Вы тут

Вячаслаў Нікіфараў: «Адмаўляцца можна ад сатрапаў, ад нейкай ідэалогіі, але не ад таго, што было з народам»


Вячаслаў Нікіфараў: «Адмаўляцца можна ад сатрапаў, ад нейкай ідэалогіі, але не ад таго, што было з народам»

Кінарэжысёр са стажам больш за палову стагоддзя, уладальнік многіх узнагарод, улічваючы Дзяржаўную прэмію СССР («Бацькі і дзеці») і расійскага «Залатога арла» («Палач»), Вячаслаў Нікіфараў — пра тое, як стаў беларусам, што адбываецца з айчынным кінематографам і калі нас чакае яго росквіт.

Фота Юрыя Іванова

— Вы нарадзіліся ў Расіі. І ў першы раз убачылі Беларусь як студэнт УДІК (ВГИК), а праз пяць гадоў прыехалі здымаць фільм «Бераг прынцэсы Люські» і засталіся надоўга. Як вы станавіліся беларусам?
— Ой, надоўга! (Смяецца.) На цэлых пяцьдзясят гадоў! У Беларусі быў паспяховы дэбют. Спачатку прафесійныя прычыны, потым вельмі спадабалася краіна, людзі. А з мінулага лета ўсведамляць сябе беларусам — яшчэ большы гонар.
Нават у савецкі час пра Беларусь мала ведалі. Калі вяртаўся ў Расію, там часта пыталіся: «Што гэта наогул за людзі — беларусы?» (Смяецца.) Першае, што я казаў: «Вы ведаеце, як на іх мове гучыць слова “глазки”? Вачаняткі!» Гэта, вядома, эфектна дзейнічала. Часта грузіны пыталіся, ну і я, улічваючы іх контуры, адказваў, што ў беларусаў, у большасці, невялікія насы. (Усміхаецца.) Наогул, дзіўна пра гэта разважаць. Я рос на Паўночным Каўказе, а потым у Сібіры. І каго толькі не было ў маім дзяцінстве: грэкі, армяне, чачэнцы, адыгейцы. Пра расізм, антысемітызм я даведаўся ў дваццаць пяць гадоў у Маскве. Для мяне нацыянальная разнастайнасць з дзяцінства арганічная. Мы з сям’ёй шмат пераязджалі і заўсёды прыжываліся. Таму і ў Беларусі ў мяне не было праблем.
— Так, тут вас чакала Дзяржаўная прэмія СССР і пасада старшыні Беларускага саюза кінематаграфістаў.
— Ваша праўда, у 1986 годзе я быў абраны кіраўніком Саюза кінематаграфістаў, ён тады размяшчаўся ў Чырвоным касцёле. Каталікі патрабавалі вярнуць святыню. «Ну мы ж разумеем, хлопцы, што касцёл ваш, але нам жа таксама не на вуліцу ісці». Да таго ж, кінематаграфісты выратавалі гэты будынак, бо Саюз рэгулярна выдзяляў грошы на рамонт. Улада паступала подла: сутыкала нас ілбамі з каталікамі і іншага будынка проста не давала. Толькі калі ўжо дайшло да эксцэсаў, пачалі нешта думаць і ў рэшце рэшт перасялілі на Карла Маркса.
У канцы 80-х нават далі прытулак у касцёле штабу Беларускага народнага фронту. Яны вывесілі са двара бел-чырвона-белы сцяг. Ну а як не пусціць? Там Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Уладзімір Арлоў... Людзі неверагоднай адукаванасці і таленту. Дык са мной кожны тыдзень ветліва гутарыў маёр КДБ: «Ну добра, я разумею, яны ў вас затрымаліся, але сцяг зніміце хаця б». Я кажу: «Ён вісіць з унутранага боку. Ды і ўвогуле, тое, што я ведаю пра Беларусь, пра яе гісторыю, дае меркаваць, што гэты сцяг стане аднойчы дзяржаўным». І я меў рацыю! Цікава, што думаў потым з гэтай нагоды той маёр.
Стаўленне ўлад да кінематографу яшчэ ў канцы 80-х прывяло да таго, што мы маем цяпер. Гэта была планамерная палітыка знішчэння саюзаў. Тады яшчэ існавала дванаццаць — пятнаццаць недзяржаўных студый. І ўзначальвалі іх у асноўным рэжысёры: Міхаіл Пташук, Аляксандр Карпаў, Валер Рыбараў, я ў тым ліку. І некаторыя студыі былі вельмі паспяховымі, іх можна лічыць зародкамі нацыянальнага прадзюсарства. Прычым скіраванага на якасць, а не на камерцыю, таму што на чале стаялі ў першую чаргу таленавітыя людзі. Паступова прадзюсарствам пачалі займацца кінапракатчыкі, дырэктары кінатэатраў. Адным словам, кінафікатары — тэхнічныя спецыялісты, якія абслугоўваюць працэс дэманстрацыі фільмаў.

З дочкамі. Фота Юрыя Іванова

— Беларускае кіно — цяжкая тэма. Апошнім часам пра яго кажуць кепска або ніяк…
— Пра гэта не любяць гаварыць, але айчыннага кіназнаўства даўно ўжо няма (грамадскіх спілаў накшталт трыбун, канферэнцый, яркага ўдзелу прэсы). Ну, адзінае, «Лістапад», але гэта толькі асобныя ўспышкі. А значыць, ні традыцыі, ні працэс не адсочваюцца. Нічога няма, мы на мёртвым полі. Не хацеў гэтага казаць. (Задуменна.)
Яшчэ з 1985-га я марыў зняць фільм пра Еўфрасінню Полацкую. І тры гады гэтым займаўся, нават збіраліся сродкі: хадзіў па банках, людзях. І ўсё роўна ўсё сышло ў пясок. Міністэрства: «Няма грошай». Кажу: «Добра, давайце знойдзем хоць бы на сцэнар, ну хаця б на канцэпцыю». Я падключыў Уладзіміра Бутрамеева, Аляксея Дударава, знаўца беларускай культуры Адама Мальдзіса — гігантаў у гісторыі і літаратуры. Хацеў зрабіць канцэпт, прапусціць праз навукоўцаў, каб людзі, якія прыйдуць праз дваццаць гадоў, маглі нешта стварыць. Але ў нас па-ранейшаму няма фільма пра Еўфрасінню Полацкую, Францішка Скарыну — легендарнейшых постацей беларускай гісторыі. Яшчэ толькі спее нацыя, і хтосьці гэты працэс вельмі моцна тармозіць. Я нібы з пісанай торбай нашуся са сцэнарыем «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» па Караткевічу ўжо шмат гадоў. Нікому не трэба. Бо гэта самасвядомасць, адчуванне самаідэнтычнасці і годнасці. Лепшае, што можна зрабіць для свайго народа, — даць яму магчымасць прыпасці да вытокаў. Гэта змякчае норавы, абуджае ўсведамленне сябе, моц, сілу, традыцыі, гісторыю. Трошкі апраўдвае, што гэта агульнасусветны трэнд глабалізацыі. Але я не палітолаг, не хочацца словам сказіць нейкія паняцці, гэтыя рэчы вельмі тонкія.
Ёсць і фільмы ў пэўнай ступені гістарычныя — «Авантуры Пранціша Вырвіча», «Янка Купала». Але такія спробы можна назваць «баязлівымі». Яны спантанныя і не сталі асэнсаваным трэндам.

Рабочы момант. Аператар — А. Рудзь. Фота Юрыя Іванова

— Чуткі вакол фільма «Янка Купала» не сціхаюць. Ён так і не выйшаў у пракат, хаця вельмі рэкламаваўся. Што здарылася?(Пытанне задавалася да таго, як фільм нехта выклаў у сеціва.)
— Мне застаецца толькі гадаць. Глядацкіх прэм’ер з абмеркаваннем няма. Для мяне, ды і для ўсіх, хто ў кіно, гэта дзіўна, такое заўсёды было падзеяй. Заўсёды ведалі прычыны затрымкі. Цяпер нейкі шахер-махер. Яшчэ да юбілею Перамогі здымалі «Лёс дыверсанта». Дык пра гэтую карціну яшчэ менш вядома, чым пра «Янку Купалу». Падазраю, таму, што сцэнар быў даволі банальны і фільм не вельмі якасны. І таму маўчаць: скажаш, што фільм не атрымаўся, — спытаюць, навошта тады ўкладваліся.
У баёпіку па жыцці Янкі Купалы ёсць вельмі эфектныя кадры. І ў ім ёсць тое, што вельмі каштоўна для кіно як такога — унікальная інтанацыя, аўра нацыянальнай культуры. Цяпер фільмы вельмі ясна дыферэнцыруюцца: касава-глядацкія і артхаўснафестывальныя. Гэтая кінастужка, канечне, другое, там не ўваходзяць у рамкі праблемы нацыянальнага, лёс паэта і гэтак далей. Янка Купала — светач нашай культуры, таму асабіста мне не вельмі спадабалася, што аўтары зрабілі з яго ахвяру. Але гэта іншае пытанне. Я судзіць не бяруся, таму што канчатковай аўтарскай версіі не бачыў, ды і гэта не могуць абмяркоўваць два чалавекі — патрэбна грамадскасць. Чаму не выйшаў? Значыць, такая каманда зверху была.
Беларускае кіно ў вялікім заняпадзе: абарваныя сувязі пакаленняў, традыцыі. Носьбіты пералічанага — людзі. Грэбаванне, ігнараванне іх (у дадзеным выпадку я маю на ўвазе старых майстроў) — такімі тэмпамі хутка пачнём з нуля. Становішча вельмі і вельмі сумнае.
— Што ж можна зрабіць, каб фільмы акупаліся?
— У Беларусі менш за сто кінатэатраў. І калі квіток каштуе рублёў 6-7, то нават сярэдні каштарыс на вытворчасць сучаснага фільма, з нармальнымі заробкамі (а для беларуса гэта менш, чым у Амерыцы і нават у Расіі), не акупаецца. Гэта значыць, што для таго каб стужка акупілася, кожны з нас павінен схадзіць у кінатэатр ад трох да пяці разоў. Нешта я нідзе не чуў за апошнія дваццаць гадоў, каб такое было. Значыць, узнікае думка, што гэтыя фільмы могуць ісці яшчэ недзе, заваяваць іншыя рынкі. Але гэтага не адбудзецца без унікальнасці айчыннага кінематографа. Сем мільярдаў унікальных людзей — двух аднолькавых не знойдзеш. Тое ж самае і з культурамі, мовамі. Тут бы ўсе спрэчкі ў духу некаторых чыноўнікаў і высокапастаўленых асоб Расіі аб тым, што беларуская мова штучна створана, спыніць. Хопіць паміж людзьмі і нацыямі, верамі і мовамі развязваць войны. Гэта злачынна ў ХХІ стагоддзі. Менавіта таму трэба паказаць і з дапамогай кінематографа, што гэта не так. Таму што ўнікальнасць нашай мовы даказаная. Унікальнасць нас як народа не можа выклікаць сумневу, гэта факт. Дык дзе ж кінематограф, які адлюстроўваў бы гэта? У нас кепскія фільмы, бо яны мала таго што падобныя да чаго заўгодна, дык яшчэ і па рамяству дрэнна зробленыя. Хтосьці з вялікіх сказаў, што кінематограф — гэта сума тэхналогій, асобы і асяроддзя. Усё вызначаецца вышынёй пастаўленай мэты. Калі мэта дастаткова высокая, то яна датычыцца не толькі кіношнікаў, але і міністэрстваў, адміністрацыі прэзідэнта, дзеячаў культуры, журналістаў. Вось нядаўна ўсвядоміў, што ў беларускім кіно я ўжо больш за палову стагодддзя! (Усміхаецца.) За гэты час былі фільмы рознай якасці, але раней яны адлюстроўвалі нейкую частку культуры, гісторыі, унікальнасці гэтых людзей і зямлі.

Сям’я. Фота Мікалая Семяненка

— Дык фільмы такой накіраванасці мусяць быць і ў сцэнарным партфелі кінастудыі, атрымліваецца.
— Вы што-небудзь чулі пра стратэгіі сцэнарнага партфеля кінастудыі? І ніхто не чуў. Вы думаеце, у саюзе кінематаграфістаў яго бачылі або абмяркоўвалі? Не. Калісьці у нас штомесяц выходзіў бюлетэнь пра тое, чым займаецца саюз. Мы абаранялі таварышаў, абмяркоўвалі рэпертуарны план, выказвалі недавер галоўнаму рэдактару студыі, старшыні Дзяржкіно, аргументавана. А ён рабіў у сто разоў больш тады, чым цяпер гэтыя спадары! (Смяецца.)
Мы цікавыя свету толькі тым, што мы ёсць. А мы — гэта Караткевіч, Багдановіч, Быкаў, Дудараў і да бясконцасці, мы — гэта зямля, мы — гэта гісторыя, боль і ў той жа час гонар. Адмаўляцца можна ад сатрапаў, ад нейкай ідэалогіі, але не ад таго, што было з народам. Мы ў дзяцінстве марылі быць падобнымі да Данка, які вырваў сэрца і асвятліў ўсё вакол. А цяпер бы сказалі: «Будзеш як Данка, дык табе вырвуць сэрца». І вось з гэтага пачынаецца пачварнасць нашага часу. А Данка ўсё адно ёсць і будуць.

Фота Юрыя Іванова

— Згодна з вашымі словамі, адраджэнне беларускага кінематографа павінна пачацца з фільма на гістарычную тэму. Вы згадалі сваю мару пра экранізацыю твора Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Калі гэта нарэшце адбудзецца?
— Не ведаю, я не ўпэўнены (задуменна), што са мной ці без мяне Караткевіч наогул будзе экранізаваны. А там такі сцэнар (з замілаваннем), я за столькі гадоў прадумаў да дробязей, з якіх ракурсаў, якім чынам здымаць, на чым засяродзіцца, як інтэрпрэтаваць да сучаснасці… Зноў жа паўтару: мы цікавыя сваёй унікальнасцю! Кустурыца, напрыклад, сваіх дзівакоў пачаў паказваць, і ўсяму свету стала цікава. Іранскае кіно — добры прыклад, у Румыніі таксама, хоць і невялікая краіна. Па-за гістарызмам усе мастацкія, творчыя патугі непаўнавартасныя. Штогод дзяржава дае прыкладна пяць-сем мільёнаў долараў на кіно — мастацкае, дакументальнае і анімацыйнае разам. Мала? Малавата. Але дастаткова для таго, каб рабіць хоць бы раз на пяць гадоў нейкі добры фільм? Мяркую, так. Яшчэ адно пытанне ў тым, што ні капейкі не закладзена на прасоўванне стужкі, а на рэкламу часам сыходзіць амаль палова каштарысу фільма. Дзесяць мільёнаў выдаткавалі — пяць мільёнаў на раскрутку. Такі сучасны свет. Таму што без раскруткі нават добры фільм ляжыць ды пакрываецца пылам.
З якімі намаганнямі я прасоўваў свой фільм «Тум-Пабі-Дум». Прыйшоў у адзін з кінатэатраў (а па адной-дзве афішы мы раздалі ў кожны) і кажу: «А дзе афіша?» — «Ой, не ведаю, згубілася», — і паціскае плячыма. Здавалася б, у вас не шмат сродкаў, але хоць іх выкарыстоўвайце! І плюс яшчэ дзве дзяржаўныя газеты і Мінкульт выцерлі ногі аб фільм. А сямейны фільм, для дзяцей — рэдкі і запатрабаваны жанр. І гэта не да мяне такое стаўленне, а агульнае ўяўленне аб кінасправе.

— Падчас працы мастацкім кіраўніком на «Беларусьфільме» вы ўсё ж аптымістычней выказваліся…
— Я быў на гэтай пасадзе ўсяго паўгода. Гэта ў іх называецца «намеснік генеральнага дырэктара па творчасці», і чамусьці на гэтай пасадзе нельга здымаць фільмы. Таму мяне паставілі ў памочнікі, каб мог заняцца сваёй стужкай «Тум-ПабіДум». А потым не вярнулі. Праз нейкі час і зусім скарацілі. Супольнасць кінематаграфістаў наогул вельмі спецыфічнае месца: шмат даносаў, зайздрасці, плётак. «Божа, пазбаў мяне вока, але толькі каб у суседа двух не было». Гэта ёсць у нашым чалавеку, асабліва ў кінематаграфістах. Як правіла, калі згуртаванне не займаецца сваёй культурнай справай, яно дэструктыўнае. Народ ад натоўпу адрозніваецца вышынёй пастаўленай мэты. Ды і не толькі цяпер, напэўна. Я атрымаў свае першыя жылыя метры праз сямнаццаць гадоў знаходжання ў беларускім кінематографе, будучы ўжо заслужаным дзеячам мастацтваў і лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР! Памятаю, паклікаў падпісаць дакументы тагачасны прэм’ер-міністр Міхаіл Кавалёў і ўсё пытаў, як такое магчыма, што дагэтуль кватэры не маю.
Стратэгіі няма, таму працэс спарадычны. Ствараецца прахадное кіно, бяскрылыя аднадзёнкі. Вось юбілей міліцыі быў у 2017 годзе. Знялі «Сляды на вадзе». «Мы ў цяжкія часы ды так знялі!» — гаварылі некаторыя. Тое, што студыя напружылася і нарэшце зняла фільм, — не перамога. І рэжысёра не смею папракнуць, ён сваю справу выканаў добра. Але навошта вы зрабілі фільм пра НКУС 1947 года? Я нічога не маю супраць: гераічны час, пасляваенны, але НКУС не мае ніякага дачынення да сённяшніх культурных запытаў. У фільме наогул ніякіх прыкмет Беларусі. Дык а тады навошта ён? Тым больш пра структуру, якая столькі награшыла ў дачыненні да беларусаў. Але праз некаторы час неяк пераканалі грамадства, што гэта гераічнае кіно «Беларусьфільма». І так пры маўклівай згодзе ўзровень нашага кіно падае і падае. Лепш бы аб курсанце Акадэміі МУС знялі, як ён выратаваў каго-небудзь з аварыі — нешта, што падымала б аўтарытэт, калі хочаце, гераізавала б. Можа, і міліцыя была б больш чалавечная пасля гэтага... Кінематограф можа быць цікавы толькі актуальнасцю матэрыялу. Але мала, калі я буду хадзіць і казаць гэта ўсім навокал. Ну як мінімум па гэтым пытанні трэба правесці навукова-практычную канферэнцыю, на яе запрасіць журналістаў, кіназнаўцы павінны напісаць некалькі навуковых артыкулаў, а хтосьці нават абараніць дысертацыю…

«Я і конь»

— Вы якраз выкладалі на факультэце экранных мастацтваў у БДАМ тры гады. Але чаму не засталіся?
— Гэта было ў пачатку нулявых. Міхаіл Пташук загінуў у аўтакатастрофе, яго студэнтам заставалася два ці тры гады вучыцца. Я вёў іх курс далей, але ў рэшце рэшт мне не прапанавалі застацца. І не паклікалі потым. Хацелася б, каб больш прадстаўнікоў айчыннай школы кіно выкладалі. Але цудоўнейшы Ігар Дабралюбаў не выкладаў, Валер Рыбараў не выкладае, Андрэй Кудзіненка выкладаў у Акадэміі мастацтваў, але цяпер, наколькі ведаю, не. Кудзіненка! Надзея беларускага кіно, яму ж не заўсёды будзе сорак з лішнім! Вось хто зрабіў бы вялікі фільм пра Скарыну. Старых майстроў засталося зусім мала: Ігар Волчак у анімацыі, Анатоль Алай — у дакументальным ды яшчэ некалькі, дзесяці не набярэцца ў трох відах кіно. А мы ж не заўсёды былі старпёрамі, дзесяць ці дваццаць гадоў таму мы былі ого-го! Я чаму сямнаццаць гадоў працаваў у Расіі? Мне за гэты час ніводнай прапановы не паступіла ў Беларусі. У мяне сям’я тут, якую я вельмі люблю, пераехаць — ніяк, а працы няма. На «Лістапад» я прасіў білецік. А фестываль быў заснаваны намі, саюзам кінематаграфістаў, у 80-х гадах. Цяпер жа мы, майстры, не можам патрапіць на мерапрыемства.
— Ці плануеце нешта здымаць бліжэйшым часам?
— Больш за ўсё чалавека забівае незанятасць. Вось на каранціне засумаваў. Напісаў сцэнар кавід-камедыі «Канспіралогія кахання». Кастынг, але незвычайны: дваццаць — трыццаць незнаёмых адзін аднаму людзей у памяшканні. Яны дзеляцца сваімі меркаваннямі, кім бы яны хацелі быць у гэтым свеце, каб выжыць, пры наяўнасці якіх якасцей можна быць паспяховым. І потым становіцца ўжо незразумела: яны насамрэч такія людзі ці выдумляюць. А вакол нейкія нечаканасці: з’яўляюцца грошы, відэакамеры, АМАП, труп, наркотыкі, раскрываюцца характары. Мне важна было паказаць, што дзякуючы бацыле недаверу, фантазёрству, канспіралогіі, паніцы можна маніпуляваць людзьмі. Як толькі ім штосьці ўкінеш, усякія забабоны пачынаюць працаваць. І як важна не губляць сябе ў такім свеце. Але напісаў я гэта вясной. Цяпер восень. Я выкінуў сцэнар — нядаўнія падзеі зрабілі яго мізэрным.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.

Грамадства

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства.

Спорт

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Мастацкая гiмнастыка — гэта любоў. У выпадку з беларускай гiмнастыкай можна сказаць, што гэта яшчэ i Любоў Чаркашына.