Вы тут

Шукайце суслiка ў полi... Чаму гэты мiлы грызун знаходзiцца пад пагрозай знiкнення?


Да нядаўняга часу мала хто ведаў, што ў нашай прыродзе яшчэ захавалiся рабыя суслiкi. Дзякуючы пiяр-кампанii, разгорнутай АПБ, гэтыя вельмi рэдкiя грызуны праславiлiся i займелi прыхiльнiкаў i абаронцаў.


Нядаўна былi падведзены вынiкi iнiцыятывы «Хамяк, суслiк i палятуха: выратаваць супергрызуноў!» Яна стартавала вясной 2019 года i ажыццяўлялася АПБ у супрацоўнiцтве з навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусi па бiярэсурсах, Гарадоцкiм лясгасам i эколага-краязнаўчым грамадскiм аб'яднаннем «Неруш» у рамках праекта «Далучэнне грамадскасцi да экалагiчнага манiторынгу i паляпшэнне кiравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўнi». Праект фiнансуецца Еўрапейскiм саюзам i рэалiзуецца ПРААН у партнёрстве з Мiнпрыроды.

З трох вiдаў чырванакнiжных грызуноў, якiх заолагi шукалi па ўсёй краiне з дапамогай мясцовых жыхароў, найбольш пашанцавала суслiкам. Эксперты выявiлi дзевяць iх калонiй з агульнай колькасцю каля 5000 асобiн. Было зарэгiстравана таксама некалькi мясцiн пражывання вавёрак-палятух у Вiцебскай вобласцi. Хамяка ж пакуль не знайшлi нiводнага, але энтузiясты не адчайваюцца...

Што пагражае калонiям звяркоў?

Яшчэ ў 1950—60-я гады на тэрыторыi Беларусi жылi мiльёны суслiкаў. Iх вынiшчалi як шкоднiкаў сельскай гаспадаркi. Але жорсткасць была дарэмная: суслiкi харчуюцца пераважна травамi, а зерне складае малую частку iх рацыёну, так што значнай шкоды яны не наносяць. Гэтыя грызуны жывуць калонiямi на палях i пашах. Галоўныя сучасныя пагрозы для iх — глыбокае разворванне глебы, ужыванне пестыцыдаў i гербiцыдаў, драпежнiцтва безнаглядных сабак i кошак.

Колькасць суслiкаў катастрафiчна змяншаецца паўсюль — ад Паволжа да заходнiх меж арэала вiду ў Польшчы. Таму вельмi важна зберагчы рэдкiх грызуноў у кожнай мясцiне, дзе яны яшчэ засталiся. «Цяперашнi стан рабых суслiкаў крытычны, — б'е трывогу эксперт АПБ Сяргей ШАКАЛА. — Калi не будуць прымацца сур'ёзныя захады для iх аховы, у найблiжэйшыя дзесяць гадоў мы можам страцiць гэты вiд».

Праблема ў тым, што мясцовыя органы ўлады неахвотна падпiсваюць ахоўныя абавязацельствы для месцаў пражывання гэтых чырванакнiжных звяркоў. Дырэктар АПБ Аляксандр ВIНЧЭЎСКI кажа:

— Мiнулай восенню мы разаслалi ва ўсе гаспадаркi, на чыiх тэрыторыях знойдзены калонii, iнфармацыйныя лiсты з папярэджваннем аб адказнасцi за захаванне суслiкаў. Але атрымалi сустрэчнае пытанне: «Хто нам кампенсуе штогадовыя страты ад выключэння зямель з севазвароту»? На сёння пад ахову ўзяты толькi дзве калонii ў Капыльскiм раёне i найбольш вялiкая юшавiцкая калонiя ў Нясвiжскiм раёне, у якой налiчваецца больш за 1000 суслiкаў (ды і тое не цалкам: 90 гектараў са 107). Аднак знiкаючыя вiды неабходна ратаваць паўсюль, дзе яны выяўлены! Можна атрымлiваць ад iх i прыбытак, калi наладзiць турыстычныя маршруты для ахвотных паназiраць за мiлымi звяркамi.

Зорка пiяру

Суслiк жвавы, забаўны i фотагенiчны. У яго выразная мiмiка. Калi звярок чымсьцi зацiкавiцца, ён становiцца «слупком». Гэтыя грызуны не надта пужлiвыя i могуць паказацца на вочы чалавеку, калi прывыкнуць да яго прысутнасцi. Памiж сабой яны пераклiкаюцца свiстам.

АПБ зняла вiдэаролiк пра суслiка, якi будзе транслявацца ў грамадскiм транспарце ў Брэсцкай, Гомельскай абласцях i ў Мiнску. Таксама была праведзена здымка юшавiцкай калонii з дрона. Роставыя фiгуры суслiкаў з iнфармацыйнымi буклетамi ўсталяваны на аўтавакзале ў Нясвiжы i ў Баранавiцкiм дзяржаўным унiверсiтэце.

Гэтай восенню эколага-краязнаўчае грамадскае аб'яднанне «Неруш» правяло асветнiцкiя сустрэчы са школьнiкамi i настаўнiкамi Баранавiцкага, Ляхавiцкага, Карэлiцкага, Клецкага, Капыльскага раёнаў, навучэнцамi Навагрудскага i Ляхавiцкага аграрных каледжаў, студэнтамi Баранавiцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта, а таксама спецыялiстамi лясгасаў i прадстаўнiкамi Беларускага таварыства паляўнiчых i рыбаловаў.

— Мы звярталiся да людзей, каб яны дапамагалi выяўляць мясцiны, дзе жывуць суслiкi, i ўлiчвалi, што захаванне рэдкiх жывёл павышае прэстыж раёна, — сказаў старшыня «Неруша» Уладзiмiр ЗУЕЎ. — Спадзяёмся, што наша iнфармацыя спрацуе i колькасць пагроз для суслiкаў будзе змяншацца.

Як захаваць супергрызуноў?

— Пашукайце ў сваёй мясцовасцi: раптам недзе ўпотай жыве невялiчкая калонiя гэтых звяркоў? Калi вам пашанцуе, паведамiце пра сваю знаходку ў АПБ.

— Не разворвайце поле цi пашу, дзе пасялiлiся суслiкi, а лепш выкарыстоўвайце гэтую тэрыторыю для выпасу свойскай жывёлы. У кароткай траве, пад'едзенай каровамi, грызуны хутчэй заўважаць драпежнiка i паспеюць схавацца ў норы.

— Не складзiруйце ў месцы пражывання суслiкаў угнаеннi, хiмiкаты, будматэрыялы.

— Не дапускайце свабоднага выгулу сабак i кошак, каб яны не палявалi на суслiкаў.

— Не пужайце звяркоў, не шумiце, не распальвайце вогнiшча ў межах калонii.

— АПБ бярэ супергрызуноў пад пастаянную апеку, — запэўнiў Аляксандр Вiнчэўскi. — Будзем намагацца, каб усе вядомыя месцы пражывання суслiкаў узялi пад ахову. Сумесна з супрацоўнiкамi Нацыянальнай акадэмii навук будзем шукаць сродкi, каб развiваць экалагiчны турызм, вывучаць досвед Польшчы i Украiны i рассяляць вельмi рэдкiх грызуноў туды, дзе яны жылi раней.

Святлана IШЧАНКА

Фота Сяргея ШАКАЛЫ

Загаловак у газеце: Шукайце суслiка ў полi...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.