Вы тут

Фільм «Урокі фарсі» можна ўбачыць у кінатэатрах краіны


Пракат фільма «Урокі фарсі» стартаваў па гарадах Беларусі на мінулым тыдні. Ён папоўніў шэраг кінематаграфічных прац, прысвечаных тэме Халакосту, але аўтарская растаноўка акцэнтаў у гэтай гісторыі робіць яе непаўторнай і вартай увагі.


Кінастужка з’явілася ў выніку супрацоўніцтва трох краін: Беларусі («Беларусьфільм»), Расіі (Hype Film і LM Media) і Германіі (One Two Films). У аснове сюжэта — гісторыя бельгійца яўрэйскага паходжання Жыля Крэм’е, якога схапілі немцы пры яго спробе перайсці мяжу Швейцарыі. Па дарозе да месца растрэлу герой мяняе апошні бутэрброд на кігу персідскіх казак, а потым за лічаныя хвіліны да смерці крычыць, што ён не яўрэй, а перс. І па неверагоднаму збегу абставін адзін з афіцэраў бліжэйшага канцлагера якраз шукае перса. Мясцовы кухар Клаўс Кох хоча вывучыць персідскую мову, каб пасля вайны пераехаць у Іран, куды ад вайны і нацыстаў збег яго брат, і там адкрыць свой рэстаран. Аднак, замест персідскай мовы палонны вучыць немца неіснуючай мове, якую выдумаў дзеля свайго выратавання. І глядач на працягу ўсяго прагляду назірае, як герой знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці. У галоўных ролях — нямецкі акцёр Ларс Айдзінгер і аргенцінец Ноэль Перэс Біскаярт. Першага высока цэняць на радзіме, другі вельмі папулярны ў Францыі і ў Лацінскай Амерыцы. Айдзінгер вядомы прыхільнікам кіно па фільмах «Мацільда», «Вышэйшае грамадства», «Праца без аўтарства» і многіх іншых. Яго калега па здымачнай пляцоўцы Біскаярт раней зняўся ў такіх карцінах як «120 удараў у хвіліну», «Ідэальная будучыня», «Да сустрэчы там, наверсе»... А вось акцёрамі масавых сцэн і эпізодаў сталі беларусы.

Рэжысёрам фільма выступіў Вадзім Перэльман, а сцэнарыстам — Ілля Цофін. У адным з інтэрв’ю перад пачаткам здымак Перэльман адзначыў: «Я зразумеў, што вельмі хачу зняць гэты фільм, калі ўпершыню прачытаў сцэнарый. Гэтая гісторыя кранула мяне сваім драматызмам і паэзіяй. Яна разварочвалася, быццам таленавіты музычны твор: станавілася ўсё грамчэй, яе гучанне нарастала і, напоўненае чыстай эмоцыяй, завяршалася крэшчэнда. Я вельмі рады, што маю магчымасць працаваць з такім матэрыялам. Думаю, у гэтага фільма пра халакост ёсць асаблівая танальнасць, якая адрознівае яго ад многіх іншых. „Урокі фарсі“ — вельмі важная, магутная і драматычная гісторыя, але ў ёй ёсць месца і гумару, аптымізму, надзеі, іроніі, веры ў гуманізм. Я шчыра спадзяюся, што гэта знойдзе свой водгук у гледачоў ва ўсім свеце». Перэльман вядомы такімі працамі як фільм «Дом з пяску і туману», які быў адзначаны трыма намінацыямі на прэмію «Оскар», «Імгненні жыцця», а таксама серыяламі «Попел», «Здрады». Аператар Уладзіслаў Апельянц таксама адметны прафесіянал, які здымаў і ў Міхалкова, і Сярэбрэннікава. За аснову ўзялі апавяданне нямецкага драматурга Вольфгана Кольхаазэ «Вынаходніцтва мовы». Яго аўтар напісаў па матывах рэальных гісторый вязняў канцлагероў, якім удалося выжыць, дзякуючы збегу абставін і асабістай хітрасці і адвазе. Паяднаўшы трагічную гісторыю з камедыйнымі сцэнамі, рэжысёру ўдалося зняць пранізлівы фільм, прысвечаны тэме Халакосту, дзе на першым плане аказаліся не здзекі нацыстаў у канцлагеры, а чалавечнасць, разуменне, шчырасць і праблема ўзаемаадносін паміж людзьмі.

Варта адзначыць, што асноўныя здымкі «Урокаў фарсі» прайшлі на тэрыторыі Беларусі. Многія сцэны здымаліся ў Бабруйску і на натуральнай пляцоўцы «Беларусьфільма».

— Калі гэты праект здымаўся, то нават здымачная група дакладна не ведала да канца, што гэта за праект. Але мы разумели, што рыхтуецца нешта маштабнае, і для яго стварэння задзейнічаны вялікія прафесіяналы з розных краін. Ведаеце, у нас, у Беларусі, здымаецца шмат фільмаў пра Вялікую Айчынную вайну, але гэты праект вельмі адрозніваўся дэталізацыяй. У ім дэманструюцца такія дэталі, якія не сустрэнэш у нашым кіно, таму шмат новага і цікавага даведаліся ў працэсе працы, — распавядае кастынг-дырэктар фільма Юрый Корабаў. — Даведаліся многае пра той час і тых людзей, якія былі ўдзельнікамі падзей. Напрыклад, калі здымалі ў казармах, дзе жылі палонныя, то дэталізавалася нават тое, што людзі спалі на сене. Таксама ўсе нашыўкі на адзенні рабіліся па фотаздымках. Яшчэ ў нас у маштабных сцэнах удзельнічалі сапраўдныя яўрэі. Мы аб’язджалі сінагогі Беларусі і прывозілі людзей на здымкі. І мы, кіношнікі, хоць і звяртаем на эмоцыі ўвагу не ў першую чаргу, бо нам важней, якая выбудоўваецца карціна ў кадры, у некаторых момантах былі пад моцнымі ўражаннямі. Падчас таго ж эпізода, калі яўрэяў строілі і прымушалі чытаць свае нумары па-нямецку, а хто не мог, таго растрэльвалі, адчуванні былі жудасныя. Бо, назіраючы за ўсім гэтым збоку і пад суправаджэнне выстралаў, цяжка ўспрымаць, быццам нічога не адбываецца.

Сусветная прэм’ера фільма адбылася на Берлінскім кінафестывалі, дзе публіка сустрэла карціну доўгімі авацыямі. Таксама «Урокі фарсі» ўвайшоў у праграму спецыяльных паказаў Маскоўскага кінафестывалю. У пракаце за мяжой фільм плануюць паказаць у краінах Еўропы, ЗША, Лацінскай Амерыцы. Беларускія гледачы змогуць убачыць кінастужку ў кінатэатрах Гродна, Гомеля, Барысава, Магілёва, Салігорска, Ліды і іншых гарадах да 25 лістапада. Паколькі «Урокі фарсі» здымалі на нямецкай мове (сцэнарый пісалі на англійскай), то для пракату ён перакладзены на рускую мову. Шукайце ў афішах свайго горада і далучайцеся да прагляду добрага кіно.

Алена ДРАПКО

Фота: kino.mail.ru, kino-teatr.ru

Загаловак у газеце: Кінагісторыя з асаблівай танальнасцю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».