Вы тут

Што рабіць, калі дзіця не слухаецца?


У нашым дзяцiнстве, а тым больш, калi дзецьмi былi нашы бацькi, наўрад цi дарослыя задавалiся пытаннем, як правiльна «фiзiчна» выхоўваць сваё дзiця. У савецкiм грамадстве лiчылася, што некалькi плескачоў нiжэй спiны не прычыняць шкоды, але дададуць розуму. У нашы днi большасць бацькоў — разумныя, адукаваныя сучасныя людзi, якiя ведаюць: чалавека бiць нельга — нi вялiкага, нi маленькага. А крык i плескачы здольныя з часам стварыць прорву неразумення памiж дарослымi i малымi. I гэтая адчужанасць не знiкне, калi малое вырасце.


А цi трэба?

Але ўшчуваць дзiця за правiннасцi ўсё ж трэба. Іншымі словамі, тлумачыць малому, ды i падлетку, што яго паводзiны былi недапушчальныя (а часам i небяспечныя для яго самога i людзей навокал) i чаму, бо задача бацькоў — навучыць дзiця iснаваць у сучасным свеце. У далейшым вашаму сыну або дачцэ прыйдзецца жыць у грамадстве, а значыць, умець шмат у чым добраахвотна абмяжоўваць сябе, каб астатнiм было камфортна побач. Усёдазволенасць i патаканне капрызам — шлях да безадказнасцi ў дарослым узросце.

Iрына Асiноўская, сямейны псiхолаг:

— Пакаранне дзiцяцi — зразумела, не фiзiчнае! — павiнна мець на мэце адну або некалькi важных задач. Перш за ўсё, гэта выпраўленне небяспечных (або недапушчальных у грамадстве) паводзiн i прадухiленне паўтарэння падобных учынкаў у далейшым. Таксама гэта ўсталяванне межаў дазволенага i пакрыццё шкоды, прычыненай у вынiку дзiцячага ўчынку. Перш чым сарвацца на крык або паставiць малога ў кут, дарослым варта спытаць сябе: што намi рухае? Можа быць, вы проста стамiлiся i раздражнёныя? Калi ў вас ёсць хоць бы маленькая няўпэўненасць, караць або не — не карайце.

Таццяна Ткачук, мама чацвярых дзяцей:

— Часам бацькi самi вiнаватыя ў правiннасцях дзiцяцi. Калi вы караеце малога або падлетка занадта часта, падумайце, можа быць, тут ёсць i ваша вiна. Напрыклад, я ўзяла за правiла загадзя папярэджваць малодшых: час заканчваць гульню, праз дзесяць хвiлiн будзем абедаць; пачынай рабiць урокi, iнакш не паспееш да заняткаў у студыi выяўленчага мастацтва; хутка мы iдзём дадому з прагулкi, пачынай развiтвацца з дзеткамi. Старэйшыя сын i дачка ў мяне падлеткi, i ў не надта прынцыповых пытаннях я часам iмкнуся iм саступаць, каб упартасць з iх боку не выклiкала ў мяне неабходнасць iх пакарання. Ну, i часам я дазваляю падзеям развiвацца натуральным чынам, i тады за непаслушэнства карае само жыццё. Дапусцiм, малы не захацеў надзяваць рукавiцы зiмой — добра, я пагаджуся. Калi пальчыкi замерзнуць, ён ацэнiць парады мамы i перад наступнай прагулкай будзе больш паслухмяны.

Свята непаслушэнства

Чаму дзiця не слухаецца, парушае забароны i часам правакуе бацькоў? Адказаў можа быць мноства. Найбольш распаўсюджаныя прычыны апiсаны ў псiхалагiчнай лiтаратуры. Гэта могуць быць:

  • празмерная колькасць забаронаў. Iмкненне да свабоды — натуральная патрэба кожнай разумнай асобы, а значыць, у адказ на ўвядзенне новых забаронаў вы будзеце атрымлiваць жаданне iх парушаць.
  • крызiс узросту. На шляху да сталення маленькi чалавек праходзiць праз мноства крызiсаў: крызiс 1 года, 3 гадоў, 6- 7 гадоў, славуты падлеткавы крызiс. I, перажываючы гэтыя этапы сталення, ваша дзiця не будзе цацкай;
  • бацькоўская непаслядоўнасць. Калi ўчора было можна, сёння нельга, а заўтра зноў можна, узнiкае слушнае пытанне: чаму ж сёння нельга?
  • разыходжанне бацькоўскiх слоў i спраў. Вы забараняеце дзiцяцi гаварыць дрэнныя словы, але самi не-не ды i ўстаўляеце ў сваю прамову моцнае слоўца? Цi абяцаеце: «Вось пачакай, прыйдзем дадому, ты даведаешся, дзе ракi зiмуюць!», але пакарання няма, вы забылiся, у вас змянiўся настрой... Любое дзiця — выдатны псiхолаг, яно ўсё прыкмячае. I перастае ўспрымаць вашы словы сур'ёзна;
  • недахоп павагi да асобы дзiцяцi. Маленькi чалавек расце, i вось ён ужо не малы — але вы не хочаце з гэтым пагадзiцца. Што застаецца дзiцяцi? Толькi даказваць, што ён сталее, парушаючы неабдуманыя бацькоўскiя забароны;
  • разыходжанне ў метадах выхавання ў мамы i таты або бацькоў i бабуль-дзядуль. Калi мама прад'яўляе да малога пэўныя патрабаваннi, а тата дазваляе гэтыя патрабаваннi парушаць — з паводзiнамi ў дзiцяцi будуць праблемы (яно будзе разлiчваць на абарону з боку таты). Таго ж самага можна чакаць, калi мама i тата ўсталёўваюць для дзяцей нейкiя рамкi («нiякага салодкага да абеду», «спаць — роўна ў дзесяць»), а бабулi i дзядулi праз дабрыню душэўную дазваляюць унукам за гэтыя рамкi выходзiць.

Iрына Асiноўская, сямейны псiхолаг:

— Да гэтага спiса я дадала б яшчэ тры важныя пункты. Перш за ўсё гэта недахоп бацькоўскай увагi. Бацькi стамляюцца, у iх часта не хапае сiл i часу для гульняў i заняткаў з дзецьмi. Але нават самыя дасканалыя гаджэты не заменяць матчыных абдымкаў або прачытаную татам перад сном казку. А вось калi дзiця будзе непаслухмянае, бацькi сапраўды звернуць на яго ўвагу. Калi ваш малы зусiм адбiўся ад рук, для пачатку паспрабуйце аддаць яму больш любовi i клопату. Знайдзiце хоць бы 15— 20 хвiлiн у дзень, каб пабыць з дзiцем сам-насам, — не памешваючы заадно суп i не праглядаючы навiны, пакуль яно вам нешта расказвае. Засяродзьцеся толькi на iм. Калi дзiця адчуе вашу блiзкасць, калi ў яго будзе ўпэўненасць, што вы яго любiце, магчыма, непаслушэнства сыдзе само сабой.

Яшчэ адной прычынай пастаяннага правакавання можа быць жаданне дзiцяцi адпомсцiць бацькам за старыя крыўды. I дзiця, i падлетак могуць адчуваць сур'ёзны боль з-за разводу мамы i таты, цi, напрыклад, рэўнасць да малодшага брата або сястры. I тут зноў вам дапаможа не пакаранне, а шчырая размова. Калi вы зможаце дапамагчы роднаму чалавечку выказаць свае негатыўныя эмоцыi, то паступова сыдзе i глыбокая крыўда — ён не пацягне яе за сабой у дарослае жыццё. I, зразумела, палепшацца паводзiны.

I, нарэшце, прычынай непаслушэнства можа быць... адлюстраванне вашых уласных паводзiн. Дзецi капiруюць бацькоў — гэта адзiн са спосабаў сталення. Калi вы прывыклi зрывацца на крык у зносiнах са сваiмi бацькамi або з мужам, то i ваша дзiця будзе размаўляць з вамi павышаным тонам. Калi вы смалiце цыгарэты на балконе, думаючы, што малое нiчога не заўважае, будзьце гатовыя да таго, што ў старэйшых класах яно таксама пачне курыць. Што рабiць? Як заўсёды, пачынаць з сябе. Выхоўваючы дзяцей, не забывайце выхоўваць сябе.

Наталля Ядко, мама дваiх дзяцей:

— Мне здаецца, перад тым як караць дзiця, трэба паспрабаваць зразумець глыбiнныя прычыны яго правiннасцi. Калi справа ва ўзроставым крызiсе, можа быць, трэба проста ўзброiцца цярпеннем i пачакаць. Калi дрэнны ўчынак быў здзейснены выпадкова, можна пакiнуць яго без пакарання — усе мы памыляемся. Ну, а калi дзiця зрабiла дрэннае наўмысна, тады, вядома, яго трэба неяк пакараць. Але вельмi важна, каб ступень пакарання адпавядала цяжару правiннасцi.

Прэзумпцыя невiнаватасцi

Далёка не ўсе дзiцячыя правiннасцi павiнны пацягнуць за сабой пакаранне, кажуць псiхолагi. Напрыклад, катэгарычна не варта караць дзiця, калi:

  • Яно гiперактыўнае (i, дапусцiм, разбiла вазу, прабягаючы праз пакой). Або ад прыроды вельмi марудлiвае i з-за гэтага рэгулярна спазняецца ў школу: проста падымайце яго крыху раней. Гэта — асаблiвасць характару, i караць тут няма за што.
  • Яно ламае цацкi i iншыя рэчы, каб зразумець, як яны ўладкаваныя, або вымярае глыбiню лужыны... уласнай нагой. Магчыма, у вашай сям'i расце вялiкi вынаходнiк або падарожнiк. Галоўнае — растлумачыць малому, што бяспечна, а што небяспечна ў яго даследаваннi свету.
  • Правiннасць была здзейснена выпадкова: дзiця хацела прыгатаваць сняданак для мамы i таты, але не разлiчыла свае сiлы i, звалiўшыся з табурэткi, выпадкова перабiла ўсе талеркi. Малое i так засмучанае, а намеры ў яго былi добрыя.
  • Правiннасць была здзейснена з добрых памкненняў: дзiця падарыла свой тэлефон аднакласнiку з малазабяспечанай сям'i цi аддало грошы, якiя яму выдзелiлi на паход у краму, чалавеку, што прасiў мiласцiну. Тут варта добразычлiва пагаварыць з сынам цi дачкой, растлумачыць сiтуацыю i тое, у чым была памылка.
  • Дзiця праяўляе свае пачуццi — напрыклад, доўга рыдае i не адпускае маму, расстаючыся з ёй ранiцай у дзiцячым садку. Гэта нармальна i паступова застанецца ў мiнулым.
  • Яно мае фiзiялагiчныя асаблiвасцi — напрыклад, даўжэй за аднагодкаў не можа прывучыцца да гаршка цi ў яго ёсць складанасцi з засяроджваннем i ўтрыманнем увагi.

Усё ж такi давядзецца

Але ёсць правiннасцi, за якiмi абавязкова павiнна адбыцца пакаранне. Гэта наўмысныя ўчынкi, накiраваныя на прычыненне шкоды.

Псiхолагi кажуць: варта караць дзiця за фiзiчны гвалт у дачыненнi да iншых дзяцей (але, зразумела, спачатку бацькам трэба разабрацца ў прычынах бойкi i ў тым, хто быў агрэсарам), за абразу iншых дзяцей, за крадзеж (i зноў спачатку разбiраемся ў прычынах), за дэманстратыўнае парушэнне ўстаноўленых правiлаў паводзiнаў i хлусню з карыслiвай мэтай (хлусню варта адрознiваць ад фантазiй — за багатую фантазiю караць дзiця, зразумела, не трэба).

Што ж можа быць пакараннем? Зразумела, не фiзiчнае ўздзеянне, не крык i не праславутае «Марш у кут!». Эфектыўнымi варыянтамi пакарання псiхолагi называюць:

  • Абмежаваннi (доступу да камп'ютара / iнтэрнэту або зносiн з iншымi дзецьмi). Абмежаваннi не павiнны быць доўгiя.
  • Самастойнае выпраўленне сiтуацыi, якая ўзнiкла па вiне дзiцяцi. Разбiў гаршчок з кветкамi — узяў пыласос i швабру i ўсё чыста прыбраў. Пакрыўдзiў iншае дзiця — папрасiў прабачэння.
  • Часовая iзаляванасць — цывiлiзаваны варыянт традыцыйнага «паставiць у кут» (бацькi адводзяць дзiця ў iншы пакой i пакiдаюць там ненадоўга адно, каб яно падумала пра свае паводзiны).

Iрына Асiноўская, сямейны псiхолаг:

— Кажучы аб пакараннi дзiцяцi, хачу агучыць некалькi правiлаў, якiя бацькам нiколi не варта парушаць.

  • Карайце дзiця адразу пасля таго, як яно здзейснiла правiннасць. Дзiця, асаблiва маленькае, хутка забывае пра свае ўчынкi i пазней будзе здзiўляцца, за што яго караюць.
  • Пасля таго як дзiця было пакаранае, не трэба зноў i зноў нагадваць пра тое, што яно зрабiла. Лiчыце, што iнцыдэнт вычарпаны.
  • Нiколi не карайце дзiця ў прысутнасцi чужых людзей. I малы, i падлетак у гэтай сiтуацыi адчуюць сябе прынiжанымi.
  • Дзiця павiнна адчуваць справядлiвасць пакарання. Таму ўлiчвайце цяжкасць правiннасцi i адпаведнасць меры.
  • Не крычыце — крык хутка пачынае ўспрымацца проста як шумавы фон. Калi дзiця правiнiлася, найлепшае ўздзеянне на яго акажа не ваш гнеў, а ваша засмучэнне. Дзецi любяць сваiх бацькоў i не хочуць iх засмучаць, а значыць, малое паспрабуе пазбегнуць такiх паводзiнаў у будучынi.
  • Не абагульняйце (ты неахайнiк, ты бесталковы, ты лянiвы). Гаварыце толькi пра канкрэтную правiннасць.
  • Падумайце пра свае патрабаваннi да дзiцяцi: цi ў стане малы або падлетак iх выканаць? Пашукайце варыянты, калi «i ваўкi сытыя, i авечкi цэлыя». Малы размаляваў новыя шпалеры? Можа быць, варта вылучыць яму пэўную сценку, якую не вельмi шкада? Або наклеiць на яе вялiкi кавалак белай паперы — i хай малюе.
  • Дамоўцеся пра адзiную тактыку выхавання памiж сабой i з бабулямi-дзядулямi. Гэта дапаможа малому вызначыцца з тым, што можна, а што нельга, а вам — радзей раздумваць над тым, як заклiкаць да парадку юнае пакаленне вашай сям'i.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Пакараць нельга дараваць

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Якія асноўныя паказчыкі і параметры закладвае Магілёўшчына ў сваю рэгіянальную праграму развіцця?

Пра гэта ў нашай гутарцы з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.

Эканоміка

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Разбіраем інвестпраграму Мінска на бягучы год

Яна ў гэтым годзе на 20 % «таннейшая», чым у папярэднім.

Культура

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Бландзінкі за шпільцішам. Карэспандэнт «Звязды» зазірнуў углыб аргана

Прыгажуні-гераіні паралельна — выкладчыцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Салярцінскага.

Грамадства

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Як кадравыя агенцтвы падманваюць даверлівых грамадзян

Калі ў кадравым агенцтве вам прапануюць заплаціць грошы і гарантуюць стапрацэнтнае працаўладкаванне, смела разварочвайцеся і сыходзьце: перад вамі, напэўна, ашуканцы.