Вы тут

Як развіваецца першы ў Беларусі іванавацыйна-прамысловы нафтахімічны кластар


Пазаўчора ў Наваполацку ўдзельнікі пленарнага пасяджэння навукова-кансультацыйнага савета пры Прэзідыуме Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу абмяркоўвалі, як развіваецца першы ў Беларусі іванавацыйна-прамысловы нафтахімічны кластар.

Гэты «кангламерат» быў створаны ў 2017 годзе. Адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве тады падпісалі кіраўнікі гарвыканкама, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта
і адкрытага акцыянернага таварыства «Нафтан».


Кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента Наталля Качанава, якая ўзначальвае гэты савет, выказала ўпэўненасць, што пры правільным падыходзе кластар можа быць вельмі карысны для ўсіх, хто ў яго ўваходзіць або зацікаўлены стаць яго членам, а таксама для развіцця рэгіёна і краіны ў цэлым.

Старшыня Савета Рэспублікі падкрэсліла, што кластар адначасова павінен спрыяць вырашэнню многіх задач. Напрыклад, павелічэнню вырабу прадукцыі з высокім дабаўленым коштам, унутранага валавога прадукту, павышэнню якасці навучання студэнтаў, навуковага патэнцыялу, у тым ліку прыцягненню моладзі ў навуку.

Дарэчы, у Наваполацку сёлета пачаліся заняткі ў двух спецыялізаваных класах, дзе юнакоў і дзяўчат будуць мэтанакіравана рыхтаваць да паступлення ва ўстановы адукацыі, звязаныя з перапрацоўкай нафты. Гэты вопыт Наталля Качанава ўхваліла. Як і планы больш плённага супрацоўніцтва нашых навукоўцаў з прамысловікамі. Каб мінімізаваць выплаты замежнікам, якія робяць праекты, будуюць устаноўкі для нафтаперапрацоўчай галіны, робяць экспертызы якасці прадукцыі і гэтак далей.

На сённяшні дзень кластар налічвае сем удзельнікаў. Плануецца, што ў хуткім часе да іх далучацца яшчэ тры. Як падкрэсліў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, такая форма ўзаемадзеяння мае перспектывы, што пацвярджаецца і вялікім інтарэсам да супрацоўніцтва з боку адной з самых буйных кітайскіх карпарацый. Мэр горада дадаў, што кластар дазваляе прыцягнуць больш інвестараў для развіцця горада ў цэлым, новыя тэхналогіі — для павышэння эфектыўнасці кіравання эканомікай...

У мясцовай альма-матар штогод рыхтуюць кадры для нафтаперапрацоўчай прамысловасці краіны і актыўна супрацоўнічаюць з «Нафтанам». Але і тут ёсць яшчэ вялікі рэзерв. На мерапрыемстве рэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук, прафесар Дзмітрый Лазоўскі агучыў магчымыя кірункі больш плённага ўзаемадзеяння з «Нафтанам». Напрыклад, гэта датычыцца да экспертных паслуг. Прадстаўнікі вышэйшай навучальнай установы цікава расказалі пра вопыт работы для забеспячэння патрэб вытворчасці. Наталлю Качанаву асабліва закранула гаворка аб тым, што многія выкладчыкі і навукоўцы сыходзяць з ВНУ на прадпрыемствы з-за значнай розніцы ў аплаце працы. Сапраўды, гэта тэма для асобнага абмеркавання. Напрыклад, чаму б у такім выпадку былому выкладчыку, які стаў работнікам «Нафтана», не чытаць лекцыі студэнтам і надалей — пры фінансавай падтрымцы прадпрыемства? Навучэнцы хутка стануць членамі каманды «нафтанаўцаў», таму лагічна «ўкладвацца» ў веды патэнцыйных калег…

Дыскусія была надзвычай цікавая і вельмі шчырая — пасяджэнне скончылася на гадзіну пазней, чым планавалася.

Спікер Савета Рэспублікі прапанавала часцей збірацца менавіта ў такім фармаце, бо ёсць шмат дробных невідавочных пытанняў, але менавіта з-за іх нешта і бывае «на ручніку» або развіваецца не так хутка, як хацелася б. Наталля Качанава не раз падкрэслівала, што ў дэфіцыце — ініцыятыва. А тое, што ў краіне ёсць: ад структур, дзе працуюць эксперты, распрацоўшчыкі, даследчыкі, да розных камітэтаў і ведамстваў — павінна працаваць па максімуме. Тут ёсць магчымасць без прыцягнення знешніх інтэлектуальных сіл, фірмаў-вытворцаў, гэта значыць, самастойна спрыяць эфектыўнаму вырабу тавараў і паслуг.

Каментуючы вынікі пасяджэння журналістам, Наталля Качанава адзначыла, што абмеркаванне карыснае для таго, каб скаардынаваць практыку дзейнасці іншых кластараў. Іх у Беларусі ўжо сем — напрыклад, у Віцебскай вобласці ёсць фармацэўтычны. Такая форма арганізацыі вытворчасці за мяжой даказала сваю эфектыўнасць, Беларусь жа не адстае ад часу.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.