Вы тут

Чым карысныя ЭМ-прэпараты і як іх правільна ўжываць?


Ні для каго не сакрэт, што не толькі ад мікра- і макраэлементнага саставу любога тыпу глебы залежыць здароўе культур, якія растуць на ёй, і ўрадлівасць у цэлым, але таксама — ад «працы» глебавай мікрафлоры. Чаму б не дадаць карысных бактэрый на свае градкі.


Якім чынам? Пры дапамозе адмыслова распрацаваных мікрабіялагічных угнаенняў, закліканых павысіць даступнасць мікраэлементаў у глебе для раслін. Такія ўгнаенні атрымалі назву ЭМ-прэпаратаў — прэпаратаў з «эфектыўнымі мікраарганізмамі».

Што ж такое на самай справе гэтыя ЭМ-прэпараты і як іх правільна ўжываць?

Натхняльнікам стварэння незвычайных на той момант угнаенняў стаў у сярэдзіне 80-х гадоў ХХ стагоддзя японскі вучоны. Ён і тэрмін «эфектыўныя мікраарганізмы» прапанаваў, і першы прэпарат з імі вынайшаў. Мэтай эксперымента было павысіць натуральную ўрадлівасць глебы — у кароткія тэрміны, з малымі выдаткамі і, вядома, без усялякіх хімікатаў.

Сутнасць новага прэпарату была ў тым, каб сабраць «у адным месцы» пабольш карыснай глебавай мікрафлоры, якая і стан глебы паляпшае, і раслінам дапамагае лепш засвойваць карысныя рэчывы з грунту. Справа ў тым, што ў натуральных прыродных умовах гэтым розным арганізмам часта патрабуюцца розныя ўмовы існавання, ды і колькасць бактэрый у глебе вельмі нестабільная і залежыць ад мноства знешніх фактараў. У японскім жа прэпараце былі сабраны дзясяткі відаў бактэрый, якія, як паказала практыка, выдатна працавалі. У выніку — экалагічна чыстыя і высокія ўраджаі без асаблівых затрат часу і сіл.

Тэхналогія стала хутка заваёўваць увесь свет, а на постсавецкай прасторы з'явілася ў канцы 90-х, разам з прэпаратам Байкал-ЭМ1.

Што ўваходзіць у склад ЭМ-прэпаратаў? Як мы ўжо згадвалі, гэта розныя карысныя для гумусаўтварэння і развіцця раслін мікраарганізмы:

  • азотфіксуючыя бактэрыі,
  • фотасінтэзуючыя бактэрыі,
  • дражджавыя грыбкі,
  • бактэрыі-актынаміцэты,
  • ферментуючыя грыбы.

У кожнай групы свае «мэты і задачы». Гэта:

  • паскарэнне гумусаўтварэння,
  • падаўленне дзейнасці хваробатворных мікраарганізмаў,
  • паляпшэнне структуры глебы,
  • паскарэнне раскладання арганікі ў глебе,
  • паляпшэнне азотфіксацыі,
  • паскарэнне прарастання насення,
  • узмацненне фотасінтэзу,
  • стымуляцыя коранеўтварэння, росту і развіцця раслін.

У выніку мы маем павышэнне якасці, колькасці і лёжкасці ўраджаю, а таксама дэкаратыўнасці культурных раслін.

Зразумела, у розных прэпаратах утрымліваюцца розныя «камбінацыі» мікраарганізмаў, якія старанна падбіраюцца, у залежнасці ад меркаванай мэты выкарыстання. Існуюць «сумесі» з двух-трох арганізмаў і цэлыя «супольнасці» з дзясяткаў прадстаўнікоў розных відаў. У прамысловых прэпаратах уся гэтая мікрафлора знаходзіцца ў выглядзе канцэнтрату ў неактыўным стане і здольная захоўвацца доўгі час без страты сваіх уласцівасцяў.

ЭМ-прэпараты: для чаго, як і калі правільна выкарыстоўваць

Каб актывізаваць ЭМ-прэпараты, звычайна вылучаюць комплекс фактараў — святло, вільготнасць, павышэнне тэмпературы, кісларод паветра. Звычайна крамны канцэнтрат дастаткова развесці цёплай вадой у суадносінах, паказаных на ўпакоўцы.

Затым яго можна задзейнічаць некалькімі спосабамі:

  • для перадпасяўной апрацоўкі насення і пасадачнага матэрыялу,
  • для ўзбагачэння глебы,
  • для вырабу ЭМ-кампосту,
  • для пазакаранёвай або каранёвай падкормкі культурных раслін,
  • для барацьбы з пустазеллем,
  • для раскладання арганікі ў дачных туалетах і выграбных ямах.

Насенне і клубні рэкамендуецца замочваць у растворы ЭМ-прэпарату непасрэдна перад пасадкай на 2—10 гадзін. Гэты працэс павышае ўсходжасць і абараняе ад патэнцыйных захворванняў, паралельна абсяваючы прыкаранёвую зону карыснымі мікраарганізмамі.

Можна рабочы раствор ЭМ-прэпарату для ўмацавання імунітэту, стымуляцыі росту і паскарэння коранеўтварэння ўжываць і для апырсквання расады — як перад пасадкай, так і пасля яе, з інтэрвалам 1—2 тыдні.

ЭМ-прэпараты актыўна выкарыстоўваюцца для паскарэння паспявання кампосту. З такімі дадаткамі «хуткі» саспее ўжо праз 1—3 месяцы.

ЭМ-прэпараты выдатна падыходзяць для ўзбагачэння глебы карыснай мікрафлорай, прыгнёту флоры патагеннай, а таксама для аднаўлення грунтоў пасля знясілення або хімізацыі.

Уносіць іх у глебу можна і ўвосень, пасля ўборкі ўраджаю, і ўвесну, перад пасадкай раслін, і проста ў лункі пры высадцы расады або высеве насення. Такая працэдура і глебу аздаровіць, і рост і развіццё раслін стымулюе.

Водны раствор ЭМ-прэпаратаў — выдатнае ўгнаенне як для каранёвай, так і для пазакаранёвай падкормкі любых раслін.

Раз у два тыдні можна апырскваць свае пасадкі вадкім ЭМ-прэпаратам, а некалькі разоў за вегетацыйны сезон — паліць (толькі не пад самыя карані, каб не «абпаліць» іх).

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.