Вы тут

Авангард спяшаецца на фронт


З 21 кастрычніка ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе часовая экспазіцыя савецкай графікі і карыкатуры з фондавай калекцыі перыяду 1939—1945 гадоў «Зброяй мастацтва», якая прымеркавана да 76-годдзя стварэння музея. Любы жадаючы да 27 лістапада 2020 года зможа не толькі наведаць асноўную экспазіцыю аднаго з самых вядомых музеяў нашай краіны, але і ўбачыць унікальную калекцыю агітацыйных і сатырычных плакатаў.


З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Саюз мастакоў СССР неадкладна разгарнуў на фронце і ў тыле наглядную агітацыю і прапаганду. У сферу плакатнай графікі, аднаго з самых масавых відаў агітацыйнага мастацтва, разам з прафесійнымі плакатыстамі прыйшлі дзясяткі майстроў станковага жывапісу, графікі, скульптуры. У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сабрана ўнікальная калекцыя савецкага палітычнага плаката. І графічныя аркушы, створаныя ў перыяд з 1939-га па верасень 1945 года, складаюць яе ядро. Большасць надрукавана ў тэхніцы каляровай літаграфіі. У аснове экспазіцыі — плакаты дзяржаўнага выдавецтва «Мастацтва» (Масква— Ленінград). Па найменні іх налічваецца больш за 400, а па колькасці — больш за 500.

Дэманструецца падборка плакатных лістоў у героіка-сатырычным і сатырычным жанрах. У ваенны час такія творы, накіраваныя супраць камандавання і салдат нямецка-фашысцкай арміі, называлі «агітацыйнымі бомбамі». Найлепшыя з іх адрозніваліся яснасцю і даходлівасцю графічнай мовы. Падтрымліваючы і ўмацоўваючы баявы дух у войсках РСЧА, сярод партызан і ў савецкім тыле, сатыра і карыкатура прыгнятальна дзейнічалі на ворага.

Выстаўка «Зброяй мастацтва» можа быць цікавая гісторыкам, мастацтвазнаўцам, студэнтам (гэта значыць будучым гісторыкам ці мастацтвазнаўцам) і звычайным наведвальнікам. Па-першае, не так часта ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны праходзяць выстаўкі, дзе паказваюцца не толькі рэчы, што ў поўнай меры можна назваць музейнымі экспанатамі (артэфакты, якія ў першую чаргу маюць гістарычную каштоўнасць і значнасць), але і творы мастацтва. Па-другое, савецкая карыкатура, ды і ў цэлым агітацыйны матэрыял, пачынаючы ад вершаў пра Васіля Цёркіна, заканчваючы прафесійнымі ці аматарскімі малюнкамі на тэму перамогі над нацызмам, — з’ява ў цэлым вельмі цікавая. Ва ўмовах татальнай цэнзуры, дзе абмяжоўваліся мастацкія выяўленчыя сродкі, запас якіх на той момант ужо быў вельмі ўражальны (дзякуй мадэрнізму, які паспеў праіснаваць у Расіі 20 гадоў, перш чым на змену яму прыйшло сацыялістычнае мастацтва), нечакана атрымаць права на крэатыўную свабоду ў рамках пэўнай тэмы — справа нечуваная.

Гэта стварыла ў СССР унікальную культурную сітуацыю, дзе, з аднаго боку, было жорсткае абмежаванне ў плане тэматыкі, але з іншага — поўная свабода ў дачыненні да таго, як ваенную тэму ва ўласнай творчасці абыгрываць. Пры гэтым досвед мадэрнізму шматлікімі творчымі асобамі ці яшчэ не быў забыты, ці быў засвоены зноў пры дапамозе старых падручнікаў, асабістай перадачы ведаў і гэтак далей. І вось такая культурная сітуацыя з’яўляецца трэцяй асноўнай прычынай цікавасці да выстаўкі «Зброяй мастацтва». Часовая экспазіцыя — падстава для таго, каб пагаварыць пра развіццё авангарднага мастацтва ў Савецкім Саюзе і пра тое, ці можна наогул адносіць карыкатуру, як і любую іншую агітацыйную дзейнасць, да мастацтва.

Гэтае пытанне, як і многія іншыя, што тычацца пашырэння або звужэння рамак мастацтва ў розныя перыяды часу, штораз, пасля доўгіх разглядаў і дыскусій, упіраецца ў пытанне значна больш вузкае: наколькі якасна зроблены той ці іншы твор і наколькі моцна ў ім выказаны аўтарскі пачатак у параўнанні з агітацыйнай часткай? І калі мы гаворым пра работы, якія прадстаўлены на выстаўцы «Зброяй мастацтва», то гэта, безумоўна, творы мастацтва. Прычым нестабільнага, захапляльнага, па-сапраўднаму аўтарскага. Яго цікава разглядаць, аналізаваць без зніжак і агаворак наконт агітацыйнага характару плакатаў.

Прынята лічыць, што СССР абмінулі ўсе тыя мастацкія эксперыменты, якія бушавалі на Захадзе на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Па-першае, гэта справядліва, паколькі жорсткая нарматыўнасць савецкага мастацтва сапраўды дазваляла рэалізоўваць творчы патэнцыял пры дапамозе абмежаванага набору прыёмаў і сродкаў. Па-другое, нельга забывацца на тое, што перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй і прыходам да ўлады бальшавікоў Расія перажывала надзвычайны культурны ўздым: адначасовае развіццё мадэрнізму і новага рэалізму, супрацьстаянне розных мастацкіх школ, узнікненне ўсё большай колькасці новых мастацкіх кірункаў ва ўсіх сферах мастацтва — ад літаратуры да выяўленчага мастацтва і музыкі. І ўся гэтая велізарная культурная спадчына нават пры ўсім жаданні бальшавікоў не магла быць знішчана. І, нягледзячы на забарону паэзіі Восіпа Мандэльштама і яго арышт, нягледзячы на расстрэл Мікалая Гумілёва, арышты і забойствы мноства іншых дзеячаў мастацтва ў даваенныя гады, творчая прастора засвоіла гэты вопыт і імкнулася яго развіваць у існуючых няпростых умовах.

У размове пра мастацтва ў Савецкім Саюзе, асабліва пра спецыфічную візуальную культуру, якая сфарміравалася ў гэтай краіне вялікіх ідэй, многія чамусьці ігнаруюць той факт, што гэтая самая візуальная культура была далёкая ад рэалістычнай і ўжо тым больш ад класічнай. Савецкія мастакі і архітэктары, засвоіўшы вопыт мадэрнізму, асабліва абстрактнага мастацтва і экспрэсіянізму, стварылі ўнікальны стыль, які да гэтага часу здзіўляе і зачароўвае, а таксама валодае дзіўнай здольнасцю выклікаць настальгію па Савецкім Саюзе нават у тых, хто ніколі ў гэтай краіне не жыў і не вельмі добра ведае яе гісторыю. Напрыклад, знакаміты савецкі канструктывізм, або бруталізм, вядомы кожнаму, хто хоць раз бываў у сталіцах савецкіх рэспублік ці проста цікавіўся архітэктурай. Гэты стыль, відавочна, натхнёны абстрактнымі пошукамі геаметрычных каляровых форм Кандзінскага ці Малевіча, хаця творчасць абодвух мастакоў была прызнана буржуазнай і занадта незразумелай для простых рабочых і сялян, на інтарэсы і запыты якіх арыентавалася новая ўлада. Спецыфічная манера вядомых скульптараў, напрыклад, Азгура і Бембеля, таксама не зусім рэалістычная, асабліва калі глядзець на вялікія кампазіцыі, а не асобна ўзятыя помнікі. Работы шматлікіх савецкіх мастакоў па сваёй манеры блізкія, хутчэй, да нямецкага авангардыста Ота Дыкса, чым да знакамітых рускіх рэалістаў накшталт Шышкіна або Рэпіна.

Вядома, у СССР існавала і рэалістычнае выяўленчае мастацтва. Магчыма, яго было нават больш, чым таго, што ў сваёй экстравагантнай яркасці атрымала ў спадчыну традыцыі экспрэсіянізму і іншых авангардных плыняў, але сёння «савецкі візуал» асацыіруецца ў першую чаргу з чымсьці незвычайным, наўмысна жорсткім, канструктывісцкім і футурыстычным. Хутчэй за ўсё, гэта адбываецца з-за таго, што сама канцэпцыя гэтай дзяржавы, а таксама некаторыя моманты поспехаў або, наадварот, правалаў і жорсткасці здаюцца з пункту гледжання сучаснасці настолькі фантастычнымі, што мы ўспрымаем спадчыну Савецкага Саюза адначасова і як натуральную дадзенасць, выкараскацца з якой немагчыма, і як спадчыну нейкай старажытнай расы прышэльцаў, што наведала зямлю даўным-даўно.

І плакаты на выстаўцы «Зброяй мастацтва» — гэта экспрэсіянізм у чыстым выглядзе. Вядома, усе лозунгі і сутнасць малюнкаў лёгка ўкладваюцца ў агульную формулу сацыялістычнага мастацтва, але пры гэтым самі выяўленчыя сродкі, канкрэтна «форма» гэтых плакатаў — абсалютна авангардная. Гэта выяўляецца на ўсіх узроўнях: ад колераў да манеры маляваць савецкіх салдат і салдат нацысцкай Германіі. Напрыклад, многія плакаты Кукрыніксаў, якія прадстаўлены на выстаўцы, адрозніваюцца вельмі яркімі, практычна «кіслотнымі» колерамі. Пры гэтым яны яшчэ і падабраны ў наўмысна кантрастнай, відавочна экспрэсіяністычнай гаме: ярка-сіні і жоўты, чорны і чырвоны — гэта адразу ж фарміруе жалезныя асацыяцыі з авангардным мастацтвам, якое наўмысна адмаўлялася ад звыклых колераў і карысталася любымі сродкамі, каб прыцягнуць увагу. Выразныя, спецыяльна завостраныя лініі, імкненне заліць як мага большую прастору на плакаце адным яркім колерам, адсутнасць дробязей або ж, наадварот, вельмі дэталёвая іх прапрацоўка — усё гэта дае падставу аднесці ваенныя агітацыйныя плакаты да авангарднага мастацтва.

Трэба сказаць і пра выявы дзеючых асоб на гэтых плакатах. Савецкія салдаты — абстрактныя аднакаляровыя гіганты, якія ўсе як адзін падобны на сыноў Калоса Радоскага. Прычым часцяком гэтыя гіганты настолькі велізарныя, што ў «кадры» змяшчаюцца толькі іх рукі, якія трымаюць вінтоўку ці боты, якія топчуць ворагаў так, нібы ўладальнікі гэтага самага абутку не заўважаюць наогул ніякіх перашкод. І як процілегласці — нямецкія салдаты: маленькія, недарэчныя, выродлівыя. Часцяком яны набываюць жывёльныя рысы, якія робяць іх яшчэ больш брыдкімі. І калі савецкія героі практычна пазбаўлены індывідуальных рыс, што робіць іх яшчэ больш ідэальнымі волатамі, то вось немцы атрымліваюцца індывідуальнымі, прамаляванымі вельмі дэталёва. Але паколькі дэталі гэтыя агідныя, то і страшны вораг не выклікае нічога, акрамя пагарды. Тыкія прыёмы не падобныя да вобразнага інструментарыя Максіма Горкага — першага сацыялістычнага рэаліста ў гісторыі рускай літаратуры, затое відавочна аддаюць Мікалаем Гогалем — прадвеснікам мадэрнізму, адным з самых дзіўных рускіх класікаў.

Выстаўка «Зброяй мастацтва» можа быць цікавай усім, хто вывучае Другую сусветную вайну.

А яшчэ гэта падстава для таго, каб нарэшце падрабязна пагаварыць пра ўнікальную мастацкую візуальную культуру Савецкага Саюза.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.