Вы тут

«Український зошит» у беларускай «Маладосці»: пераклады твораў сучасных украінскіх пісьменнікаў на беларускую мову


«Український зошит» у беларускай «Маладосці»: пераклады твораў сучасных украінскіх пісьменнікаў на беларускую мову

18 лістапада адбыўся тэлемост паміж Кіевам і Мінскам, ініцыятарамі якога сталі кафедра гісторыі ўкраінскай літаратуры, тэорыі літаратуры і літаратурнай творчасці Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, Цэнтр беларускай мовы і культуры імя Уладзіміра Караткевіча Інстытута філалогіі і рэдакцыя беларускага часопіса «Маладосць». Мерапрыемства было прысвечана прэзентацыі № 8 часопіса «Маладосць», на старонках якога быў змешчаны «Український зошит» — адмысловы праект перакладаў на беларускую мову твораў чатырнаццаці сучасных украінскіх пісьменнікаў. У сустрэчы прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі Інстытута філалогіі, а таксама ўкраінскія аўтары, чые творы выйшлі ў беларускім перакладзе, і прадстаўнікі рэдакцыі часопіса «Маладосць».

Распачаў сустрэчу Мікола Адам — ініцыятар і духоўны натхняльнік праекта «Український зошит». Спадар Мікола распавёў, што ўжо даўно «хварэе» на сучасную ўкраінскую літаратуру ды на Украіну ў цэлым, даволі часта бывае ва Украіне на розных мастацкіх фестывалях і імпрэзах. Ужо даўно выношваў ідэю стварыць анталогію сучаснай украінскай літаратуры ў беларускім перакладзе, куды б увайшлі паэзія і проза маладых пісьменнікаў з Украіны. Часткова яго задума ўвасобілася на старонках часопіса «Маладосць».

Алесь Емяльянаў-Шыловіч, адзін з беларускіх перакладчыкаў, распавёў пра ўласны досвед працы з тэкстамі ўкраінскага аўтара Вячаслава Лявіцкага, выпускніка спецыяльнасці «Літаратурная творчасць» Інстытута філалогіі, а таксама зачытаў некалькі яго вершаў у перакладзе на беларускую.

Яшчэ адзін беларускі перакладчык Янка Лайкоў падзяліўся сваім досведам працы над перакладамі з украінскай і зачытаў некалькі перакладзеных вершаў Інны Зліва і Віктара Шупера, маладых украінскіх паэтаў. Пра яго перакладніцкае майстэрнаства калега, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, адгукнуўся так:

«Янка, цудоўныя пераклады. Асабліва пераклад вершаў Інны Зліва. Гэта рэдкая ўдача, калі мужчына так перакладае вершы жанчыны. Хаця галоўнае ў паэтычным перакладзегаварыць на мове, якую зразумеюць усе, то бок гаварыць на мове паэзіі, мове сэрца. Вельмі класныя аўтары і пераклады».

Данііл Лысенка — яшчэ адзін беларускі перакладчык — завяршыў першую частку сустрэчы і падзяліўся адчуваннямі і думкамі, якія ўзніклі падчас працы над перакладамі паэтычных твораў Ульяны Дудок, маладой львоўскай паэткі.

Студэнтаў і выкладчыкаў цікавіла перш за ўсё ўнутраная кухня перакладчыцкай дзейнасці, з якімі цяжкасцямі можа сутыкнуцца перакладчык, калі працуе з блізкароднаснымі мовамі, такімі, як украінская і беларуская. Таксама аўдыторыя прасіла майстроў падзяліцца сакрэтамі перакладчыцкага майстэрства і даць парады пачаткоўцам. Беларускія госці акцэнтавалі на сінэргіі, якую павінен адчуваць перакладчык да тэксту, які бярэцца інтэрпрэтаваць, на своеасаблівым сваяцтве з ідэастылем самога аўтара.

Таксама слова мелі выкладчыкі інстытута філалогіі Леся Стэбліна, Алена Паграбняк ды Ірына Караткевіч, якая шмат гадоў выкладала беларускую мову ў сценах нашага ўніверсітэта.

Сустрэча прайшла ў сяброўскай і цёплай атмасферы. Напрыканцы беларускія і ўкраінскія калегі дамовіліся аб наступным мерапрыемстве ўжывую пасля завяршэння пандэміі і звязаных з ёй каранцінных абмежаваннях ды абмяняліся традыцыйнымі прывітаннямі сваіх народаў: «Жыве Беларусь! — Слава Украіне!».

Таццяна Белімава,
дацэнт кафедры гісторыі ўкраінскай літаратуры, тэорыі літаратуры і літаратурнай творчасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.