Вы тут

У найбліжэйшыя гады з тэрыторыі нашай краіны вывезуць поліхларыраваныя біфенілы і непрыдатныя пестыцыды


Беларусь як удзельнік Стакгольмскай канвенцыі аб стойкіх арганічных забруджвальніках узяла на сябе абавязацельствы пазбавіцца ад запасаў поліхларыраваных біфенілаў і непрыдатных пестыцыдаў. Цяпер рэалізуецца праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6», дзякуючы якому частка САЗаў будзе вывезена на знішчэнне за межы нашай краіны.


Фота: sputnіk.by

Што такое САЗы, і адкуль яны бяруцца

Сцісла нагадаем, што стойкія арганічныя забруджвальнікі — група сінтэтычных злучэнняў, якія прымяняюцца ў сельскай гаспадарцы ў якасці пестыцыдаў, выкарыстоўваюцца ў прамысловасці і ўтвараюцца самаадвольна ў якасці пабочных прадуктаў згарання ці прамысловых працэсаў. Яны могуць заставацца ў навакольным асяроддзі на працягу доўгага часу; перамяшчацца на значныя адлегласці струменямі паветра, вады; назапашвацца ў тлушчавых тканках людзей і жывёл, што негатыўна адбіваецца на іх здароўі.

У нашай краіне найбольшую пагрозу ўяўляюць непрыдатныя пестыцыды і поліхларыраваныя біфенілы (ПХБ). Непрыдатныя пестыцыды захоўваюцца часцей за ўсё на складах сельскагаспадарчых арганізацый у падземных сховішчах. Раней ПХБ шырока выкарыстоўваліся ў якасці дыэлектрыкаў і ахаладжальных вадкасцяў у сілавым электраабсталяванні. Аднак частка такіх агрэгатаў эксплуатуецца да гэтага часу.

Глабальны экалагічны фонд у дапамогу

У Беларусі пакуль няма прадпрыемства, на якім можна экалагічна бяспечна абясшкоджваць непрыдатныя пестыцыды або ПХБ. Ды і захоўванне, перавозка іх — справа вельмі няпростая. Для паспяховага вырашэння праблемы САЗ была неабходная як тэхнічная, так і фінансавая дапамога з боку міжнароднай супольнасці. І яна атрымана ў рамках праекта «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6», агульны аб'ём фінансавання якога складае 8,4 млн долараў ЗША, выдзеленых Глабальным экалагічным фондам (ГЭФ). Рэалізацыяй праекта займаюцца Мінпрыроды і Праграма развіцця ААН у Беларусі.

Засталося восем гадоў, каб пазбавіцца ад ПХБ

Між тым 18 зацікаўленых арганізацый і органаў дзяржаўнага кіравання прынялі ўдзел у падрыхтоўцы праекта Нацыянальнага плана выканання абавязацельстваў, узнятых нашай краінай па рэалізацыі палажэнняў Стакгольмскай канвенцыі на 2021—2025 гады. План дастаткова аб'ёмны. Спынімся на некалькіх яго пунктах: правядзенне інвентарызацыі абсталявання і адходаў, якія змяшчаюць ПХБ; забеспячэнне іх экалагічна бяспечнага захоўвання; выяўленне тэрыторый і ачыстка іх ад забруджвання ПХБ; арганізацыя экалагічна бяспечнага абясшкоджвання (знішчэння) абсталявання, якое змяшчае ПХБ.

«Цяпер у краіне налічваецца больш за 500 прадпрыемстваў — уласнікаў абсталявання, якое змяшчае ПХБ, а яго агульная вага складае больш за тры тысячы тон, — паведаміў Дзяніс КАВАЛЕНКА, кіраўнік праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Устойлівае кіраванне стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і хімічнымі рэчывамі ў Рэспубліцы Беларусь, ГЭФ-6». — На першым этапе ў рамках праекта плануецца знішчыць каля 430 тон абсталявання, якое змяшчае ПХБ, а таксама выведзенага з эксплуатацыі і пераведзенага ў склад адходаў».Кіраўніцтвам прадпрыемстваў распрацаваны дэталёвыя планы па замене абсталявання, якое змяшчае ПХБ, на сучаснае і бяспечнае. Другая важная задача — вываз выведзенага з эксплуатацыі абсталявання з тэрыторыі Беларусі для далейшага абясшкоджвання. У адпаведнасці са Стакгольмскай канвенцыяй да 2025 года ў нашай краіне павінна быць спынена выкарыстанне абсталявання з ПХБ, а да 2028 года ўсе адходы, якія змяшчаюць ПХБ, неабходна ліквідаваць.

«Мінпрыроды актыўна працуе над вырашэннем гэтай праблемы, і ёсць усе падставы меркаваць, што Беларусь выканае свае абавязацельствы», — рэзюмуе Дзяніс Каваленка.

Фота: worldbank.org

Дзеля экалагічнай бяспекі

У Беларусі, калі акругліць лічбу, налічваецца 10 тысяч тон непрыдатных пестыцыдаў. З іх 4200 тон — у падземных сховішчах, 5000 — у Комплексе па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў у Чачэрску і 1200 — на складах сельгаспрадпрыемстваў.

«У нашай краіне ёсць пяць падземных сховішчаў непрыдатных пестыцыдаў, створаных яшчэ ў савецкі перыяд, — расказаў Юрый КУЛІК, кансультант па наглядзе і каардынацыі работ з непрыдатнымі пестыцыдамі згаданага праекта. — З іх тры ў Віцебскай вобласці, па адным — у Гомельскай і Магілёўскай. Брэсцкая вобласць ужо ачышчана ад непрыдатных пестыцыдаў у рамках рэалізаваных раней нацыянальных праграм і праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі».

Згаданы Комплекс па перапрацоўцы і захаванні таксічных прамысловых адходаў, які ажыццяўляе прыёмку непрыдатных пестыцыдаў на працяглае захоўванне, плануецца пашырыць і пабудаваць уласнае прадпрыемства па абясшкоджванні непрыдатных пестыцыдаў і іншых небяспечных адходаў.

Дарэчы, Стакгольмская канвенцыя не прадугледжвае абавязацельстваў па ліквідацыі непрыдатных пестыцыдаў, аднак пазбаўляцца ад іх трэба дзеля экалагічнай бяспекі краіны і здароўя людзей. Таму ў рамках праекта за кошт сродкаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі запланаваны вываз і знішчэнне на спецыялізаваных аб'ектах па абясшкоджванні за межамі Беларусі непрыдатных пестыцыдаў, якія захоўваюцца на складах.

Цяпер у рамках праекта Мінпрыроды праведзены адкрыты конкурс на закупку паслуг па экалагічна бяспечным знішчэнні каля 700 тон непрыдатных пестыцыдаў, якія захоўваюцца на складах Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Паслугі ўключаюць у сябе комплекс работ: пераўпакоўку пестыцыдаў у адмысловую тару; атрыманне дазволаў на трансгранічную перавозку ў адпаведнасці з міжнародным заканадаўствам; ажыццяўленне бяспечнай транспарціроўкі да месца абясшкоджвання і непасрэдна экалагічна бяспечнае знішчэнне непрыдатных пестыцыдаў высокатэмпературным метадам.

Наступная вобласць, у якой плануецца правесці аналагічныя работы, — Мінская. Нагадаем, што да моманту заканчэння праекта, то-бок у 2022 годзе, на складах сельскагаспадарчых арганізацый не павінна застацца непрыдатных пестыцыдаў.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Стойкім арганічным забруджвальнікам засталося нядоўга

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».