Вы тут

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак


Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў

Прафесар кафедры педагогiкi i менеджменту адукацыi Акадэмii паслядыпломнай адукацыi Мiкалай ЗАПРУДСКI — сапраўдная зорка ў прафесiйнай супольнасцi. Вось ужо больш як 30 гадоў яго метадычны летнiк на беразе ракi Страча каля вёскi Альхоўка праходзiць з нязменным аншлагам. За гэты час iдэя павышэння квалiфiкацыi на ўлоннi прыроды знайшла шмат прыхiльнiкаў i абрасла мноствам цiкавых традыцый. Трапiць у «зялёны клас» мараць многiя, але конкурс складае два-тры чалавекi на месца. Да таго ж Мiкалай Iванавiч з'яўляецца кiраўнiком iнавацыйных праектаў, ментарам дыстанцыйных курсаў па медыяадукацыi i актыўнай ацэнцы. А яшчэ прафесар Запрудскi — пастаянны член журы Рэспублiканскага конкурсу прафесiйнага майстэрства педагогаў «Настаўнiк года». Таму нядзiўна, што менавiта ён стаў героем першай праграмы «Размовы пра адукацыю».


Ключавыя кампетэнцыi

— Я ўваходжу ў журы з самага першага конкурсу, якi адбыўся ва ўжо далёкiм 1990 годзе, — расказвае ён. — Таму магу параўноўваць, як на працягу трох дзесяцiгоддзяў змянялiся нашы канкурсанты. У 90-я гады настаўнiкi мусiлi дэманстраваць, якiя яны эрудзiраваныя, якiя разумныя, як умеюць данесцi да дзяцей вучэбны матэрыял сучаснымi сродкамi. Але за апошняе дзесяцiгоддзе намецiлася iншая тэндэнцыя. Канкурсанты найперш iмкнуцца прадэманстраваць, як яны ўмеюць арганiзаваць работу дзяцей, як працуюць вучнi на ўроку пад iх кiраўнiцтвам. I гэта класна, таму што якасць адукацыi напрамую залежыць ад таго, наколькi актыўныя на ўроку дзецi, бо калi настаўнiк клапоцiцца толькi аб тым, каб данесцi свой матэрыял, то ўрок ператвараецца ў тэатр аднаго акцёра. Сучасным дзецям не надта цiкавы настаўнiк, якi проста ўмее пераказваць матэрыял, таму што яны ўсё могуць знайсцi ў iнтэрнэце. Iм патрэбны той, хто цiкава арганiзуе iх работу. Вымушаны канстатаваць, што настаўнiкi сёння вельмi адрознiваюцца i мэтамi, i каштоўнасцямi, i ўзроўнем падрыхтаванасцi.

Пачатак 90-х гадоў быў цiкавы тым, што старыя каштоўнасцi ўжо сышлi, а новыя яшчэ не сфармiравалiся, i школа аказалася даволi аўтаномнай i самастойнай пляцоўкай, дзе ў настаўнiкаў з'явiлася шмат прасторы для творчасцi. Гэта вельмi каштоўна. Уявiце сабе, што ўсе педагогi будуць працаваць толькi па прапiсаных у розных дакументах нарматывах, якiя дэ-юрэ замацоўваюць тое, што ўжо iснуе дэ-факта. Але каб рушыць наперад, трэба выходзiць за рамкi i рабiць па-iншаму. Таму i iснуюць iнавацыйныя пляцоўкi, якiя штогод зацвярджаюцца Мiнiстэрствам адукацыi. У такiх школах дазволена тое, што пакуль нарматыўна нiдзе не прапiсана. Гэта фактычна палiгоны, дзе апрабоўваецца перадавы педагагiчны досвед, якi затым транслюецца на ўсю краiну.

Ад сучасных настаўнiкаў асабiста я чакаю мабiльнасцi i пастаяннага развiцця. Ключавымi кампетэнцыямi ў ХХI стагоддзi з'яўляюцца крытычнае мысленне, крэатыўнасць, камунiкацыя i кааперацыя. Каб развiваць гэтыя кампетэнцыi ў вучняў, педагог павiнен сам iмi валодаць. Але мы, настаўнiкi, прывыклi працаваць на тое, што правяраецца на ЦТ, падчас манiторынгу, мiнiстэрскай кантрольнай работы i гэтак далей. А кампетэнцыi правярае мiжнароднае даследаванне адукацыйных дасягненняў 15-гадовых падлеткаў PISA. Яно праводзiцца толькi раз на тры гады. Ахоплiвае не ўсiх, таму на развiццё кампетэнцый скiраваны мала хто з нашых настаўнiкаў.

Iнфармацыя для роздуму

Мiкалай Запрудскi прызнаўся: чакаў, што вынiкi, якiя прадэманструюць беларускiя падлеткi падчас першай спробы ўдзелу краiны ў PISA, будуць горшыя, чым у рэшце рэшт атрымалася. Нагадаем, што нашы школьнiкi аказалiся недзе ў сярэдзiне сусветнага рэйтынгу. «Але гэта не падстава для таго, каб супакойвацца», — падкрэслiвае ён.

У даследаваннi дзецям прапануюцца заданнi шасцi ўзроўняў складанасцi: пяты i шосты — самыя высокiя. Дык вось, толькi зусiм нязначны працэнт беларускiх школьнiкаў з iмi спраўляецца. Заданнi пятага i шостага ўзроўняў па матэматыцы выканалi 7 % навучэнцаў, па прыродазнаўчых навуках — 3 % i толькi 4 % справiлiся з заданнямi на разуменне тэкстаў. Трэба растлумачыць, што на гэтых узроўнях вучнi могуць засвойваць вялiкiя тэксты, аперыраваць абстрактнымi паняццямi, знаходзiць парушэннi ў логiцы, адрознiваць факты ад меркаванняў, iдэнтыфiкаваць крынiцы iнфармацыi.

Таксама выявiлася прамая залежнасць паспяховасцi дзяцей у школе ад матэрыяльнага становiшча iх сем'яў i адпаведны яму iстотны разрыў у ведах.

— Я лiчу, што атрыманыя звесткi нельга iгнараваць, — падкрэслiвае Мiкалай Запрудскi. — Для Германii iх першы ўдзел у даследаваннi PISA ў 2000 годзе закончыўся шокам. Але кiраўнiкi сiстэмы адукацыi не адмахнулiся ад атрыманых вынiкаў i прынялi адпаведныя рашэннi, каб выправiць сiтуацыю i зменшыць сваё адставанне ад самых паспяховых адукацыйных сiстэм у свеце. У артыкуле 91 Кодэкса аб адукацыi пералiчваюцца патрабаваннi да арганiзацыi адукацыйнага працэсу, сярод iх указваецца на неабходнасць кiравацца ў практычнай дзейнасцi кампетэнтасным падыходам. Хацелася б, каб ён дэклараваўся не толькi на паперы, бо краiны, дзе такi падыход стаў нормай у адукацыйным працэсе, дэманструюць высокiя дасягненнi ва ўсiх мiжнародных даследаваннях якасцi школьнай адукацыi: PISA, PIRLS, TIMSS.

Навошта рэйтынгi?

Мiкалай Запрудскi выказаў наступную думку: раней настаўнiкi былi больш адказныя. Цяпер ёсць, напрыклад, каляндарна-тэматычнае планаванне, якое можна проста спампаваць з сайта Нацыянальнага iнстытута адукацыi i не напружвацца. А раней педагогi вырашалi самi, калi, што i як яны будуць рабiць на сваiх уроках. Але чым больш мы нармiруем дзейнасць настаўнiка i заганяем яго ў пэўныя рамкi, чым больш пiшам розных iнструкцый, тым меншая будзе яго адказнасць за канчатковы вынiк. Затое для прадстаўнiкоў кантралюючых органаў ствараецца вельмi зручная прастора для праверак.

Мiкалай Запрудскi прызнаўся, што яму вельмi iмпануе фiнская сiстэма адукацыi. Там усё будуецца на даверы. Урад давярае мясцовым мунiцыпалiтэтам, мясцовыя органы ўлады — дырэктару школы, дырэктар школы — настаўнiкам, бацькi — педагогам, а педагогi — дзецям. Адзiн з важных момантаў — адсутнасць праверак школ i канкурэнцыi за кошт нейкiх лiчбаў. Там няма неабходнасцi даказваць, што твая навучальная ўстанова лепшая за суседнюю.

— Калi б была мая воля, то я прыбраў бы з нашай рэчаiснасцi ўсе рэйтынгi i спаборнiцкiя элементы i даў бы школам i настаўнiкам большую свабоду дзеянняў, — падкрэслiвае ён. — Вяртаючыся да таго ж каляндарна-тэматычнага планавання, хачу заўважыць, што Мiнiстэрства адукацыi дазваляе ўносiць у яго змяненнi, але ёсць правяральшчыкi, якiя лiчаць, што ўсё, што выдадзена з грыфам мiнiстэрства, — гэта закон, якiм трэба кiравацца. Таму настаўнiкi вымушаныя iсцi на хiтрасць: дакументацыю запаўняюць так, каб iх не пакаралi падчас праверак, а на ўроках робяць тое, што лiчаць патрэбным.

Давер — вельмi важная ўмова, якая iстотна ўплывае на поспехi i вучняў, i педагогаў. Ад навучэнцаў, ацэненых як няздольныя, настаўнiкi не чакаюць паспяховай вучобы. I наадварот, пазiтыўны эфект назiраецца тады, калi настаўнiк верыць у магчымасць развiцця вучня i дасягнення iм больш высокiх вынiкаў.

— Некаторыя настаўнiкi сыходзяць са школы пасля размеркавання не толькi з прычыны невысокiх заробкаў, — разважае Мiкалай Запрудскi, — а таму, што яны не чулi ад сваiх кiраўнiкоў: «Я веру ў цябе. У цябе ёсць педагагiчная жылка». Калi працую ў Акадэмii паслядыпломнай адукацыi з намеснiкамi дырэктараў i кiраўнiкамi ўстаноў адукацыi, то прашу iх: «Часцей гаварыце такiя словы сваiм падначаленым!»

Агульныя мэты i каштоўнасцi

— Мне калiсьцi давялося пазнаёмiцца з практыкай эфектыўных школ у ЗША. Пад эфектыўнай маецца на ўвазе ўстанова, якая максiмальна задавальняе адукацыйныя запыты заказчыкаў: навучэнцаў, бацькоў, соцыуму i дзяржавы. Даследчыкi вывучалi агульныя характарыстыкi паспяховых школ не толькi ў Амерыцы, але i ў Канадзе i Еўропе, шукалi, што ў iх фiласофii, дзейнасцi было агульнае i што адрознiвала ад непаспяховых школ. Першая выснова была наступная: эфектыўныя школы мелi моцнага дырэктара — лiдара ў арганiзацыi адукацыйнага працэсу. У гэтых навучальных установах было моцнае пачуццё мiсii агульнай (яе прымалi i падзялялi ўсе работнiкi школы). Вельмi важна дасягнуць агульнага разумення мэт, задач i каштоўнасцяў усiмi членамi школьнай супольнасцi. Адзiн са спосабаў пераканацца, што ў школы ёсць ясная мэта, — гэта спытаць у кожнага настаўнiка, што больш за ўсё турбуе школу. Вы атрымаеце адзiн адказ або шмат розных. I чым больш яны будуць адрознiвацца, тым менш узгоднена разуменне мiсii школы.

У эфектыўнай школе калектыў верыць i дэманструе, што ўсе навучэнцы могуць авалодаць вучэбным матэрыялам. Школы высокiх вынiкаў маюць клiмат высокiх чаканняў. Самы галоўны падарунак, якi мы можам зрабiць нашым дзецям, — гэта глыбокая перакананасць у тым, што яны могуць стаць паспяховымi.

Яшчэ адна важная характарыстыка эфектыўных школ — партнёрства з бацькамi, калi тыя з'яўляюцца часткай агульнай каманды i падзяляюць адказнасць з педагогамi. Уключыць бацькоў у адукацыйны працэс — задача няпростая. Прыгадваю, як у адной з амерыканскiх школ вырашылi ўцягнуць у сустрэчу абавязкова ўсiх бацькоў, нават тых, хто раней нiколi туды не заходзiў. Былi зроблены маляўнiчыя запрашэннi з праграмай. Бацькам абяцалi дэманстрацыю дасягненняў iх дзяцей (i не толькi ў вучэбнай сферы), смачны салодкi стол, падарункi... Праўда, за паўгода да гэтай падзеi педагогам давялося здзейснiць маленькi подзвiг — знайсцi падыход да кожнага вучня i дапамагчы дзецям зрабiць нешта выключнае: напiсаць верш, камп'ютарную праграму, выйграць конкурс, запiсаць сiнгл у студыi гуказапiсу. Прыйшлi ўсе! Гэта быў пераломны этап, пасля якога пачалося актыўнае ўзаемадзеянне школы i бацькоў, а таксама iх навучанне на спецыяльных семiнарах. Трэба дадаць, што школа не можа лiчыцца эфектыўнай, калi ў ёй шмат тэхнiчных сродкаў, камп'ютарнай тэхнiкi, але нiзкiя агульныя навучальныя дасягненнi, або дасягненнi розных груп навучэнцаў iстотна адрознiваюцца. Важна, каб вынiковасць была высокая незалежна ад тэхнiчнай аснашчанасцi навучальнай установы, полу вучняў, iх этнiчнай прыналежнасцi, даходаў сям'i i г. д.

Лекцыi — дома, «дамашка» — у класе

Мiкалай Запрудскi расказаў, што ў Акадэмii паслядыпломнай адукацыi праводзiлi апытанне 200 настаўнiкаў, дырэктараў школ i iх намеснiкаў:

— Iм было прапанавана праранжыраваць розныя формы павышэння квалiфiкацыi, сярод якiх згадвалiся курсы, семiнары, узаемнае навучанне настаўнiкаў, адкрытыя ўрокi, наведванне ўрокаў намеснiкам дырэктара, самаадукацыя. Нас цiкавiла, што мае найбольшы эфект для прафесiйнага i асобаснага росту педагогаў? На першым месцы аказалася самаадукацыя, а на другiм — курсы. Гэта наша рэчаiснасць. 10-11 гадоў у школе, потым 4-5 гадоў ва ўнiверсiтэце навучалi нас аднолькава. I ў настаўнiкаў склалiся пэўныя ментальныя мадэлi: трэба вучыць або iндывiдуальна, або франтальна. Яны iндывiдуальна пiсалi курсавыя, дыпломныя работы. У камандзе нiчога не рабiлася. Мiж iншым, замежныя калегi правялi грунтоўныя даследаваннi, якiя сведчаць, што найбольшы эфект для прафесiйнага развiцця мае ўзаемнае навучанне. А нашы настаўнiкi баяцца i не жадаюць дзялiцца сакрэтамi сваёй «кухнi», не запрашаюць да сябе на ўрок. Мы прызвычаiлiся паказваць на адкрытым уроку бездакорную карцiнку, але, каб адбываўся працэс узаемнага навучання педагогаў, трэба запрашаць калег да сябе, калi штосьцi ў вас не атрымлiваецца.

Мiкалай Запрудскi ўпэўнены, што беларускай школе трэба прымяняць такiя тэхналогii, якiя забяспечваюць якасць адукацыi ў адпаведнасцi з выклiкамi часу. Адзiн з такiх трэндаў — перакуленае, або змешанае навучанне. На думку экспертаў ЮНЕСКА, да 2025 года ўжо 60 працэнтаў дзяцей у свеце будуць навучацца па мадэлi перакуленага ўроку, калi ўся тэарэтычная i лекцыйная праграма вывучаецца дома, а ў класе з настаўнiкам падрабязна разбiраюцца заданнi i практыкаваннi па тэме. Гэта значыць, лекцыi — дома, а «дамашка» — у класе.

Пры традыцыйным навучаннi настаўнiк перадае гатовыя веды, а вучнi выступаюць збольшага пасiўнымi слухачамi, пры перакуленым — лiдарская пазiцыя на ўроку належыць не педагогу, а дзецям. У навучэнцаў ёсць шырокiя магчымасцi для пошуку iсцiны, выказвання сваiх меркаванняў i iдэй. Вучням дэлегуецца адказнасць за адукацыйныя вынiкi, ствараюцца ўмовы для iх самарэалiзацыi. Урок ператвараецца з месца, дзе даюць веды, у месца, дзе веды выкарыстоўваюцца для iх замацавання i паглыблення.

Ёсць меркаванне, што школьная адукацыя ў будучынi зведае значныя змены: са школы знiкнуць адзнакi, заўвагi ў дзённiках i выклiкi бацькоў. А ў якасцi альтэрнатывы ацэньвання застанецца толькi фiксацыя прагрэсу паспяховасцi вучняў.

«Урокi могуць быць без адзнак у балах, — упэўнена кажа Мiкалай Запрудскi, — але ацэнка работы вучня абавязкова павiнна прысутнiчаць, прычым не толькi з боку педагога, але i з боку аднакласнiкаў. Пакуль што мы «танцуем» вакол адзнак: высокiх, сярэднiх i нiзкiх. Вось толькi цi можа нiзкi бал матываваць дзiця да навучання?»

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Надзеі БУЖАН і аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».