Вы тут

Раім схадзіць


Мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, «Фаўст», сучаснае польскае кіно і іншае — афіша «Звязды».


Мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Персанальная рэтраспектыва Уладзіміра Караткевіча. Музей кіно

Дзе: Музей гісторыі беларускага кіно, г. Мінск, вул. Свярдлова, 4

Калі: 25 лістапада — 4 снежня

Да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча Музей гісторыі беларускага кіно пакажа персанальную рэтраспектыву «Быў. Ёсць. Буду», Праграма пачнецца 25 лістапада і будзе доўжыцца да 4 снежня.

Рэтраспектыва ўключае 19 мастацкіх, анімацыйных і дакументальных фільмаў. Гледачу пакажуць кіна- і тэлеверсіі твораў Уладзіміра Караткевіча, якія ўвайшлі ў залаты фонд сусветнай культуры. Гэта «Дзікае паляванне караля Стаха», «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi», «Чорны замак Альшанскі», «Мацi ўрагану», «Ладдзя роспачы», якія ў розныя гады былі створаны на кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама гісторыка-прыгодніцкі фільм «Сівая легенда», які пагружае ў часы Рэчы Паспалітай.

— Мы пастараліся максімальна насыціць праграму дакументальнымі стужкамі, у якіх дэталёва і беражліва асвятляецца асоба Уладзіміра Караткевіча, — сказаў кіраўнік музея Ігар Аўдзееў. — «Святло Караткевiча», «Быў. Ёсць. Буду», «Рыцар i слуга Беларусi», «Акафiст Уладзiмiр» — у гэтых фільмах-даследаваннях беларускіх кінематаграфістаў зроблена спроба вызначыць грамадска-культурнае значэнне пісьменніка ў кантэксце краіны і эпохі. Стужкі нібы ўваскрашаюць Уладзіміра Сямёнавіча, паказваюць яго шлях ад настаўніка сельскай школы да класіка.

Яшчэ адна асаблівасць рэтраспектывы — паказ таго, як здымаліся карціны «Дзікае паляванне караля Стаха», «Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi», «Чорны замак Альшанскі», а таксама дэманстрацыя стужак Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, створаных па сцэнарах Уладзіміра Караткевіча.


РТБД. Спектакль «Наш Караткевіч» + выстава «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду ...»

Дзе: РТБД, г. Мінск, вул. Крапоткіна, 44

Калі: 26, 27 лістапада

Колькі каштуе: бясплатна

Спектакль «Наш Караткевіч» да 90-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча адбудзецца 26 і 27 лістапада ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

Пастаноўка распавядае пра жыццё і творчасць беларускага літаратара. «Уладзімір Караткевіч лавіў акул і атрутных змей, аплакваў сваю першую трагічную любоў, першым у Беларусі пачаў пісаць гістарычныя дэтэктывы і стаў адным з самых папулярных айчынных пісьменнікаў. Мяняў ў літаратуры правілы гульні, умеў здзіўляць і натхняць, ненавідзеў, калі яго называлі рамантыкам, і марыў, каб рэальныя беларусы сталі такімі ж моцнымі, годнымі, як і яго літаратурныя героі. Гэта спектакль пра незвычайны чалавеку, яго жыцця, поўнага неверагодных прыгод і адкрыццяў. Па лабірынтах творчасці Караткевіча гледача правядуць вядучы пастаноўкі Васіль Дранько-Майсюк, акцёры, а таксама ансамбль «Музычная арка», — адзначылі ў тэатры.

Калі раптам вы не зможаце быць у зале РТБД, дзякуючы відэа-сэрвісу VOKA імпрэзу «Наш Караткевіч» можна будзе пабачыць анлайн. Трансляцыя будзе даступная для прагляду бясплатна і ў любой кропцы Беларусі і свету.

Да паказу спектакля арганізатары падрыхтавалі выставу «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду ...». На ёй прадставяць экспанаты з фонду Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Сярод іх — кнігі, фатаграфіі і сувеніры пісьменніка. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць стаць удзельнікамі беларускага буккросінг. Такая магчымасць з’явілася дзякуючы праекту «Кнізе — другое жыццё».


Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча»

Дзе: Нацыянальная бібліятэка Беларусі, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 116

Калі: па 17 снежня

З 24 лістапада ў музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працуе выстава «З кніг Уладзіміра Караткевіча», прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Упершыню на выставе можна будзе ўбачыць кнігі з кабінета і бібліятэкі пісьменніка. Даведацца, якія рукапісы, старадрукі і рэдкія выданні захоўваліся ў яго асабістым кнігазборы.

Асноўнае месца ў экспазіцыі нададзена экслібрысам Уладзіміра Караткевіча. Пераважная іх частка зроблена самім пісьменнікам: разнастайныя кніжныя знакі, якія адмыслова выкананы і падабраны для пэўных выданняў. На выявах — знакавыя постаці беларускай культуры: Скарына, Гусоўскі, а таксама ўлюбёныя Караткевічам ветразі. Вылучаецца экслібрыс з абрысамі зброі касінераў. Яго пячатку і клішэ можна ўбачыць на выставе.

Несумненную цікавасць абудзяць экслібрысы, створаныя для пісьменніка мастакамі. Працы Іосіфа Капеляна, Генадзя Грака, Арлена Кашкурэвіча, Міколы Купавы, Уладзіміра Басалыгі і Вячкі Целеша можна будзе ўбачыць на старонках выданняў і даведацца гісторыю іх стварэння.

Унікальныя дароўныя надпісы на кнігах уводзяць у сяброўскае і творчае кола пісьменніка. У экспазіцыі — аўтографы родных Уладзіміра Караткевіча, таварышаў і настаўнікаў маладосці, літаратурных прататыпаў, вядомых творцаў, сяброў і паплечнікаў: Адама Мальдзіса, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля і іншых, а таксама нечаканы, па-караткевічаўску жартаўлівы, аўтограф самому сабе.

Выстава падрыхтавана сумесна з захавальнікамі спадчыны Уладзіміра Караткевіча — сям’ёй пляменніцы пісьменніка Алены Іванаўны Сінькевіч. У экспазіцыі таксама прадстаўлены кнігі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.


Радыёканал «Культура». Тэматычны эфір памяці Уладзіміра Караткевіча

Дзе: radiokultura.by

Калі: па 29 лістапада

Колькі каштуе: бясплатна

Падчас радыёэфіру будуць абвешчаныя вынікі інтэрактыўнага конкурсу чытальнікаў «Быў. Ёсць. Буду». Конкурс чытальнікаў быў абвешчаны вясной. Да ўдзелу запрашаліся аматары і прафесіяналы, якія даслалі аўтарскія прачытання паэзіі класіка. Імёны пераможцаў у розных намінацыях і ўзроставых групах творчага спаборніцтва будуць абвешчаныя 26 лістапада, у дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў праграме «Сустрэчы пад вечар».

У «Радыёбібліятэцы» канала «Культура» можна паслухаць твор «Дзікае паляванне караля Стаха», а праект «Літаратурная Анталогія» прапануе слухачам раман «Чорны замак Альшанскі» у чытанні акцёра Алега Вінярскага. У рамках праекта для дзяцей і падлеткаў «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя» па панядзелках і аўторках гучаць фрагменты рамана «Каласы пад сярпом тваім».

26 лістапада непасрэдна ў дзень нараджэння Уладзіміра Караткевіча, у 12:15 і 18:15 выйдзе ў эфір спецыяльны выпуск перадачы «Дыялогі пра культуру», у якой прагучыць голас пісьменніка з фондаў Беларускага радыё. 27 лістапада ў 15:00 і 21:30 праект «культурныя скрыжаванні» прапануе аўтарскае прачытанне твора «Каласы пад сярпом тваім». У выхадныя 28 і 29 лістапада ў 09:45 і 16:00 прагучаць вершы Уладзіміра Караткевіча ў выкананні народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч.


«Беларусь 3». Паказ экранізацый твораў беларускага пісьменніка

Дзе: 3belarus.by

Калі: 26 лістапада

Колькі каштуе: бясплатна

26 лістапада да 90-годдзя з дня нараджэння выдатнага пісьменніка, перакладчыка і крытыка Уладзіміра Караткевіча гледачоў тэлеканала «Беларусь 3» чакаюць экранізацыі знакамітых твораў майстра гістарычнай прозы, а таксама некалькі дакументальна-біяграфічных праектаў вытворчасці Белтэлерадыёкампаніі.

Філасафічнасць, сімвалічная і самабытная, літаратурная спадчына Уладзіміра Караткевіча стала неад’емнай і важнай часткай нацыянальнай беларускай культуры. Спецыяльна да дня нараджэння класіка канал «Беларусь 3» падрыхтаваў падборку ігравога кіно кінастудыі «Беларусьфільм». У 08:30 і 18:05 будзе паказана 2-серыйная містычная драма Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха». У 13:30 і 21:40 гледачоў чакае фільм, сцэнар да якога з часам ператварыўся ў паўнавартасны раман. Гэта стужка Уладзіміра Бычкова «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». У 15:25 у эфір выйдзе 2-серыйны гістарычны дэтэктыў Міхаіла Пташука «Чорны замак Альшанскі» паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча. Дарэчы, сцэнарыстам усіх прапанаваных гульнявых стужак выступіў у свой час сам майстар.

Адправіцца ў пазнавальнае падарожжа па старонках яго жыцця і творчасці прапануюць гледачам дакументальныя праекты «Люблю і памятаю» ў 10:40 і 23:15 і «Запіскі на палях» у 11:20 і 17:40, а таксама фільм «Сівая легенда Уладзіміра Караткевіча» з фондаў медыяхолдынга (14:55).

Для самых маленькіх гледачоў тэлеканал падрыхтаваў тэматычны мультфільм па матывах казкі Уладзіміра Караткевіча «Вясна ўвосень», яго пакажуць у праграме «Калыханка» у 20:40.


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча

Калі: па 20 снежня

З 10 лістапада да 20 снежня 2020 года Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае наведаць літаратурна-мастацкую экспазіцыю «Уладзімір Караткевіч у выяўленчым мастацтве», якая ладзіцца ў рамках сумеснага праекта з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН РБ.

Арганізатары запрашаюць усіх аматараў творчасці Уладзіміра Караткевіча разгледзець ролю i месца пісьменніка, паэта, драматурга ў нацыянальнай мастацкай культуры.

Уладзімір Караткевіч — адна з самых яркіх постацей беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Ён плённа працаваў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык і кінасцэнарыст.

На экспазіцыі прадстаўлены жывапісныя палотны знакамітых мастакоў Леаніда Дударэнкі, Уладзіміра Тоўсціка, Міхася Будавея, ілюстрацыі Генадзя Грака і Пятра Драчова да твораў Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і «Чорны замак Альшанскі», рукапісы твораў Уладзіміра Караткевіча, фатаграфіі, малюнкі, асабістыя рэчы, графіка Віктара Мікіты да зборніка вершаў Уладзіміра Караткевіча «Мая Іліяда».

Дзякуючы рукапісам з замалёўкамі і асобным малюнкам пісьменніка можна адчуць унутраны свет аўтара, разгледзець яго творчую лабараторыю.

Акрамя гэтага на экспазіцыі будуць прадстаўлены тэатральныя афішы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, сцэны да спектакляў па творах пісьменніка, эскізы касцюмаў да спектакля «Ладдзя Роспачы» мастака В. Рачкоўскага і іншыя цікавыя матэрыялы.

Тэлефон для даведак : 8 (017) 363-56-21.


Іншыя падзеі

Дзе: г. Мінск

Калі: 2 снежня

Колькі каштуе: бясплатна, рэгістрацыя

Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў «Тэатральны куфар, БДУ-2020» адкрые 17-ы сезон. Старт будзе дадзены 2 снежня.

Сёлета мерапрыемства прымяркуюць да 100-годдзя авангарднага мастацкага аб'яднання УНОВІС, створанага Казімірам Малевічам у Віцебску. Звыш 100 артыстаў з Беларусі, Расіі, Ірана і Бразіліі пакажуць 12 аматарскіх і прафесійных спектакляў. Асноўныя тэатральныя дзеянні разгорнуцца з 2 па 5 снежня на сцэнах Мінска. Трансляцыя замежных пастановак пройдзе ў анлайн-фармаце на YouTube-канале фестывалю.

Адкрые фестывальную праграму 2 снежня небалет «Уна дачка Казіміра» ў выкананні маладзёжнага тэатра «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск». Спектакль пабудаваны на асацыяцыі з супрэматычным балетам. Гледачы будуць назіраць падчас прадстаўлення пераўвасабленне акцёраў у арт-аб'екты.

У першы дзень фестывалю Народны студэнцкі драматычны тэатр «На балконе» БДУ пакажа спектакль «Балладзіна» аб запале, амбіцыях і расчараваннях па матывах п'ес паэта і драматурга Юліуша Славацкага (вул. Кастрычніцкая, 19, арт-прастора Hide). Пачатак у 20:00. Таксама 5 снежня тэатр БДУ выступіць з прэм'ерай «Азірніся ў гневе» па твору Джона Осбарна (вул. Кастрычніцкая, 19, арт-прастора Hide). Пачатак у 18:00. Рэжысёрам пастановак выступае Андрэй Саўчанка.

Па традыцыі ў фестывалі ўдзельнічаюць і прафесійныя калектывы. У іх ліку «Тэатр дакумента Ганны Сулімы» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яго артысты падрыхтавалі 4 снежня дакументальны перформанс «Запісная» (вул. Кастрычніцкая, 19, арт-прастора Hide). Пачатак у 18:00. У аснову пастаноўкі лёг унікальны дакумент, няскончаны дзённік вязня гета г. Гродна, датаваны ад 12 лютага па 8 красавіка 1943 года. Зараз гэты гістарычны дакумент захоўваецца ў Ватыкане.

Тэатральнае майстэрства пакажуць юныя акцёры дзіцячай тэатральнай майстэрні «АГА» Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі. Яны выступяць 5 снежня са спектаклем «Птушкі» (вул. Ульянаўская, 8). Пачатак у 16:00. На пастаноўку запрашаюцца гледачы ад шасці гадоў.

Сёлета вызначаць толькі ўладальніка Гран-пры «Тэатральнага куфара, БДУ-2020». У галасаванні возьмуць удзел гледачы шляхам запаўнення бюлетэняў пасля прагляду спектакля.

Уваход на ўсе прагляды фестывалю вольны па папярэдняй рэгістрацыі па тэл.: 8 (017) 209-54-69 або на сайце.

Усе паказы пройдуць з захаваннем санітарна-эпідэміялагічных рэкамендацый.

Фестываль «Тэатральны куфар» праводзіцца ў БДУ з 2004 года. Штогод на мерапрыемства збіраецца да 20 тэатраў, больш за 250 удзельнікаў з розных краін свету, 12 000 гледачоў. За гады існавання ў фестывалі прынялі ўдзел 230 тэатраў з 65 краін свету.

Фестываль адзіны ў Беларусі мае статус міжнароднага, з 2006 года ўваходзіць у склад Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў, з 2008 года – у выканаўчы камітэт асацыяцыі.

У 2011 годзе ўключаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у афіцыйны рэестр фестываляў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У 2012 годзе прызнаны «Брэндам года» і становіцца арганізатарам найбуйнейшага сусветнага тэатральнага кангрэса пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі ўніверсітэцкіх тэатраў (AITU-IUTA).

Па выніках высокай арганізацыйнай культуры «Тэатральны куфар БДУ» тройчы намінаваны на спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Праграму фестывалю можна паглядзець па спасылцы.


«Паслявобразы. Сучаснае польскае кіно»

Дзе: г. Мінск

Калі: па 2 снежня

Колькі каштуе: ад 7 BYN

З 25 лістапада па 2 снежня ў кінатэатры «Цэнтральны» і «Falcon Club Буцік кіно» пакажуць праграму «Пвслявобразы. Сучаснае польскае кіно». Якім польскі кінематограф стаў пасля сыходу Анджэя Вайды? Як яго вядучыя тэмы — гістарычныя хронікі і парадоксы сучаснасці — увасабляюцца ў фільмах пост-класічнай эпохі?

Глядзім новыя фільмы, адкрываем новыя імёны, сочым за старымі знаёмымі, апускаемся ў свет «паслявобразаў» у прасторах гульнявога, дакументальнага і анімацыйнага кіно. Паглядзець гэтыя карціны можна ў кіназале, дзе з дапамогай шахматнага рассаджвання створана сацыяльная дыстанцыя паміж гледачамі.

Ваш галоўны аксэсуар пры паходзе ў кіно — ахоўная маска, якая абавязковая пры наведванні ўсіх грамадскіх месцаў.

Падрабязней


Інклюзіўная выстаўка «Уключыся ў Музей»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: па 14 снежня

Колькі каштуе: дарослым — 7 BYN, студэнтам — 5,50 BYN, школьнікам 4 BYN

13 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрылася выстаўка ў рамках партнёрскай інклюзіўнай праграмы «Уключыся ў Музей».

13 лістапада адзначаецца Міжнародны дзень сляпых і Сусветны дзень дабра. Магчыма, гэтыя даты ў календары супалі невыпадкова. Невідушчыя людзі маюць патрэбу ў падтрымцы тых, хто бачыць, а добрыя людзі адчуваюць патрэбнасць дапамагчы і падтрымаць.

Нацыянальны гістарычны музей адзначыў гэтую важную дату выставай, дзе ў незвычайным фармаце прадстаўлены 21 экспанат. Наведвальнікі змогуць па-новаму адкрыць для сябе пастаянную экспазіцыю. Партрэты, зброя, прадметы раскошы і адзення будуць паказаны нязвыклым для большасці гасцей чынам: у выглядзе тэкставага апісання з адсылкамі да залаў музея, — таму наведвальнікаў чакае своеасаблівы квэст. Кожны аб’ект таксама будзе суправаджаць яго дескрыпцыя шрыфтам Брайля.

Міжнародны дзень сляпых — дата, якая заклікае звярнуць асаблівую ўвагу на цяжкасці жыцця невідушчых людзей і на важнасць захавання зроку.


Кранальная дыстанцыя

Дзе: Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», г. Мінск, вул. Кастрычніцкая, 19

Калі: па 29 лістапада

Колькі каштуе: 5/3 BYN

Апошнім часам мы ўсе вымушана апынуліся ў новым фармаце ўзаемадзеяння з рэальнасцю, а таксама адзін з адным. Гэты фармат прывёў да фрустрацыі і пераасэнсоўвання звыклых паняткаў, узмацніў страхі і трывогі, вымусіў цалкам змяніць быт і паводзіны. Шок ад разрыву звыклых тактыльных сувязяў фарсіраваў неабходнасць сталага доступу да сеціва, а ўсе «кранальныя» кантакты ператварыў на анлайн-канэкты. Каб выжыць, стала неабходным раз’яднацца і дыстанцыравацца. Пры гэтым, заставацца бачным і падтрымліваць сувязі.

Невядомасць. Нявызначанасць. Неспасціжнасць. Самота. Вар’яцтва. Абсурд. Стрэс. Трывожнасць. Маскі. Няволя. Чума. Хвароба. Страх задыхнуцца і ўсе іншыя адценні страху. Жаданне схавацца. Апакаліпсіс. Пекла. / Запавольванне. Рэфлексія. Адзіноцтва. Салідарнасць. Стварэнне новага. Узаемадапамога. Жаданне вольна дыхаць. Творчасць. Новыя сэнсы. Абуджэнне. Пазбаўленне страху. Разуменне сапраўды важнага і каштоўнага.

Як змяняліся стаўленне і расстаноўка сілаў між двума войскамі гэтых слоў і станам знутранага ды знешняга светаадчуванняў? Ці змянілася нешта ў прынцыпу? Над гэтымі пытаннямі мы прапанавалі падумаць мастакам, нашым сябрам.

Куратарская група: Анастасія Грышанава, Валянціна Кісялёва, Ганна Чыстасердава

Мастакі: Даніл Акімаў (RU), Раман Аксёнаў (BY), Aljoscha (ES), Сяргей Бабарэка (BY), Анатоль Бялоў (UA), Аліна Блюміс (USA), Group Bouillon (GE), Жанна Грак (DE), Міхаіл Гулін (BY), Андрэй Дурэйка (DE), Аляксей Зінчанка (UA), Міхал Іваноўскі (UK), Мікіта Кадан (UA), Валеры Кацуба (ES), Аляксандр Камароў (DE), Сяргей Петлюк (UA), Караль Радзічэўскі (PL), Ігар Саўчанка (BY), Ала Савашэвіч (BY/PL), Ганна Сакалова (DE), Тамара Сакалова (BY), Topp & Dubio (NL), Максім Тымінько (NL), Вікторыя Харытонава (BY), Сяргей Шабохін (BY/PL), Алег Юшко (DE)

Выстава распачнецца 29 кастрычніка ў 19:00 і будзе працаваць Пн-Сб з 12:00 да 20:00

Бярыце з сабой сродкі асабістай аховы, захоўвайце дыстанцыю і спакой. Станьце бліжэй.


Спектакль «Фаўст» у Вялікім тэатры

Дзе: Вялікі тэатр Беларусі, г. Мінск, пл. Парыжскай камуны, 1

Калі: 8 студзеня

Колькі каштуе: 7,50 BYN — 52 BYN

Пастаноўка рэжысёра Ганны Маторнай.

У Вялікім тэатры оперная гісторыя легендарнага доктара ўжо атрымлівала сцэнічнае ўвасабленне, і кожны раз над ёй працавалі не менш легендарныя майстры: упершыню беларускія артысты ажывілі «Фаўста» яшчэ ў 1928 годзе, гэта была першая пастаноўка «прабацькі» тэатра — музычнага тэхнікума, ажыццяўлёная пад мастацкім кіраўніцтвам А. Бессмяротнага і выкананая на беларускай мове; другі раз опера была пастаўлена ў 1950 дырыжорам Т. Каламійцавай, рэжысёрам В. Шахраем, мастаком С. Мікалаевым і балетмайстрам К. Мулерам; трэці раз — у 1972 годзе, у пастановачную групу ўвайшлі дырыжор І. Абраміс, рэжысёр С. Штэйн, мастак Я. Ждан, балетмайстар С. Дрэчын. Апошняя пастаноўка пратрымалася ў рэпертуары тэатра да 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Цяперашняя пастаноўка гісторыі легендарнага доктара Фаўста — гэта, па словах рэжысёра-пастаноўшчыка, «тая самая гісторыя»: гісторыя, якая прымушае разважаць пра тое, хто мы, навошта мы тут і што варта зрабіць нам для таго, каб тыя, хто прыйдуць пасля нас, можа быць, жылі лепш чым мы ці хаця б задумаліся пра тое, што не варта губляць».


Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Залатая раніца беларускага Адраджэння»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, ул. Багдановіча, 13

Калі: па 31 снежня

Колькі каштуе: 1,5 BYN — школьнікі і студэнты; 3 BYN — поўны.

У 2020 годзе мы святкуем юбілеі паэтаў і празаікаў міжваеннага пакалення: 120-годдзе Кузьмы Чорнага, Уладзіміра Дубоўкі, Аркадзя Моркаўкі, Уладзіміра Жылкі, Сымона Баранавых, 115-годдзе Уладзіміра Хадыкі, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Яна Скрыгана, Юркі Гаўрука, Іларыя Барашкі, Алеся Пальчэўскага, Янкі Бобрыка, Юркі Віцьбіча, 110-годдзе Аляксандра Міронава, Зямы Піваварава, Змітрака Астапенкі, Алеся Кучара.

Экспазіцыя праходзіць у рамках аднайменнага асветніцка-выставачнага праекта «Залатая раніца беларускага Адраджэння», які прысвечаны знакамітым постацям і знакавым падзеям у гісторыі беларускай літаратуры 1920-30-х гадоў, і супрацоўніцтва Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, часопісам «Маладосць» і ў межах віртуальнага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця».

1920-30 гг. — адны з самых яскравых старонак у гісторыі культуры Беларусі. Маладыя літаратары імкнуліся да творчага гуртавання, аб’ядноўваліся ў суполкі «Маладняк» і «Узвышша». Пра тыя часы яны стваралі шэдэўры, знакавасць і значнасць якіх сёння не падлягае сумненням. Лейтматывам твораў таго часу была раздвоенасць у грамадстве і ў чалавеку, панаванне абуральнай стыхіі і прадчуванне вялікіх зменаў.

На экспазіцыі прадстаўлены рэдкія дакументы, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі, фотаздымкі і рукапісы з фондаў музея, а таксама копіі фотаздымкаў і дакументаў дэлегатаў І-га з’езда літаратурнага аб’яднання «Маладняк» з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Час: штотыдзень з панядзелка па пятніцу ўключна з 9:30 да 17:30. У сераду з 9:30 да 19:00.


Месяц фатаграфіі ў Мінску 2020

Дзе: Корпус, г. Мінск, пр-т Машэрава, 9/8

Калі: па 27 лістапада

Колькі каштуе: бясплатна

«Месяц фатаграфіі ў Мінску» — штогадовы фестываль, прысвечаны аналізу і інтэрпрэтацыі фатаграфічнага асяроддзя ў сучаснай оптыцы. Фестываль праводзіцца з 2014 года, і штогод у ім бяруць удзел дзясяткі фатографаў, фотагруп, спецыялістаў у галіне фатаграфіі з Беларусі і замежжа.

У гэтым годзе фестываль пройдзе з 29 верасня па 27 лістапада ў фармаце open-air у двары Культурнага цэнтра «Корпус», дзе будуць паказаны 8 праектаў беларускіх і замежных фатографаў.

Тэма фестывалю гэтага года — «выжыванне». Каманда вырашыла прытрымлівацца плана і раскрыць гэтую тэму на прыкладзе праектаў, якія закранаюць шэраг сусветных экалагічных праблем, аднак у кантэксце актуальных падзей праблема набыла новае гучанне. Выжыванне — не толькі выбудоўванне доўгачасовай стратэгіі ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, але і вынік адказных рашэнняў і намаганняў кожнага чалавека, клопат адзін пра аднаго, падтрымка ў складаныя часы і рух да агульнай мэты для лепшага будучага.

У цэнтральнай экспазіцыі будуць паказаны праекты двух беларускіх аўтараў: «Agua» маладога фатографа Рыты Новікавай і два праекты «Микропластик Everyday» і «Camera Covida» экаактывісткі Таццяны Кавалёвай. У экспазіцыю ўвойдуць праекты і замежных аўтараў: аб празмерным спажыванні (Марыя Лукашэвіч), пра будучыню каралавых рыфаў (Аліса Урублеўская), аб наступствах глабалізацыі (Лена Дабравольская, Тэа Орманд-Скіпінг), пра ролю фатаграфіі ў фарміраванні калектыўнай памяці (Аліна Марыя Фрыске).

Таксама ў рамках фэсту «Корпус» пакажа спецпраект «Жыў-быў батанічны сад», створаны ў выніку рэзідэнцыі Франсуазы Жуж’е ў Мінску ў 2020 годзе.

Куратар асноўнай экспазіцыі гэтага года — магістр мастацтваў Вера Фядотава.

Падрабязней


KINOkorpus: Outside The Box (Кінакорпус)

Дзе: Корпус, г. Мінск, пр-т Машэрава, 9/8

Калі: кожную сераду, 19:00

Колькі каштуе: бясплатна

Разам з куратарам #kinokorpus Марыяй Траўберг будуць працягваць тварыць, што хочуць. Са скрынкі з назвамі самых дзіўных, страшных, кранальных, смешных, нудных ці зачароўваючых фільмаў арганізатары дастаюць усляпую запаветную паперку ​​і паказваюць тое, што загадаў лёс.

  • Будзьце гатовыя да таго, што ў гэтай скрынцы няма ніводнага фільма, назва якога хоць раз у жыцці прабягала перад вашымі вачыма.
  • Будзьце гатовыя сысці праз 5 хвілін або ўліпнуць у крэсла, пакуль вас не выганіць адміністрацыя, якая зачыняе цёмнае памяшканне.
  • Будзьце гатовыя, што вам не хопіць месца, бо Уваход вольны!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?