Вы тут

Піянеры-пакутнікі. Як у Барысаве знайшлі беларускага Паўліка Марозава


Ад рэдакцыі. Змяняюцца часы, змяняюцца ацэнкі падзей і асоб... Але нешта мусіць заставацца непарушным — прынцыпы гуманізму, агульначалавечыя каштоўнасці. Гісторык «бесстаронні», ён мае справу з фактамі. Нават калі яны камусьці не падабаюцца, падаюцца занадта жорсткімі, рушаць стэрэатыпы. Вядомы даследчык Аляксандр Гужалоўскі працягвае раскрываць для чытачоў «Звязды» таямніцы беларускага мінулага.


Адным з цэнтральных паняццяў савецкай ідэалогіі сталінскіх часоў быў «новы чалавек» — фізічна і разумова развітая асоба, якая прытрымліваецца прынцыпаў калектывізму, добраахвотна падпарадкоўвае ўласныя інтарэсы грамадскім, а таксама гатовая ахвяраваць сябе і сваіх крэўных у імя ідэі пабудовы бяскласавага грамадства. Найбольш важнымі ўзроставымі катэгорыямі ў гэтым сэнсе былі дзеці і падлеткі, іншымі словамі, вучні школ ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў. У іх калектыўнай свядомасці прапаганда актыўна стварала светлы вобраз Сталіна.

За дзень да расстрэлу Зіноўева, Каменева і яшчэ 14-ці абвінавачаных па першым маскоўскім працэсе газета «Піянер Беларусі» надрукавала зварот піянераў фарпоста № 1 пры жакце № 14 г. Мінска да Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР. Фаня Іодэс, Хіля Вінэр, Сёма Падастравец, Заля Кузьмінскі і Сролік Эльтэрман прасілі, «...каб да гэтых подлых нягоднікаў прывялі вышэйшую меру пакарання. Мы хочам і будзем жыць, вучыцца і расці пад кіраўніцтвам нашага дарагога, любімага таварыша Сталіна». Адначасова з асуджэннем «подлых бандытаў, якія зрабілі замах на забойства нашага дарагога сэрца краіны — І. В. Сталіна», выхавацелі вучылі дзяцей дзякаваць «работнікам НКУС, якія пільна сочаць і ахоўваюць любімых правадыроў усяго працоўнага чалавецтва». Другі маскоўскі працэс, які прайшоў у студзені 1937 года, таксама суправаджаўся правядзеннем «хвілін нянавісці» ў дзіцячых калектывах. Пасля надрукавання ў газетах, у тым ліку ў «Піянеры Беларусі», смяротнага прысуду групе высокапастаўленых партфункцыянераў, школьнік з Краснага Берага Жлобінскага раёна Мордас абурана здзіўляўся: «Падумаць толькі: яны хацелі забіць нашага любімага Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна, які даў нам шчаслівае жыццё... Бандыты, шпіёны атрымалі па заслугах. Гэтаму я вельмі рад». Усё паўтарылася ў сакавіку 1938 года падчас трэцяга маскоўскага працэсу.

«Спі, дачушка мая Валя...»

Для ўздзеяння на дзіцячую свядомасць выкарыстоўваліся такія эмацыянальна насычаныя сродкі, як вершаванае слова і музыка. Месца цэнтральнага вобраза прапаганды ў гэтых жанрах трывала заняў Сталін. Так, у 1934 годзе ў беларускіх піянераў з'явілася ўласная песня пад назвай «Піянерская-першамайская» сумеснай вытворчасці паэта Петруся Броўкі і кампазітара Іванова. На працягу наступных двух дзесяцігоддзяў на сотнях імпрэзаў тысячы дзяцей з энтузіязмам запявалі яе прыпеў: «Крылатых самалётаў над горадам кругі, / На маўзалей выходзіць наш Сталін дарагі. / Яму зямля саветаў, рабочыя сусвета / І мы свой піонерскі шлём салют». У наступным годзе з'явілася «Піянерская песня», напісаная Сяргеем Грахоўскім, таксама ўсхваляўшая правадыра: «Мы ўмеем спяваць і смяяцца, / Мы ніколі не ведаем слёз. / Дзецям розных рэспублік і нацый / Сталін даў найшчаслівейшы лёс».

У разгар вялікага тэрору ў друку з'явіўся паэтычны зварот Броўкі да свайго сына. Верш відавочна не адносіўся да паэтычных адкрыццяў, тым не менш ён цікавы сімвалічнай перадачай паэтам уласных бацькоўскіх функцый правадыру. Некаторыя радкі звароту паэта да сына гучаць як развітальныя, нібыта складзеныя ў чаканні арышту, які ў 1937 годзе мог адбыцца ў любую хвіліну:

Сягоння зноў узняты свет,

Грыміць комуны марш.

Мой сын, ты чуеш, у Маскве

Гаворыць бацька наш.

Не спі, маленькі, мой герой,

Шчаслівы у жыцці,

Заўсёды будзе ён з табой...

Расці, мой сын, расці.

Ты сонца яснае пазнаў,

Ты будзеш з ім ісці,

Ён нас усіх узгадаваў...

Расці, мой сын, расці!

Калі Броўка імем дыктатара будзіў свайго сына, то Эдзі Агняцвет падобным чынам закалыхвала беларускіх немаўлят у стылізаваных пад народныя вершах:

Спі, дачушка мая Валя,

І равеснік твой Віталій,

Вас жа любіць мудры Сталін.

Хачу, каб вы падрасталі,

Перад вамі шчасця далі,

Вас жа любіць мудры Сталін.

«Мы радуімся што вольныя, але смуцімся што галодныя»

Значнай колькасці дзяцей і падлеткаў сталінскага пакалення давялося сутыкнуцца з праблемай неадпаведнасці навакольнай рэчаіснасці карціне свету, якую навязвала зверху моцная прапагандысцкая машына. Асабісты жыццёвы вопыт, які супярэчыў ідэалагічным устаноўкам, прыводзіў да здзіўлення, прасвятлення, расчаравання і нават неўсвядомленага пратэсту. Выдаткоўваючы велізарныя сродкі на камуністычнае выхаванне дзяцей, сталінскі рэжым часта не быў у стане задаволіць у поўным аб'ёме іх базавыя патрабаванні.

У 1932 годзе карэспандэнт часопіса «Работніца і калгасніца Беларусі» пісаў пра выхаванцаў яўрэйскага піянердома імя Сталіна, якія ў адсутнасці вады «ноччу бегалі на вуліцу і глыталі сьнег». У аператыўным данясенні АДПУ, якое паступіла ў ЦК КП(б)Б у 1934 годзе, паведамлялася пра негатыўныя настроі рабочых мінскіх прадпрыемстваў, выкліканыя дрэнным забеспячэннем харчамі. Адным з незадаволеных быў ударнік Грышын, дзеці якога, паводле яго слоў, «паляглі ад голаду». У тым жа данясенні прыгадваўся трактарыст Дзямідчык, які на вытворчай нарадзе заявіў: «Я хачу працаваць, толькі дайце хлеба на ўтрыманцаў, бо з 600 грам хлеба, якія я атрымліваю, я нічога не ем — аддаю дзецям, і ўсё ж адно маё дзіця захварэла ад недаядання». У гады трэцяй пяцігодкі, у «краіне, дзе перамог сацыялізм», беларускія дзеці ўжо наўпрост звярталіся да Сталіна па бохан хлеба. 29 студзеня 1940 года сёстры Мусніцкія з вёскі Сінкіняты Валожынскага раёна пісалі правадыру: «Дарагі наш бацька Сталін! Мы дзеці Беларусі пішым да Цябе пісьмо. Дзякуем Табе і Чырвонай Арміі за вызваленя нас з пад панскага гнёта. Мы радуімся што вольныя, але смуцімся што галодныя. Ціпер у нас німа дзе купіць хлеба. У нас хлеб дарагі, адзін пуд жыта стоіць 25 рублей, а на 25 рублей наш бацька працуе 5 дзён».

Разам са значнымі колькаснымі паказчыкамі, дасягнутымі на працягу 1930-х гадоў у галіне школьнай адукацыі, меліся недахопы, звязаныя з якасцю вучэбнага працэсу і атрыманых ведаў. На якасныя паказчыкі дрэнна ўплывалі, перш за ўсё, фарсіраваныя тэмпы развіцця школьнай сеткі, а таксама палітызацыя зместу адукацыйнай і выхаваўчай работы. У сваім справаздачным дакладзе на ХVІ з'ездзе КП(б)Б, зробленым 11 чэрвеня 1937 года, Шаранговіч паведаміў, што ў 1934/35 навучальным годзе ў школах БССР было пакінута на другі год 66 тыс. вучняў, у 1935/36 годзе іх колькасць вырасла да 110 тыс. У 1936/37 навучальным годзе ў школах рэспублікі не хапала больш за 1,5 тыс. настаўнікаў. У асоб, якія працавалі ў школах БССР, адукацыйны ўзровень вымушаў жадаць лепшага. Так, 62 % настаўнікаў 1—4-х класаў не мелі сярэдняй адукацыі, а з агульнай колькасці настаўнікаў 5—10-х класаў толькі 25 % мелі вышэйшую адукацыю. Паводле афіцыйных звестак Наркамата аховы здароўя, у 1938 годзе каля 80 % хворых на сыпны тыф у БССР складалі дзеці, а вашывасць сярод школьнікаў у залежнасці ад мясцовасці даходзіла да 60 і нават 70 %.

Гэтыя адмоўныя з'явы выклікалі непакой у партыйнага кіраўніцтва рэспублікі. Але ўсе недахопы, якія існавалі ў сістэме народнай адукацыі, спісвалі на выканаўцаў. Вельмі небяспечнай была пасада народнага камісара асветы БССР. Пасля самагубства Усевалада Ігнатоўскага і адпраўкі на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала Баліцкага, ахвярамі вялікага тэрору 1937—1938 гадоў зрабіліся наркамы адукацыі Платун (1929—1933), Чарнушэвіч (1933—1936), Дзякаў (1936—1937), Варончанка (1937) і Півавараў (1937—1938). Міністр асветы БССР Саевіч (1947—1951), перш чым апынуцца ў 1951 годзе ў «амерыканцы», таксама неаднаразова рабіўся аб'ектам публічнай крытыкі.

«Яны сінія, дрыжаць ад холаду, ціснуцца па кутах»

Напоўніцу давялося спазнаць адваротны бок жыцця сталінскага грамадства беспрытульнікам. Калектывізацыя, неад'емнай часткай якой было прымусовае высяленне раскулачаных сялян, выклікала напачатку 1930-х гадоў рэзкае павелічэнне ў БССР колькасці беспрытульных дзяцей. Сітуацыю яшчэ пагоршылі міграцыі ў рэспубліку дзяцей з ахопленых голадам Украіны і паўднёвых раёнаў РСФСР у 1932—1933 гадах. Асноўнымі заняткамі беспрытульнікаў былі крадзеж, папрашайніцтва, наркаманія, прастытуцыя. Сітуацыю, што склалася ў рэспубліцы, зафіксавала пастанова бюро ЦК КП(б)Б ад 27 красавіка 1934 года. «Аб ліквідацыі дзіцячай беспрытульнасці», дзе з характэрнай для таго часу безапеляцыйнасцю быў вызначаны канкрэтны тэрмін суцэльнай ліквідацыі беспрытульнасці — 15 мая 1934 года.

У красавіку 1935 года, праз год пасля прыняцця згаданай пастановы, старшыня Цэнтральнай дзіцячай камісіі пры ЦВК БССР Чарвякоў у дакладной, адрасаванай у ЦК КП(б)Б, канстатаваў, што яна ў большасці пунктаў не выканана. Так, не былі пабудаваны рэфарматорыум для непаўналетніх у Чэрвені, спецыяльная фабрычна-заводская вучэльня ў Віцебску, а таксама працоўная калонія пры Галоўным упраўленні міліцыі. Характарызуючы становішча ў беларускіх дзіцячых дамах, усебеларускі стараста пісаў пра раскраданне маёмасці, «голых, брудных, вашывых, галодных» выхаванцаў, а таксама выпадкі педафіліі. Нягледзячы на тое, што на працягу 1934 года праз прыёмнікі ў гарадах БССР было прапушчана больш за 7 тыс. (з іх 1 082 у Мінску) беспрытульных і безнаглядных дзяцей, паводле звестак Чарвякова, на вуліцах беларускіх гарадоў заставалася больш за 1,5 тыс. дзяцей абедзвюх катэгорый. Каля 70 % ад 7 тыс. беспрытульнікаў, прапушчаных праз прыёмнікі, складалі прыбылыя з вясковых мясцовасцяў БССР, УССР і РСФСР дзеці раскулачаных, а таксама высланых або памерлых аднаасобнікаў. Не спынялася таксама плынь збеглых з дзіцячых устаноў як вынік дрэннага з імі абыходжання.

Неад'емнай часткай сталінскай культуры дзяцінства была дыскрымінацыя дзяцей з разумовымі адхіленнямі. Пра гэта сведчыць наступны фрагмент са справаздачы камісіі Наркамата аховы здароўя, якая 24—25 кастрычніка 1938 года абследавала дзіцячае аддзяленне Магілёўскай псіхіятрычнай лякарні: «Памяшканне вільготнае, змрочнае, не ацяпляецца. Большасць дзяцей босыя, напаў- ці зусім голыя. Яны сінія, дрыжаць ад холаду, ціснуцца па кутах. Выглядаюць неахайна і ўсе разам нагадваюць загнаных звяроў. Па словах адміністрацыі, маецца ўсяго 44 хворых. Імбецылы, ідыёты і ўсе астатнія трымаюцца разам, і вядома, сумеснае сужыццё наганяе жах на ўсіх і дэградуе дзіцячы калектыў у цэлым. Ніякай працы — ні медыцынскай, ні санітарнай, ні выхаваўчай у гэтым аддзяленні чамусьці не вядзецца. Урача ў ім не маецца, працу вядзе старэйшая сястра, і пры неабходнасці лячэбнай дапамогі туды заходзіць дзяжурны фельчар».

Не пашкадаваць уласнага бацькі дзеля пабудовы светлага «заўтра»

Любоў, адданасць калектыўнаму бацьку, паводле задумы сталінскіх выхавальнікаў-прапагандыстаў, спалучаліся з жорсткімі, бязлітаснымі адносінамі да родных бацькоў у выпадку іх «сацыяльна шкодных» паводзін. У 1930 годзе на Усебеларускім конкурсе дзіцячай кнігі была прэміравана аповесць Алеся Якімовіча «Перамога». Яе галоўны і безумоўна станоўчы герой — падлетак Сцёпка паведамляў старшыні калгаса пра шкодніцкую дзейнасць свайго бацькі. Сюжэт гэтага першага беларускага літаратурнага твора, які адкрыта заклікаў дзяцей да даносніцтва на ўласных бацькоў, меў адносна шчаслівы фінал. Атрымаўшы 5 гадоў умоўнага зняволення, падкулачнік-бацька ўступіў у калгас.

З цягам часу сюжэтныя лініі твораў беларускай літаратуры, прысвечаных вобразам дзяцей-даносчыкаў, набывалі больш злавесны характар. Напрыклад, галоўны герой напісанай у 1934 годзе Александровічам паэмы «Шчаслівая дарога» — сын кулака Грышка — паведамляе органам не толькі пра бацьку, але таксама пра старэйшую сястру, якая паспрабавала збегчы ад калектывізацыі ў Польшчу. У выніку Грышку перадалі ў інтэрнат, а яго арыштаваныя бацька і сястра зніклі ў нетрах ГУЛАГу. Падобны сумны лёс напаткаў героя драмы Эдуарда Самуйлёнка «Пагібель воўка» — лесніка Багдана Харкевіча, якога публічна выкрыла як «дыверсанта і класавага ворага» дачка-студэнтка.

Пасля забойства ў верасні 1932 года Паўліка Марозава пачаў фарміравацца і атрымаў шырокае развіццё культ піянера-пакутніка, які не пашкадаваў уласнага бацькі дзеля пабудовы светлага «заўтра». Пра «мужны ўчынак» Паўліка школьнікам расказвалі на ўроках. Пра яго складалі паэмы, пісалі песні і нават оперы. Пасля прапановы Максіма Горкага аб узвядзенні Паўліку Марозаву помніка ў Маскве піянерская арганізацыя БССР адразу пачала збор сродкаў на яго пабудову. Першыя на гэтую справу пералічылі чатыры рублі піянеры аршанскай базы «Металіст». Кампанія збору сродкаў на помнік працягвалася ў Савецкай Беларусі таксама ў наступным годзе пад дэвізам «Будзем як Паўлік». Імем апошняга была названа «вуліца» ў піянерлагеры Бабруйскага дрэваапрацоўчага камбіната.

Адначасова беларускі піянерскі друк паведамляў пра іншых піянераў-пакутнікаў, якія, натхніўшыся «подзвігам» П. Марозава, даносілі ў НКУС пра супрацьзаконныя дзеянні сваякоў. Паведамленні накшталт «смерцю Паўліка Марозава на Каўказе загінуў Грыша Акопаў», «у Краснаярскім краі ў вёсцы Шыра забіт Гена Шчукін» правакавалі беларускіх дзяцей на аналагічныя ўчынкі. Беларускі літаратар Алесь Рылько расказваў Янку Брылю, што ў 1930-х гадах «...начытаўшыся ды наслухаўшыся пра подзвіг Паўліка Марозава, пачаў сачыць за сваім бацькам. Калгасны конюх, бацька прыносіў часам кішэню аўса, з якога, растоўкшы яго ў ступе, маці варыла нейкую поліўку. І вось аднойчы, прыйшоўшы са школы, малы сеў пісаць на бацьку заяву. — Думаў, думаў, — успамінаў ён потым, у пяцідзясятых, — а пасля як стала мне страшна, як расплакаўся я за сталом!..»

Выдатнік і сын шаўца

Знайсці свайго Паўліка Марозава прапагандысты КП(б)Б здолелі толькі ў 1937 годзе. Ім стаў 14-гадовы вучань 2-й барысаўскай рускай школы, піянер, выдатнік і сын шаўца Меер Меркінд.

Паводле ўспамінаў тагачаснага аператыўнага ўпаўнаважанага крымінальнага вышуку Стара-Барысава Брыжэўскага, у 1936 годзе ён завербаваў Меера з дапамогай іншага школьніка, які добраахвотна дапамагаў міліцыі. Уласцівае падлетку абвостранае пачуццё справядлівасці, нецярпімасці да крывадушша і фальшу было добрай глебай для ўкаранення міфа пра «ўсеагульнае шчасце». У выніку размовы пра «перавыхаванне злачынцаў, што з'яўляецца адной з найважнейшых умоў пабудовы сацыялістычнага грамадства» хлопец даў згоду даносіць на свайго бацьку. Меркінда-старэйшага барысаўская міліцыя даўно падазравала ў вырабе і продажы абутку з кантрабанднай скуры і, адпаведна, у сувязях з кантрабандыстамі. Паводле правіл сапраўднага дэтэктыва, Меер сачыў за бацькам, падслухоўваў яго размовы, таемна сустракаўся з агентамі крымінальнага вышуку для перадачы інфармацыі і, самае галоўнае, знайшоў у хаце рэчавыя доказы злачынства — схованкі з кантрабанднымі скурамі.

У сваіх успамінах Брыжэўскі піша, што разумеў смяротную небяспеку, якой падвяргаў свайго малалетняга тайнага агента, бо ў выпадку нейкай памылкі кантрабандысты яго б не пашкадавалі. Таму ў абмен на пісьмовую заяву аб незаконнай дзейнасці бацькі Меркінду з боку барысаўскай міліцыі былі дадзены гарантыі канфідэнцыяльнасці і абяцанне не прыцягваць у якасці сведкі абвінавачання падчас судовага працэсу. Аднак неўзабаве пасля арышту разам з групай кантрабандыстаў Меркінда-старэйшага, падзеі пачалі разгортвацца паводле іншага сцэнарыя. Высока ацаніўшы прапагандысцкі патэнцыял гэтай крымінальнай справы і з'яўленне, нарэшце, беларускага Паўліка Марозава (хай нават і не забітага ворагамі), партыйнае кіраўніцтва рэспублікі вырашыла зрабіць працэс адкрытым і шырока асвятляць яго ў друку.

11 мая 1937 года ў перапоўненай зале Дома селяніна барысаўскі суд пачаў слуханне справы па абвінавачванні брыгадзіра шавецкай арцелі «Чырвоны воін» Меркінда ў крадзяжы скуртавараў, вырабу з іх абутку і продажы па спекуляцыйных цэнах. Да таго часу партыйныя прапагандысты ўжо прапанавалі суду іншую версію падзей, якая гераізавала дзеянні юнага піянера. Так, карэспандэнт газеты «Звязда», які асвятляў гэты працэс, паведамляў з перапоўненай залы суда: «Меер Меркінд яшчэ ў 1936 годзе заявіў міліцыі аб злачынстве бацькі, але міліцыя ніякіх мер не прымала. У пачатку 1937 года піонер Меркінд прышоў да ўпаўнаважанага крымвышуку і, расказаўшы падрабязна пра злачынствы яго бацькі, ён дадаў: — Калі і на гэты раз будзеце маўчаць, я выкрыю і вас перад Галоўным кіраўніцтвам міліцыі». Меера абавязалі выступаць на судзе ў якасці сведкі супраць свайго бацькі. Паводле слоў карэспандэнта «Звязды», дзякуючы яго выступленню, суду ўдалося выявіць новых злачынцаў.

Працэс барысаўскіх кантрабандыстаў-спекулянтаў шырока асвятляўся ў беларускім друку. У кожным рэпартажы асаблівы націск рабіўся на «гераічны ўчынак» барысаўскага падлетка, за які ён атрымаў пуцёўку на адпачынак у піянерскім лагеры «Артэк». «Піянер Беларусі» наўпрост назваў хлопца, які стаў ахвярай савецкай прапагандысцкай машыны, «беларускім Паўлікам Марозавым».

Тым не менш крымінальна-прапагандысцкая аперацыя пад назвай «беларускі Паўлік Марозаў» мела сумны фінал. Меркінд-старэйшы атрымаў працяглы тэрмін зняволення, яго лёс губляецца ў ГУЛАГу. Меера неўзабаве пасля вяртання з «Артэка» перадалі на выхаванне ў віцебскі дзіцячы дом. У апошні перадваенны год ён паступіў вучыцца ў Мінскі педінстытут. Паводле ўспамінаў барысаўскага краязнаўца Разэнблюма, у жніўні 1941 года Меер Меркінд загінуў на фронце. Але паведаміць пра гэта не было каму, бо ў яго дакументах у графах «бацька» і «маці» стаялі прочыркі.

Аляксандр Гужалоўскі, доктар гістарычных навук

Іншыя матэрыялы аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?