Вы тут

Загадкавая Чачня. Як сярэднявечныя традыцыi спалучаюцца з сучаснасцю?


«Наша пакаленне — дзецi вайны. У нас не засталося вулiцы, па якой мы iшлi ў першы клас, няма двара таго дома, дзе прайшло дзяцiнства. У нас няма сяброў той пары, бо добрая палова майго класа загiнула ў бамбасховiшчы ў 1995 годзе, калi бамбiлi Грозны. Але я не азлобленая на ўвесь свет, бо ведаю, што з тымi, хто вiнаваты ў гэтай вайне, я нiколi не сустрэнуся», — кажа этнiчная чачэнка Дагмара Iсакава. Як жывуць у Чачэнскай Рэспублiцы сёння, цi лёгка прыйшлося беларусу, якi пераехаў сюды 11 гадоў таму, i чаму вучаць даўнiя традыцыi гэтага народа, мы паназiралi падчас прэс-тура, арганiзаванага Пастаянным камiтэтам Саюзнай дзяржавы i МIА «Россия сегодня».


Пакаленне вайны

— Маё дзяцiнства прайшло на руiнах майго роднага дома. Па сутнасцi, дзяцiнства ў мяне, як i ў маiх равеснiкаў, не было. Мы — дзецi вайны, — расказвае Дагмара.

Дагмара Iсакава.

Яе бацька ўдзельнiчаў у баявых дзеяннях, i сям'я перажыла ўсе жахi вайны i ў першую, i ў другую чачэнскiя кампанii. А потым i абмежаваннi падчас рэжыму так званай контртэрарыстычнай аперацыi, а аднаўленне больш чым на 90 % разбуранага Грознага адбывалася на iх вачах.

— Людзям выдавалiся кампенсацыйныя выплаты за страчанае жыллё i маёмасць. Паступова аднаўлялiся шматкватэрныя жылыя дамы, i людзi па сваiх дакументах засялялiся назад. Былi пункты часовага размяшчэння, дзе забяспечвалася харчаванне, пражыванне, пакуль не было свайго жылля. Добра дапамагаў стары звычай чачэнцаў, калi ўсе талакой — сябры, суседзi, сваякi — збiраюцца ў пэўны дзень i прыходзяць дапамагаць: рабiць дах, класцi цэглу. Так з двара ў двор людзi хадзiлi i адно аднаму дапамагалi. Бо калi б яшчэ i за рабочую сiлу даводзiлася плацiць, расходы былi б каласальныя. I так дом за домам аднаўлялi.

Я выдатна памятаю, як пачалi аднаўляць Грозны. Мае бацькi гэтаму былi вельмi рады, бо гэта горад iх дзяцiнства i юнацтва. 24 гадзiны сем дзён на тыдзень працавала тэхнiка, гарэлi лямпы. Брыгады проста змянялi адна адну, але работы не спынялiся нi на хвiлiну. Пасля заканчэння рабочага дня ўвесь кабiнет мiнiстраў, кiраўнiцтва рэспублiкi далучалася да грамадскiх работ. Кожную суботу праводзiлiся суботнiкi: вычышчалi, вымывалi, каб у горадзе не было адчування захламленасцi i разбуранасцi, каб было бачна, што тут ёсць гаспадары. I так участак за ўчасткам горад набываў сучасныя абрысы. I Грозны, якому спецыялiсты прарочылi ад 15 да 50 гадоў аднаўлення, быў адбудаваны за шэсць гадоў.

Дагмара ў гэты час вучылася ва ўнiверсiтэце, на факультэце турызму i гасцiннасцi. У рэспублiцы тады дзейнiчаў рэжым контртэрарыстычнай аперацыi.

— У нас паўсюль былi блокпасты, бясконцыя агляды, абмежаваннi, i я прыязджала ў Грозны, каб атрымаць веды ва ўмовах разбуранага горада. На чацвёртым курсе, за два месяцы да трагiчнай гiбелi нашага першага прэзiдэнта Ахмата Кадырава мне давялося пабываць на сустрэчы з iм. Я спытала: наколькi патрэбна мая спецыяльнасць? Ён мяне выслухаў, усмiхнуўся i сказаў: «Я вам абяцаю, што праз дзесяць гадоў нашу рэспублiку будуць наведваць натоўпы гасцей i з'язджаць ад нас з жаданнем вярнуцца зноў. Вучыцеся, бо вам гэта спатрэбiцца». I ведаеце, я нi на секунду не пашкадавала, — прызнаецца суразмоўнiца.

Дагмара кажа, што вучылася на «тройкi», але пасля сустрэчы з кiраўнiком рэспублiкi пераздала ўсе свае экзамены, i скончыла ўнiверсiтэт з «чырвоным» дыпломам. Сёння яна працуе куратарам турысцкай i экскурсiйнай дзейнасцi ў Чачэнскай Рэспублiцы. I пацвярджае, наколькi спраўдзiўся прагноз тагачаснага лiдара. Па звестках Мiнiстэрства турызму Чачэнскай Рэспублiкi, у 2019 годзе рэгiён наведала больш за 220 тысяч гасцей, каля паловы з iх вяртаюцца зноў.

Дарэчы, жанчына адзначае характэрную рысу Ахмата Кадырава i яго атачэння, якую заўважыла праз тую сустрэчу, — адказнасць за свае словы. Абяцанне першага прэзiдэнта рэспублiкi было выканана нават пасля яго смерцi.

— Мы тады абмяркоўвалi, як было б цудоўна, калi б у Чачнi запрацаваў сотавы аператар. I разважалi: «Вось ўявiце: прыязджаеш на вучобу, тут жа тэлефануеш маме i кажаш: я прыехаў, усё ў парадку. Як гэта здорава». Хоць мы ў вочы не бачылi, як выглядае сотавы тэлефон. Ахмат Кадыраў тады сказаў: «Я вам абяцаю, у пачатку наступнага навучальнага года яны ў вас будуць». У сакавiку адбывалася гэта сустрэча, у маi Ахмата Кадырава не стала (9 мая 2004 года на стадыёне «Дынама» ў Грозным падчас канцэрту ў гонар дня Перамогi на цэнтральнай трыбуне, дзе знаходзiўся кiраўнiк рэспублiкi, спрацавала ўзрыўное прыстасаванне. — «Зв».). А ў жнiўнi таго ж года ў мае дзверы пагрукалiся прадстаўнiкi адмiнiстрацыi, папрасiлi прад'явiць студэнцкi бiлет, зверылi маё прозвiшча са спiсамi тых, хто быў на сустрэчы, — i падарылi мне сiм-карту i мой першы сотавы тэлефон. Каб вы бачылi, наколькi я была здзiўлена! Я зразумела, што ўсе мае намаганнi не дарэмныя. I калi б не той момант, я б пайшла ў жыццi iншай дарогай, i мы б з вамi не сустрэлiся сёння.

Сёння Дагмара працуе з турыстамi з розных краiн i рэгiёнаў. У Чачэнскую Рэспублiку прыязджаюць з Заходняй Еўропы i Амерыкi, краiн Блiзкага Усходу, але найбольш гасцей усё ж з розных куткоў Расii.

— На майскiя святы прыязджала вельмi пазiтыўная група з Беларусi, студэнты геаграфiчнага факультэта Белдзяржунiверсiтэта, я iх добра запомнiла. Гэта была вельмi шумная кампанiя ў добрым сэнсе — на нас на вулiцах азiралiся ўсе мінакі. Нам трапiлася квiтнеючае дрэва, i яны, па традыцыi, завязвалi стужкi i загадвалi жаданнi. Адна дзяўчына не хавала, што загадала, каб праз нейкi час мы сустрэлiся тут жа, але iншым складам, бо яна хацела прыехаць з аднакурснiкамi.

Горад-Фенiкс, або нягрозны Грозны

Дагмара расказвае, што самi чачэнцы няшмат падарожнiчаюць. Вiдавочна, што дваццаць гадоў таму, калi вялiся баявыя дзеяннi, было не да таго. Апошнiя 15 гадоў людзi старалiся аднавiць жыллё. «Чачэнец нараджаецца вольным, а памiрае будаўнiком», — усмiхаецца суразмоўнiца. Грошы ў сям'i збiраюць цэлы год, i на iх летам трэба абавязкова штосьцi пабудаваць, прыбудаваць цi перабудаваць. А вось збiраць грошы на адпачынак не прынята. Праўда, цяпер, калi сталi стварацца ўмовы ўнутры рэспублiкi, мясцовыя жыхары сапраўды сталi больш ездзiць.

— Пасля дзвюх ваенных кампанiй у тое, што рэспублiка аднаўляецца i мiр уваходзiць у нашы дамы, людзi верылi неахвотна. На жаль, усе пабачылi многае, нi адну сям'ю не абышла другая ваенная кампанiя. Паверыць у тое, што доўгачаканы мiр наступiць, калiсьцi было вельмi складана, — кажа Дагмара.

I сiмвалам гэтага мiру стаў Грозны. Яго называюць горадам-Фенiксам. Страцiўшы амаль усе свае будынкi i 250 тысяч жыхароў, ён лiтаральна паўстаў з попелу. Аднаўляць горад давялося ўжо Рамзану Кадыраву. Дарэчы, яго партрэты, а таксама Ахмата-Хаджы Кадырава i Уладзiмiра Пуцiна вiсяць на фасадах многiх будынкаў — такi своеасаблiвы ўсходнi каларыт. За два гады, з 2006-га да 2008-га, тут была пабудавана адна з самых вялiкiх мячэцяў у Еўропе — «Сэрца Чачнi». Яшчэ адным сiмвалам адраджэння рэспублiкi стаў Грозны-Сiцi. Вышынны комплекс будавала турэцкая кампанiя ў 2007—2011 гадах. Гэта сем будынкаў — адмiнiстрацыйныя i жылыя. Самы высокi — 145-метровы жылы комплекс, а гэта 45 паверхаў. Будынкi могуць вытрымаць сейсмахвалi звыш дзевяцi балаў. Дарэчы, пра землятрус у 4,5 бала, што адбыўся тут тры гады таму, жыхары даведалiся толькi са званкоў сваiх сяброў, бо самi гэтага нават не адчулi. Але няма мяжы для новых вышынь. 435-метровая вежа «Ахмат-таўэр» будуецца насупраць, а гэта, мiж iншым, 102 паверхi.

Апартаменты, дарэчы, у Грозным-Сiцi каштуюць чатыры-пяць мiльёнаў расiйскiх рублёў (52—65 тысяч долараў). Аднапакаёвую кватэру ў чачэнскай сталiцы можна набыць за 800 тысяч — 1 мiльён расiйскiх рублёў (ад 10 тысяч долараў). Адзiн з цэнтральных праспектаў у Грозным носiць iмя Уладзiмiра Пуцiна. Мясцовыя жыхары называюць такi жэст малой часткай той падзякi, якую народ рэспублiкi можа выказаць расiйскаму прэзiдэнту за федэральную падтрымку ў аднаўленнi рэспублiкi.

Як жывецца ў Чачнi беларусу?

Беларус Вiктар Бортнiкаў называе сябе сваiм сярод чужых i чужым сярод сваiх. Адзiнаццаць гадоў таму ён прыехаў у Чачэнскую Рэспублiку працаваць на мясцовым тэлебачаннi.

Беларус Вiктар Бортнiкаў  жыве ў Чачнi адзінаццаць гадоў.

— Я беларус, з горада Наваполацка. Маю некалькi адукацый — мастацтвазнаўчую, рэжысёрскую, драматургiчную. Усе iх атрымаў у Мiнску, — расказвае мужчына. — Адзінаццаць гадоў таму чачэнская тэлерадыёкампанiя на тэлеканале НТБ аб'явiла конкурс, патрабавалiся карэспандэнты. Я даслаў свае праграмы, i мяне запрасiлi ў Грозны.

Вiктар прызнаецца, што трапiў у Чачню ў няпросты перыяд. Мясцовыя жыхары ставiлiся да яго па-рознаму, i нярэдка — з насцярожанасцю.

— Было ўсялякае, але выжыў. Нiхто не стрэлiў услед, не падарваўся на мiнах, якiх шмат было ў гарах, i я пра гэта здымаў праграмы. Калi заходзiў туды, дзе былi расцяжкi, то шукаў мядзведжыя сляды i паспяхова адтуль сыходзiў, бо жывёлы першымi размiнiруюць такiя месцы. Ведаеце, справа не ў рознiцы культур i веравызнанняў, важна, якi ты чалавек, твае чалавечыя якасцi. Калi да iншых ставiцца з дабром i павагай, нiякiх праблем не будзе.

На ЧДТРК «Грозны» Вiктар робiць аўтарскую праграму «Крынiцы жыцця» — пра прыроду, жывёльны свет, гiсторыю. У ролi карэспандэнта i аператара беларус выступае ў адной асобе — падняцца высока ў горы з камерай пад сiлу далёка не кожнаму.

— Я паднiмаюся высока ў горы, здымаю тураў, безааравых коз, мядзведзяў, побач з iмi хаджу. Таксама знiмаю гiстарычныя перадачы пра вежы, этнiчныя праграмы. Я ўсё раблю адзiн.

За адзінаццаць гадоў Вiктар Бортнiкаў пабываў на ўсiх гарах, пажыў (цi хоць бы начаваў) ва ўсiх сёлах, добра вывучыў мясцовыя быт i культуру. Чачэнскай мовай, праўда, не авалодаў. Прызнаецца, што ў гэтым няма патрэбы, бо героi яго перадач — 90—100-гадовыя доўгажыхары мясцовых пасяленняў добра размаўляюць па-руску.

— Я i цяпер паднiмаюся ў горы, здымаю, як людзi косяць сена, сушаць мяса на зiму. Мядзведзi восенню блiзка падыходзяць да сёлаў, бо перад зiмой iм трэба есцi мяса. I ў той сям'i, дзе я жыву, мядзведзi зарэзалi чатырох бычкоў.

Жыве беларус у гарах, у высакагорным сяле Дай — здымае пакой у сям'i галоўнага паляўнiцтвазнаўца Шаройскага раёна. Як i ў многiх чачэнскiх сем'ях, там шмат дзяцей — сямёра, з імі жыве i жонка брата — удава з трыма дзецьмi. З усiмi беларусу ўдалося паладзiць.

— Перыядычна я наведваю Беларусь. Раблю праграмы на два-тры месяцы наперад, i еду дадому дапамагаць мацi. У мяне на радзiме вялiкi агарод, яблыневы i грушавы сад. Што цягне вяртацца ў Чачню? Горы! Чым вышэй у гарах, тым блiжэй да Бога. Ведаеце, радзiма заўсёды застаецца ў душы. Але свет вялiкi i цудоўны, яго трэба зведваць, i гэта сапраўднае шчасце.

У чым сакрэт моцных шлюбаў?

Дарэчы, традыцыi чачэнскага народа i iх адносiны да сям'i многiя хацелi б пераняць. Тут не прынята скасоўваць шлюб, i гэта адбываецца вельмi рэдка. Мужчына, якi нясе адказнасць за сям'ю, не можа сказаць, што яны з жонкай не сышлiся характарамi, бо сваякi яго не зразумеюць i не дазволяць гэтага. Шлюбы тут пераважна рэлiгiйныя, а ў загс маладая сям'я звычайна ўпершыню прыходзiць, калi ўжо трэба афармляць дакументы на дзiця. Але вяселлi адбываюцца вялiкiя i шумныя, куды запрашаюць да 300—400 гасцей.

Права на слоўнае скасаванне шлюбу мае толькi мужчына. Для гэтага яму варта тройчы пра гэта паведамiць жонцы. Пасля гэтага жыць разам яны не могуць. У жанчыны такога права няма, бо лiчыцца, што яны больш эмацыянальныя i схiльныя да нерацыянальных учынкаў. Пры гэтым калi жанчына жадае скасаваць шлюб, яна можа звярнуцца да iмама ў найблiжэйшую мячэць. Iмам разбiраецца, i калi правы жанчыны сапраўды ўшчамляюцца, ён дае развод.

Дзяцей у сем'ях выхоўваюць строга, прычым займаецца гэтым жанчына. Для дачкi цi сына мацi — найлепшая сяброўка. З ёй абмяркоўваюць тое, што не кажуць iншым, нават асабiстае жыццё. Калi ў сям'i некалькi сыноў, малодшы заўсёды застаецца ў доме бацькоў, нават калi заводзiць сваю сям'ю. Тут амаль нiколi бацькi сталага веку не жывуць асобна.

У 95 % выпадкаў чачэнкi не працуюць, а займаюцца гаспадаркай, а мужчына забяспечвае сям'ю. Калi ж мужчына не спраўляецца, жанчына мае права выйсцi на работу. Праўда, сёння ўсё часцей жанчыны парушаюць устоi — у Грозным яны працуюць паўсюль, нават кiроўцамi таксi.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

У Кіеве Уладзімір Караткевіч цудам выратаваўся ад аварыі і двойчы закахаўся

Горад, «дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала г

Грамадства

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Прафесар Мiкалай Запрудскі: Вера ў дзiця — галоўны падарунак

Для паспяховых школ характэрны клiмат высокiх чаканняў.

Грамадства

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гродзенец наводзiць парадак на зямлi i аднаўляе старажытны млын

Гэтыя мясцiны Яўген Дарагуш памятае з дзяцiнства.

Спорт

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Любоў Чаркашына: Мастацкая гiмнастыка — гэта цэлы свет

Мастацкая гiмнастыка — гэта любоў. У выпадку з беларускай гiмнастыкай можна сказаць, што гэта яшчэ i Любоў Чаркашына.