Вы тут

Што рабіць, калі дзiця «жыве» ў мабiльнiку


Як зрабiць гаджэт саюзнiкам i не страцiць малога i самога сябе ў электроннай прасторы

Чаму нельга адбiраць у малых тэлефон i з якога ўзросту можна даваць яму гэтую прыладу? Як мабiльнiк уплывае на мозг дзiцяцi i што яго насамрэч развiвае? Колькi часу можна праводзiць «у анлайне» i чаму нельга давяраць маркiроўцы «дзiцячы кантэнт»? На гэтыя i iншыя пытаннi на адмысловым вебiнары «Дзецi ў тэлефоне», якi зладзiлi ў Школе свядомага бацькоўства «Вялiкая Мядзведзiца», адказвае дзiцячы нейрапсiхолаг, навуковец, выкладчыца Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, мацi дваiх дзяцей Наталля РАМАНАВА-АФРЫКАНТАВА.


Шурпатыя старонкi цi гладкiя экраны

Цвярозая бацькоўская пазiцыя адносна гаджэтаў сустракаецца вельмi рэдка. Як правiла, бацькам уласцiвыя дзве крайнасцi, якiя, мiж iншым, выклiканы аднолькавай прычынай — трывогай за дзяцей. Бацькоўская трывога i няўпэўненасць ствараюць падмурак для канфлiкту, бо мама i тата ў такiм стане не могуць быць пераканаўчыя.

«Гаджэты — выключна шкодныя, i дзецi не павiнны мець доступ нi да смартфона, нi да тэлевiзара», лiчаць прыхiльнiкi адной версii.

— Такiя бацькi часта прыходзяць да мяне з праблемай, што дзiця не мае нармальных адносiн з аднакласнiкамi, бо не валодае тэматыкай камп'ютарных гульняў. Калi ж мы пачынаем працаваць з сям'ёй, высвятляецца, што дзiця не бяруць у кампанiю, бо яно транслюе думку, што «ад планшэ-
таў тупеюць, а тэлефоны замбiруюць». У гэтым выпадку бацькам, якiя адчуваюць небяспеку ад гаджэтаў, для ўласнага спакою прасцей цалкам забаранiць малым гэтыя прылады, чым прапанаваць iм нейкую альтэрнатыву, — сцвярджае Наталля Раманава-Афрыкантава.

«Сучасныя дзецi нараджаюцца з мабiльнiкам у руках, нiчога з гэтым зрабiць немагчыма, гэта сучасны свет», лiчаць прыхiльнiкi iншага погляду на гаджэты ў дзяцей.

— Нават калi такiя бацькi заўважаюць, што малое зашмат часу праводзiць у iнтэрнэце, дзесьцi глыбока ў душы яны непакояцца, аднак трывогу кампенсуюць думкай, што ў сучасным свеце немагчыма расцi без электронных прылад, — акрэслiла псiхолаг.

Часцей за ўсё планшэту супрацьпастаўляюць кнiгу, чыста як у вершы Маякоўскага: «Если мальчик любит труд, тычет в книжку пальчик, про такого пишут тут: он хороший мальчик». На перагортванне старонак папяровай кнiгi i iх пах мозг чалавека на ўзроўнi нервовай сеткi рэагуе выкiдам эндарфiнаў — гармонаў задавальнення. А пры чытаннi электроннай кнiгi адчуваецца iх недахоп. Таму меркаваннi бацькоў, што кнiга — гэта добра, а планшэт з забаўкамi — дрэнна, зразумелыя, аднак яны абмяжоўваюць.

— Бацькi iмкнуцца прыцягнуць малых да шурпатых старонак кнiг, бо баяцца гладкiх экранаў. Яны баяцца таго, што транслюецца дзецям з экранаў. А прылады не нясуць адну толькi шкоду. Трэба знайсцi шляхi, як суцiшыць бацькоўскую трывогу, — рэзюмавала эксперт. — Кнiгу можна чытаць у тэлефоне, а на планшэце iграць у шахматы. А ёсць электронны кантэнт, якi па якасцi i ўзроўнi не можа параўнацца з папяровым. Напрыклад, шыкоўныя iнтэрактыўныя праекты, прысвечаныя Вялiкай Айчыннай вайне, дзе ў рэальным часе можна сачыць за прасоўваннем армii, адкрываць хронiкi, адначасова бачыць карты, i гэта сапраўды захапляе.

Нi тэлевiзара, нi кнiгi да трох гадоў

З якога ўзросту i колькi часу можна выкарыстоўваць гаджэты (па версii нейрапсiхолагаў)

  • 0-2 i нават 3 гады— забаронена;
  • 3-5 гадоў— да 20 хвiлiн у дзень (сумарна);
  • 5-7 гадоў— да 30 хвiлiн у дзень, магчыма аб'яднанне часу з мэтай прагляду поўнаметражнага мультфiльма;
  • 7-11 гадоў— да 90 хвiлiн у дзень;
  • 11 гадоў i старэйшыя— да 120—180 хвiлiн у дзень (такi ж час i ў дарослых!)

Вядома, электронныя прылады нясуць як карысць, так i шкоду, i ў кожным узросце гэта праяўляецца па-свойму.

«Гаджэты псуюць зрок!» Але медыцына ўжо даказала, што сучасныя экраны не маюць недахопаў, якiя былi ў ранейшых кiнескапiчных. Аднак, каб зрок на самай справе не псаваўся, тэлевiзар павiнен быць не менш як у 2,5-3 метрах ад чалавека, а тэлефон цi планшэт (як i кнiга) — на адлегласцi сагнутай рукi. А даваць такiя прылады малому можна хоць з нараджэння, калi ў яго няма перадумоў для псавання зроку — iх можна чытаць у транспарце, лежачы i ў цемры. Аднак гэта заключэнне ад афтальмолагаў актуальнае толькi для тых, у каго няма схiльнасцi да паталогiй, заўважыла эксперт i падкрэслiла, што нейрапсiхолагi супраць такiх падыходаў:

— Да двух, а лепш да трох гадоў у дзiцяцi не павiнна быць доступу да экрана. Найперш гэта шкодна для маўленчага развiцця, задача якога — аддзялiць чалавечую мову ад усiх iншых гукаў, якiя акружаюць немаўля. Раней гэта было досыць лёгка: дзiця чула мову бацькоў, усё астатняе было гукамi. У нейкi момант малое разумела гэта i пераходзiла на наступны этап развiцця. Цяпер, калi дзiця чуе мову не толькi ад мамы i таты, але i ад гукавога плаката, iнтэрактыўнай цацкi цi планшэта, этап сталення вельмi ўскладняецца, бо вызначыць, дзе чалавечая мова, а дзе не, цяжка.

Потым дзiця чуе мову i звязвае яе з артыкуляцыяй дарослых. Але калi яно глядзiць шмат мультыкаў i назiрае за артыкуляцыяй анiмацыйных герояў, для правiльнага ўспрымання моўнага развiцця таксама спатрэбiцца больш часу. Аднак не трэба глядзець на карыстанне прыладамi радыкальна: калi, напрыклад, бабуля-дзядуля размаўляюць з унукамi праз «Скайп», нiчога страшнага тут няма, мяркуе Наталля Раманава-Афрыкантава:

— Важна, каб у раннiм узросце атачэнне дзiцяцi было аб'ёмнае. Плоская карцiнка мультыка, дзе не заўжды вытрымлiваюцца прапорцыi, затрымлiвае ў малога працэс правiльнага прасторавага ўспрымання. Яшчэ адзiн важны момант не на карысць гаджэтаў для немаўляцi — сэнсорная iнтэграцыя, працэс суаднясення iнфармацыi, якую дзiця атрымлiвае ад розных органаў пачуцця. Прадмет павiнен валодаць усiмi прыкметамi таго, чым ён з'яўляецца. Цацачная качка, падобная аб'ёмам да сапраўднай, лепш, чым плоская качка на экране планшэта з запiсам рэальнага кракання, i нават чым малюнак качкi ў кнiзе. Таму да двух-трох гадоў з'яўляецца не карысным i празмернае захапленне кнiгамi.

«Дазiроўка» часу i правiлы электроннай кемлiвасцi

Прыкметы залежнасцi дзiцяцi ад гаджэтаў

  • немагчыма адарваць ад прылады;
  • складана пераключыцца на нешта iншае, адцягнуць увагу;
  • капрызы пры немагчымасцi выкарыстоўваць гаджэт;
  • нi паесцi, нi заснуць, нi праехацца ў транспарце без планшэта не можа;
  • не можа заняць сябе без электроннай прылады;
  • закiдвае патрэбнае з-за гульнi на гаджэце: не робiць урокi, прапускае трэнiроўкi, не выконвае хатнiя абавязкi.

Нейрапсiхолагi рэкамендуюць дазiраваць для дзяцей умоўную колькасць часу каля экрана ў залежнасцi ад узросту, прычым гаворка iдзе не пра штодзённы прагляд. Вызначаныя прамежкi часу павiнны быць пастаянныя i вытрымлiвацца незалежна ад абставiн — напрыклад, доўгай дарогi ў машыне цi тэрмiновай работы ў бацькоў, калi малому дазваляецца глядзець мультыкi, «абы не перашкаджаў», пераканана Наталля Раманава-Афрыкантава:

— Часта пачаткам залежнасцi становiцца доўгая хвароба дзiцяцi. Крытычны тэрмiн, падчас якога могуць развiцца адыктыўныя (залежныя) паводзiны, калi малы дэманструе залежнасць ад гаджэтаў, — тыдзень. Для некаторых дзяцей пагружэнне ў гаджэт не з'яўляецца праблемай, але для астатнiх дастаткова пары тыдняў, каб пачала развiвацца залежнасць. Канешне, здараюцца нейкiя крытычныя сiтуацыi, калi два-тры днi бескантрольнага карыстання са скрыпам, але можна дазволiць. Аднак калi гаворка пра канiкулы цi водпуск, то як бы нi было цяжка, дапускаць такое нельга.

Вельмi важная наяўнасць месцаў без гаджэтаў. Дамовiцца, што ў спальнi, напрыклад, электронных прылад быць не павiнна. Ладзiць днi цi хоць бы гадзiны без гаджэтаў для ўсёй сям'i. Гэта будзе карысна i для дарослых у тым лiку, каб не дзялiць увагу памiж дзецьмi i мабiльнiкам. Тое ж датычыцца i адносiн памiж сужэнцамi, iх гатоўнасцi тэрмiнова не рэагаваць на кожны пiск прылады, перарываючы ўзаемадзеянне аднаго з адным.

Даючы дзiцяцi прыладу, з самага пачатку трэба абазначыць правiлы электроннай ветлiвасцi. Напрыклад, ставiць планшэт на паўзу, калi да малога звяртаюцца, i здымаць навушнiкi. З iншага боку, «спытаць» вачыма, перш чым загаварыць з дзiцем, цi можа ён зараз перарвацца — каб гэта не была размова праз Zoom з выкладчыкам, раiць эксперт.

  • Нельга выкарыстоўваць электронныя прылады падчас ежы. Ежа сама па сабе павiнна задавальняць нас, а калi працэс яе ўжывання спалучаць з карыстаннем гаджэтам, то мозг будзе ўспрымаць апошнi як неабходную дадатковую крынiцу задавальнення.
  • Нельга «сёрфiць» у сецiве да сняданку. З моманту абуджэння нашы нейроны вельмi ўспрымальныя да ўсяго, што яны «бачаць» вакол.
  • Нельга праводзiць перад экранам апошнiя дзве гадзiны да сну. У гэты час выпрацоўваецца мелатанiн — рэчыва, важнае для рэгулявання перыядаў сну i актыўнасцi.
  • Нельга рабiць гаджэт прадметам супакойвання. Такiм чынам нараджаецца ўстаноўка, што калi сумна цi дрэнна, то трэба «залезцi» ў iнтэрнэт.
  • Нельга рабiць тэлевiзар бясконцым фонам да жыцця. Гэта рассейвае ўвагу.

Да 10—12 гадоў у дзяцей не павiнна быць свабоднага доступу ў сецiва. Малым лепш карыстацца прыладамi, на якiя скачаны пэўныя вiдэа- i аўдыяфайлы, кнiгi, праграмы. Iнфармацыя, якую спажывае дзiця, павiнна рэгулявацца бацькамi, таму што сучасныя сiстэмы, якiя прапануюць аўтаматычны кантроль кантэнту (як, напрыклад, дзiцячы YouTube), на жаль, маркiруюць як «дзiцячае» i шкоднае змесцiва iнтэрнэту.

— Кантэнт перш за ўсё павiнен адпавядаць узросту. Калi ж першакласнiк разам з 14-гадовым братам глядзiць падлеткавы фiльм, старэйшы ўжо можа разабраць, што кепска, а што не, а вось малодшы можа несвядома пачаць капiраваць паводзiны ўпадабаных герояў, не разумеючы, што ў фiльме паказаны ўзор таго, як рабiць нельга, — прывяла прыклад нейрапсiхолаг.

У той жа час тэлеканалы National Geographic цi Animal Planet можна глядзець ужо ў 4-5 гадоў. Галоўнае, каб побач былi бацькi, якiя могуць адказаць на пытаннi i растлумачыць, што адбываецца, калi паказваюць, як драпежнiк есць траваеднага, i расказаць, што ў жыццi так уладкавана. А вось рэклама — шкодная для дзiцяцi «страва» i адна з прычын абмежавання свабоднага доступу ў сецiва, каб у малых не сфармiравалася прага да ўсяго i адразу.

Можна прыслухацца да парад экспертаў, можна iсцi сваiм шляхам, а пасля... шукаць паратунку ў тых жа экспертаў, аднак ведаць прыведзеныя правiлы i парады, здаецца, варта ўсiм — i «чайлдфры» ў тым лiку. Таму «Сямейная газета» будзе працягваць знаёмiць сваiх чытачоў з плюсамi i мiнусамi гаджэтаў i меркаваннямi спецыялiстаў у гэтай сферы.

Сюжэты з забароненым для малых кантэнтам: распакоўка цацак (мозг пастаянна ў чаканнi навiзны i ахоплены жаданнем убачыць, што там з'явiцца яшчэ), праходжанне камп'ютарных гульняў (адрэналiн выпрацоўваецца ўпустую, актывiзуючы жаданне даведацца, што адбудзецца з гульцом), «бессюжэтныя сюжэты» (у ролiку нешта адбываецца, аднак апiсаць гэта словамi немагчыма), нежывыя, апрацаваныя камп'ютарам гукi, якiмi «гавораць» жывёлы i людзi, i ненатуральныя колеры, формы (шкодна для моўнага i прасторавага развiцця, успрымання малога).

Дазволены кантэнт: навiгатар (уключыце малому ў тэлефоне i дайце магчымасць, як штурману, давесцi вас да дзiцячай пляцоўкi — гэта i цiкава, i добра для развiцця прасторавага ўспрымання); правераныя развiвальныя праграмы, казкi i мультыкi добрай якасцi (савецкiя цi сучасныя — на густ бацькоў, галоўнае, каб каштоўнасцi ў iх былi агульныя для ўсёй сям'i).

Iрына СIДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».