Вы тут

Галіна Шаблінская. Разгадаць аўдыясвет...


Многія радыёслухачы пазнаюць Галіну Шаблінскую — вядучую радыёблога «Адлюстраванні», праграм «Тэатр Беларускага радыё» «Літаратурны творчы вечар», «Гаспода» — па голасе. Ён зачароўвае: строгі і роўны, як голас драматычнага акцёра, але ў той жа час здольны спачуваць і суперажываць, перадаць шырокую гаму эмоцый. Нядаўна Галіна Шаблінская адзначыла свой працоўны юбілей: яна аддала радыё 35 гадоў. Сёння загадчык аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё расказала карэспандэнту «ЛіМа» пра асаблівасці сваёй работы.


— Галіна Васільеўна, ваша літаратурная мова, дасведчанасць, прафесіяналізм уражваюць. Раскажыце пра шлях у прафесію.

— Не буду казаць пра захапленне радыё з дзяцінства, гэтага не было. Школьніцай любіла ўключаць радыёлу «Чайка» ў пэўны час, каб паслухаць праграмы, якія мяне цікавілі. Але не марыла пра радыёжурналістыку, як будучую прафесію. Больш за тое, калі паступіла на факультэт журналістыкі БДУ, і ў нас на трэцім курсе пачалася спецыялізацыя, выбрала кафедру стылістыкі і літаратурнага рэдагавання, а не радыё і тэлебачання. І рыхтавалася да працы ў друкаваных СМІ. Ад той жа кафедры стылістыкі была прапанова паступаць у аспірантуру, і я нават пачала пра гэта думаць і рыхтавацца. А ўрэшце склалася так, што 35 гадоў я працую на Беларускім радыё і ні разу пра гэта не пашкадавала.

Прыйшла на радыё ў юбілейны год, 15 лістапада. Мая старэйшая калега і настаўніца Аляксандра Паўлаўна Шлег, выключны майстар сваёй справы, знаўца мовы, абаяльная і ўсмешлівая, сказала мне тады: «Галачка, гэта рэдкае супадзенне. Запомні сённяшні дзень». Разам хадзілі на юбілейную ўрачыстасць, якая адбывалася ў Палацы прафсаюзаў, і мяне, помню, вельмі ўразіла віншаванне калектыву тагачаснага старшыні Дзяржтэлерадыё Генадзя Бураўкіна. Якім ён быў цудоўным прамоўцам! Так, са святочнай хвалі, усё і пачалося. Хаця яшчэ са студэнцкіх гадоў шмат супрацоўнічала з радыё як пазаштатны аўтар: інакш трапіць у штат было амаль немагчыма.

А пачынала працаваць у Галоўнай рэдакцыі вяшчання для дзяцей і юнацтва, у літаратурна-мастацкім аддзеле, супрацоўнікі якога выхоўвалі мастацкія густы юных слухачоў. Гэта была іншая эпоха, калі кніга не проста называлася найлепшым сябрам падлетка — яна была ім у рэальным жыцці, уплывала на фарміраванне светапогляду, яна выклікала эмоцыі, спрэчкі. Вакол кнігі і складалася наша эфірная сетка. Кожны рэдактар аддзела рыхтаваў літаратурныя праграмы для пэўнай узроставай катэгорыі, для старшакласнікаў — я. Іх было нямала і самых розных. Напрыклад, мастацка-публіцыстычную праграму «Крылы» вяла разам з артыстамі: спачатку з Вячаславам Галузам, потым Уладзімірам Рагаўцовым, рэжысёрам была Валянціна Кернажыцкая. Якая школа прафесіяналізму! 10-годдзю гэтай праграмы цудоўны верш «Крылы» прысвяціў Рыгор Барадулін, які таксама не раз браў удзел у нашых эфірах. Мяне захапляў яшчэ адзін праект — «Дыялог над разгорнутай кнігай». Гэта было знаёмства з кніжнымі навінкамі праз гутаркі з іх аўтарамі ў студыі. Колькі адбылося незабыўных сустрэч з пісьменнікамі розных пакаленняў! Дарэчы, высокая планка ў літаратурным аддзеле была зададзена старэйшымі калегамі. Некалі тут працавала і наш галоўны рэдактар Таіса Уладзіміраўна Жумар — чалавек выключнай адукаванасці, такту, прафесійнай этыкі.

У канцы 90-х гадоў мне пашчасціла працаваць з Уладзімірам Міхайлавічам Юрэвічам, я была рэдактарам радыёклуба «Жывое слова». Цудоўна помню сустрэчы, калі ён прыходзіў да нас у рэдакцыю на запіс праграмы, прыносіў чарговы сцэнарый ці забіраў новыя лісты радыёслухачоў. І абавязкова — гутарка ў кабінеце пра літаратуру, мову, успаміны з ранейшага жыцця. Калі ён ішоў па калідоры Дома радыё ў студыю, з ім віталіся, спынялі, усім хацелася перакінуцца хаця б словам. Можна згадаць яшчэ адну важную праграму таго часу з сімвалічнай назвай «Нанава» — новае прачытанне беларускай класікі. Удзел бралі супрацоўнікі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: Міхась Мушынскі, Уладзімір Мархель, Пятро Васючэнка, Ірына Багдановіч.

Літаратурная радыёжурналістыка — надзвычай цікавы «мацярык» у нашай прафесіі, найцікавейшы складнік якой — яшчэ і пастановачнае вяшчанне. Сёння яго справядліва называюць брэндам Беларускага радыё. Таму што вынікам гэтай працы з’яўляюцца найбагацейшыя мастацкія фонды нацыянальнага радыё.

Вы маеце багаты досвед працы ў пастановачным вяшчанні. З’яўляецеся рэдактарам многіх радыёспектакляў, аўтарам радыйных інсцэніровак, апошнія гады — і кіраўніком пастановачнай групы на Першым нацыянальным канале. Раскажыце, якія традыцыі, у чым спецыфіка жанру? Ці кожны твор можа стаць радыёпастаноўкай?

Як мастацкая з’ява радыётэатр на Беларускім радыё існуе з 30-х гадоў мінулага стагоддзя, можна сказаць, ён толькі крыху маладзейшы за само радыё. Сёння ў нашых фондах — сотні спектаклей і пастановак. Самыя першыя пастановачныя запісы з тых, што захаваліся, датуюцца пачаткам 1950-х гадоў. Напрыклад, славутая купалаўская «Паўлінка», шэкспіраўскі «Кароль Лір», пушкінскія «Цыганы», «Салавей» Змітрака Бядулі, «Рэвізор» Мікалая Гогаля, «Каварства і каханне» Фрыдрыха Шылера. Спіс можна доўжыць. У нас шмат радыёверсій спектаклей, якія паспяхова ішлі на сцэнах вядучых тэатраў краіны ў розныя часы: Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача, абласных драматычных тэатраў.

Найлепшыя творы беларускай і сусветнай класікі былі ў свой час інсцэніраваны і адаптаваны для радыёверсіі нашымі папярэднікамі. Мы стараемся сёння захаваць і працягнуць гэтую цудоўную традыцыю. Шмат цікавых прэм’ер адбылося ў «Тэатры Беларускага радыё» за апошні час. Напрыклад, радыёспектаклі «Магнаты і сірата. Соф’я, князёўна Слуцкая» па гістарычнай драме Уладзіслава Сыракомлі, «Млечны Шлях» паводле рамана Кузьмы Чорнага, «Крыж» па п’есе Аляксея Дударава, «Злачынства і пакаранне на берагах Свіслачы» па гістарычнай п’есе Ягора Конева, «Севярын і Гражына» паводле паэмы-аповесці Уладзіміра Караткевіча «Чазенія», «Воўчая зграя» паводле аповесці Васіля Быкава, радыёверсія спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы «Тутэйшыя» па п’есе Янкі Купалы ды іншыя. Сёлетняя прэм’ера — радыёспектакль «Найдорф» паводле аповесці Івана Пташнікава, пастаўлены да 75-годдзя Вялікай Перамогі.

Радыётэатр — гэта найперш літаратурны тэатр. А значыць, мы павінны вельмі адказна ставіцца да выбару твора, які будзем ставіць, незалежна ад таго, арыгінальная гэта п'еса ці інсцэніроўка паводле класікі. Не кожны празаічны твор можна інсцэніраваць. Ён павінен быць драматургічным. Вельмі важна, каб літаратурная форма адпавядала пэўнай гукавой палітры. Каб з ёю можна было працаваць гукарэжысёру і ствараць адпаведную аўдыякарцінку. Ну, а рэжысёру важна адчуць і збудаваць сімвалічную аўдыяпрастору. Інакш радыёспектакль ператворыцца ў мастацкае чытанне.

Я часам кажу, што ў радыйнай студыі нараджаецца іншая мастацкая рэальнасць, імя якой радыёспектакль. Ён магнетычна злучае акцёрскі талент і душу слухача праз мастацкае слова, музыку, шумавыя эфекты. І стварае своеасаблівы аўдыясвет, які можа быць прачытаны і разгаданы кожным слухачом, нават праз дзесяцігоддзі.

 — Якія перспектывы ў жанру радыёспектакля ў сучасных медыя? Можа ён канкурыраваць з аўдыякнігай?

 — Думаю, што адно другому ніколькі не замінае. Пры пэўным знешнім падабенстве формы гэта абсалютна розныя жанры. Больш за тое, сучасная аўдыякніга, па-сутнасці, вырасла з радыёспектакля, які мае гісторыю даўжынёю амаль у стагоддзе (прынамсі, у Беларусі). На радыё жанр аўдыякнігі называецца пастановачным чытаннем. І ў нашых фондах вельмі шмат такіх твораў. Некалькі гадоў таму была запісана аповесць Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» ў цудоўным выкананні артыста Аляксандра Гарцуева.

Радыёпектакль аб'ядноўвае людзей, якія не лянуюцца думаць, разважаць, напаўняць духоўную прастору жыцця сапраўднай літаратурай, мастацкім словам. А сцвярджэнне найлепшых памкненняў чалавечай душы праз мастацкі вобраз ніколі не састарэе. Колькі будзе жыць чалавецтва — столькі і наталяцца светлым, высокім, сапраўдным. Праз адмаўленне бруднага, няшчырага, злоснага. Што, дарэчы, і засведчыў за доўгі час свайго існавання Тэатр Беларускага радыё.

— Вы працавалі і над спадчынай Караткевіча. Што было самае складанае ў гэтай рабоце?

Паводле спадчыны Караткевіча на Беларускім радыё пастаўлена так шмат, што можна без перабольшання гаварыць пра асобны радыётэатр пісьменніка, рэпертуар якога налічвае больш за 40 назваў. І лічба гэта павялічваецца, таму што цікавасць да яго твораў узрастае. Яшчэ ў 1959-м годзе быў пастаўлены радыёспектакль па яго першай п’есе «Млын на Сініх Вірах». Да перастварэнняў спадчыны У. Караткевіча ў жанрах мастацкага вяшчання звярталіся рэжысёры розных пакаленняў: Марына Троіцкая, Соф’я Гурыч, Валерый Анісенка, Ігар Лапцінскі, Аляксандр Вавілаў, Валянціна Кернажыцкая, Зінаіда Паўлоўская, Алег Вінярскі. Кожнаму з іх уласціва свая аўдыястылістыка, свой рэжысёрскі досвед. Тут можна гаварыць пра рэжысуру мужчынскую, якая адрозніваецца большай стрыманасцю, нават суровасцю, і жаночую, прасякнутую лірычнасцю, мяккасцю.

Напрыклад, рэжысёрам В. Анісенкам пастаўлены радыёспектаклі паводле раманаў У.Караткевіча: «Чорны замак Альшанскі» (1983), «Леаніды не вернуцца да Зямлі» (1985), «Каласы пад сярпом тваім» (1986). Гэта шматчасткавыя работы, з вялікай колькасцю дзеючых асоб, з вытрыманым сюжэтам, выразна прадуманымі сцэнамі, арганічным музычным афармленнем.

У 90-х гадах разам з рэжысёрам В. Кернажыцкай працавала рэдактарам над спектаклямі «Ладдзя Роспачы», «У снягах драмае вясна», «Калядная рапсодыя». Такія розныя творы: бунтарская «Ладдзя», лірычная «Рапсодыя» і надрукаваная ўпершыню ў 1989 г. першая аповесць Караткевіча, якая выклікала цікавасць у пастановачнай групы і за яе аўтабіяграфічны характар. Алегорыя прачытвалася ў самой назве «У снягах драмала вясна». І хацелася раскаць пра той няпросты час менавіта аўдыямовай. Сама пабудова твора гэтаму спрыяла. Мы вярталі слухача ў студэнцкія гады аўтара. А з якой цікавасцю працавалі акцёры! Для радыёспектакля «Ладдзя Роспачы» спецыяльна пісалася музыка Сяргеем Хвашчынскім. І, канечне, Гервасій Выліваха, якога бліскуча сыграў Анатоль Жук з яго непаўторнай харызмай, думаю, застанецца адным з найлепшых вобразаў! А «Калядная рапсодыя» атрымалася пяшчотнай, лірычнай, але балючай, дарэчы, з музыкай Алега Залётнева. Складанасць была толькі ў адным — адпавядаць узроўню мастацкага твора. А ўсё астатняе — гэта захапляльны пошук выразных сродкаў і праца найперш з артыстамі.

У 2018-м на Першым нацыянальным канале адбылася прэм’ера радыёспектакля ў трох частках «Севярын і Гражына» паводле «Чазеніі» Караткевіча ў пастаноўцы рэжысёра Алега Вінярскага (інсцэніроўка Пятра Васючэнкі, аўтар музыкі і гукарэжысёр Валерый Бяляеў). Я была рэдактарам і кіраўніком гэтага пастановачнага праекта. Перакласці «Чазенію» на аўдыямову аказалася задачай не такой і простай, пры ўсёй яе гукавой поліфаніі — мора, тайга, сны галоўнага героя, сам твор не дазваляе механічнага ўмяшальніцтва. Павінны застацца душа і той тон шчырасці, які задае яму сам Караткевіч. Больш таго, гэта паэма-аповесць на першы погляд як бы выпадае з кантэкста ўсёй спадчыны пісьменніка, які ў мастацкім слове адкрыў беларусам глыбіні айчыннай гісторыі. І тым не менш беларусацэнтрызм мы адчуваем і ў «Чазеніі» — пранізлівай гісторыі кахання Севярына і Гражыны, герояў з беларускімі каранямі, якія сустрэліся на краі зямлі — Далёкім Усходзе. Аўтар інсцэніроўкі Пятро Васючэнка знайшоў патрэбны ход, каб перанесці дзеянне паэмы ў гукавую прастору. Дзве прыродныя стыхіі — марская і лясная вызначаюць душэўны стан галоўнага героя Севярына Будрыса, у ролі якога — Аляксандр Малчанаў, Гражына - Марта Голубева. Аўтарская танальнасць паэмы цудоўна падхоплена Апавядальнікам - Віктарам Манаевым. Вельмі цікава працавалася над гэтым радыёспектаклем, з цудоўным акцёрскім складам. Хачу падкрэсліць і тое, што сёння ў радыё іншыя тэхнічныя магчымасці, чым былі раней. І гэта спрыяе нашай пастановачнай рабоце. Гукавое адчуванне часу застаецца ў жывой абалонцы радыёспектакля. Угадваюцца сучасныя рытмы, настроі. Хацелася б, канечне, паставіць і «Дзікае паляванне караля Стаха». Пакуль гэта ў нашых марах і планах.

— Напярэдадні святкавання юбілею Караткевіча хочацца згадаць, што Вы ўкладалі кнігу ўспамінаў пра пісьменніка з серыі ЖЗЛБ «Быў. Ёсць. Буду» (Маст. літ., 2005). Адчуваецца Ваша асаблівая любоў і цеплыня да гэтага аўтара. З чаго пачалася Ваша зацікаўленасць Караткевічам, як Вы яго для сябе адкрывалі? У чым загадка асобы Караткевіча менавіта для Вас?

— Калі прыйшла працаваць на радыё, запрасіць Уладзіміра Сямёнавіча ў студыю на дыялог, як некалі на тое пашанцавала майму калегу Уладзіміру Мехаву, ужо, на жаль, было немагчыма. Але ў маім журналісцкім лёсе было шмат шчаслівых сустрэч і гутарак з самымі рознымі людзьмі, нечаканых знаёмстваў і даследчых росшукаў, якія і мне дазволілі зрабіць свой унёсак у папулярызацыю і даследаванне асобы і творчасці сённяшнега ўлюбёнца нашых чытачоў Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Кніга, пра якую вы згадалі, была для мяне вельмі важнай і, напэўна, стала новай кропкай адліку ў творчасці. А Караткевіч не адпускае. Зацікаўленне спадчынай пісьменніка, яго асобай застаецца. І гэта абсалютна натуральна. Здзіўляе і захапляе геній Караткевіча, яго адносіны да жыцця і здольнасць скласці агульны кантэкст сваёй творчай біяграфіі, галоўным лейтматывам якой гучыць невынішчальны аптымізм і некрыклівая любоў да сваёй зямлі. Я добра помню, як Рыгор Іванавіч Барадулін у адным са сваіх радыёінтэрв’ю сказаў: «Караткевіч — гэта фігура будучыні… Ён не трыбун, але ў начной цішыні пішучы свае творы, заклікаў больш гучна, чым любыя прамоўцы. Ён крычаў душой…». І гэта праўда.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.