Вы тут

Пацукбург і таямнічы Ларбор: кнігі для дзяцей і падлеткаў


Алесь Пісьмянкоў. Бабчыны дранікі. Мінск, Мастацкая літаратура, 2020

У серыі “Жывая класіка дзецям” выйшлі вершы выдатнага паэта Алеся Пісьмянкова. Гэта добры падарунак маленькім беларусам – кнігу можна выкарыстоўваць як для пазакласнага чытання ў школе, так і проста чытаць дома разам з бацькамі. І нездарма адкрываецца яна вершам “Мы – беларусы”, герой якога разам з татам складае свой радавод. Вершы пра залатое сонейка і заечы хлеб, які прыносяць з лесу, шмат каму з дарослых нагадаюць пра ўласнае бесклапотнае дзяцінства. Маленькім гарэзам, безумоўна, спадабаецца гісторыя пра Ката-мушкецёра, які адпраўляецца шукаць мышыную сталіцу Пацукбург. Не адзін верш прысвечаны грыбнікам і рыбакам – адчуваецца, паэт ведае тоўк у гэтых занятках. А залацістыя дранікі-бульбянікі, спечаныя бабуляй, нібыта просяцца з кніжнай старонкі на талерку. Як і звараныя мамай маліны, што ратуюць узімку ад прастуды. Знойдзецца на старонках кнігі і адказ на пытанне: “Чаму вожык не стрыжэцца?” Не дзіўна, што ўлетку маленькі герой вершаў Алеся Пісьмянкова аддае перавагу не падарожжу на далёкае мора, а едзе ў госці да дзеда ў вёску. Кніга вучыць любіць свой беларускі край, знаходзіць цудоўнае ў мясцовых краявідах і сябраваць з істотамі, якія насяляюць лес, поле, вясковы падворак.

Святлана Аўдзейчык. Кніга Здольных. Мінск, Галіяфы, 2020

Апошнім часам у беларускіх выдавецтвах адзін за адным выходзяць творы ў жанры фэнтэзі, што само па сабе ўсцешвае, бо добрай літаратуры для падлеткаў у нас бракуе. «Кніга Здольных» Святланы Аўдзейчык, «Ключ дарог» Ліліі Ільюшынай, «Вараціш-гара» Маргарыты Латышкевіч — прыклады якаснага фэнтэзі для дзяцей школьнага ўзросту.

«Кніга Здольных» раскрывае перад чытачамі таямнічы свет Ларбора, дзе жывуць дзіэндары – уладальнікі чароўных здольнасцяў (дзіэнаў). Адораныя дзеці ларбарэйцаў навучаюцца ў адной з дзвюх школ – Аквіле і Серпенце, якія чамусьці варагуюць паміж сабой. А ёсць яшчэ бездары, ёсць жахлівыя пронгі, што жывуць у парку Карнігард і зарабляюць на існаванне пошукамі міраіту – скамянелай смалы містычных дрэваў тэронаў. У пронгаў час ад часу ператвараюцца прадстаўнікі эліты Ларбора. Ці ёсць ад гэтага паратунак, ніхто не ведае. Увогуле ва ўяўленнях дзіэндараў пра сябе і навакольны свет шмат белых плямаў, бо згублены ключ да таямнічых першакрыніцаў – старажытная мова ветус, на якой ніхто ў Ларборы больш не размаўляе. Захаваліся толькі надпісы на ветусе, ды яшчэ свяшчэнная кніга ў бібліятэцы, прачытаць якую ніхто не можа. Рой, навучэнец Аквілы, які апынуўся ў цэнтры загадкавых падзей, звязаных з пошукам Сакруму, раптам выяўляе ў сабе незвычайную здольнасць чытаць на ветусе. Але неўзабаве высвятляецца: гэты яго дзіэн цікавіць надта многіх – і далёка не ўсе з іх маюць добрыя намеры. Аўтарка абяцае працяг.

Алена Брава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?