Вы тут

Вершаў і песень паменшала ў свеце


Беларускі Мацярык паменшаў — з яго ў нябачны свет Дзядоў адышлі прыгожыя, таленавітыя людзі


Фота БЕЛТА

Што такое лёс? Вялікая таямніца. У маі 2018‑га мы падалі тэкст “Да бацькоў. Назаўсёды…” — пра тое, як вядомы беларус з Еўпаторыі, доктар медыцынскіх навук Мікалай Дрынеўскі 25 красавіка святкаваў разам з сябрамі 80‑гадовы юбілей. А 26‑га выехаў у Беларусь да радні, да знакамітага брата-дырыжора, народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага. І 27 красавіка памёр у Мінску.

Трохі не дажыў да 80‑годдзя ягоны малодшы брат, Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі: ён пайшоў з гэтага свету 9 лістапада. Вядомы ў краіне чалавек: прафесар, фалькларыст, этнограф, знаўца народнай музыкі, шматгадовы мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Народнага хору Беларусі імя Генадзя Цітовіча. Таленавіты паляшук — абодва ж Дрынеўскія былі родам з вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельшчыны — зрабіў велізарны ўнёсак у захаванне беларускіх народных традыцый, пашырэнне ў свеце багатай песеннай спадчыны.

Адзін з братоў, Мікалай, толькі на пару дзён перажыў 80‑гадовы юбілей. А Міхась трохі не дацягнуў да юбілейнае даты: 80‑я угодкі маэстра будзем адзначаць ужо без яго 12 лютага ў наступным годзе. Вось такі лёс у братоў Дрынеўскіх…

Спачуванні родным і блізкім народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага выказаў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. “Яркім талентам і шматгадовай працай ён заслужыў сапраўдную павагу калег і прызнанне публікі. Сваімі ведамі й майстэрствам шчодра дзяліўся з моладдзю, выхаваў не адно пакаленне таленавітых музыкантаў”, — гаворыцца ў спачуванні.

Трохі раней прыйшла ў рэдакцыю сумная вестка: у Польшчы памёр адзін з найстарэйшых беларускіх пісьменнікаў Віктар Швед. Пражыў доўгае жыццё: яму было 95 гадоў. А які прыгожы здымак яго ў валошкавым лузе! Будзем памятаць Нестара беларускай літаратуры на Беласточчыне, як паважліва называлі яго калегі. Аўтар зборнікаў вершаў “Жыццёвыя сцежкі” (1967), “Дзяцінства прыстань” (1975), “Дружба” (Мінск, 1976), “Мая зялёная Зубровія” (Мінск, 1990), “Родны схоў” (1991), “Вясёлка” (1991), “Вершы Натальцы” (1998). У 2015‑м быў ушанаваны ордэнам Скарыны “за актыўную дзейнасць па папулярызацыі беларускай культуры, мовы й літаратуры, значны асабісты ўнёсак у развіццё міжкультурных сувязяў ды ўмацаванне добрасуседскіх адносін паміж Беларуссю й Польшчай”.

Іван Ждановіч

Фота БЕЛТА

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.