Вы тут

Разгадваем тайны твораў класіка


Сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння беларускага класіка Уладзіміра Караткевіча. Якраз у дзень юбілею 26 лістапада на сацыякультурным канале «Беларусь 3» гледачоў чакае паказ кінафільмаў, якія былі зняты па творах пісьменніка.


«Дзікае паляванне караля Стаха» — адна з першых аповесцяў Уладзіміра Караткевіча, якую апублікавалі ў 1964 годзе, а экранізаваная яна была толькі ў 1979-м. Містычная драма ад рэжысёра Валерыя Рубінчыка пераносіць нас у ХІХ стагоддзе. Малады вучоны-этнограф Андрэй Беларэцкі прыязджае на беларускае Палессе, каб вывучаць народныя паданні. Ён пасяляецца ў маёнтку Балотныя Яліны, дзе жыве юная паненка Надзея — апошняя прадстаўніца старажытнага шляхецкага роду Яноўскіх. Дарэчы, здымкі старадаўняга палаца праводзіліся ў Падгорацкім замку, што знаходзіцца ў Львоўскай вобласці (Украіна). Дзяўчына распавядае Беларэцкаму пра прывідаў іхняга дома: Маленькага Чалавека, Блакітную жанчыну і Дзікае паляванне, што наводзяць жах па ўсёй акрузе...

Прэм'ерны паказ фільма адбыўся ў Мінску ў сценах касцёла Святых Сымона і Алены, дзе тады размяшчаўся Дом кіно. Пасля кінастужка атрымала розныя ўзнагароды па ўсім свеце. Так, напрыклад, на І Міжнародным кінафестывалі дэтэктыўных і таямнічых фільмаў «Містфэст» у Італіі «Дзікаму паляванню караля Стаха» аддалі Гран-пры, а потым праз некалькі гадоў такі ж поспех напаткаў карціну і ў Бельгіі на Міжнародным кінафестывалі містычных і навукова-папулярных фільмаў.

Экранізацыя рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» апярэдзіла выхад самой кнігі. Спачатку твор з'явіўся ў пісьменніка ў выглядзе кінасцэнарыя, па якім знялі фільм. Сюжэт яго заснаваны на рэальных падзеях. Штуршком для напісання рамана паслужыў запіс з «Хронікі...» Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў ХVІ ст., у пачатку княжання Жыгімонта І, з'явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом. Кінастужка знятая Уладзімірам Бычковым — гэта філасофская прытча і роздум пра пакліканне чалавека... У часы голаду і татарскіх набегаў акцёр Юрась Братчык з'яўляецца перад народам у абліччы Хрыста, і народ верыць у цуд. Гэтым вырашае скарыстацца хітры манах Басяцкі. Юрася і яго сяброў — «апосталаў» арыштоўваюць па загадзе кардынала, грыміруюць, апранаюць у адпаведнае адзенне і выводзяць да народа. Галодны люд пачынае маліць пра хлеб, і Юрась вядзе натоўп да засекаў багацеяў. Збегшы ад кардынала, Юрась з сябрамі хаваецца ў жаночым кляштары. А потым з дапамогай людзей яны разбіваюць татар і войска кардынала. Фільм быў зняты на «Беларусьфільме» ў 1967-м і адноўлены ў 1989 годзе, калі яго паказалі публічна. У карціне гледачы заўважаць шмат горкай іроніі, драматызму, але разам з тым гумару і аптымізму. Сам пісьменнік неяк адзначыў, што гэта «не камедыя і не трагедыя, а трагікамедыя, смех скрозь слёзы, народная драма».

А вось тым, хто любіць гістарычныя дэтэктывы, варта будзе паглядзець фільм «Чорны замак Альшанскі» ад рэжысёра Міхаіла Пташука. Экранізацыю па матывах гэтага рамана зрабілі ў 1983 годзе. Па сюжэце дзея адбываецца ў 1611 годзе. Магутны і найбагацейшы ў Беларусі род князёў Альшанскіх раптам занепадае. Скарбы роду аказваюцца замураваныя ў адной з веж радавога замка. Апошні з князёў Альшанскіх хавае завяшчанне пра месцазнаходжанне скарбу ў вокладку кнігі, якая захавалася і ўжо ў наш час стала цэнтрам ланцуга дзіўных, загадкавых і нават крывавых падзей... Сюжэт вядомы многім, але чаму б не паглядзець яго ў кінаўвасабленні?

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?