Вы тут

Я — Ева твая…


Настасся Нарэйка
нарадзілася 28 кастрычніка 1986 года ў Маладзечне.



 


Я — Ева твая…

* * *
Празрыстае неба зацягнецца хутка аблокамі,
Што колеру бэзу і пахнуць таксама як бэз.
Іду па траве. Асцярожна. Маленькімі крокамі.
І вецер палошча сукенку, зялёную спрэс.

Адчуць, што нічога не вернецца, час не павернецца
Назад. І на сцежку адну два разы не ступіць.
Я ведаю гэта. Ды толькі чамусьці не верыцца,
Што рвецца аднойчы ўсяго нават моцная ніць.

Ісці. І няхай анічога не будзе наперадзе,
Акрым неабсяжных садоў, і травы, і вады.
Ісці. Гэты рух памагае забыцца аб верадзе
У сэрцы маім, дзе было аж замнога жуды.

Ісці. І аднойчы дарога застыне на беразе.
І бэзу не будзе. А толькі — пранізлівы крык
Самотнае чайкі, што помніць пра белыя ветразі.
Стары карабель у глыбінях загадкавых знік…

За плачам вады і праз ветру скуголенне дзікае
Не чую, як сэрца рыдае глыбока ўнутры.
Не чую, як рвецца душа ў падарожжа вялікае.
Яму не бываць! Прадзімаюць да костак вятры.

Стаяць на такой вышыні, што дыханне збіваецца.
Маўчаць, не глядзець. Хай пануе адзін толькі слых.
Я ведаю. Гэта яно ў глыбіні нараджаецца.
Я ведаю ўсё. І чакаю я крокаў тваіх.

* * *
Закрэслі турботы мае гэтай вострай маланкай!
Хай сыплюцца зоры дадолу. Ім лёгка ляцець.
Хай месячык сёння не срэбра, а звонкая медзь.
Я вечнасць жыву з безнадзейнай сваёй ліхаманкай.

Схавай, захіні. Навальніца раскроіла неба
На скібы, і пахне гарэлым. І шчэрыцца печ.
І я разумею адну жыццядайную рэч:
Такога чарнюткага хлеба нікому не трэба.

А я? Ці патрэбна табе? Я шукаю адказу.
І страх працінае да самых апошніх глыбінь.
Я стану патрэбнай табе. Неадменна! Амін.
Ты ведаў, што стану. Калі? Ад пачатку? Адразу?!

Глядзіш у душу. Не баішся. І я не баюся.
Гудзе навальніца. Няхай. Цішыня ж унутры.
Маўчу. І віруюць па свеце сівыя вятры.
Маўчу. І жыву. І пішу. Уначы. І малюся.

* * *
Не глядзі на лісты, што пісаў мне не ты.
Хай у слоў — неадольная сіла.
Не глядзі на язмін, што гарчэй за палын.
Я ніколі язмін не любіла…

Не глядзі на чужых падарункаў ману,
Бо яны не сагрэюць ніколі.
Не пастаў мне цярпення майго ў віну.
Мне твайго не адужаці болю.

Ён пакіне мой дом, як няпрошаны госць.
Я і ў плечы яго не штурхаю.
У цябе перавага магутная ёсць:
Неадольна цябе я кахаю.

* * *
Устаць, пакуль яшчэ пануе ціша,
Пакуль вятры прачнуцца не паспелі.
Ружовае святло на шыбах піша.
Сукенка спіць мая ў тваім фатэлі.
Зялёная. І кветкі, кветкі, кветкі
Разбегліся малечай па тканіне.
Хай спяць яны, няўрымслівыя дзеткі.
Ад стомы сон і следу не пакіне.
Кране рука шыфон. Ён цёплы будзе,
Нібы акрайчык ліпеньскае ночы.
І скажаш ты, і ўсе пачуюць людзі:
«Зялёныя ў маёй каханай вочы».
І сэрца словы лішнія скасуе.
Я не пачую — не лічы заганай, —
Што мне сукенка гэтая пасуе,
Бо чую толькі светлае — «каханай».

* * *
Такая цеплыня жыве ўва мне,
Нібыта сонца золатам сцякае
Па венах. Пазіраеш на мяне
І кажаш: «Ты прыгожая такая…»
Не верыцца, але ў вачах тваіх
Маё святло ярчэй за сонца ззяе.
І я хачу сагрэць — сагрэць усіх,
Хто ў неба закахана пазірае.
І льюцца словы звонкія з мяне,
Папера іх прымаць не паспявае.
І вершы па душы, як па струне,
Бягуць. І бег таксама сагравае.
Такая цеплыня жыве ўнутры!
Удосталь, каб Сусвету адагрэцца.
Бязмежнаму Сусвету, дзе вятры
Спяваюць. І тваё спявае сэрца.

* * *
І слёзы мае праліюцца дажджамі маёвымі,
І кветкамі сад аджыве. А хацелі ссячы…
Мінула зіма з маразамі пакутна-суровымі.
Мінае вясна. І ад радасці нам не ўцячы.

І ведаю, што будзе яблычнай гэтая восень.
Ідзеш па траве басанож. Не пужаюся я.
І яблык адзін на світанні нырцуе ў просінь
Халоднай расы. Разумееш? Я — Ева твая.

* * *
Калі б можна было расчыніць на світанні акенца
У маёвую квецень, саскочыць хутчэй на траву
І пабегчы — ляцець! І няхай разрываецца сэрца.
І расхрыстаны ветрык калмаціць няхай галаву!

І ляцець! І не думаць пра туфлі, забытыя дома,
І не думаць пра мокры падол. І няхай? І няхай!
 І не думаць зусім! Гэта цяжка. Вядома, вядома.
Я змагу. Я бягу. Я лячу. Не штурхай. Не штурхай…

І спыніцца, дзе пахне язмінам, нібы навальніцай.
Паваліцца ў траву. І глядзець, як глядзелі даўно
Закаханыя ў неба. І з сэрца жывога крыніца
Тут заб’е. Невымоўнага шчасця п’янкое віно.

І вочы заплюшчыць. І плыць, нібы човен блакітны.
І ведаць, што бераг жаданы бліжэй і бліжэй,
Што лета надыдзе. І позірк яго аксамітны
Па твары слізне. І апусціцца неба ніжэй.

І страху не будзе. І неба з зямлёю зліюцца.
Нічога не будзе. Забудуцца морак і страх.
Язміну сняжынкі бязважкія ў вальсе заўюцца.
Я ціха засну, як дзіця, у цябе на руках.

* * *
Паслухай… Я вельмі баюся сляпой навальніцы.
З той ночы халоднай мінула нямала гадоў.
Іх змыла даўно, але мне ўсё працягваюць сніцца
Агністай маланкі страла і трымценне садоў.

Ім страшна было. Долу яблыні квецень скідалі.
А потым трашчалі і самі — уніз, аб зямлю.
Паслухай… Вятры так бязлітасна голле ссякалі,
Што я адчувала іх боль і пустое «малю!»

Калі сярод ночы падскочу і сэрца як рана,
А вочы сухія і полымем ясным гараць,
За вокнамі ціха зусім. І здаецца падманам
Трывожны спакой. Бо на бітву збіраецца раць.

І грымне яшчэ! І абрынецца чорнае неба.
Прачнуся. І цемра прыцісне мяне да зямлі.
Прашу: абдымі. Анічога мне болей не трэба.
Паслухай… Каханне сваё нада мной раскрылі.

І белы спакой прыляціць і апусціцца ціха.
Стагоддзямі я ў навальніцы мінулага сплю.
Прашу: адвядзі, адвядзі неўтаймоўнае ліха.
Паслухай. Паслухай мяне. Я люблю. Я люблю…

Выбар рэдакцыі

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.

Грамадства

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства.

Спорт

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Мастацкая гiмнастыка — гэта любоў. У выпадку з беларускай гiмнастыкай можна сказаць, што гэта яшчэ i Любоў Чаркашына.