на драўняным палiве, што дазволiць павялiчыць выкарыстанне мясцовых палiўных рэсурсаў больш як на 151 тыс. тон у. п. i зменшыць ужыванне газу на 130 млн м3. За 2021—2023 гады мяркуецца стварыць у краiне ўстаноўкi аднаўляльных крынiц энергii (АКЭ) агульнай электрычнай магутнасцю 129,5 мВт, 15 мВт з якiх — бiягазавыя ўстаноўкi, 29,8 мВт — ветраэнергетычныя, 10 мВт — фотаэлектрычныя станцыi, 29 мВт — гiдраэлектрастанцыi, 5,6 мВт — мiнi-станцыi на драўняным палiве i бiямасе i 40 мВт — палiва ад цвёрдых камунальных адходаў, паведамiлi эксперты.

Зводнымi мэтавымi паказчыкамi праграмы да 2026 года стануць, па-першае, знiжэнне энергаёмiстасцi ВУП не менш чым на 7 % да сёлетняга ўзроўню пры тэмпах яго росту ў 2021—2025 гадах на 121,5 %. Па-другое, забеспячэнне долi МВП у валавым спажываннi палiўных рэсурсаў не менш за 16,1 %. Па-трэцяе, павелiчэнне выкарыстання АКЭ да 8 %.

— Дзяржпраграмай «Энергазберажэнне» на новую пяцiгодку (2021—2025 гады) запланаваны шэраг кiрункаў, якiя дазволяць рацыянальна выкарыстоўваць ПЭР i разам з тым павялiчыць электраспажыванне краiны ў цэлым. У дакуменце прадугледжаны цэлы раздзел, скiраваны на ўвод энергакрынiц, якiя выкарыстоўваюць цеплаэнергiю на ацяпленне i гарачае водазабеспячэнне, — дадаў Мiхаiл Малашанка.

Мяркуецца, што ўзвядзенне цэлых электрыфiкаваных раёнаў шматкватэрнай жылой забудовы дазволiць пры тэмпах будаўнiцтва ў 3,5 млн м2 у год штогод павялiчваць спажыванне электраэнергii на ацяпленне i гарачае водазабеспячэнне да прыкладна 370 млн кВт·г. Запланаваны i ўвод новых тэхналогiй, якiя будуць выкарыстоўваць электраэнергiю, у тым лiку для ацяплення ў невялiкiх населеных пунктах, дзе сабекошт цеплаэнергii вышэй за 100 рублёў за 1 Гкал. Намечана таксама ўкараненне новых тэхналогiй пераводу тэхналагiчных цыклаў з выкарыстаннем прыроднага газу на электратэхналогii.

Аптымальнае цеплакарыстанне i эфектыўная мадэрнiзацыя

Кiрункамi развiцця галiны энергазберажэння ў межах рэалiзацыi Мэт устойлiвага развiцця (МУР) да 2030 года стане далейшая мадэрнiзацыя i тэхнiчнае пераўзбраенне вытворчасцяў з укараненнем сучасных навукаёмiстых рэсурсазберагальных тэхналогiй з паглыбленнем аўтаматызацыi i электрыфiкацыi прамысловай вытворчасцi, абазначыў Аляксандр Данiленка:

— Плануецца павышэнне эфектыўнасцi работы iснуючых энергетычных магутнасцяў на аснове выкарыстання iнавацыйных энергаэфектыўных тэхналогiй з паэтапным вывадам з ужытку фiзiчна i маральна састарэлага абсталявання з абавязковым укараненнем сiстэм цеплынi адыходзячых дымавых газаў. А таксама максiмальнае павелiчэнне выкарыстання нiзкапатэнцыйных другасных энергарэсурсаў, у тым лiку за кошт укаранення абсарбцыйных бромiста-лiтыевых помпаў.

Пры ўвядзеннi новых шматкватэрных дамоў для скарачэння аб'ёму будаўнiцтва камунiкацый будуць аптымiзоўваць схемы цеплазабеспячэння за кошт выкарыстання электраэнергii на ацяпленне i гарачае водазабеспячэнне, у тым лiку праз ужыванне для гэтых мэт цеплавых помпаў. Паэтапная комплексная цеплавая мадэрнiзацыя эксплуатуемага шматкватэрнага жыллёвага фонду з прыцягненнем сродкаў уласнiкаў, згодна з Указам № 327, таксама павiнна паспрыяць аптымiзацыi спажывання цеплаэнергii. Уцяплiцца ў межах указа налета пагадзiлiся жыхары дзевяцi дамоў краiны: трох будынкаў у Брэсцкай вобласцi, аднаго — у Гродзенскай, двух — у Мiнскай i трох — у Магiлёўскай. У апошнiм рэгiёне, дарэчы, адзiн дом ужо прайшоў тэрмарэнавацыю, а два ў працэсе.

Павысiць эфектыўнасць цеплазабеспячэння мяркуецца i праз аптымiзацыю схем цеплазабеспячэння населеных пунктаў з лiквiдацыяй неэфектыўных цеплакрынiц або дэцэнтралiзацыю цеплазабепячэння з лiквiдацыяй доўгiх i незагружаных пара- i цеплатрас. Магчыма таксама ўкараненне, дзе гэта мэтазгодна эканамiчна i тэхнiчна, лакальных сучасных аўтаматызаваных электрычных крынiц цеплаэнергii, у тым лiку цеплавых помпаў. А на аб'ектах сацыяльнай сферы энергаэфектыўнасць павысяць за кошт рэалiзацыi комплекснай цеплавой мадэрнiзацыi, пералiчыў начальнiк аддзела кiрункаў рэалiзацыi энергаэфектыўных планаў:

— Плануецца мадэрнiзацыя сiстэм асвятлення з дапамогай энергаэфектыўных асвятляльных прылад, аўтаматычных сiстэм кiравання асвятленнем i сiстэм дыспетчарызацыi. А таксама сельскагаспадарчых вытворчасцяў з выкарыстаннем электрацеплавых установак для стварэння мiкраклiмату на комплексах жывёлагодоўлi, сушкi i актыўнай вентыляцыi збожжа. Задачы па энергаэфектыўнасцi дапамогуць выканаць укараненне гарадскога электратранспарту i электракараў, стварэнне крынiц энергii, якiя выкарыстоўваюць МВП, у асноўным драўнянае i тарфяное, а таксама гаручыя адходы. На гэта ж будзе працаваць i будаўнiцтва лакальных бiягазавых комплексаў у сельгасарганiзацыях, якiя разводзяць буйную рагатую жывёлу, свiней i птушку, на ачысных збудаваннях, палiгонах захоўвання адходаў. У арганiзацыях ЖКГ плануюць стварыць магутнасцi па вытворчасцi РДФ-палiва для яго выкарыстання на энергакрынiцах.

На выкананне дзяржпраграмы плануюць зрасходаваць каля 4,2 млрд беларускiх рублёў, прыкладна 288 млн з якiх возьмуць з рэспублiканскага бюджэту, каля мiльярда — з мясцовых бюджэтаў, 2,2 млрд — з уласных сродкаў арганiзацый, плануецца атрымаць 472 млн крэдыту i каля 230 млн — за кошт iншых крынiц фiнансавання.

Iрына СIДАРОК

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.