16 студзеня, субота

Вы тут

Санлівасць, апатыя, хранічная стомленасць... Справа ў шчытападобнай залозе?


Шчытаподобная залоза — самы вялікі эндакрынны орган, і менавіта на яго прыпадае пераважная большасць эндакрынных хвароб. Пры гэтым клінічна значных сярод іх насамрэч не так і шмат. На якія прыкметы хваробы варта звярнуць увагу і адразу звяртацца да ўрача, а каму варта правярацца ў эндакрынолага нават без усялякіх сімптомаў, расказалі спецыялісты.


У 2019 годзе паталогія шчытападобнай залозы была ўпершыню зарэгістравана ў больш чым 400 тысяч беларусаў. Агульная колькасць пацыентаў з такім адхіленнем на ўліку ў медыкаў — амаль мільён. А гэта 40 % усіх зарэгістраваных эндакрынных хвароб.

Але ёсць усяго некалькі клінічна значных захворванняў шчытападобнай залозы. Найбольш распаўсюджаная — гіпатырэоз (зніжэнне функцыі шчытападобнай залозы). Яшчэ адно захворванне — тырэатаксікоз — звязана з павышэннем яе функцыі, але яго распаўсюджанасць адносна невялікая. З 400 тысяч зарэгістраваных летась хвароб тырэатаксікоз склаў усяго каля 10 тысяч. Яшчэ адна катэгорыя — злаякасныя новаўтварэнні шчытападобнай залозы.

— Анкалагічныя хваробы — тое, што вельмі хвалюе наша насельніцтва. У нас быў Чарнобыль, і нягледзячы на тое, што прайшло шмат гадоў, гэта ў памяці і эфект такіх хваляванняў мы назіраем і цяпер. Летась у краіне зарэгістравана ўсяго крыху больш за 1200 выпадкаў раку шчытападобнай залозы, — адзначае галоўны ўрач Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, галоўны пазаштатны эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат медыцынскіх навук Наталля Карловіч.

За апошнія дзесяцігоддзі структура захваральнасці шчытападобнай залозы значна змянілася.

— Калі 30 гадоў таму мы казалі, што палова нашых пацыентаў, а менавіта 54 %, мае нетаксічны валляк, уключаючы яго розныя вузлавыя формы, то сёння гэтыя 54 % — пацыенты з гіпатырэозам, — удакладняе галоўны ўрач Гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера Мінска, галоўны пазаштатны эндакрынолаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Алена Юрэня.

Ёдадэфіцыт пераможаны

Што датычыцца фактараў, якія выклікаюць захворванні шчытападобнай залозы, гэта найперш недахоп ёду. Геаграфічна Беларусь адносіцца да ёдадэфіцытных рэгіёнаў. Але спецыялісты сыходзяцца ў тым, што гэта праблема ў нашай краіне паспяхова вырашана, дзякуючы сістэме агульнага ёдавання солі.

— Рашэнні прымаліся на ўзроўні ўрада, былі комплексныя і сістэмныя. Міжнароднымі арганізацыямі прызнана, што праблема ёдадэфіцыту ў нашай краіне вырашана. І нават расіяне жадаюць пераняць наш вопыт, — кажа Наталля Карловіч.

Яна падкрэслівае, што пасля чарнобыльскай катастрофы адносіны да шчытападобнай залозы істотна змяніліся. Разам з тымі праблемамі, што існуюць аб'ектыўна, з'явілася і шмат міфаў.

— Часта пацыенты свае праблемы са здароўем моцна асацыююць са шчытападобнай залозай, нават даходзіць да кур'ёзаў. Дзяўчынка з сур'ёзнымі праблемамі, звязанымі з галаўным мозгам, была накіравана на кансультацыю да эндакрынолага. Калі спецыяліст зрабіў заключэнне, што з боку шчытападобнай залозы парушэнняў няма, маці напісала скаргу: як жа так, пры праблемах галаўнога мозга няма праблем са шчытападобнай залозай? Вось так часам пераацэньваюць яе ўплыў на здароўе.

Каму жыццёва неабходны ёд?

Дарэчы, у дзяцей у структуры ўсіх эндакрынных захворванняў паталогіі шчытападобнай залозы займаюць каля 70 %. Яны дзеляцца на тыя, што звязаны з парушэннямі структуры самой залозы (гэта вузлавыя, кістозныя ўтварэнні), а таксама тыя, што звязаны з парушэннямі яе функцыі (гіпа- і гіперфункцыя залозы).

На пачатак 2020 года самым распаўсюджаным захворваннем шчытападобнай залозы ў дзяцей быў эндэмічны, або просты нетаксічны валляк. Але спецыялісты нагадваюць, што яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму гэта захворванне сустракалася ў 70 % дзяцей, сёння — у менш чым 5 %.

— Дзякуючы праграме ліквідацыі ёднай недастатковасці мы маем некалькі важных вынікаў. Першы — зніжэнне пярвічнай захваральнасці на эндэмічны валляк. У 2015 годзе на 100 тысяч дзяцей гэты паказчык складаў 195,33, а ў канцы 2019-га — 158,76. На пачатак гэтага года з эндэмічным валляком на дыспансерным назіранні было крыху больш за 12,5 тысячы дзяцей, — кажа прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук Анжаліка Сонцава. — Другі крытэрый, які пацвярджае добрую забяспечанасць дзіцячага насельніцтва ёдам, — змяншэнне частаты прыроджанага гіпатырэоза. Гэта захворванне, якое цяпер эфектыўна дыягнастуецца, бо ў нашай краіне наладжаны нацыянальны скрынінг. І з 2015-га да 2019-га захваральнасць знізілася з 1,41 да 1,13 на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва.

Спецыяліст растлумачыла, што ёдны дэфіцыт уплывае найперш на інтэлектуальны патэнцыял дзіцяці. Яго недахоп і выкліканая гэтым нястача гармонаў шчытападобнай залозы ўжо ў першыя тыдні ўнутрывантробнага развіцця можа паўплываць як на закладку структур галаўнога мозга, так і на фарміраванне і саспяванне нервовай сістэмы дзіцяці. У норме колькасць гармонаў шчытападобнай залозы ў цяжарнай жанчыны ў першым трыместры цяжарнасці павялічваецца на 30—50 %. За кошт гэтага і адбываецца фарміраванне нервовай сістэмы плода. У другім трыместры цяжарнасці ўжо пачынае функцыянаваць уласная шчытападобная залоза плода і дапамагае шчытападобнай залозе мамы. Таму важна, каб і жанчына ў перыяд цяжарнасці і груднога кармлення атрымлівала дастатковую колькасць ёду.

Другая група, якая з'яўляецца групай рызыкі з-за ёдадэфіцыту, — гэта дзеці першых трох гадоў жыцця.

— Гэты перыяд з'яўляецца крытычным для фарміравання галаўнога мозга. І калі дзіця недаатрымлівае ёду, у выніку недахоп гармону шчытападобнай залозы можа паўплываць на інтэлектуальны патэнцыял, — тлумачыць дзіцячы эндакрынолаг. — Заўсёды пытаюць і пра падлеткаў, ці ўваходзяць яны ў групу рызыкі. Лічыцца, што яны таксама адчуваюць недахоп ёду, бо ў гэты час актыўна працякаюць працэсы росту і палавога саспявання. Тут цяжка адказаць адназначна. Але падлеткі таксама патрабуюць пільнай увагі з боку педыятраў і дзіцячых эндакрынолагаў. Бо гармоны шчытападобнай залозы актыўна ўдзельнічаюць у фарміраванні рэпрадукцыйнай функцыі і некаторых іншых.

Што выклікае такі рак?

— Так атрымалася, што наша пільная ўвага да шчытападобнай залозы была прыкавана пасля Чарнобыля. Калі цягам пяці гадоў пасля катастрофы мы сутыкнуліся з дзіцячым ракам, міжнародная супольнасць нам не паверыла. Прыехаўшы да нас, яны ўбачылі гэту ўзаемасувязь. Сёння можна сказаць, што адзіны від раку, які быў звязаны з аварыяй, — рак шчытападобнай залозы ў дзяцей, — расказвае ўрач-эндакрынолаг, загадчык кансультацыйна-дыягнастычнага аддзялення тырэоіднай паталогіі Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера Таццяна Ляонава. — Сёння мы ведаем, што ў групе рызыкі і тыя, хто на момант аварыі быў дзіцем да 18 гадоў. Рызыкуюць і людзі, якім у дзяцінстве праводзілася апраменьванне ў вобласці шыі — з нагоды хваробы Ходжкіна ці іншых. З часам у іх можа развіцца захворванне шчытападобнай залозы.

Таццяна Ляонава звярнула ўвагу і на ролю эндакрынных дызрапратараў. Гэта група хімічных злучэнняў, якія могуць пранікаць углыб клеткі і выклікаць змены на клетачным узроўні. Да іх адносяць пластмасы, рэчывы, якія ўваходзяць у склад мыйных сродкаў, шампуняў і іншыя.

— Цяпер многа кажуць і пра ўплыў нітратаў. З навакольнага асяроддзя можа ўзнікнуць трыгер (шкоднасці ў нас дастаткова), які запускае механізм, што вядзе да пухліны шчытападобнай залозы. Але тут часта мае месца спадчынны фактар. Нават калі мы кажам, што папілярны рак пры своечасовым і ўмелым лячэнні не перадаецца ў спадчыну, мы бачым цэлыя сем'і, у якіх і бацькі, і дзеці прааперыраваныя. Гэта важна ведаць. Часта пытаеш у пацыента анамнез, і высвятляецца, што мама прааперыравана, але ні ў кога не ўзнікала пытання, ці не трэба самому праверыць шчытападобную залозу. Гэта вельмі просты метад — зрабіць УГД. І спецыяліст або накіруе на біяпсію, або будзе назіраць за новаўтварэннем.

Медулярны рак шчытападобнай залозы, які лічыцца агрэсіўным, таксама можа быць спадчынны. Але ў нашай краіне маюцца прагрэсіўныя метады яго лячэння, у прыватнасці прэвентыўнае выдаленне.

— Дзякуючы малекулярна-генетычнай лабараторыі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава можна выявіць пэўныя мутацыі. І прэвентыўна правесці дзецям аперацыю па выдаленні шчытападобнай залозы. Летась было выяўлена 30 выпадкаў медулярнага раку, — адзначае Таццяна Ляонава. — Цяпер па колькасці выяўленага раку шчытападобнай залозы мы не вылучаемся, не ўваходзім нават у дзясятку краін з высокай захваральнасцю. Амерыка, Францыя, Германія далёка наперадзе нас. Добра што ў 90-я ў нас быў створаны Рэспубліканскі цэнтр пухлін шчытападобнай залозы (ён працуе на базе Мінскага анкадыспансера), дзе сканцэнтраваны хірургі і дыягносты, якія могуць правесці без ускладненняў хірургічнае лячэнне. На мінулым тыдні, напрыклад, мы паўторна прааперыравалі пацыента, якому дагэтуль была зроблена аперацыя ў Ізраілі з горшым эфектам, таму няма падстаў не давяраць прафесіяналізму нашых дактароў.

Як праверыць шчытападобную залозу?

Магчымасці дыягностыкі, лячэння і назірання ёсць у нашай краіне ва ўсіх рэгіёнах.

— Першапачаткова пацыент трапляе да ўрача агульнай практыкі, які і павінен западозрыць прыкметы эндакрыналагічнага захворвання, — тлумачыць Наталля Карловіч. — Яны звязаны з парушэннем функцыі або структуры шчытападобнай залозы. Калі ёсць падазрэнне на парушэнне ў структуры, то прызначаецца УГД. Калі ж функцыі, то тут праявы вельмі неспецыфічныя. Можа быць да 30 скаргаў, у тым ліку слабасць, санлівасць. Калі ў пацыента адна скарга, то наўрад ці трэба накіроўваць на аналіз, калі тры і больш з сімптомакомплексу, то імаверна, што захворванне маецца. Ёсць так званы аналіз на тырэатропны гармон, які і адкажа на многія пытанні. Некаторыя пытаюць: а як жа пашыраны аналіз? І нават робяць іх самастойна ў прыватных лабараторыях. Але ў большасці выпадкаў у ім няма патрэбы. Гарманальныя даследаванні можна зрабіць у любым рэгіёне. За мінулы год іх выканана 2,3 мільёна, з іх 700 тысяч — на тырэатропны гармон. Пры тым, што хворых усяго 400 тысяч.

Калі ўрач выяўляе паталогію, накіроўвае пацыента на кансультацыю эндакрынолага, якія ёсць у многіх гарадскіх і раённых паліклініках, Мінскім гарадскім эндакрыналагічным і абласных дыспансерах.

Калі варта звяртацца да эндакрынолага?

— Найперш гэта групы рызыкі — людзі, якім на момант чарнобыльскай аварыі было да 18 гадоў; тыя, у каго ёсць блізкія сваякі з прааперыраванай шчытападобнай залозай; таксама калі ў дзяцінстве было апраменьванне галавы і шыі. Тут варта абследавацца і без сімптаматыкі. Акрамя таго, калі ў люстэрка ўбачылі павялічаную шчытападобную залозу ці нейкую прыпухласць, звяртайцеся да ўрача. Дагэтуль пры распаўсюджанасці дыягностыкі на прыём прыходзяць жанчыны з прыкрытай хусткай шыяй, не заўсёды пажылыя, у якіх новаўтварэнне 5-10 см. Яго на шыі не заўважыць немагчыма. Калі парушана функцыя, то гэта сімптомы гіпатырэозу: стамляльнасць, санлівасць, ацёчнасць. Таксама гэта нагода звярнуцца да ўрача агульнай практыкі, — кажа Таццяна Ляонава.

— Калі ў дзіцяці маецца лішняя вага цела ці атлусценне, калі яно марудна расце, калі ёсць парушэнні менструальнага цыкла ў дзяўчынак, у бацькоў маюцца захворванні шчытападобнай залозы, то варта звярнуцца да эндакрынолага, — дадае Анжаліка Сонцава.

Ці трэба дадаткова прымаць ёд?

— Неабходнасці цяпер у гэтым няма. Магчыма, часам патрэбна падлеткам, дзецям і цяжарным жанчынам, але гэта павінен прызначыць урач. Неабавязкова нават самім набываць толькі ёдаваную соль. На прамысловым узроўні соль выкарыстоўваецца толькі ёдаваная. І калі вы ўжываеце хлеб, кандытарскія, каўбасныя вырабы і іншыя прадукты, гэтага дастаткова. Ёд не выветрываецца з прадуктаў, як з сальніцы. А вось бескантрольнае выкарыстанне калію ёдыду можа выклікаць утварэнне кістознага валляка. Таму трэба прыслухоўвацца да ўрача, — кажа Наталля Карловіч.

Для нармальнай работы шчытападобнай залозы, акрамя ёду, неабходны такія мікраэлементы, як медзь, селен, кобальт.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Калі маці як дзіця, або Як пасябраваць з самымі роднымі людзьмі, якія на старасці гадоў сталі асаблівымі

Што рабіць, калі нечакана маці або бацька сталі вельмі настойліва заяўляць пра сябе?

Культура

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак  і лічыў адзіным багаццем кнігі

Слухаць сняжынкі, сачыць за ростам травы. Янка Сіпакоў не любіў тусовак і лічыў адзіным багаццем кнігі

Вось ужо дзесяць гадоў, як пісьменнік Янка Сіпакоў застаўся ў сваіх кнігах — і тых, што падарыў, а найперш, у тых, што напісаў... А споўнілася б яму сёння 85 гадоў.