Вы тут

Амерыканская перакладчыца з Бабруйска


Яшчэ ў 1967 годзе наша зямлячка Міра Гінзбург пераклала раман “Майстар і Маргарыта” Міхаіла Булгакава на англійскую мову — відаць, упершыню ў Амерыцы і ў свеце


Міхаіл Маргуліс

Калі хто зоймецца складаннем літаратурнай карты Бабруйскага краю, то, несумненна, згадае народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова, рэпрэсаванага празаіка Барыса Мікуліча, паэта, празаіка, перакладчыка Міколу Аўрамчыка, паэтэсу Святлану Басуматраву ды іншых. Нямала літаратараў, якія нарадзіліся ці пэўным чынам звязаны з Бабруйшчынай. А вось ці згадаюць будучыя даследчыкі, літаратурныя краязнаўцы Міру Гінзбург, якая нарадзілася ў Бабруйску 10 чэрвеня 1909 года? Мяркую, пакуль не ўсе пра яе й ведаюць. Але весткі пра нашу зямлячку знайшліся.

Мне перадалі цікавую кнігу Міхаіла Маргуліса “Адзін на адзін з жыццём (з успамінаў)”, якая выйшла ў Мінску ў выдавецтве “Галіяфы”. Аўтар расказвае пра свае сустрэчы з палітыкамі, грамадскімі й царкоўнымі дзеячамі, акцёрамі, мастакамі, прэзідэнтамі. Жыве Міхаіл Маргуліс у ЗША, нарадзіўся і вырас у Кіеве. Шмат гадоў назад эміграваў у Злучаныя Штаты Амерыкі. Ён — аўтар больш чым дзесяці кніг, шматлікіх публікацый. Сярод апошніх выданняў — і зборнік “Туга па раі. Раман і сорак пяць апавяданняў”. Узначальвае ў Амерыцы кніжнае выдавецтва. Выпускаў газету “Литературное зарубежье”, часопіс “Литературный курьер”. Жыве ў горадзе Норт Порт (штат Флорыда). Дык вось, гартаючы старонкі новай кнігі, знайшоў я раздзел “Перакладчыца карыфеяў”. Чытаю: “Аднойчы ў Нью-Ёрку, у кнігарні Мікалая Мікалаевіча Марцьянава, афіцэра з першай рускай эміграцыі, я пачуў, як жанчына распытвае гаспадара пра магчымыя рукапісы й кнігі Міхаіла Булгакава ці звесткі пра жыццё гэтага пісьменніка”. І далей: “Мы з ёю пазнаёміліся — і загаварылі пра рускую літаратуру.

Яе звалі Міра Гінзбург.

Гэта быў 1977 год, і змрочная “жалезная заслона” аддзяляла СССР ад Захада. Мы гаворым і гаворым, я радуюся выдатнай мове сваёй суразмоўніцы, і раптам высвятляецца, што нарадзілася яна ў Беларусі, але з дзяцінства жыве ў Канадзе і ў Амерыцы.

“Бог ты мой!” — усклікнуў я, страшэнна здзіўлены, ведаючы, што эмігранты, якія зусім нядаўна прыехалі, перакручваюць мову ды ўстаўляюць у яе, калі трэба й калі не трэба, англійскія словы.

Міра Гінзбург

Высветлілася, што бацькі, інтэлігентныя адукаваныя людзі, вывезлі яе за акіян яшчэ падлеткам. Руская мова стала для яе планетай даследаванняў у літаратуры і ў музыцы. Незвычайныя здольнасці паспрыялі ёй захаваць мову ў рэдкай чысціні, з зайдросным запасам слоў. Але асноўнай мовай, канешне ж, сталася англійская.

Размаўляем далей, і я ізноў ледзьве не падаю з крэсла ад здзіўлення. Высвятляецца, што яна яшчэ ў 1967 годзе пераклала “Майстра і Маргарыту” Булгакава на англійскую мову, відаць, упершыню ў Амерыцы і ў свеце…”

Нізкі паклон Міхаілу Маргулісу за дапамогу ў “адкрыцці” славутай зямлячкі. Нарадзілася Міра ў сям’і Іосіфа Гінзбурга й Броні Гейер. У 1923‑м яны пераехалі ў Лібаву. (Сёння Ліепая, Латвія. — Рэд.) Верагодна, што ўжо не з Бабруйска, а з Масквы ці Ленінграда. Бацька ж яе быў актыўным “бундаўцам”. А БУНД, нагадаем, гэта Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы, Расіі. Іначай кажучы, яўрэйская сацыялістычная партыя. Заснаваны напрыканцы 1890‑х, БУНД працаваў да канца 1940‑х. У Расіі, праўда, быў забаронены ў 1921 годзе. А ў Польшчы — у 1948‑м. БУНД лічыў сябе адзінай палітычнай сілай, якая змагалася за інтарэсы яўрэйскага рабочага класа. Лева-сацыялістычная партыя выступала за дэмакратычныя змены й грамадскае аб’яднанне сродкаў вытворчасці, так што бундаўцаў можна лічыць паслядоўнікамі марксізма. БУНД выступаў супраць эміграцыі яурэяў у Палестыну, але бундаўцы верылі, што стварэнне свецкай сістэмы адукацыі, падтрымка нацыянальна-культурнай аўтаноміі яўрэяў, развіццё культуры на мове ідыш дасць магчымасць захаваць адзінства нацыі. Праўда, Кастрычніцкую рэвалюцыю бундаўцы не падтрымалі. Бацька Міры Гінзбург, па некаторых сведчаннях, быў знаёмы з У. І. Леніным. Калі правадыр сусветнага пралетарыяту пайшоў з жыцця, калі палітыкай у Расіі кіравалі ўжо іншыя людзі, Іосіф Гінзбург зразумеў, што месца яму ў гэтай краіне няма.

У эміграцыі жыццё сям’і Гінзбургаў складвалася няпроста. Бацька захварэў. Па жыцці Міры давялося прабівацца самой. З 1938‑м яна сур’ёзна занялася перакладчыцкай справай. Перакладала ў асноўным з рускай мовы, якую (пра што сведчыць і Маргуліс, які сустрэў перакладчыцу, калі ёй было пад 70 гадоў) выдатна захавала ў сваёй свядомасці. І якую, канешне ж, развівала, бо відавочна, што ў Міры Гінзбург быў адметны, выключна тонкі густ. У 1962 годзе ў перакладзе М. Гінзбург на англійскую мову выйшла кніга “Азеф” Рамана Гуля. У 1963‑м — “Гісторыя савецкай літаратуры” Веры Аляксандравай. Магчыма, пераклад менавіта гэтай працы прынёс перакладчыцы вялікую вядомасць, паспрыяў яе актыўным стасункам з кніжнымі выдавецтвамі.

Вера Аляксандрава, якая нарадзілася ў 1895 годзе, з маладосці была звязана з рознымі рэлігійна-філасофскімі групамі. А ў 1921‑м яна ўступіла ў партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (меншавікоў). Пасля Грамадзянскай вайны эмігравала ў Германію, затым пераехала ў Францыю, пасля — у ЗША. На працягу амаль 40 гадоў настойліва й добрасумленна пісала агляды савецкай літаратуры. Была сталым аглядальнікам газет “Социалистический вестник” (Берлін), “Новое русское слово” (Нью-Ёрк). Працавала галоўным рэдактарам выдавецтва Чэхава ў Нью-Ёрку. Надрукавала серыю кніг з мемуарамі рускіх эмігрантаў. Напісала кнігу “Гісторыя савецкай літаратуры 1917–64. Ад Горкага да Салжаніцына”.

З твораў Міхаіла Булгакава Міра Гінзбург пераклала не толькі “Майстра і Маргарыту” — таксама іншыя аповесці, раманы вялікага рускага пісьменніка. У полі перакладчыцкага зроку нашай зямлячкі аказаліся й творы Я. Замяціна, М. Зошчанкі, Ю. Тынянава, А. Платонава, А. М. Рэмізава. Міру Гінзбург прынялі ў шэраг прэстыжных амерыканскіх арганізацый: у Асацыяцыю амерыканскіх перакладчыкаў, Гільдыю пісьменнікаў, Міжнародны ПЭН-клуб. Перакладчыца шмат зрабіла й для знаёмства амерыканскага, англамоўнага чытача з казкамі народаў Савецкага Саюза. Пераклала з рускай мовы каля дваццаці кніг, розных анталогій казак.

Перакладчыцкія здабыткі Міры Гінзбург заўважыў славуты пісьменнік і літаратуразнаўца Карней Чукоўскі. Яны пачалі ліставацца. Захавалася каля 60 лістоў адзін да аднаго. З сям’ёю Карнея Чукоўскага, блізкімі яго родзічамі Міра Гінзбург ліставалася да апошніх дзён жыцця. Памерла ж ураджэнка Бабруйска 26 снежня 2000 года. Будзем спадзявацца, што імя Міры Гінзбург упішацца асобным радком на “Літаратурнай карце Бабруйшчыны”.

Максім Веяніс

Ад рэдакцыі. У тэксце “Любімая краіна Майкла Маргуліса” (ГР, 13.10.2017) мы трохі расказвалі пра даўняга сябра Беларусі ды часопіс “US-Belarus. Observer”, што выдаецца ім у ЗША. Ён да таго ж Ганаровы консул Беларусі ў штаце Фларыда, палітолаг і пісьменнік, заснавальнік фонду “Духоўная дыпламатыя”. У 2017‑м на прэс-канферэнцыі ў Мінску Майкл Маргуліс казаў: праз цікавыя артыкулы супрацоўнікі рэдакцыі часопіса стараюцца знутры адкрыць Беларусь для амерыканцаў. А чытаюць выданне палітыкі, бізнесмены, студэнты…

Што да Міры Гінзбург (рус. Мирра Гинзбург, англ. Mіrra Gіnsburg), то цікавыя нататкі пра яе ёсць і ў кнізе эмігранткі Ніны Аляксеевай (1913–2009) “Одна жизнь — два мира”. Прычым падзагаловак там вельмі яскравы: “Мира Гинзбург — лучшая переводчица США”. З таго аповеду даведваемся, што “отец Миры не мог перенести разрыв с Белоруссией и вскоре очень тяжело заболел”, што менавіта Ніна Аляксеева параіла Міры ўзяцца за дзіцячую літаратуру, перакладаць казкі — і яна той падказкаю скарысталася, прычым гэта стала “самой выгодной доходной статьей ее деятельности”. У той час Міра Гінзбург “купила кооперативную квартиру на Манхэттене в субсидируемом государством доме на 96‑й улице вест-сайд”. Цікава пачытаць, чаму ў перакладчыцы не склалася супраца з Аляксандрам Салжаніцыным, які да яе звяртаўся, і што яна крытычна ставілася да творчасці Іосіфа Бродскага.

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?