Вы тут

Сталічнае метро прырастае новымі станцыямі


Уведзеная ў строй першая чарга трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна


Бліжэйшая перспектыва

Так, менавіта ў лістападзе чатыры новыя станцыі сталічнага метро — «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча» — інтэграваныя ў адзіную падземную транспартную сістэму з дзвюма дзеючымі лініямі. Гэты факт даў магчымасць Аляксандру Лукашэнку, які напярэдадні знаёміўся з новай магістраллю, заявіць наступнае:

— Запуск першай чаргі новай лініі метро — паказчык нашай сацыяльнай і палітычнай устойлівасці. У гэты час такія дзяржавы, як мы, падобных аб’ектаў не ствараюць.

Урачыстасць стала падставай заадно пацікавіцца і сацыяльна-эканамічным развіццём Мінска ў цэлым. А сталіца, сапраўды, трымае марку. За дзевяць месяцаў яе валавы ўнутраны прадукт склаў 98,4 працэнта да ўзроўню мінулага года. Сур’ёзны паказчык пры агульнасусветным падзенні такога параметру. Тым не менш ставіцца задача выйсці на 100 працэнтаў па выніках года. Аб гэтым далажыў Аляксандру Лукашэнку старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Што тычыцца метро, то за першай чаргой рушаць услед наступныя. Найбліжэйшая перспектыва — будаўніцтва яшчэ трох станцый у слуцкім кірунку, перадача якіх пад аздабленне плануецца ўжо ў сакавіку наступнага года. Затым будаўніцтва разгорнецца ў бок сталічнага мікрараёна Зялёны Луг. А хутка пачне забудоўвацца і поўнач Мінска. У далейшым чацвёртая лінія закальцуе ўсе станцыі.

— Тады можна вас і распускаць, — у жарт звярнуўся да метрабудаўцаў Кіраўнік дзяржавы. І ўжо сур’ёзна адзначыў:

— Трэба цяпер асвойваць наземнае метро.

Яшчэ адно патрабаванне — сыходзіць ад выкарыстання рухавікоў унутранага згарання. Інакш кажучы, паступова пераходзіць на электратранспарт. Пачаць з Мінска. Магчымасці для гэтага ёсць: МАЗ і «Белкамунмаш» вырабляюць усю лінейку акумулятараў. У наступным годзе ўвесь транспарт будзе забяспечаны батарэямі беларускай вытворчасці.

— Трэба прывесці ў парадак трамвайныя шляхі, каб яны былі бясшумнымі. Трамваі — гэта будучыня. З уводам у строй атамнай станцыі электраэнергіі будзе дастаткова, — рэзюмуе Аляксандр Лукашэнка.

Наперадзе — новыя планы

Варта адзначыць, што з моманту пуску і да цяперашняга часу метро беларускай сталіцы прайшло вялікі шлях даўжынёй у 37 гадоў. Эканамічны, хуткасны, а самае галоўнае, што вельмі важна сёння, экалагічна чысты від транспарту стаў самым масавым і папулярным.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час яму давялося прымаць прынцыповае рашэнне аб тым, ці працягваць развіццё гэтага віду транспарту. Аднак, нягледзячы на цяжкасці, удалося дабудаваць новыя станцыі другой веткі, удакладніў Кіраўнік дзяржавы:

— І тады было сур’ёзна пастаўлена пытанне: а што далей? Мной было прынята рашэнне, якім я ганаруся да гэтага часу. Я сказаў: метро у нас будзе, метрабуд мы разбураць не будзем. Бо няшмат гарадоў у свеце і тады, і цяпер займаецца будаўніцтвам метро. І мне стала шкада. Калі мы спынім, не будзе гэтай вялікай школы. А гэта супастаўна з космасам, толькі пад зямлёй. Гэта вышэйшы ўзровень будаўніцтва, тут інавацыі, найноўшыя тэхналогіі.

Падзяка ў гэты дзень была адрасавана ўсім, хто праектаваў і будуе новую лінію метро: за хуткасць выканання, якасць працы і адпаведнасць сучасным стандартам, эстэтыку афармлення станцый. Асобна была адзначана бяспека трэцяй лініі. Яна абсталявана ахоўнымі агароджамі з празрыстага шкла. Усё зроблена з клопатам аб пасажырах. Дарэчы, на трэцяй лініі можа быць да 17 станцый. Тым часам, ужо ёсць планы, звязаныя з мегапраектам па будаўніцтву чацвёртай лініі метрапалітэна — кальцавой, якая разгрузіць Мінскую кальцавую аўтадарогу. Дзякуючы гэтаму ў перспектыве будуць створаны паўнавартасныя транспартна-перасадачныя вузлы паміж усімі відамі гарадскога і прыгараднага транспарту.

Рух у будучыню

Генеральны дырэктар «Мінскметрабуда» Леанід Стухальскі ўручыў Прэзідэнту сімвалічны ключ ад чатырох новых станцый. Аляксандр Лукашэнка перадаў яго дырэктару Мінскага метрапалітэна Уладзіміру Сотнікаву. Кіраўнік прадпрыемства запрасіў Прэзідэнта адкрыць рух новых цягнікоў па трэцяй лініі. Сімвалічную чырвоную стужку разам з Кіраўніком дзяржавы перарэзалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, упаўнаважаны па Мінску Наталля Качанава, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, Леанід Стухальскі і Уладзімір Сотнікаў. А пасля ўсе прысутныя зайшлі ў новы цягнік, які стаяў на платформе. Дарэчы, таксама айчыннай вытворчасці. Дзецішча рэзідэнта свабоднай эканамічнай зоны «Мінск» закрытага акцыянернага таварыства «Штадлер Мінск» — беларускай кампаніі са швейцарскім капіталам. Кіраўнік дзяржавы паглядзеў, як выглядаюць станцыі, цікавіўся хадавымі характарыстыкамі новага цягніка.

Функцыянальнасць і акуратнасць, эканамічнасць і прыгажосць, але пры гэтым адсутнасць празмернасцяў — афармленне чатырох новых станцый Аляксандр Лукашэнка ацаніў высока.

— Чыста беларускі стыль! — пахваліў ён.

Увага разам з тым была звернута і на тое, як спрацавалі будаўнікі. На перагоне паміж станцыямі «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча» зайшла размова аб кампетэнцыях і навыках беларускіх спецыялістаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, калі бывае за мяжой, часта параўноўвае:

— Што ўсё ж такі для краіны лепш: тое, што ў яе вуглевадародаў мора або тое, што яна ўмее ўсё рабіць? Мне здаецца, калі ты ўсё ўмееш рабіць, — у гэтым будучыня. Вуглевадароды сыдуць, ёсць атамная станцыя, ветракі, сонечная энергія… Энергію мы знойдзем, чалавецтва да гэтага ідзе, а вось кампетэнцыі, мазгі — гэта галоўнае.

А рабіць у краіне навучыліся нават тое, аб чым раней і не задумваліся. На станцыі «Вакзальная» старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, да прыкладу, звярнуў увагу на эскалатары айчыннай вытворчасці. За чарговы крок у імпартазамяшчэнні Аляксандр Лукашэнка пахваліў, але ўсё ж пацікавіўся іх надзейнасцю.

— Яны прайшлі ўсе выпрабаванні, будзем працаваць далей, — адказаў старшыня Мінгарвыканкама.

Хадавыя характарыстыкі і камфорт новага цягніка таксама атрымалі высокую ацэнку. Дарэчы, такіх саставаў у бліжэйшы час для мінскай падземкі плануецца набыць дзевятнаццаць.

Уладзімір Хромаў

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.