Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Нельга выкідваць людзей на вуліцу, якія б яны ні былі


Сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства «Гомсельмаш». Аб вытворча-эканамічным і сацыяльным развіцці рэгіёна кіраўніку дзяржавы далажыў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, аб стане спраў на заводзе – кіраўнік прадпрыемства Аляксандр Новікаў.


Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з выстаўкай прадукцыі, якую вырабляе «Гомсельмаш», у тым ліку з лінейкай рэдуктараў, якія выпускаюцца ў рамках праграмы імпартазамяшчэння, і з вытворчым працэсам зборкі зернеўборачных камбайнаў на галоўным канвееры цэха. Адбылася таксама сустрэча кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву.

«Некаторыя прапануюць перамены — «гэта не трэба, прададзім», але мы пайшлі іншым шляхам»

На пачатку даклада пра становішча на Гомсельмашы Прэзідэнт адзначыў, што яго вельмі хвалявала сітуацыя на прадпрыемстве, таму інфармацыяй ён валодае. Прадукцыя прадаецца, скарачаюцца запасы, за 10 месяцаў сёлета тэмп росту экспарту ў параўнанні з мінулым годам — 118%, паступленні сродкаў павялічыліся ў 11,6 раз, за 9 месяцаў перавыкананы паказчыкі бізнес-плана.

Прэзідэнт высока ацаніў поспехі прадпрыемства і яго кіраўнікоў: «Нам трэба паглядзець на людзей, што ўзначалілі холдынгі. Яны гэтыя прадпрыемствы выцягнулі».

«Некаторыя нам прапануюць перамены і рэформы: «А, гэта не трэба, прададзім. Але мы пайшлі іншым шляхам, магчыма, крыху нестандартным, сацыялістычным шляхам. Не важна якім, але мы выратавалі іх», — ацаніў значныя поспехі Гомсельмаша кіраўнік краіны.

«Так, дзесьці яны напружыліся, але і дзяржава плячо падставіла», — сказаў кіраўнік краіны і заявіў, што і далей будуць падтрымліваць і вытворчасць, і працоўных — на холдынгу іх амаль 13 тысяч чалавек, якія кормяць свае сем'і.

Ён адзначыў, што, канечне, на прадпрыемстве ёсць невялікія лішкі супрацоўнікаў. Скарачаць кадры трэба натуральным шляхам — зменай пакаленняў.

«Людзі выходзяць на пенсію, хтосьці сам звальняецца, сыходзіць на іншыя прадпрыемствы. Трэба натуральным шляхам скарачацца. Нельга выкідваць людзей на вуліцу, якія б яны ні былі».

Пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Гомельшчыны расказаў Прэзідэнту старшыня абвыканкама Генадзь Салавей. На сёння запасы гатовай прадукцыі ў рэгіёне скарочаны на 36% з пачатку года. На такую ж лічбу нарасцілі аб’ёмы вытворчасці. Да канца года паказчыкі ва ўсіх галінах, па словах старшыні аблвыканкама, выйдуць на 100% ад запланаваных.

«Ёсць праблемы сёння з экспартам. Але гэта асобная тэма. Яго мы нарошчваем і глядзім, каб выканаць і гэты паказчык», — сказаў Генадзь Салавей.

«Тэма з экспартам нікуды не падзенецца. Свет спыніўся, няма спажывання. Тым больш машынабудаўнічай прадукцыі», — адказаў Прэзідэнт.

Генадзь Салавей падзяліўся з Прэзідэнтам планамі «Беларуснафты» — аднаго з самых вядомых прадпрыемстваў не толькі рэгіёна, але і краіны. Яго стратэгія: да 2028 года здабываць 2,5 мільёна тон нафты, сёння вырабляюць ужо 1,7 мільёна.

Пасля знаёмства з «абноўкамі» машыннага парку Гомсельмаша і цэхамі прадпрыемства Прэзідэнт, як звычайна, сустрэўся з працоўным калектывам — адказаў на некалькі пытанняў супрацоўнікаў і журналістаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: дзяржава ва ўсе часы аказвала значную падтрымку кампаніі яшчэ і таму, што да «Гомсельмаша» далучылі «Лідаграпраммаш» і Гомельскі завод ліцця і нармалей.

Сёння вы добра працуеце і тыя прадпрыемствы выцягнулі, але галоўнае — яны ж вам неабходны. Ліццё, як без яго? Неабходнае яно на кожным прадпрыемстве», — сказаў Прэзідэнт, нагадаўшы, што ўсе прадпрыемствы холдынгу сёння працуюць з прыбыткам.

Яго асабліва радуе, што Гомсельмаш змог поўнасцю разгрузіць свае склады і прадукцыя сёння прадаецца «з калёс». Адзначыў Прэзідэнт пастаўкі ў афрыканскі рэгіён, а таксама неабходнасць засвойваць гэты рынак і далей.

«У Афрыку неабходна ісці, таму што гэта рэгіён, які развіваецца. За Афрыкай будучае. Нас не будзе з міністрам, а вам прыйдзецца ў Афрыцы працаваць, засвойваць гэтыя рынкі. Гэта будучае ваша і будучае ўсёй планеты па вытворчасці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«З цягам часу будзем распрацоўваць і Прыпяцкую лагчыну. Гэта трэці этап — сур’ёзны праект для галіны», — дадаў губернатар.

Кіраўнік вобласці заявіў, што дзяржава аказвае значную сацыяльную падтрымку людзям ва ўсіх кірунках.

«Тое, што сёння робіцца ў краіне для людзей, — гэта адчувальна, асабліва ў сацыяльным плане», — дадаў Генадзь Салавей.

Генеральны канструктар Навукова-тэхнічнага цэнтра камбайнабудавання Сяргей Федаровіч расказаў пра навінкі прадпрыемства і іх вытворчыя магчымасці. Прэзідэнт адзначыў, што важна не толькі магутнасць тэхнікі, але і падрыхтоўка палёў да апрацоўкі.

«Вы маленькі крок зрабілі (у сферы сельскай гаспадаркі — «Зв.»), але Гомельшчына павінна падцягвацца хаця б да ўзроўню Брэсцкай вобласці, вы не павінны целяпацца на ўзроўні Віцебскай вобласці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Для мяне, як Прэзідэнта, гэта аснова — захаваць машынабудаванне»

Адно з пытанняў кіраўніку дзяржавы — пра перспектыву машынабудаўнічай галіны нашай краіны.

«Гэта аснова. Для мяне, як Прэзідэнта, гэта аснова — захаваць машынабудаванне. Для чаго? Не для таго, каб вырабляць гэтыя жалязякі, не ў гэтым галоўнае, — адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае — у нас будуць інжынеры. У нас будуць канструктары, кіраўнікі».

Ён лічыць невыпадковым, што інжынерна-тэхнічныя работнікі амаль не ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту.

«Інжынеры — зусім іншыя людзі. І калі я прызначаю на пасаду людзей, гляджу біяграфію чалавека, калі ў яго ёсць армія і рабочая закваска, ды яшчэ калі ён інжынерам недзе папрацаваў — зялёная вуліца, — расказаў беларускі лідар. — Вось галоўнае — мы мазгі захоўваем, людзей. Таму гэта вельмі важна».

Яшчэ адна прычына развіваць гэтую галіну — дасягнутае за апошнія 25 гадоў.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў часы, калі ў Беларусі не было тэхнікі, каб убраць хлеб. Гэта, па яго словах, было ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Камбайны, набытыя падчас існавання СССР, ужо знасіліся, і, каб выратаваць сітуацыю, прыходзілася прыдумляць і выкручвацца з тым, што было.

«І вось тады было галоўнае пытанне — што рабіць з «Гомсельмашам», — успомніў Аляксандр Лукашэнка. — Ці будзем мы вырабляць свае кормаўборачныя і зернеўборачныя камбайны? А тады ж толькі два тыпы выраблялі».

У той час гучалі аргументы супраць будаўніцтва свайго камбайна, прапаноўвалася закупіць гэтую тэхніку ў Германіі: «Я гавару: а за што купім? Для таго, каб купіць дарагія камбайны ў Германіі маркі CLAAS ці John Deere — амерыканскія камбайны, вялізныя грошы патрэбныя. І тады мы прынялі рашэнне: будзем рабіць свой камбайн», — расказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на пройдзены шлях: «Калі вы мяне пытаецеся, якая перспектыва — ды я ніколі ў жыцці не пайду на тое, каб загубіць тое, што рабіў, у тым ліку і ўласнымі рукамі, — сказаў ён. — Таму машынабудаванню ў Беларусі быць».

 Зробленае не зможа знішчыць і іншая ўлада, упэўнены беларускі лідар.

«Мая задача зрабіць так, каб пасля мяне гэта ніхто не разбурыў, — падкрэсліў ён. — Не змог. Бо вы выйдзеце тады на вуліцы і будзеце пратэставаць. Таму ніякай здрады, гэтага вы нават не кажыце пра мяне — вы дакладна ведаеце, што я нікому не здраджваў і не здраджу, нават калі майму жыццю будзе пагроза, гэта выключана».

Пры гэтым Прэзідэнт не супраць сумеснага прадпрыемства.

«Укладвайце грошы, мы не супраць. Я пра Казахстан сказаў (магчымасць уваходжання казахстанскага капіталу ў Гомсельмаш абмяркоўвалася ў тым ліку падчас леташняга візіту беларускага лідара ў Нур-Султан — «Зв.»). Але ўкладайце так, каб мы карысць ад гэтага атрымалі, а для нас галоўнае зараз — рынкі, — патлумачыў ён. — Калі будзе куды прадаць, дзе зерне вырошчваецца і кармы, — калі ласка, мы адкрытыя, прыходзьце. Але на тых умовах, якія стаўлю, не надта хочуць».

Умовы, якія ставіць Прэзідэнт, датычацца і захавання працоўнага калектыву. Пазіцыя кіраўніка дзяржавы — нельга ў адзін момант выставіць на вуліцу некалькі тысяч чалавек.

«Калі і трэба скарачаць нейкую колькасць, дык людзі на пенсію зыходзяць, нехта працаўладкоўваецца — гэта працэс, але ж гэта — жывыя людзі, я не паддобрываюся да вас, — заўважыў Прэзідэнт. — Больш за тое, сёння дырэктар кажа, што тут патрэба ў 200–300 чалавек. Але таленавітых здольных спецыялістах, каб былі зваршчыкі, шліфоўшчыкі і іншыя. Гэтыя прафесіі запатрабаваныя. Таму няхай моладзь думае, што рабочы — гэта ўжо не раб, не, сёння рабочы чалавек — гэта залатыя рукі. І вялізны попыт на рабочых».

Праблема дэфіцыту кваліфікаваных рабочых неяк закраналася і на саміце ЕАЭС, расказаў Аляксандр Лукашэнка. У Кыргызстане і Расіі страцілі сістэму прафтэхадукацыі, але ў Беларусі яна захавалася і наша краіна аказвае, па яго словах, дапамогу ў падрыхтоўцы рабочых кадраў для іншых краін.

Некалькі слоў Прэзідэнт сказаў і пра студэнтаў ВНУ: «Мы сёння навучаем студэнтаў больш, чым у Савецкім Саюзе. Нам столькі не трэба, гадоў 12 таму паўстала пытанне: што рабіць? Давайце будзем навучаць столькі, колькі патрэбна Беларусі. Разумна было пастаўленае пытанне», — сказаў ён.

Тым не менш Аляксандр Лукашэнка выступіў супраць скарачэння набору ў ВНУ, ён прапанаваў захаваць яго на ўзроўні савецкіх часоў, а звыш таго набіраць на платныя аддзяленні.

«І, вы ведаеце, калі студэнты там варухнуліся ў свой час, я думаю: ды калі б не дыктатар, у нас студэнтаў было б у чатыры разы меней», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што не шкадуе аб прынятым рашэнні наконт захавання набораў у ВНУ: «Няхай у нас будуць адукаваныя людзі. Толькі галаву трэба трымаць на плячах».

Ён пахваліў завадчан за працоўныя дынастыі і заклікаў іх захоўваць вытворчасць.

«Машынабудаванне мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць, — паўтарыў беларускі лідар. — Калі б вось зараз міністр прамысловасці, былы кіраўнік БеЛАЗу, вам расказаў, што мы робім па мадэрнізацыі нашай прамысловасці! У найцяжэйшы час! У нас жа няма шалёных грошай, ад нафты, газа, ад золата, ад яшчэ нечага, усё — ад вашых камбайнаў і трактароў, усё, што вы заробіце, мы інвесціруем у развіццё вытворчасці».

«Я не хачу, каб мы сталі прыдаткам»

Прыватызацыя такіх прадпрыемстваў, як «Гомсельмаш», не заўсёды абарочваецца дабром для тых, хто там працуе, дадаў беларускі лідар.

Акрамя скарачэння калектыву, жадання патэнцыйнага пакупніка набыць за бясцэнак, маецца рызыка згортвання кампетэнцый.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ведае што гэта такое — калі народ ствараў каштоўнасці, якія могуць быць прададзеныя за бесцань.

«Таму вы нават не думайце, што я пайду на абвальную нейкую прыватызацыю. Плаціце грошы, а мы потым будзем глядзець, што мы ад гэтай прыватызацыі атрымаем. Калі даcце грошы, мы створым новую тэхніку і на ваш рынак, як у Казахстане, паставім», — рэзюмаваў ён і дадаў, што не пагадзіўся нават на прыватызацыю з боку расіян, бо не пажадаў, каб «Гомсельмаш» стаў прыдаткам «Растсельмашу».

Падобны матыў адмовы ў прыватызацыі МАЗу, МЗКЦ, іншых вытворчасцяў.

«Я не хачу, каб мы сталі прыдаткам кагосьці, вось і ўся палітыка, — падсумаваў беларускі лідар. — Таму не перажывайце. Усё міне. Было і больш складана».

Урад разгледзіць пытанні скарачэння тэрміну дэкрэтнага адпачынку

Прэзідэнт падкрэсліў, што перад уладамі стаіць задача ў комплексе разгледзець шматдзетнасць. Асноўная мэта, каб грашовая дапамога, якую выплачваюць да трох гадоў малым, даходзіла на іх патрэбы. Ёсць планы перагледзець і тэрмін знаходжання ў адпачынку па выхаванні дзіцяці.

«Некаторыя сядзяць у дэкрэтным адпачынку два гады, а з двух гадоў дзіця адводзяць у яслі. То бок дзіця аддала дзяржаве, мы яго глядзім, а яна сядзіць у дэкрэтным. Гэта не значыць, што ўзяў і скараціў дэкрэтны адпачынак. Але мала краін такіх засталося з трыма гадамі дэкрэтнага адпачынку. І самі жанчыны ўнеслі прапанову скараціць тэрмін да двух гадоў», — заявіў кіраўнік краіны.

Па яго словах, усе гэтыя пытанні Прэзідэнт сабраў і накіраваў ва ўрад і дэпутатам. «Абмяркоўвайце, райцеся са сваімі выбаршчыкамі, а потым унесяце Прэзідэнту, будзем прымаць рашэнне. То бок мы не прынялі ні па адным з пытанняў рашэння, але гэтыя пытанні ў парадку дня. Зробім як лепш для людзей і дзяржавы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што толькі калі ў кожнай сям’і з’явіцца па трое дзяцей, у краіне будзе прырост насельніцтва.

«Самая важнае для нас — гэта насельніцтва. Калі кожная жанчына сёння не народзіць 2–3 дзяцей, мы як Еўропа, Расія, Украіна за год 200 тысяч насельніцтва страцім. Жыць не будзе каму праз паўстагоддзя», — адказаў ён на пытанне шматдзетнай маці.

Кіраўнік краіны нагадаў пра магчымасць атрымаць амаль 10 тысяч долараў «сямейнага капіталу» за трэцяе дзіця. Патраціць гэтыя грошы спачатку магчыма было з 18-гадовага ўзросту дзіця, з цягам часу прынялі рашэнне дазваляць раней скарыстацца сродкамі для лячэння, адукацыі і набыцця жылля шматдзетнымі.

«Нараджайце, будзем знаходзіць гэтыя грошы па 10 тысяч долараў на кожнае дзіця пасля двух. Гэта галоўнае. Не будзе дзяцей, не будзе працоўных і ніякая адукацыі і кампетэнцыі не трэба», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

«Падвяргай усё сумненню»

Журналісты таксама задалі некалькі пытанняў Прэзідэнту. Адно з іх было пра непацверджаную інфармацыю са згадваннем вядомых у Беларусі прозвішчаў, якая з’яўляецца ў ананімных Telegram-каналах.

Калі размова пра так званыя злівы тэлефонных перагавораў, якія тычацца гібелі Рамана Бандарэнкі, то поўны адказ будзе дадзены на будучым тыдні, паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

«Але ўсім вам павінен сказаць: ад інтэрнэту нікуды не падзецца. Па першае. А па-другое, гэта сметніца, але ж шмат карыснага. Аператыўнасць», — адзначыў ён і паведаміў, што сам не карыстаецца мабільнай сувяззю, бо мабільныя тэлефоны дазваляюць адсочваць месцазнаходжанне людзей і падслухоўваць іх размовы.

«Таму больш акуратна з гэтымі тэлефонамі, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы нешта бачыце, вось як ты сказаў, апошнія гэтыя злівы: размовы там, прозвішчы, правільна ты заўважыў… Ужо пералічваюць прозвішчы бліжэй да Прэзідэнта. Чаму гэта робяць зараз? А нядзеля! (па нядзелях тры месяцы запар у Мінску адбываюцца пратэстныя шэсці — «Зв.»)».

Ён упэўнены, што пахаванне Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасля бойкі з-за бел-чырвона-белай сімволікі ў сваім двары, апаненты ўлады хацелі выкарыстаць, каб мабілізаваць людзей на выказванне пратэсту, але сям’я хлопца не пажадала гэтага. Таму і адбылося ўкідванне новай інфармацыі, сцвярджае беларускі лідар.

«Падвяргай усё сумненню, — нагадаў класіка Аляксандр Лукашэнка. — Што б ты ні рабіў у жыцці, нават калі гэта абсалютна відавочна, падвергні гэта сумненню, правер яшчэ раз, прарэвізуй дзясяткі разоў — не будзеш памыляцца. Падвяргайце ўсё сумненню. Не спяшайцеся ніколі. І ведайце, што нас зараз раздзіраюць. Пачалі з бліцкрыгу, кветачкі і іншае, радыкалізацыя, страйкі — не пайшлі рабочыя. А што рабіць? Як падтрымаць пратэстны настрой? Як далей рухацца?”

Згуртаванні людзей, якія пражываюць на адной дваровай тэрыторыі, па меркаванні Прэзідэнта, таксама маюць небяспеку.

«Для некага гэта дваровыя тэрыторыі, жартачкі, а для нас вясной — гэта ачаг грамадзянскай вайны, гэта стрэлы, гэта забойствы людзей, — папярэдзіў ён. — Што будзем рабіць потым? І яны не дурныя. Гэта не нашы гэтыя вось telegram-канальшчыкі, яны ж саплівыя ўсе, ім па 23-25 гадоў самае вялікае. Гэта не яны. Супраць нас працуе магутная спецслужба свету — ЗША. Яны пад Варшавай цэнтр стварылі, а зараз у Кіеве стварылі. Ладна, я бы сказаў. Але мы з расіянамі, разведка наша і расійская, папрацавалі і ўбачылі гэтыя цэнтры. Ніводнага паляка там няма. Гэта толькі тэрыторыя. Там усе амерыканцы сядзяць. Разумныя, таленавітыя, здольныя людзі».

Беларусь стала некаму ўпоперак горла, бо аказалася занадта самастойнай і трывалай, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

«Што тычыцца фашызму, да мяне гэта ніяк не прыклеіш, бо я інтэрнацыянальны чалавек»

Кіраўнік краіны заявіў, што прыбярэ бела-чырвона-белыя сцягі як «фашысцкую сімволіку з нашага грамадства» і зробіць гэта прыгожа, «тлумачачы людзям сэнс і гісторыю гэтага сімвала». Прэзідэнт канстатаваў, што бела-чырвона-белы сцяг лічыць фашысцкай сімволікай і сам унёс у 90-я пытанне аб змене дзяржаўнай сімволікі на рэферэндуме.

«Пераважная большасць падтрымала сённяшнюю дзяржаўную сімволіку, якія да мяне пытанні? Прытым Лукашэнкі партрэтаў пад бчб-сцягамі не было, а фашыстаў і Гітлера былі, і мы паказваем гэта. Хто мог падумаць, што тэатр Янкі Купалы, які быў у гады вайны ўвешаны бчб-сцягамі, будзе пад гэтымі сцягамі ў гэтым годзе», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, фашызм як крайняя форма нацыяналізму непрымальная для яго як чалавека з талерантнымі поглядамі.

«Што тычыцца фашызму ты да мяне ніяк не прыклеіш, бо я інтэрнацыянальны чалавек. Для мяне, што ўкраінец, што рускі, што паляк, што беларус, літовец, немец — усё роўна. Вы ж бачыце маю палітыку, я заўсёды ганарыўся, што ў нас няма боек і супярэчнасцяў паміж рознымі нацыянальнасцямі», — акцэнтаваў кіраўнік краіны.


Даведка «Звязды»:

2020 год «Гомсельмаш» прагназуе завяршыць з перавыкананнем планаў па росту аб’ёмаў вытворчасці і экспарту і з дасягненнем пастаўленых задач па рэнтабельнасці, прыбытку і зніжэнню выдаткаў. Сярэднемесячны заробак тут не менш за 1000 рублёў, паведамляецца ў інфармацыі, якую кампанія падрыхтавала для журналістаў.

У цяперашні час на «Гомсельмашы» ў серыйнай вытворчасці і распрацоўцы знаходзяцца 27 мадэляў і 73 мадыфікацыі зернеўборачнай тэхнікі, 9 мадэляў і 31 мадыфікацыя кормаўборачнай тэхнікі, 5 мадэляў і 4 мадыфікацыі ўніверсальных энергетычных сродкаў, 4 мадэлі і 4 мадыфікацыі самаходных касілак.

Таксама холдынгам вырабляюцца 12 мадэляў і 17 мадыфікацый прычапной і навясной корманарыхтоўчай тэхнікі, 9 мадэляў і 15 мадыфікацый бульбаўборачных камбайнаў, 19 мадэляў і 58 мадыфікацый пасяўных камбінаваных агрэгатаў і апырсквальнікаў.

Сетка сэрвіснага абслугоўвання «Гомсельмашу» налічвае 17 тэхнічных цэнтраў у Беларусі і 74 — краінах СНД (62 — у Расіі).

У бліжэйшыя пяць гадоў холдынг плануе працаваць над стварэннем новага пакалення машын прадукцыйнасцю ад 12 да 18 тон зерня ў гадзіну і вывадам на рынак мадэлі з ротарнай схемай абмалоту і гібрыднай схемай апрацоўкі зерня, завяршаецца распрацоўка малагабарытнага камбайну GS-200 для апрацоўкі невялікіх палёў. Распрацаваны і вырабляецца камбайн, які працуе на кампрыміраваным прыродным газе і не мае аналагаў. 

«Гомсельмаш» распрацоўвае і іншыя віды сельскагаспадарчай тэхнікі, у тым ліку для нарыхтоўкі траў, кукурузы і бульбы, для апрацоўкі глебы і хімічнай абароны раслін.

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».