Вы тут

Чаму 25 гадоў назад 75% тых, хто прыйшоў на рэферэндум, прагаласавалі за змену сімволікі


Сярод спрэчак, якія разгарнуліся вакол сімволікі — дзяржаўнай і недзяржаўнай, сярод эмоцый, якімі найперш часта кіруюцца прыхільнікі і праціўнікі (а эмоцыі, як правіла, нараджаюцца там, дзе не стае ведаў), дата 14 мая 1995 года аказалася, можна сказаць, зусім забытая. А між тым, менавіта ў той дзень лёс дзяржаўнай сімволікі ў гісторыі незалежнай Беларусі і вырашаўся. На ўсенародным рэферэндуме з 4 мільёнаў 830 тысяч 582 выбаршчыкаў, якія на яго прыйшлі, на пытанне «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?» станоўча адказалі 3 мільёны 622 тысячы 851 чалавек — 75,1 працэнта.

Гэтыя лічбы не давялося шукаць у падручніках — дастаткова было пагартаць падшыўку «Звязды» за 1995 год. Газета шырока асвятляла і працэсы, якія з нагоды рэферэндуму адбываліся ў тагачасным Вярхоўным Савеце (на яго яшчэ былі вынесены пытанні і аб наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, і аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, і аб магчымасці спынення дэпутацкіх паўнамоцтваў Прэзідэнтам, калі дэпутат парушае Канстытуцыю), і самі пытанні народнага абмеркавання. Былі розныя думкі, розныя пункты гледжання. Але варта адзначыць, што галоўнай тэмай абмеркавання на старонках «Звязды» была мова. Сапраўды народныя пісьменнікі Іван Шамякін, Максім Танк грунтоўна разважалі аб яе будучыні. А вось тэму сімволікі гэтыя вядомыя пісьменнікі не закраналі ўвогуле. Можа, таму што ваявалі, баранілі Беларусь не толькі словам…


Як бы там ні было, большасць, прычым пераважная — тры чвэрці з тых амаль шасцідзесяці пяці працэнтаў грамадзян, што ўдзельнічалі ў рэферэндуме, сказалі сваё слова. «Лічбы больш красамоўныя, чым словы», — напісала «Звязда» ў загалоўку ад 16 мая, падводзячы папярэднія вынікі рэферэндуму. Але цяпер, здаецца, важныя менавіта словы. Бо пра лічбы, як і пра сам факт рэферэндуму, многія не помняць, а тыя, хто ў тым жа 95-м нарадзіўся, можа, і ўвогуле не ведаюць. І мала хто задаецца пытаннем, чаму большасць людзей тады прагаласавала за новую сімволіку, адрокшыся ад бела-чырвона-белага сцяга і «Пагоні», якія, здавалася, сімвалізавалі і свабоду, і незалежнасць, і новае жыццё. Ад іх адмовіліся тры мільёны і амаль шэсцьсот дваццаць тры тысячы жыхароў краіны — і гэта ўжо гістарычны факт. Чаму — здаецца, цяпер менавіта той момант, калі варта аб гэтым гаварыць і аналізаваць.

— У той час спрацавалі, на маю думку, два фактары, — разважае кандыдат гістарычных навук, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Вячаслаў
ДАНІЛОВІЧ.
 — Безумоўна, у тыя часы яшчэ было нашмат больш, чым сёння, людзей, якія прайшлі вайну, якія знаходзіліся пад фашысцкай акупацыяй і бачылі на свае вочы зверствы фашыстыў і іх паслугачоў. У гэтых людзей той жа БЧБ-сцяг быў часткай гэтай іх памяці.

І давайце згадаем тое, што пытанне аб сімволіцы было вынесена на рэферэндум пасля шматлікіх зваротаў грамадскіх арганізацый і асобных грамадзян, якія казалі, што гэтай сімволікай карысталіся тыя, хто супрацоўнічаў з акупацыйнай уладай. Другі фактар, таксама, на маю думку, значны — што гэта сімволіка ў пачатку 90-х з'явілася адначасова з тымі сацыяльна-эканамічнымі праблемамі, з якімі сутыкнулася Беларусь і беларусы пасля распаду Саюза. У свядомасці большасці насельніцтва змена дзяржаўнай сімволікі асацыявалася з адмоўнымі працэсамі, якія адбываліся ў краіне. Жыццё пад новым сцягам і гербам не палепшылася — наадварот. Таму, калі прапанавалі сімволіку памяняць (а дадайце да гэтага яшчэ і згаданую памяць пра вайну) — большасць з гэтым пагадзілася....

— Калі згадваць памяць пра вайну. Мне здаецца, маладзейшыя пакаленні, што вайну не памяталі, і тады, у 90-я, пра калабарацыянісцкую сімволіку зусім не ведалі. Прынамсі, у падручніках гісторыі гэтай інфармацыі дакладна не было...

— У гэтым быў пралік савецкай ідэалогіі. Былі дакументальныя фільмы пра калабарантаў, дзе было відаць, што гэта сімволіка суседнічала з фашысцкай — і гэта гістарычны факт, але хто калі гэтыя фільмы глядзеў і паказваў. А ў падручніках асобна напісана сапраўды нічога не было, таму што не хацелі лішні раз паказваць нацыяналістаў. І гэта неакцэнтаванне ўвагі было памылкай. Ведалі толькі гісторыкі ды ваенныя пакаленні... А трэба было глядзець на перспектыву, бо замоўчванне можа прывесці пасля да нечаканых наступстваў..

— Выходзіць, загаварылі пра гэта ўслых толькі ў 90-я, калі разгарнулася дыскусія?

— Калі звяртацца да фактаў, трэба казаць і пра тое, што ў пачатку 90-х большасць Вучонага савета Інстытута гісторыі Акадэміі навук падтрымала ідэю надаць БЧБ-сцягу і «Пагоні» статус дзяржаўных сімвалаў. Але адразу пачала выказвацца незадаволенасць тых жа ветэранскіх арганізацый, іх абурэнне мела грамадскі рэзананс, выклікала дыскусію, што ўрэшце і прывяло да пытання аб рэферэндуме — калі кожнаму грамадзяніну далі магчымасць выказацца на гэты конт — самае дэмакратычнае з існуючых рашэнняў.

— А з пункту гледжання ўжо аналізу гістарычнай навукі — наколькі правільны быў крок наблізіць альтэрнатыўную новую сімволіку да сімволікі БССР? Можа, варта было б стварыць зусім новы варыянт?

— Каб прыдумаць новы варыянт — патрэбна вялікая грунтоўная даследчыцкая работа, якая ў тым ліку тлумачыла б і значэнне сімвалаў. Але ж ужо існавала добра знаёмая грамадству і нічым не заплямлемая сімволіка БССР, прынятая ў 1951 годзе. Дарэчы, яна мае глыбокія сэнсавыя пласты. Тут вам і старажытны славянскі колер сонца і жыцця — чырвоны: яшчэ з часоў старажытнай Русі славяне баранілі свае землі пад чырвонымі сцягамі, сцяг ВКЛ цягам некалькіх стагоддзяў таксама быў чырвонага колеру, як і сцягі ССРБ, ЛітБел і БССР да 1951 года. Дадайце сюды больш сучасную трактоўку — колер крыві, якую продкі пралілі за свабоду — усё разам выходзіць вельмі сімвалічна. Калісьці пры БССР вучылі, што зялёны — гэта колер беларускіх лясоў. Але, калі заглыбіцца далей у славянскую сімволіку, — гэта колер багіні Лады — захавальніцы ладу ў сям'і, грамадстве, дзяржаве. Арнамент на нашым сцягу — увогуле з'ява для дзяржаўнай сімволікі вельмі рэдкая, калі яго прачытаць з пункту гледжання народнага сімвалізму — гэта сімвал засеянага поля, якое дасць ураджай. Велізарная станоўчая канатацыя закладзена ў гэты сцяг, і ці варта было штосьці кардынальна мяняць? Пад гэтым сцягам БССР у пасляваенныя гады вельмі паспяхова развівалася ў параўнанні з іншымі савецкімі рэспублікамі, было шмат зроблена — была закладзена тая сацыяльна-эканамічная, і грамадска-палітычная, і культурная аснова, якая стала неабходным фундаментам для пабудовы нашай сучаснай незалежнай краіны, якая кіруецца ўласнымі інтарэсамі, а не тым, што ёй навязваюць «дабрахоты» звонку.

— Цяпер у дыскусіях нярэдка гучыць думка, што бела-чырвона-беламу сцягу, дакладней, усім справам, якія пад ім пачынаюцца —
нават з самых высакародных імкненняў — нібыта наканаваныя няўдачы...

— Я таксама пра гэта думаю. БНР, якая не стала рэальнай дзяржавай, Слуцкае паўстанне, якое было падаўлена, рэйд Булак-Булаховіча, які скончыўся нічым, ад пачатку правальная спроба калабарантаў стварыць нешта пад крылом Трэцяга рэйха, самы цяжкі перыяд у незалежнай Беларусі звязаны з гэтай сімволікай. Гэта на першы погляд здаецца, што няважна, пад якім сцягам жыць, на самай справе, гісторыя ўласна сведчыць, што гэта вельмі важна. У тым ліку і аналізаваць тое, што адбывалася ў жыцці тваёй краіны пад тымі ці іншымі сімваламі, ведаць гэта, хаця б дзеля таго, каб пазбегнуць уласных памылак, бо яно нікуды не знікае, яно ўплывае і на наступныя пакаленні. Але ні ў якім разе не трэба адракацца, маўляў, БЧБ-сцяг — гэта не наша гісторыя. Бо гэта будзе не меншая памылка, якая з часам выльецца ў нешта падобнае на тое, што маем цяпер. У гісторыі кожнага народа ёсць моманты, якімі трэба ганарыцца, і моманты, за якія сорамна. Але і тыя, і іншыя — гэта наша гісторыя, і ўзвышаць першыя і маўчаць пра другія — няправільна. Напрыклад, мы павінны ведаць, што БЧБ-сцяг быў дзяржаўным пэўны час у Беларусі — гэта факт. Але гэта толькі частка фактаў, сюды трэба дадаць і ўжо згаданыя няўдачы, і калабарантаў, і рэферэндум, калі большасць людзей сказала гэтаму сцягу «не».

— Як гэта растлумачыць сёння тым, хто, калі праводзіўся рэферэндум, яшчэ не нарадзіліся, і веды ў іх — абсалютна рамантычна-павярхоўныя?

— Трэба размаўляць, даводзіць гістарычныя факты, як мага шырэй гаварыць пра іх. Канешне, калі чалавек іншыя думкі не ўспрымае, гэта цяжка зрабіць. Але, я ўпэўнены, у нас такіх людзей няшмат. А да астатніх трэба спрабаваць дастукацца праз усе каналы інфармацыі, даносіць аб'ектыўную гісторыю, прапаноўваць задумацца. У нас жа разумныя людзі, разумная моладзь. І на тым жа самым рэферэндуме галасавалі іх бацькі і бабулі-дзядулі. Можа, варта спытаць у іх — чаму... І вельмі важна, як паказалі ў тым ліку і сучасныя падзеі, каб тое, за што нам сорамна, таксама было адлюстравана ў падручніках гісторыі. (Дарэчы, нядаўна на пасяджэнні дзяржаўнай камісіі па падручніках абмяркоўвалі, як у падручніку гісторыі Беларусі для 11 класа расказваць пра калабарантаў часоў Вялікай Айчыннай. І гаварылі пра тое, што, напэўна варта даць у якасці ілюстрацый дакументальныя фотаздымкі, якія сведчаць, пад якімі сцягамі яны хадзілі і чые партрэты разам насілі). Гэта веданне павінна быць са школьных гадоў, як і веданне таго, чым мы можам і павінны ганарыцца, як і глыбокае разуменне сэнсу, які закладзены ў дзяржаўную сімволіку... Гісторыя наша складаная і разнастайная, але яе трэба ведаць, бо іншай у нас няма, і захаваць яе можам толькі мы, бо нікому, акрамя нас саміх, гэта не патрэбна.

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Падчас вывучэння гэтай тэмы ад іншага суразмоўніка — нашага пастаяннага аўтара, даследчыка народнай культуры Янкі Крука, давялося пачуць вельмі цікавыя разважанні пра глыбокае прачытанне арнаменту на нашым дзяржаўным сцягу. Але пра гэта асобна — у наступным нумары.

Загаловак у газеце: «Лічбы больш красамоўныя, чым словы»

Выбар рэдакцыі

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.

Грамадства

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства.

Спорт

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Мастацкая гiмнастыка — гэта любоў. У выпадку з беларускай гiмнастыкай можна сказаць, што гэта яшчэ i Любоў Чаркашына.